Дэградацыя беларускай мадэлі: ад інфармацыйнай аўтакратыі да савецкіх методык

Мы на вайне. Пакуль яшчэ гібрыднай. «Вайна вядзецца супраць часу, супраць свету, якім ён цяпер стаў, за вяртанне ў шчаслівыя сямідзясятыя».

«Ён занадта няўтульны, гэты празрысты свет, — і задача палягае ў тым, каб выправіць яго недахопы. Калі ўжо не глабальна, то хоць бы ў межах асобна ўзятай краіны», — тлумачыць расійскі публіцыст Іван Давыдаў.

Мы на вайне. Мы трымаем абарону. На нашым баявым штандары напісаны просты і зразумелы сваім і ворагам дэвіз: «Нашы каштоўнасці не ўпісваюцца ў сістэму глабалісцкай будовы свету». Ён служыць аналагам надпісу-папярэджання на апорах высакавольтных ліній: «Не залазіць, заб’е!»

Нас спрабуюць узяць у атачэнне. Ці тое яшчэ будзе.

Мы — гэта хто?

Паводле гісторыка Аляксандра Ахіезера, «грамадства, асоба адказваюць на крызісную сітуацыю, на небяспеку, ці праз выпрацоўку інавацыйных ідэй, якія адкрываюць новыя творчыя магчымасці больш эфектыўных рашэнняў, ці на аснове вяртання да старых каштоўнасцяў, якія апраўдалі сябе ў мінулым».

Глыбокая думка. Але, як і ўсе падобныя думкі, яна яўляецца няпоўнай. Наш паўсядзённы вопыт падказвае трэці шлях — ён вядзе да старых каштоўнасцяў, якія ў мінулым сябе НЕ АПРАЎДАЛІ.

«Жыццё кароткае», — сцвярджаў Гіпакрат. Ён быў лекарам, і таму ў хуткаплынным часе разбіраўся прафесійна. 18 жніўня ва ўсіх плакальшчыкаў па СССР з’яўляецца нагода адзначыць 30-годдзе няўдалага путчу, які ўбіў апошні цвік у вечка труны «Саюза непарушнага рэспублік свабодных».

Найлепшай ілюстрацыі закона ненаўмысных наступстваў, мабыць, і не знайсці. Путчысты хацелі, як лепш... але і Гарбачоў ні сабе, ні краіне зла не жадаў. Ды і хто з нас, калі слухаў маладога генеральнага сакратара ў 1985 годзе, не пагадзіўся б з тым, што «так жыць нельга»?

«Пераменаў! Мы хочам пераменаў!» — спяваў Віктар Цой. І тут самы час разабрацца з займеннікам першай асобы множнага ліку «МЫ». Мы — гэта хто? Адважуся выказаць здагадку, што не толькі стомленыя ад дэфіцыту рабочыя і калгасніцы разам з праслойкай у выглядзе працоўнай інтэлігенцыі, але і большасць прадстаўнікоў так званай наменклатуры.

Айчынная гісторыя вучыць: абавязковай умовай для надыходу пераменаў з’яўляецца згода («кансенсус» — паводле тэрміналогіі Гарбачова) паміж кіраўнікамі і кіраванымі ў пытанні ўсведамлення, што далей «так жыць нельга». Адсутнасцю ўсеагульнай згоды і адрозніваюцца цяперашнія падзеі ад гарбачоўскай перабудовы. На жаль, але сёння жыць даводзіцца ва ўмовах, калі нізы не хочуць жыць па-старому, але вярхі па-старому кіраваць яшчэ неяк могуць.

У 45 разоў у Расіі і толькі ў 5 разоў у Германіі

Сучасныя аўтарытарныя рэжымы для ўтрымання ўлады ўсё часцей адмаўляюцца ад страху і рэпрэсій на карысць маніпуляцыі інфармацыяй. На думку расійскага эканаміста Сяргея Гурыева, аўтара тэрміна «інфармацыйная аўтакратыя», гэтаму спрыялі тры прычыны:

    • Распад СССР прымусіў заходнія краіны адмовіцца ад падтрымкі рэпрэсіўных рэжымаў, бо немагчыма стала растлумачыць сваім народам, чаму гэтыя «сыны сучкі» па-ранейшаму застаюцца «нашымі».
    • Сучасныя тэхналогіі не дазваляюць хаваць масавыя рэпрэсіі і забойствы.
    • Эканамічнае развіццё немагчыма без доступу да інтэрнэту, міжнароднага гандлю і замежных інвестыцый.

Існуе прамая карэляцыя: чым больш дыктатар звяртаўся да рэпрэсій, тым меншая верагоднасць, што ён зможа мірна пакінуць сваю пасаду. Быць дыктатарам старога тыпу стала небяспечна.

На што накіроўваюць сваю энергію вярхі ва ўмовах інфармацыйнай аўтакратыі? У першую чаргу, на доказ кампетэнтнасці лідара. Сучасны лідар — гэта не проста швец і жнец, і на дуду ігрэц. Гэтага недастаткова. Сучасны лідар у вачах большасці павінен быць па-за канкурэнцыяй ва ўсіх відах дзейнасці. Калі ён швец, то найлепшы ў свеце швец і г. д.

Зразумела, што такая ўніверсальнасць ні да чаго добрага не даводзіць. Аднак ахвочых падставіць плячо ў няпростай справе маніпулявання хапае. Дадзім слова Сяргею Гурыеву: «Даследчыкі адзначылі прамую залежнасць паміж тым, што ў аўтарытарных краінах прадстаўнікі эліты больш крытычныя да лідара, чым асноўная маса насельніцтва, але дабрабыт у прадстаўнікоў элітнага саслоўя ў такой краіне вышэйшы, чым у больш дэмакратычных краінах, дзе эліты больш падтрымліваюць лідара».

Гэта ключавы момант для падтрымання стабільнасці. Таму не варта здзіўляцца, што заробак, скажам, міністра фінансаў Расіі вышэй за сярэдні заробак па краіне ў 45 разоў, а ў яго нямецкага калегі — толькі ў 5 разоў.

Пра карупцыйную надбаўку да афіцыйнага акладу я прамаўчу. Але тое, што жонкі расійскіх чыноўнікаў рэгулярна аказваюцца надзвычай таленавітымі бізнесоўцамі і зарабляюць нашмат больш за сваіх мужоў, ні для каго не сакрэт. Прыгадаем жонку мэра Масквы Юрыя Лужкова мільярдэршу Алену Батурыну.

Стабільнасць, хай нават ва ўмовах інфармацыйнай аўтакратыі, мае патрэбу ў матэрыяльных рэсурсах. Іншая справа, што размяркоўваюцца яны з вялікім перакосам у бок кіраўнікоў. Нездарма ж даволі вядомы расійскі «вячэрні» тэлевядоўца Салаўёў набыў вілу на беразе возера Кома ў Італіі. Тры паверхі. Фасад у сем вокнаў.
Прыгожа жыць не забароніш — тым больш за свае крэўныя.

Плынь бягучай сучаснасці

У рэжыме інфармацыйнага аўтарытарызму, імітуючы дэмакратыю, беларуская мадэль праіснавала да 9 жніўня 2021 года. А далей здарыўся адкат да савецкіх і дасавецкіх метадаў падтрымання стабільнасці. У нашага таварыша па саюзным няшчасці ідзе аналагічны працэс, і трыгеру ў выглядзе «каляровай рэвалюцыі» для гэтага не спатрэбілася.

Сама логіка развіцця (дэградацыі) палітычных сістэм, якія ваююць супраць часу і не жадаюць упісвацца ў сучаснасць, вяртае іх да сілавых метадаў падтрымання стабільнасці. «Старэйшаму брату» прасцей. Па-першае, на дадзеным этапе ён не адчувае недахопу ў матэрыяльных рэсурсах для забеспячэння ўмоўных суадносін 45 да 1 для ўмоўнага міністра фінансаў. Дзякуй нафтавай, газавай і іншым відам прыроднай рэнты.

Па-другое, у параўнанні з Беларуссю ў Расіі прынцыпова іншыя суадносіны плошчы з працягласцю мяжы з «поўнымі мярзотнікамі».

Суседзяў не выбіраюць. Суседзі — ад Бога. Донару еўрапейскай стабільнасці ў гэтым сэнсе не пашанцавала. Вось і даводзіцца першым прымаць удар на сябе.

Але ў вяртання да жорсткага кіравання, як і ў кожнага медалю, маецца адваротны бок. Апішу яго словамі галоўнага архітэктара Беларускай мадэлі: «Зразумейце, што пры ўсёй жорсткасці курсу гэтая жорсткасць павінна быць звернутая на тых, на каго трэба. Мы не павінны задушыць ініцыятыву людзей, трэба падтрымліваць ініцыятыўных і сумленных людзей як у бізнесе, так і ў палітыцы».

Адасабляць сумленных людзей ад несумленных у палітыцы проста: сярод нязгодных з цяперашнім курсам сумленных не можа быць наогул. Прынамсі, за 27 гадоў ніводзін такі не выяўлены.

З бізнесам складаней. Мэта любога бізнесоўца — атрыманне прыбытку, гэта значыць, справа выключна прыватная. Вайна, якая вядзецца сярод родных бяроз і асін супраць часу, — гэта вайна за каланізацыю прыватнага грамадскім. Гэта выключна наша лакальная вайна. У свеце ідзе супрацьлеглы працэс: прыватнае каланізуе грамадскае.

Сучаснасць, згодна з брытанскім сацыёлагам Зыгмунтам Баўманам, з цвёрдага стану перайшла ў вадкі. Усякую дробязь, кшталту ІП, прыструніць нескладана. Але што рабіць з «акуламі капіталізму»? «Сёння, — тлумачыць аўтар бестселеру «Бягучая сучаснасць», — сітуацыя зусім іншая; адзін з бакоў з болем усведамляе, што яго партнёры па перамовах могуць лёгка ўстаць з-за стала і сысці ў любы момант; яшчэ адзін націск — і яны проста падхопяць свае кейсы і сыдуць, так што размаўляць будзе не з кім».

Такая вось праблема... Калі б не падтрымка з боку таварыша па саюзным няшчасці, то ў сваім цяперашнім выглядзе Беларуская мадэль і году б не працягнула. Плынь бягучай сучаснасці змыла б яе.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

,

Больш цікавага на «Новым Часе»: