Без кампрамісаў?

Роўна дваццаць пяць год таму першы і пакуль апошні беларускі прэзідэнт зрабіў важны крок на шляху да сваёй працяглай улады.

Дэпутат Аляксандр Лукашэнка на адной з сесій Вярхоўнага Савета, 1993 год. Крыніца: Навіны, 1999.

Дэпутат Аляксандр Лукашэнка на адной з сесій Вярхоўнага Савета, 1993 год. Крыніца: Навіны, 1999.

Лічбы на імгненне ледзь задрыжалі, а потым замерлі, адліваючы ярка-жоўтым колерам на неонавым фоне.— Галасаванне адбылося, — сказаў старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч. Зала дружна заапладыравала. І толькі тады народны дэпутат ад Шклоўскай выбарчай акругі №310 Магілёўскай вобласці Аляксандр Лукашэнка расціснуў кулакі і падняў галаву на табло.

    Кворум для прыняцця рашэння                      174       
       Зарэгістравана                  235
       Галасавала «за»                  198   
       Галасавала «супраць»                   4        
       Усяго галасавала                   207  
       Устрымалася                   5
       Не галасавала                   28
       Рашэнне прынята        


— Выбачайце, ну я так жадаў, каб Лукашэнка быў вялікім начальнікам, — пажартаваў Шушкевіч.
Дэпутаты дружна зарагаталі. І толькі зараз Лукашэнка адчуў, як шалёна стаміўся, ад няспыннага поту кашуля прыліпла да цела, нібы ён калоў дровы. Адразу ўспомнілася 9 чэрвеня 1990 года, калі яго забалатавалі на пасаду старшыні камісіі па аграрных пытаннях, прадуктах харчавання і сацыяльным развіцці сяла. Але ж зараз ён стаў старшынёй. Хай і часовай камісіі, але ж з такой назвай…
— Віншую, Саша! — старшыня камісіі па заканадаўстве Дзмітрый Булахаў, які сядзеў побач, працягнуў руку і тут жа войкнуў ад занадта інстынктыўна моцнага поціску рукі Лукашэнкі.— І мае віншаванні! — Віктар Ганчар ззаду так моцна ляпнуў па плячы, што Лукашэнка падскочыў.— Дзякуй хлопцы, дзякуй, — Лукашэнка прыслабіў цёмны гальштук з гарызантальнымі белымі палосамі. — Увечары чакаю ў сябе, у «Кастрычніцкай».
Несцярпіма хацелася піць. Пастаянна абціраючы хусткай потны лоб, Лукашэнка накіраваўся ў буфет. Ён сціснуў вусны, калі заўважыў, што за ім насмешліва назіраюць члены парламенцкай апазіцыі БНФ.На выхадзе да яго падскочылі Леанід Сініцын і Іван Ціцянкоў.
— Навошта табе гэта камісія, Саня. Колькі іх ужо было? — Ваня Ціцянкоў раскрыў ад здіўлення рот.— Мы галасавалі супраць цябе, — коратка дадаў Сініцын.— Як супраць мяне? — тут настала пара дзівіцца Лукашэнку. — Я вам гэта ўспомню.Сініцын і Ціцянкоў паглядзелі адзін на аднаго і засмяяліся. А нездарма…

Незвычайная камісія


4 чэрвеня 1993 года ў Вярхоўным Савеце Беларусі 12-га склікання адбылася падзея, якая калі і была заўважана сродкамі масавай інфармацыі, то вельмі сціпла. У гэты дзень парламентарыі стварылі часовую камісію па вывучэнні дзейнасці камерцыйных структураў, якія дзейнічаюць пры рэспубліканскіх органах улады і кіравання. Старшынёй камісіі абралі дэпутата Аляксандра Лукашэнку. У склад камісіі ўвайшлі яшчэ восем народных дэпутатаў: Сяргей Антончык, Віктар Кучынскі, Міхаіл Марыніч, Франц Мінько, Валянцін Сарокін, Генадзь Лавіцкі (будучы шэф КДБ з лютага па ліпень 1994 года), Яўген Глушкевіч і Пётр Драбышэўскі.
Паводле першага пункта пастановы, члены камісіі пры выкананні сваіх службовых абавязкаў мелі права «входа и беспрепятственного доступа во все государственные и общественные органы, предприятия, учреждения и организации, а также коммерческие структуры, знакомиться в полном объёме со всей документацией, требуемой при проведении проверок, получать от должностных лиц и иных работников необходимые справки и письменные объяснения по вопросам их деятельности». Такая фармулёўка дала падставу некаторым палітолагам і гісторыкам (Валерый Карбалевіч, Уладзімір Бажанаў) мяркаваць пра асобны статус камісіі. Насамрэч, усё было даволі празаічна, бо такі статус быў прапісаны ў артыкуле 51 Часовага Рэгламента Вярхоўнага Савета ад 31 мая 1990 года. Розніца палягала толькі ў тым, што дадалі камерцыйныя структуры.
На пасаду старшыні Лукашэнка быў абраны, хутчэй за ўсё, спантанна. Парламенцкая большасць бачыла на чале камісіі Міхаіла Марыніча, але той нечакана даў самаадвод (у жніўні 1993 года ў інтэрв’ю «Магілёўскім ведамасцям» Лукашэнка заявіў, што Марыніч «струсил»). Лёгкасць, з якой дэпутаты пагадзіліся на кандыдатуру Лукашэнкі, тлумачыцца наступнай акалічнасцю. Справа ў тым, што да гэтага часу ў Вярхоўным Савеце быў створаны шэраг часовых камісій, што называецца, па гарачых слядах. Узніклі камісіі па Чарнобылі, па ГКЧП, па прывілеях, па выкарыстанні псіхіятрыі ў палітычных мэтах. Існавала нават і такая камісія, якая павінна была заняцца пытаннем замежнага гандлю ікрой з боку хакейнага клуба «Дынама».
Нягледзячы на грозныя і доўгія назвы, укладзеныя сродкі і людскія рэсуры, каэфіцыэнт карыснага дзеяння гэтых камісій быў амаль нулявы: усё заканчвалася справаздачамі, аднак аніякія захады не рабіліся. Не гаворачы ўжо пра тое, што ніхто са службовых асобаў не быў прыцягнуты да адказнасці. Таму, падтрымліваючы Лукашэнку (за яго, у тым ліку, галасавалі амаль усе прысутныя прадстаўнікі парламенцкай апазіцыі БНФ; Зянон Пазняк адсутнічаў, «супраць» галасаваў Сяргей Антончык, не галасаваў увогуле Валянцін Голубеў), большасць дэпутатаў лічыла, што нічога сенсацыйнага не адбудзецца. Акрамя таго, пры стварэнні такой камісіі заканадаўцы мелі на мэце супакоіць і грамадскую думку.
Праблема, сапраўды, была. Пры пераходзе на рынкавую эканоміку Беларусь, як іншыя рэспублікі былога СССР, сутыкнулася з такімі з’явамі як карупцыя і арганізаваная эканамічная злачыннасць. Да таго ж мела месца (канешне, не так, як у Расіі ці ва Украіне) сацыяльнае расслаенне грамадства. У сродках масавай інфармацыі ўсё часцей пачалі з’яўляцца публікацыі, прысвечаныя незаконным камерцыйным здзелкам (у прыватнасці, нафта), раскраданні вайсковай тэхнікі і маёмасці і г.д.
Дэпутат ад апазіцыі БНФ Сяргей Антончык на ўсю краіну агучыў тое бязмежжа, якое тварылася ў саўгасе «Заслаўскі» Мінскага раёна: выдзяленне літаральна за капейкі пахатнай зямлі камерцыйным фірмам пад будоўлю катэджаў на продаж і інш. Такая сітуацыя, сцвярджаў гэты народны дэпутат, назіраецца па ўсёй краіне.
У маі 1993 года ў Беларусі адбылося першае заказное забойства. Ахвярай кілера стаў сталічны бізнесмен, кіраўнік «Белбізнесбанка» Аляксандр Ліснічук. Прычынай забойства сталі, як выявілі следчыя, рознагалоссі з расійскімі калегамі па пытаннях гандлю нафтай.
Вярхоўны Савет як вышэйшы орган дзяржаўнай улады вымушаны быў рэагаваць на ўсё гэта, таму і стварыў такую камісію.
30 чэрвеня 1993 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета прыняў спецыяльную пастанову аб матэрыяльным забеспячэнні працы камісіі Лукашэнкі. Апошняму на перыяд працы ўстанаўліваўся службовы аклад на ўзроўні старшыні пастаяннай камісіі, а членам камісіі — на ўзроўні акладаў членаў пастаянных камісіі, якія працуюць у парламенце на прафесійнай аснове. Да таго ж, Лукашэнка атрымоўваў права прыцягнуць да працы ў камісіі чатырох эскпертаў, для чаго ствараўся адпаведны фонд аплаты працы.

Аляксандр Лукашэнка і Станіслаў Багданкевіч заўсёды былі апанентамі. Крыніца: Народная газета, 1993.

Аляксандр Лукашэнка і Станіслаў Багданкевіч заўсёды былі апанентамі. Крыніца: Народная газета, 1993.

Новы венік мяце чыста


Можна без перабольшвання сцвярджаць наступнае: ніхто не верыў, што праца камісіі дасць нейкі плён. Большасць дэпутатаў, якая так лёгка згадзілася з кандыдатурай Лукашэнкі, была ўпэўнена, што ў яго не хопіць арганізацыйных здольнасцяў і інтэлекту эфектыўна наладзіць працу камісіі. Аднак ўсе, хто так думаў, пралічыліся. Лукашэнка ўзяўся за справу настолькі энергічна, што менш чым праз месяц у «Звяздзе» (2 ліпеня 1993 года) з’явілася інтэрв’ю з Лукашэнкам пад назвай «Інфармацыя, якую мы зараз маем, можа выклікаць эфект выбухнуўшай бомбы».
Далей інтэрв’ю пайшлі літаральна адно за адным («Я готов обвинить руководство республики в том, что оно не ведёт борьбу с коррупцией», Магілёўскія ведамасці, 25 жніўня 1993 года (інтэрв’ю браў сумнавядовы Ягор Рыбакоў); «Я таксама не герой», Ударны фронт, 1 верасня 1993 года (інтэрв’ю брала Вольга Паўлава, аўтар кнігі «Шклоўскія страсці»), «Датэрміновыя выбары — не панацэя. Магчымы іншыя варыянты выйсця з крызісу», Звязда, 18 лістапада (інтэрв’ю браў Валянцін Жданко). Самае вялізнае інтэрв’ю Лукашэнкі было апублікавана 14 снежня 1993 года «Советской Белоруссией» (з Лукашэнкам гутарыла Людміла Маслюкова) пад назвай «Народ нашей республики перестал удивляться перевоплощению столоначальников в коммерсантов, роскошным виллам рядовых чиновников, поездкам семей управленцев по Парижам и Багамам. Мафиозные кланы и коррумпированные группировки существуют не только в Колумбии и на Сицилии. Сегодня они зарождаются на земле Беларуси». Былы кіраўнік урада Вячаслаў Кебіч у мемуарах («Искушение властью. Из жизни премьер-министра») сцвярджаў, што гэты нумар газеты вельмі карыстаўся попытам: яго быццам бы хапалі як каўбасу ў дэфіцытныя часы.
З гэтых інтэрв’ю чытачы маглі даведацца пра справы, якімі займалася камісія. Гэта і крадзеж у Магілёве 28 млн. партыйных грошаў (афіцыйна быў абвінавачаны былы кіраўнік справамі Магілёўскага абкама КПБ Аляксандр Сайкоў, і т.зв. «шклоўская справа» (злоўжыванні кіраўніка Шклоўскай міліцыі Анатоля Якімцова), і т.зв. «бялынічская справа» (злоўжыванні кіраўніка Бялынічскай міліцыі Ігара Шчарбакова). Неўзабаве Лукашэнка кранае і больш буйныя фігуры. Напрыклад, старшыню праўлення Нацыянальнага банка Станіслава Багданкевіча (незаконныя крэдыты камерцыйным структурам; напрыклад, чатырохмільярдны крэдыт расійскай авіякампаніі «Витязь»), высокага гродзенскага чыноўніка і знакамітага аграрыя Мечыслава Гіруця, былога кіраўніка Гродзенскай вобласці Дзмітрыя Арцыменю (забіты 20 верасня 1993 года), кіраўніка Мінска Аляксандра Герасіменку (яго абвінавачваюць у тым, што ён з парушэннем заканадаўства прадаў камерцыйным структурам шэраг аб’ектаў на праспекце Машэрава, у тым ліку і знакамітае кафэ «Реченька»), дэпутата Вярхоўнага Савета 12-га склікання ад апазіцыі БНФ Сяргея Навумчыка («Нідзе не працуе, але набыў кватэру і машыну»). Не пазбег абвінавачванняў і Станіслаў Шушкевіч. Старшыні Вярхоўнага Савета інкрымінавалася тое, што падчас яго візіту ў ЗША ў ліпені 1993 года нібыта з прэзідэнтам Білам Клінтанам была дасягнута дамоўленасць пра размяшчэнне на тэрыторыіі Беларусі 150 супрацоўнікаў ЦРУ.
У спісе Лукашэнкі значыліся і некаторыя прадпрыемствы. У Магілёўскай вобласці, напрыклад, гэта былі «Магатэкс» (Магілёўскі камбінат шаўковых тканін) і створаны на яго базе беларуска-партугальскі «Сапатэкс», а таксама «Бабруйскдрэў» (аб ім Лукашэнка ўспомніў падчас сустрэчы са студэнтамі ВНУ Магілёўскай вобласці 17 лістапада 2005 года). Часовая камісія абвінавачвала кіраўніцтва гэтых прадпрыемстваў ў тым, што яны свядома хаваюць ад дзяржавы валютную выручку, парушаюць правы працоўных, у тым ліку і па заработнай плаце.
Прадпрыемствы вымушаны былі абараняцца. Так, у артыкуле ў адным са снежанскіх нумароў «Магілёўскай праўды» за 1993 год шла гаворка пра тое, што «Магатэкс» не толькі дае працоўныя месцы і грошы, але і «прорубает окно в Европу». А прадстаўнікі — 17 чалавек (члены праўлення і кіраўнікі структурных падраздзяленняў) — «Бабруйскдрэва» ўвогуле падпісалі адкрыты ліст супраць Лукашэнкі. У лісце сцвярджалася, што Лукашэнка дзеля ўлады пойдзе на ўсё, што на прадпрыемстве ўсё ў парадку, захавана інфраструктура, а ў саўгасе Лукашэнкі «Гарадзец» нават зачынена сталовая для працоўных, «правление совхзоза ютится в маленькой избушке, не к каждой ферме можно подойти без сапог».
У інтэрв’ю Паўлавай Лукашэнка заявіў, што камісія пачала вывучаць дзейнасць хакейнага клуба «Дынама», які нібыта гандляваў калійнымі ўгнаеннямі ў буйных памерах. Мы, пафасна казаў Лукашэнка, павінны далажыць беларускаму народу, што робіцца ў свеце вялікага бізнесу.
Даючы інтэрв’ю, Лукашэнка ўсяляк пазіцыянаваў сябе як прынцыповы і бескампамісны змараг з махлярамі і карупцыянерамі, не шкадуючы громкіх слоў і эпітэтаў. Напрыклад, у інтэрв’ю Ягору Рыбакову, якога сам, будучы прэзідэнтам, узнёс да нябёсаў, а потым кінуў за краты, Лукашэнка запэўніваў, што нават калі будзе паміраць, то ні ў якім разе не сыйдзе з намечанага шляху. Імкнучыся прыдаць сітуацыі асобы драматызм, Лукашэнка не выключаў і замаху на сябе.
Канешне, дзейнасць часовай камісіі прыйшлася да спадобы не ўсім. Лукашэнка зазнаў сапраўдны шквал крытыкі. Аднак, бадай, самай балючай для яго стала публікацыя ў «Народнай газеце» (13 кастрычніка 1993 года) артыкула пад назвай «Мафія бессмяротна, бо гэта камусьці трэба». У артыкуле Лукашэнка абвінавачваўся ў папулізме, у наўмысным нагнятанні абстаноўкі і г.д. У артыкуле прыводзілася і вядомая цытата Лукашэнкі з размовы з карэспандэнтам «Радыё Свабода»: «Наша беда, что мы привязаны к России с её бардаком».
Аўтарам артыкула быў Анатоль Гуляеў, у мінулым — уласны карэспандэнт «Сельской жизни», які ў 1989 годзе ўступіўся за кандыдата ў народныя дэпутаты Аляксандра Лукашэнку. Але зараз Гуляеў бязлітасна крытыкаваў свайго даўняга пратэжэ. Прыпомніў Гуляеў і такі непрыемыны для Лукашэнкі факт, як збіццё апошнім механізатара ў сваім саўгасе. Больш таго, сцвярджаў Гуляеў, моцную руку дырэктара нібыта паспыталі на сябе яшчэ шэсць працоўных «Гарадца». Па словах Гуляева, толькі дэпутацкі мандат выратаваў Лукашэнку ад крымінальнай адказнасці.
У адказ Лукашэнка ў той жа газеце (27 кастрычніка 1993 года) апублікаваў свой артыкул пад назвай «Здрада — яна, як і мафія, бессмяротна), у якім рашуча абверг усе абвінавачванні Гуляева.
З інтэрв’ю грамадскасць і чытачы даведаліся аб формах працы камісіі. Па-першае, інфармацыя грамадзянаў (у інтэрв’ю Паўлавай, Лукашэнка заявіў, што ананімкі не разглядаюцца). Тыповы прыклад — заява на адрас камісіі Аляксандра Сайкова пра скрадзеныя партыйныя 28 млн. руб. Па-другое, цесная сувязь з праваахоўнымі органамі. Лукашэнка паведаміў, што ў камісіі заняты супрацоўнікі Упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Міхаіл Сазонаў, Юрый Малумаў і Мікалай Карпіевіч, а таксама супрацоўнікі міністэрства юстыцыі Леанід Літвінчук і Алег Бажанаў. Па-трэцяе, самастойныя намаганні камісіі па здабычы інфармацыі. Яны ажыццяўляліся ў выглядзе лістоў, якія камісія дасылала ў тыя ці іншыя органы, альбо да тых ці іншых асоб. Напрыклад, у архіве захаваўся ліст камісіі за подпісам Лукашэнкі да Шушкевіча ад 5 жніўня 1993 года. Ліст з’явіўся як рэакцыя на выступ Шушкевіча 27 ліпеня з нагоды дня Незалежнасці. Тады кіраўнік парламента казаў пра небяспеку саюза былой наменклатуры, разбагацелай на продажы дзяржаўнай маёмасці, і мафіёзных камерцыйных структур. Замест рынка ўласнікаў, сцвярджаў Шушкевіч, у Беларусі пануе наменклатурны бізнес, а выканаўчая ўлада не зацікаўлена ў прыватызацыі. Лукашэнка, у прыватнасці пісаў: «Сообщаю, что комиссия проделала определенный объем работы по организации ее деятельности, выявлению и изучению фактов коррупции в органах власти, государственных предриятиях, министерствах и ведомствах. Однозначный вывод: в основе коррупции — несовершенство законодательства, отсутствие контроля над исполнением законов, бездеятельность чиновников и многое другое. Центральным звеном негативных процессов стали различного рода коммерческие структуры. Я в целом поддерживаю Ваше выступление 27 июля и прошу прислать в комиссию информацию с тезисами. Комиссию интересуют конкретные факты, подтверждающие Ваши выводы, перечень должностных лиц, прежде всего, высшего эшелона власти, причастных к антиморальной и незаконной деятельности».
19 кастрычніка 1993 года шэф КДБ Эдуард Шыркоўскі накіраваў Лукашэнку інфармацыю пра тое, што на базе прадпрыемства «Гомсельмаш» створаны 20 камерцыйных структураў, якія маюць льготы па арэндзе плошчаў. Таксама Шыркоўскі інфармаваў Лукашэнку пра парушэнні заканадаўства пры закупках зерня Асіповічскім хлебакамбінатам.
Канешне, у камісіі паміж яе членамі было не ўсё гладка. Сяргей Антончык абвінавачваў Лукашэнку ў тым, што той «подмял» пад сябе ўсю працу камісіі. Генадзь Лавіцкі сцвярждаў, што камісія фактычна занялася аператыўна-вышуковай дзейнасцю.
Як бы там ні было, вынікам дзейнасці камісіі стаў выніковы даклад, які быў зроблены Лукашэнкам пры дапамозе Маслюковай і камуніста Васіля Новікава. Зараз галоўная задача палягала ў тым, каб агучыць даклад і, пажадана, у прамым эфіры. Гэтая задача была вырашана ў тры этапы: спачатку даклад часовай камісіі 9 лістапада 1993 года быў уключаны ў парадк дня трынаццатай сесіі Вярхоўнага Савета (падтрымалі 247 дэпутатаў). Потым Лукашэнку ўдалося нейтралізаваць свайго галоўнага праціўніка — Сяргея Антончыка, які імкнуўся ўключыць у парадак дня пытанні аб фінансаванні камерцыйнымі структурамі замежных паездак сваякоў членаў урада і аб адказнасці ўрада за стварэнне сістэмы ліцэнзавання, што разбурыла таварны і сыравінны рынак краіны. Лукашэнка патрабаваў зняць гэыя пытанні, бо яны адлюстраваны ў ягоным дакладзе. Антончык адмовіўся, але атрымаў у сваю падтрымку толькі 99 і 90 галасоў адпаведна. 12 лістапада 1993 года вырашылася і галоўная праблема: 185 дэпутатаў (пры кворуме ў 174) зацвердзілі дзесяць пытанняў павесткі дня, якія прызначаліся для прамой трансляцыі. Сярод іх была і справаздача часовай камісіі.
А далей — зусім іншая гісторыя…