Ці знікне грамадзянская супольнасць пасля чарговай атакі?

Гэта трэба было даўмецца — правесці масавую аблаву на журналістаў і «трэці сектар» менавіта напярэдадні візіту Святланы Ціханоўскай у Вашынгтон. Асабліва — выламаць дзверы і наладзіць ператрус у мінскім офісе «Радыё Свабода». Такога падарунка Ціханоўская проста не чакала.

ЗША пазіцыянуюць сябе звышдзяржавай, што абараняе інтарэсы сваіх грамадзян у любой кропцы свету. Правы беларусаў для іх, пры ўсіх дэкларацыях і заявах, не асабліва хваравітыя. А вось інтарэсы амерыканскіх грамадзян, амерыканскіх падаткаплацельшчыкаў, амерыканскай медыякарпарацыі — гэта ўжо іншая размова.

«Марскія коцікі», вядома, не прыедуць абараняць беларускі офіс «Свабоды». Але пасля дзеянняў беларускіх уладаў шанцы Ціханоўскай на сустрэчу з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам сур’ёзна ўзраслі. А ўлічваючы нядаўнюю сустрэчу Байдэна і Пуціна, на якой Беларусь была акрэсленая адным з пытанняў, якія трэба вырашаць, — цалкам верагодная інтэнсіфікацыя працэсу гэтага вырашэння. Разгромам офіса «Свабоды» і затрыманнем яго супрацоўнікаў інтарэсы ЗША беларускія ўлады закранулі ўжо сур’ёзна.

Вайна клонаў

Ёсць меркаванне, што ў беларускім апараце «ястрабы» працягваюць змагацца з «галубамі». «Голуб» Макей у нядаўнім інтэрв’ю Russia Tuday (тэлеканалу, арыентаванаму найперш на заходнюю аўдыторыю) выступіў з прапановай-просьбай пра дыялог — гэта была, магчыма, спроба адваяваць частку ўплыву ў «ястрабаў». Аднак тыя адказалі ў сваім агрэсіўным стылі — і цяпер, зразумела, шанцы на «дыялог», тым больш канструктыўны, істотна знізіліся (калі такія наогул былі).

Толькі за тыдзень было праведзена не менш за 40 ператрусаў. «Вясна», БХК, Lawtrend, Рух «За Свабоду», часопіс «Імёны», «Гендарныя перспектывы», БАЖ, Таварыства беларускай школы, цэнтр «Супольнасць», ТБМ, Партыя БНФ, Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацыі, аналітычны цэнтр BEROC, сацыялагічная лабараторыя «Новак», Аб'яднаная грамадзянская партыя, Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», Саюз пісьменнікаў — далёка не поўны спіс арганізацый, якія трапілі пад дэманстрацыйны разгром. Уражвае досыць шырокая раскідка — ад тых, хто займаўся пытаннямі хатняга гвалту і культурніцкімі праектамі, і да палітычных структур.

Паводле даных Беларускай асацыяцыі журналістаў, у Беларусі за апошнія 10 дзён толькі ў рэдакцыях і кватэрах журналістаў адбылося 63 ператрусы.

Некаторыя кажуць, што гэта «наш адказ на санкцыі». Абяцаў жа той самы Макей, які цяпер «імкнецца да дыялогу», знішчэнне грамадзянскай супольнасці? Вось і пачалі «бамбіць Валожын». Іншыя кажуць, што гэта дэманстрацыйнае запалохванне той самай грамадзянскай супольнасці і такі сабе «прымус да эміграцыі».
Сапраўды, пасля гэтага з’ехалі шэраг знакавых для дэмакратычнай Беларусі асобаў. Але наўрад ці — толькі гэта. Маштаб і разгалінаванасць рэпрэсій паказваюць на спланаваную акцыю, якія ўлада звычайна рабіла напачатку маштабных палітычных кампаній. І, вельмі верагодна, у бліжэйшыя дні такая будзе абвешчаная. Меркавана, хутка мы пачуем пра канстытуцыйны рэферэндум.

Дзіўны дакумент

Канстытуцыйная камісія завяршыла разгляд прапаноў па змене Канстытуцыі, і ўжо на гэтым тыдні пройдзе яе заключнае пасяджэнне. Праект новай Канстытуцыі ад уладаў ужо злілі ў сеціва. Дакумент атрымаўся вельмі дзіўны. Раней рознага кшталту аналітыкі і палітолагі казалі пра «расійскія жаданні» ў новай рэдакцыі беларускага Асноўнага закону — пашырыць паўнамоцтвы парламента, узмацніць у іх ролю палітычных партый і «партый уплыву». Але ў тым дакуменце, які трапіў у інтэрнэт нібыта з падачы структуры Юрыя Васкрасенскага, нічога падобнага няма. У ім «размазалі» прэзідэнцкія паўнамоцтвы, а Палата прадстаўнікоў ператварылася ў орган, які зусім не мае рэальнага ўплыву на сітуацыю ў краіне.

Ёсць супярэчлівыя пазіцыі. Напрыклад, прэзідэнт кроку не можа зрабіць без дазволу Савета Рэспублікі. Пры гэтым невядома, як абіраюцца чальцы таго самага Савету Рэспублікі. У прэзідэнта застаецца права штампаваць указы, законнасць якіх вызначае Канстытуцыйны суд, палову якога фарміруе сам прэзідэнт. Прэзідэнт мае права і распусціць Савет Рэспублікі, калі той будзе яму замінаць. А замінаць СР будзе, бо — чытайце вышэй, — прэзідэнт кроку не можа зрабіць без дазволу СР.

Чальцы СР пры гэтым з’яўляюцца пастаяннымі членамі Усебеларускага народнага сходу. Гэты сход надзяляецца правам імпічменту прэзідэнту. Прэзідэнт са згоды СР прызначае прэм’ер-міністра, а прэм’ер, са згоды прэзідэнта — міністраў. У тым ліку, напэўна, і сілавікоў. Каму падпарадкоўваюцца сілавікі або той жа Савет Бяспекі — незразумела: з аднаго боку, прызначае іх прэм’ер, а з другога — са згоды прэзідэнта, які кроку не можа зрабіць без Савета Рэспублікі і УНС. Па факце атрымліваецца, што парламент у нас замяняецца УНС, у які наогул ніхто нікога не абірае — прапануецца, каб у яго ўвайшлі дэпутаты абедзвюх палат і «прадстаўнікі мясцовых органаў самакіравання» (чытай — вертыкаль).

Наўрад ці гэта спадабаецца дэпутатам ніжняй палаты, якія маюць права заканадаўчай ініцыятывы (новага перапісвання Канстытуцыі). На гэта, напрыклад, звяртае ўвагу тэлеграм-канал «Рэфлексія і рэакцыя»: «Калі такая Канстытуцыя будзе прынятая, то пытанне канстытуцыйнага крызісу — гэта пытанне месяцаў. Занадта шмат цэнтраў сілы, занадта складаная сістэма, не вырашаная праблема грамадскай згоды, а значыць, будзе пяты цэнтр сілы — вуліца. І шосты — ніжняя палата, якая можа сама перапісваць Канстытуцыю».

Праўда, усе размовы пра новую Канстытуцыю носяць, хутчэй, абстрактны характар. Як справядліва адзначаюць у сацсетках, калі ўлады не выконвалі старую Канстытуцыю, дзе гарантыя, што яны будуць выконваць новую? Але пры тым, прыняцце Канстытуцыі — гэта чарговая палітычная кампанія, наяўнасць якой у сённяшніх варунках больш важная за яе вынік.

Без права на перамогу

У новай Канстытуцыі, дарэчы, сказана, што Усебеларускі народны сход «у выпадку неабходнасці вырашае пытанне аб легітымнасці выбараў прэзідэнта». Так і хочацца запытаць: «Рабяты, вы сур’ёзна?» Па-першае, людзі, палову з якіх ніхто нікуды не абіраў, будуць вырашаць пытанне легітымнасці выбараў? А па-другое (да шкоды некаторых), «легітымнасць» так не працуе.

Легітымнасць — гэта не пытанне загаду, гэта пытанне даверу. Гэта калі вялікая частка грамадства давярае кіраванне дзяржавай абранай асобе і не аспрэчвае яе права на гэта. Крызіс унутранай легітымнасці ўлады, уласна, і паўстаў таму, што даверу да вынікаў выбараў 2020 года, і, адпаведна, да асобы, якая абвясціла сябе пераможцам выбараў, у грамадстве няма. І рашэнне УНС па пытанні «легітымнасці» на гэтую сітуацыю не ўплывае ад слова «ніяк».

Цяперашні палітычны крызіс у Беларусі і вызначаецца тым, што ўлада страціла ўнутраную легітымнасць у вачах большасці беларускага народа. Таму няма веры афіцыйна агучаным вынікам выбараў. Таму паўсталі маштабныя пратэсты, якія ўдалося загнаць углыб толькі беспрэцэдэнтнымі рэпрэсіямі. Таму ўлада не выйграе ніводнай электаральнай кампаніі. Напрыклад, кампаніі па прыняцці Канстытуцыі.

А выйграць вельмі хочацца. Хоць бы для таго, каб прадэманстраваць «заклятаму сябру» — Расіі, — «выкананне» абавязацельстваў па, нібыта, «урэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі». Вось толькі палітычная кампанія па прыняцці новай Канстытуцыі зноў палітызуе і без таго напружанае беларускае грамадства, і якім будзе вынік гэтай палітызацыі, ніхто прадказаць не возьмецца.

Сысці, каб застацца

Ёсць такі выраз, што «генералы пастаянна рыхтуюцца да мінулых войнаў». Тое ж самае можна сказаць і пра будучую палітычную кампанію: улада рыхтуецца да «мінулай вайны» — звыклым для сябе чынам «зачышчае» грамадска-інфармацыйную прастору. Але пры гэтым не заўважае, як змянілася тая прастора, і наколькі бескарысныя намаганні па яе зачыстцы.

Як адзначае той жа тэлеграм-канал «Рэфлексія і рэакцыя», калі мэтай новай хвалі ператрусаў было цалкам знішчыць/спыніць функцыянаванне арганізацый, то мэта гэтая не дасягнутая (і не дасягальная). «Вернемся на папярэднія хвалі — усе “разгромленыя” СМІ ў цэлым перабудаваліся і працуюць як раней. Працуе TUT.BY, працуе “Еўрарадыё”, працуе “Наша Ніва”. Якасць кантэнту не змянілася ў цэлым, рэгулярнасць выхаду — таксама. “Разгромлены” Прэс-клуб праводзіць анлайн-канферэнцыю, дзе прадстаўнікі ўсіх вышэйпералічаных “разгромленых” медыя абмяркоўваюць тое, што адбываецца. “Разгромленая” “Вясна” працягвае аператыўна інфармаваць і скрупулёзна весці летапіс таго, што адбываецца, сочыць за палітычнымі працэсамі», — адзначаюць у Тэлеграме.

Так, вядома, пад ціскам і пагрозамі распачацця крымінальных спраў шмат хто з’ехаў. Цалкам рэлакаваліся рэдакцыі 6tv.by і ex-press.by, з’ехалі лідары ЗБС «Бацькаўшчына» і кампаніі «Будзьма беларусамі», пакінулі краіну некаторыя журналісты «Радыё Свабода», уключаючы палітычнага аналітыка Валерыя Карбалевіча. Верагодна, на гэта таксама разлічвалі сілавікі, калі праводзілі маштабную акцыю застрашвання.

Але гэта зусім не азначае, што ўсе тыя, хто з’ехаў, спынілі сваю дзейнасць. Узяць тыя ж рэгіянальныя рэдакцыі: іх сайты працягваюць адкрывацца і напаўняцца новымі матэрыяламі. Частка каманды TUT.BY з-за мяжы стварыла рэсурс zerkalo.io — і цяпер яны пішуць пра сітуацыю ў Беларусі больш жорстка і бескампрамісна, не асабліва падпарадкоўваючыся «ўнутранаму цэнзару» і асцярогам камусьці нашкодзіць сваімі публікацыямі.
Вось і Валер Карбалевіч лічыць, што на магчымым рэферэндуме прыхільнікам пратэсту трэба галасаваць за новую Канстытуцыю, паколькі яна, нібыта, аўтаматам запусціць новыя прэзідэнцкія выбары. Тэзіс досыць спрэчны, аднак важны не тэзіс, а тое, што мы ўсё роўна чытаем Карбалевіча, які з’ехаў.

На адрас беларускіх уладаў неаднаразова гучала папярэджанне: закрываючы легальныя каналы камунікацый, яны вымусяць людзей шукаць нелегальныя каналы — больш адкрытыя і радыкальныя. Выціскаючы з краіны СМІ і актывістаў, улады самі радыкалізуюць грамадскія настроі, і без таго пратэставыя.

Улада думае, што паказальнымі рэпрэсіямі яна «сцішыла» НДА і СМІ, абмежавала іх уплыў на грамадства. Але гэта такая ж ілюзія, як і меркаванне, што «пратэст садзьмуўся». Людзі, якія з’ехалі, працягваюць працаваць — проста ў новых формах і ў новых умовах.

А вось крушэнне ілюзій бяспекі і падпарадкаванасці будзе вельмі хваравітае для ўлады. І гэтае крушэнне можа адбыцца ў надыходзячую палітычную кампанію.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: