Пакутлівая праца беларускіх ідэолагаў

Дзяржаўным ідэолагам і сёння ёсць чаму вучыцца ў сваіх камуністычных папярэднікаў. Напрыклад, уменню кампенсаваць слабасць ідэй моцнай медыйнай інфраструктурай. Актыўная работа ў гэтым напрамку вядзецца.

normy_1_logo.gif

Неяк ціха і незаўважна ў Беларусі прайшоў 15-гадовы юбілей ідэалагічнага семінара, які прыраўняў ролю ідэалогіі для дзяржавы да ролі імуннай сістэмы для жывога арганізма.

Сціпласць, як высветлілася, упрыгожвае не толькі маладых дзяўчат, але і работнікаў ідэалагічнай вертыкалі. Такая асаблівасць прафесіі, якая для простага чалавека на першы погляд не толькі не бачная, але і не патрэбная.

Іншая справа — аўтар азбукі паліталогіі. Без пастаяннага звароту да афіцыйных тэкстаў у інфармацыйнай прасторы яму не абысціся. Дзякуй сучасным тэхналогіям — сёння для паспяховага пошуку патрэбнай цытаты не абавязкова перабіраць карткі ў картатэках бібліятэк.

Але тых, хто меў у юнацтве такога кшталту досвед, думаю, зацікавіць фрагмент успамінаў супрацоўніка міжнароднага аддзела часопіса «Камуніст» Фёдара Бурлацкага: «Неяк я паказваў Суславу тэкст чарговага праграмнага выступу, і ў адным месцы Суслаў заўважыў: «Тут бы трэба цытаткай падмацаваць з Уладзіміра Ільіча. Гэта я сам падбяру». І шустра так пабег у куток кабінета, выцягнуў адну са скрыначак, паставіў яе на стол і стаў хутка-хутка перабіраць карткі з цытатамі. Адну выцягне, паглядзіць — не, не тая. Іншую пачне чытаць пра сябе — зноў не тая. Потым выцягнуў — і так задаволена: «Вось гэтая падыходзіць».


Мафіёзі па-за канкурэнцыяй

Скарыстаюся вопытам «шэрага кардынала» савецкай партыйнай наменклатуры і адкрыю даклад адзінага палітыка (АП) на ідэалагічным семінары, каб знайсці патрэбную цытату. Думаю, вось гэтая падыходзіць: «Грамадства не можа існаваць без цэласнага зводу ідэй, каштоўнасцяў і нормаў, якія аб’ядноўваюць усіх грамадзян (вылучана ў афіцыйным тэксце дакладу. — С.Н.). Дзяржава без ідэалогіі, як і чалавек без думкі, не можа жыць і развівацца, тым больш супрацьстаяць унутраным і знешнім пагрозам і выклікам».

Цікава, калі на вуліцы якога-небудзь беларускага населенага пункта папрасіць першых сустрэчных пералічыць асноўныя ідэі, каштоўнасці і нормы, што аб’ядноўваюць беларусаў, дык якая будзе верагоднасць супадзення адказаў?

Не здзіўлюся, калі яна апынецца блізкай да нуля. Але не варта спяшацца з высновай з нагоды няздольнасці беларускай дзяржавы «жыць і развівацца». Рэспандэнтам складана адказваць на адкрытыя пытанні, г.зн. пытанні, якія не змяшчаюць падказкі ў выглядзе набору адказаў. Такая прырода грамадскага меркавання. Нічога спецыфічна беларускага ў гэтым няма.

Праілюструю дадзенае сцвярджэнне прыкладам з часопіса Інстытута сацыялогіі НАН РБ «Сацыялагічны альманах» за 2010 год. На старонцы 164 прыведзеныя адказы на пытанне: «Хто сёння мае поспех у беларускім грамадстве?». Абмяжуюся крайнімі адказамі, якія рэспандэнты абралі са спісу: крымінальна-мафіёзныя структуры — 74,3%, працавітыя — 4,7%. Якая аднадушнасць! Якая цэласнасць «зводу ідэі, каштоўнасцяў і нормаў»! Спаць можна спакойна. Беларусам ёсць што супрацьпаставіць «унутраным і знешнім пагрозам і выклікам».

І вось як такое неардынарнае размеркаванне адказаў каментуе аўтар артыкула «Фарміраванне грамадзянскай культуры як сістэмная задача палітычнага працэсу ў Беларусі» С. Рыбчак: «У рэйтынгу сацыяльнага поспеху сучаснае беларускае грамадства аддае адназначна прыярытэт тым сацыяльным групам, дасягненне высокага статусу якімі забяспечана, як уяўляецца, іх імпліцытнай адмовай ад прававых або маральных рэгулятараў уласнай прафесійнай дзейнасці».

Мудрагеліста, але калі некалькі разоў перачытаць і з дапамогай Вікіпедыі замяніць прыметнік «імпліцытная» на «прыхаваная», то зразумець можна. У Беларусі маюць поспех тыя, хто адмаўляюцца выконваць прававыя і маральныя нормы.

Але для каго гэта навіна? Для чытачоў НЧ? Для сябраў БРСМ або чальцоў прафсаюзаў? А калі чальцоў прафсаюзаў, дык якіх — што ўваходзяць у ФПБ ці БНП? Спіс пытанняў можна працягнуць, толькі навошта? Просты чалавек — ён жа абывацель — каштоўнасці і нормы, якія аб’ядноўваюць беларусаў, спазнае «ідучы ад жыцця», а не ад азбукавых паліталагічных ісцін. Таму ўспрыманне масавага невыканання нормаў у якасці нормы і служыць тым сацыяльным клеем, які склейвае атамізаваных індывідаў (не блытаць з грамадзянамі) і дазваляе ім узаемадзейнічаць не толькі адзін з адным, але і з афіцыйнымі прадстаўнікамі «дзяржавы для народа».


Ідэі — розныя, задача — адна

Яшчэ адна цытата з дакладу: «Ідэалогія — гэта сістэма ідэй, поглядаў, уяўленняў, пачуццяў і вераванняў аб мэтах развіцця грамадства і чалавека, а таксама аб сродках і шляхах дасягнення гэтых мэтаў... (вылучана ў афіцыйным тэксце дакладу. — С.Н.)».

Здавалася б, спрачацца тут няма з чым. Аднак, паводле прызнання АП, ідэі, якая лягла б на душу і сэрца, ідэі, якая б «захапіла ўсіх», сфармуляваць так і не атрымалася. Ці варта з-за гэтага хвалявацца?

Расійскі філосаф, кіраўнік Цэнтра даследаванняў ідэалагічных працэсаў Аляксандр Рубцоў не бачыць нічога фатальнага ў безыдэйнасці постсавецкіх дзяржаўных ідэалогій. Свой аптымізм ён, у прыватнасці, тлумачыць тым, што жорсткасць марксісцка-ленінскай ідэалогіі не зашкодзіла партыі бальшавікоў прыстасоўваць яе пад выкананне новых задач (ваенны камунізм, НЭП, вялікі тэрор і г.д.). У сучасных жа ўмовах, наадварот, дзеля выканання адной задачы (самазахавання ўлады) у ход ідуць самыя розныя ідэі.

«Мяккая беларусізацыя», якую апошнім часам інкрымінуюць АП расійскія СМІ, — толькі адзін з элементаў такой ідэйнай разнастайнасці. А колькі разоў галоўны архітэктар «беларускай мадэлі» то абвяшчаў пра дэстабілізуючы ўплыў пашырэння NАТО, то падкрэсліваў, што Беларусь з’яўляецца катэгарычным прыхільнікам існавання моцнага Еўрасаюза.

Рэкамендую чытачам вярнуцца да вызначэння ідэалогіі. Як у вядомай рэкламе пра «два ў адным», ідэалогія — адначасова і сістэма ідэй, і сродак для іх дасягнення, на развіццё якога дзяржава грошай падаткаплацельшчыкаў (г.зн. нашых з вамі грошай) не шкадуе (інфраструктура СМІ, адукацыйныя і выхаваўчыя інстытуцыі, псеўдаструктуры псеўдаграма­дзянскай супольнасці і да т.п.).


Мультымедыйная аднастайнасць

5 красавіка АП прызначыў Уладзіміра Жаўняка намеснікам сваёй адміністрацыі. Задача перад неафітам пастаўлена неардынарная: асучасніць сістэму ідэалагічнай работы ў краіне. Вось так, не больш, але і не менш.

Як гэта зрабіць у адсутнасць ідэй, АП не патлумачыў. Усе яго рэкамендацыі да зместу ідэалагічнай работы дачынення не мелі. Яны абмежаваліся выключна яе тэхнічным складнікам. Прапаную чытачам самастойна ацаніць глыбіню рэкамендацый: «У сферы ідэалогіі нам трэба выбудоўваць добрую сістэму. І прамой працы з людзьмі. І асучасніваць яе. Таму што ездзіць па працоўных калектывах і з імі весці дыялог, размаўляць — гэта вельмі важна, заўсёды з людзьмі трэба размаўляць».

Пра што размаўляць — задача не тое каб другасная, а сітуатыўная. Сёння на першым плане могуць апынуцца надоі, заўтра — канстытуцыйны рэферэндум.

Дазволю сабе яшчэ адну цытату: «Нам патрэбны такі чалавек, які будзе ўмець і сам размаўляць з людзьмі, і займацца са сродкамі масавай інфармацыі, арганізоўваць іх, і іншымі пытаннямі, якія тычацца ідэалогіі нашай дзяржавы. Гэта ідэалагічная праца, гэта асноўнае».

Прынцып «два ў адным», мабыць, лепей і не сфармуляваць. Але ўлічваючы, што Жаўняк — чалавек ваенны, я паспрабую зрабіць свой унёсак у разуменне дадзенага прынцыпу: ёсць боегалоўка і ёсць сродак яе дастаўкі. Адно без другога не існуе, тым не менш блытаць іх не варта.

У адпаведнасці з гэтай логікай, прызначаючы Ірыну Акуловіч генеральным дырэктарам рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Беларускае тэлеграфнае агенцтва», АП скіроўваў яе наступнай фразай: «Не скажу, што гэта ўжо такая цяжкая ў вас ноша». Усё правільна. У адрозненне ад «чыстага» ідэолага Жаўняка, зона адказнасці Акуловіч абмежаваная «сродкам дастаўкі». Выраб «боегалоўкі» для яе другасны.

Дзяржаўным ідэолагам і сёння ёсць чаму вучыцца ў сваіх камуністычных папярэднікаў. Напрыклад, уменню кампенсаваць слабасць ідэй моцнай медыйнай інфраструктурай. Актыўная работа ў гэтым напрамку вядзецца. У прыватнасці, на лютаўскай калегіі Міністэрства інфармацыі медыйная галіна разглядалася ў якасці «гіганцкага рэсурсу для забеспячэння дзяржаўнай палітыкі ў нашай краіне».

Тут варта нагадаць чытачам, што «Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і поглядаў» (артыкул 4 Канстытуцыі РБ). Але на чыноўнікаў дадзены артыкул Канстытуцыі не распаўсюджваецца. Яны заклапочаныя прасоўваннем не разнастайнасці, а дзяржаўнай палітыкі. Яны заклапочаныя тэхнічным бокам. Адсюль патрабаванне да кожнай раённай газеты (зразумела, дзяржаўнай) «стаць мультымедыйным цэнтрам».