Ці вядзецца следства па фактах нападу на пікеты апазіцыі?

Першы этап электаральнай кампаніі для каманды Юрася Губарэвіча стаў найбольш вострасюжэтным. Яго калегам пагражалі нажом, збівалі. Ці вядзецца следства па гэтых фактах, ці пакараныя хуліганы?

Фота з ФэйсбукаЮрася Губарэвіча

Фота з ФэйсбукаЮрася Губарэвіча


Пра гэта распавядае сам кандыдат Губарэвіч.
— У шэрагу выпадкаў міліцыя высветліла асоб, якія здзяйснялі напады. Але далей гэтага справа не пайшла. Зараз мы хочам высветліць, што насамрэч адбываецца. Можа людзі, якія нападалі на пікеты, былі свядомымі правакатарамі, падасланымі ўладай? У выпадку, калі справы не будуць даведзены да суда, такая выснова натуральна пацвердзіцца.
Напады на пікеты Юрась Губарэвіч звязвае з падвышанай актыўнасцю сваёй каманды. Раздражненне з боку асобных грамадзянаў маглі выклікаць і бел-чырвона-белыя сцягі.
Зараз для агітацыі кандыдат будзе выкарыстоўваць новы інструмент — інфармацыйны куб:
— Памерам 1.5×2 метраў, чатыры розныя бакі, мы плануем яго перавозіць і выстаўляць  у людных месцах акругі. Дзеля перавозкі будзем выкарыстоўваць ровар — экалагічны від транспарту, які не забаронена выкарыстоўваць падчас бягучай кампаніі.
Кандыдат ад Руху “За свабоду” Юрый Губарэвіч — фактычна адзіны прадстаўнік апазіцыі на сваёй выбарчай акрузе, Каліноўскай. Сярод яго канкурэнтаў — тры беспартыйныя і па адным чальцы Камуністычнай і Ліберальна-дэмакратычнай партыі.
Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя