Што вывела сотні тысяч беларусаў на плошчы?

Паводле афіцыйнай версіі, неаднаразова агучанай адзіным палітыкам (АП), — замежныя лялькаводы. Бо ўнутраных прычын для гэтага ў дзяржаве для народа няма і быць не можа. Прынамсі, асабіста ён іх не заўважыў.

morkva_1.gif


Але калі прызнаць, што такое тлумачэнне ўтрымлівае хоць бы драбніцу ісціны, то ўсіх дзяржаўных прапагандыстаў неабходна тэрмінова звальняць за прафнепрыдатнасць.

Звернемся да бюлетэня «Рэспубліка Беларусь у люстэрку сацыялогіі» за 2018 год, падрыхтаванага спецыялістамі Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра (ІАЦ) пры АП. Салідны дакумент салідных людзей. У мяне няма падставаў яму не давяраць.

Цытую: «На сучасным этапе ў кожнага жыхара краіны ёсць магчымасць аператыўна атрымліваць звесткі пра сітуацыю ў краіне і за мяжой у зручнай для яго форме: на 1 лістапада 2018 года ў краіне дзейнічаюць 9 інфармацыйных агенцтваў, выдаюцца 746 газет і 860 часопісаў, транслююцца дзясяткі тэлеканалаў, ажыццяўляюць вяшчанне 176 радыёпраграм. Шырока прадстаўлены і вэб-сайты, якія публікуюць актуальныя навіны і забаўляльны кантэнт».

Колькасць газет уражвае. Але не будзем цешыць сябе. Не ўсё золата, што блішчыць, і не ўсё карыстаецца попытам, што надрукавана на газетнай паперы. У першай дзясятцы няма ні аднаго незалежнага выдання. А замыкае ТОП-10 газета «Звязда», чыя аўдыторыя (2%) не перавышае хібнасці вымярэння. Што ж тады казаць пра ўплывовасць выданняў, якія ў першую дзясятку не трапілі.

Ад друкаваных выданняў пяройдзем да тэлебачання, якое згодна з прызнаннем сацыёлагаў ІАЦ, «па-ранейшаму застаецца для беларускіх грамадзян галоўнай крыніцай інфармацыі пра падзеі ў рэспубліцы і свеце».

Аднак паводле папулярнасці і ўзроўню даверу, як і ў выпадку з газетамі, тэлеканалы «Белсат» і «Еўраньюс» вядучым дзяржаўным каналам — не супернікі.

Інтэрнэт, безумоўна, апісаную вышэй карціну «змазвае». Праз два-тры гады ён стане для большасці беларусаў галоўнай крыніцай інфармацыі пра падзеі ў краіне і свеце. Стане, але пакуль яшчэ не стаў.

Дык чаму ж лялькаводы з-за мяжы аказаліся настолькі эфектыўнымі пры рэалізацыі сваіх злачынных планаў? А дзе была пры гэтым ідэалагічная вертыкаль?

Выбары і сяржанты

Праўда, як любіць паўтараць палітолаг Станіслаў Бялкоўскі, — гэта версія, якая найбольш задавальняе. У вершнікаў — свая праўда, у пяхоты — свая.

Так, згодна з версіяй кіраўнікоў палатаў беларускага парламента Наталлі Качанавай і Уладзіміра Андрэйчанкі, якой яны падзяліліся са старшынямі парламентаў дзяржаў — чальцоў Еўрасаюза, выбары 9 жніўня прайшлі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законамі РБ. 

Наконт колькасці грамадзян, якія рэальна падтрымалі дзеючы курс, у грамадстве ідуць гарачыя спрэчкі. Але, павінен прызнацца, яны мяне мала цікавяць. І тут спатрэбіцца тлумачэнне.

Галасы лічаць на выбарах. Аднак дзе тыя шчасліўчыкі, якія здолелі прыняць удзел у беларускіх выбарах пасля 1996 года? Выбары — гэта ў першую чаргу сумленны падлік галоў. Безумоўна, да такога падліку яны не зводзяцца, але калі сумленны падлік не забяспечаны, то пра якія выбары гаворка?

Каб выпадкова дарэмна не пакрыўдзіць людзей годных, з якіх і камплектуюцца ў Беларусі ўчастковыя выбарчыя камісіі (УВК), я — з дапамогай пісьменніка Габрыэля Маркеса — перанясуся ў Калумбію: «Выбары прайшлі спакойна. У нядзелю, у восем гадзін раніцы, на плошчы была ўстаноўлена драўляная скрыня пад аховай шасці салдат. Галасаванне было цалкам свабодным, у чым Аўрэліана мог пераканацца сам — амаль увесь дзень ён прастаяў побач з цесцем і сачыў, каб ніхто не прагаласаваў больш за адзін раз. У чатыры гадзіны дня барабанны дроб абвясціў пра канец галасавання, і дон Апалінар Маскотэ апячатаў скрыню ярлыком са сваім подпісам. Увечары, седзячы за партыяй у даміно з Аўрэліана, ён загадаў сяржанту сарваць ярлык і падлічыць галасы. Ружовых паперак было амаль столькі ж, колькі блакітных, але сяржант пакінуў толькі дзесяць ружовых і папоўніў нястачу блакітнымі. Потым скрыню апячаталі новым ярлыком, а на наступны дзень, ледзь развіднела, адвезлі ў галоўны горад правінцыі»Сто гадоў адзіноты»).

Беларусь, наколькі мне вядома, знаходзіцца не ў Лацінскай Амерыцы, а ў геаграфічным цэнтры Еўропы. Ці азначае гэта, што мясцовыя сяржанты пазбаўленыя магчымасці ўплываць на падлік галасоў?

Каб знайсці правільны адказ, звернемся да статыстыкі фарміравання УВК. Паводле інфармацыі Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, да 24 чэрвеня было сфарміравана 5 723 участковых выбаркамаў, у склад якіх увайшлі 63 347 чалавек. З 539 прадстаўнікоў апазіцыйных партый у камісіі ўключылі ўсяго шэсць.

Далей працягваць?


Паміж Богам і Д’яблам

Праўда, як любіць паўтараць палітолаг Станіслаў Бялкоўскі, — гэта версія, якая найбольш задавальняе. Прыведзеная вышэй статыстыка фарміравання УВК многіх у Беларусі задавальняе, і найперш задавальняе яна службоўцаў, што чэрпаюць свае даходы з бюджэтнай кармушкі.

Пазнаць гэтых людзей нескладана. Гэта яны сёння гучней за ўсіх крычаць наконт неабходнасці захавання законаў і палохаюць абывацеляў каляровымі рэвалюцыямі і танкамі NАТO, што нібыта вось-вось гатовыя рушыць на Гродна.

Але не перавяліся яшчэ людзі, якія спрабуюць вярнуць праўдзе яе першапачатковую ўніверсальную прыроду. Прапаную прыслухацца да словаў архіепіскапа Гродзенскага Арцемія (Кішчанкі): «…нельга гуляцца з Праўдай, перакручваць яе на карысць палітычнай мэтазгоднасці. Таму што Праўда — гэта той каштоўнасны феномен і сэнсавая катэгорыя, за якой стаіць — БОГ! І калі Праўда бярэцца ў двукоссі і лёгкім рухам рукі ператвараецца ў хлусню, то зневажаецца Той, Хто — Бацька Праўды! І на арэну выходзіць іншы бацька. Бацька хлусні. Якога, як мы ведаем з Божага слова, завуць — Д’ябал. І яшчэ мы пра яго ведаем, што “Ён быў чалавеказабойцам ад пачатку” (Евангелле ад Іаана 8, 44)».

Рэакцыя з боку АП на такі погляд на праўду не прымусіла сябе доўга чакаць: «Мяне здзіўляе пазіцыя нашых канфесій. Дарагія мае святары, пасталейце ды займіцеся сваёй справай. У храмы людзі павінны прыходзіць маліцца! Цэрквы, касцёлы — не для палітыкі. Туды людзі душой павінны прыходзіць, як гэта было заўсёды».

АП перакананы, што святары пайшлі за адшчапенцамі. Галоўнаму спецыялісту па падзеле беларусаў на чыстых і нячыстых, зразумела, лепш бачна. Для тых жа, хто яшчэ не ведае, спатрэбіцца тлумачэнне: адшчапенцы, разам з пацукамі і уркамі — гэта новая генерацыя грамадзян рэспублікі-партызанкі, што на ўсю моц праявіла сябе падчас электаральнай кампаніі.

У іх шэрагі бліжэйшым часам залічаць і святароў, якія адмовіліся «пасталець». Царква ў Беларусі адасобленая ад дзяржавы, але яна не аддзеленая ад жыцця. У гэтым праблема.


А дустам не спрабавалі?

У змрочныя часы Сярэднявечча існавала павер’е, што пацукі нараджаюцца з бруднай бялізны. Не ведаючы нічога пра інфекцыйныя захворванні, нашы продкі, тым не менш, заўважылі, што ўслед за пацукамі ў горад прыходзіла чума. Таму пацукі лічыліся вешчунамі бяды і смерці, а прафесія пацукалова была распаўсюджанай і грамадска значнай, хоць і не паважанай гараджанамі.

Чаму Пацукалоў са старадаўняй казкі ходзіць з жалейкай? Не з пасткамі, не з атрутай, а з жалейкай? Пацукі пацукамі, але для пацукалова-музыкі важна было ўздзейнічаць не на пацукоў, а на абывацеляў — адцягваць іх ад паўсядзённых праблем.

Сучасным пацукаловам — з іх цяперашнім наборам музычна-інфармацыйных інструментаў — падпарадкоўваць сваёй волі даверлівых слухачоў, здавалася б, яшчэ прасцей. Абмяжуюся адным прыкладам: «У інтэрнэце хто сядзіць? 60% паказвалі сінякі. 60% пастановачныя кадры! 60%! Пройдзе час, мы спакойна вам пра гэта скажам і пакажам. Сёння не час пра гэта казаць, каб не бударажыць людзей».

У дзяржаве для народа, якая прэтэндуе на ролю донара еўрапейскай стабільнасці, людзей бударажыць, безумоўна, не варта. А пацукоў? Як нечакана высветлілася, многія з тых, каго добранадзейныя грамадзяне гадамі прымалі за людзей, насамрэч аказаліся... пацукамі. Гэта асабліва заўважна з ілюмінатара верталёта, калі глядзіш, як яны сабраліся мітынгаваць.

У гумавага дручка існуюць свае перавагі, але чаму б не паспрабаваць дустам? Прэпарат даўно апрабаваны. Сінякоў ён не пакідае.