Дзяржаўны Урабарос: «справа Румаса» як выклік для «вертыкалі»

Інфармацыя пра арышт экс-прэм'ера Беларусі Сяргея Румаса не пацвердзілася. Ён з’ехаў з краіны да сыноў, адзін з якіх жыве ў Італіі, а другі — у Вялікабрытаніі. Праўда, не факт, што на экс-чыноўніка не надзенуць кайданкі па вяртанні — калі ён, зразумела, вернецца. Вакол «справы Румаса» адразу ж паўстала некалькі трактовак.

content_1_5.jpg


Версій магчымай апалы экс-прэм’ера досыць шмат. Аднак сам факт наяўнасці гэтай інфармацыі — сур’ёзная падстава задумацца перш за ўсё для тых, каго ў Беларусі прынята называць «элітамі».

Палітыка?

Першае, што ўспомнілі каментатары ў сувязі з чуткамі пра арышт Румаса, — гэта фота, якое выклала ў сацсетцы яго жонка Жана. Пара Румасаў зрабіла сэлфі на назіральнай пляцоўцы будынка Банка Развіцця (менавіта гэтым банкам некалі кіраваў Румас). З гэтай пляцоўкі выдатна бачная стэла, і фота было зроблена ў адзін з дзён, калі там праходзіў маштабны марш, — зразумела, не «ябацькаў». Пазней гэтая фатаграфія была выдаленая, але ўсё роўна заўважаная. У верасні Лукашэнка, кажучы пра чыноўнікаў, якія падтрымалі пратэст, адзначыў, што былі і такія, каго «своечасова разглядзелі» і «адправілі каго на спачынак, каму проста прапанавалі займацца бізнесам».

rumas_9.jpg


Гэта быў відавочны намёк у бок Румаса, бо менавіта яго адстаўка была прынятая са словамі: «Вялікіх прэтэнзій у мяне да яго няма, але чалавек хоча займацца бізнесам».
Прэтэнзій не было ў чэрвені, калі Лукашэнка замяніў Румаса на прадстаўніка «сілавікоў» Галоўчанку — цяперашні прэм’ер прыйшоў з ВПК. А вось пасля жнівеньскіх падзей яны з’явіліся.
Яшчэ да жніўня расійскі эксперт, намдэкана факультэта сусветнай эканомікі і сусветнай палітыкі НДУ ВШЭ Андрэй Суздальцаў (варта адзначыць, што сам Суздальцаў у сакавіку 2006 года быў пазбаўлены віду на жыхарства ў Беларусі і дэпартаваны ў Расію) заявіў, што Румас «у свабодным палёце» можа далучыцца да апазіцыі. Фота з даху Банка Развіцця гэта як бы пацвярджала.
Але такіх крокаў ад Румаса не дачакаліся. Зрэшты, усё яшчэ можа змяніцца, — у тым выпадку, калі шлях на радзіму Румасу будзе закрыты.

Моцна патрэбныя грошы?

На самай справе, усё можа быць больш проста і банальна. Рэжыму вельмі патрэбныя грошы. Прычым, пажадана, наяўнымі.
Эксперты, асабліва ў галіне эканомікі, неаднаразова казалі: паліцэйскую дзяржаву проста пабудаваць, але вельмі складана ўтрымліваць. Сілавыя структуры могуць вельмі эфектыўна выкарыстоўваць рэсурсы, але не могуць іх ствараць.
Не прайшло і паўгода з пачатку беларускіх пратэстаў, а рэжым ужо падняў падаткі асабліва «грашовым» галінам эканомікі — Парку высокіх тэхналогій і аператарам мабільнай сувязі. Прычым, для апошніх падатак на прыбытак залімітавы — ажно 30%. Спецыялісты папярэджвалі, што такія падаткі вядуць толькі да стварэння розных інструментаў сыходу ад іх і да «шэрых схемаў» вядзення бізнесу. І замест павелічэння збору падаткаў мы ўбачым памяншэнне сабраных сродкаў. Мабыць, так і адбываецца.
Напачатку тыдня нават з’явілася навіна, што дзе-нідзе (а канкрэтна — у Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці) частку зарплаты на двух прадпрыемствах выдалі рыбнымі кансервамі. І гэта ўжо першы званочак, што грошай не хапае катастрафічна. Адна справа — чытаць, што ў чарговы раз знізіліся золатавалютныя рэзервы ў Нацбанку, а іншае — атрымаць замест грошай скрыню кількі ў тамаце.
Як паведамлялі СМІ, па гіпатэтычнай «справе Румаса» затрыманыя некаторыя топ-менеджары «Белаграпрамбанка», якім Румас кіраваў з 2005 па 2010 год. Некаторыя тэлеграм-каналы паведамілі, што допыты супрацоўнікаў банка былі звязаныя менавіта з дзейнасцю Румаса — у прыватнасці, з выдачай крэдытаў Тураўскаму малочнаму камбінату.
Паралельна са «справай Румаса» стала вядома пра затрыманне дырэктара сталічнага ГУМа Аляксандра Крапака — нібыта за хабар. А яшчэ раней Следчы камітэт паведаміў, што расследуе карупцыйную справу ў дачыненні да службовых асобаў адразу некалькіх буйных прадпрыемстваў — Мінскага завода колавых цягачоў, БелАЗа, Мінскага трактарнага завода і завода цяжкіх штамповак.
«Карупцыйныя» артыкулы беларускага Крымінальнага кодэкса маюць адну характэрную асаблівасць: па іх заўсёды можна «дамовіцца», выплаціць «шкоду дзяржаве» ў трохразовым памеры, і — вольны. Пра гэта неаднаразова заяўляў і сам Лукашэнка. Верагодна, менавіта такім немудрагелістым спосабам улады вырашылі «пастрыгчы» бізнесменаў і топ-менеджараў банкаў, — каб неяк падцыраваць велізарныя дзіркі ў бюджэце.
Колькі можна «састрыгчы з топаў» — іншае пытанне. Відавочна, не мільярды долараў. Але ў сітуацыі, якая склалася, нават сотня тысяч долараў будзе дарэчы. Як мінімум, гэтага хопіць, каб выплаціць заробкі ў рыбгасе «Локтышы», дзе частку зарплаты выдаюць кансервамі аж з траўня 2020 года.

Перадзел рынку?

Яшчэ адно тлумачэнне «справы Румаса» высунуў у сваім тэлеграм-канале аналітык Пётр Кузняцоў. Ён дапускае, што «гучныя справы» — гэта не што іншае, як «перадзел сфераў уплыву» на фоне нестабільнасці ўлады. «Сітуацыя, у якой сілавікі атрымліваюць празмерны ўплыў, а вярхоўны кіраўнік, наадварот, усё больш патрапляе ад іх у залежнасць, — ідэальная для таго, каб альбо яны самі, альбо хтосьці, але іх рукамі, пачаў унутраную вайну за перадзел уплыву ў эканамічнай і бізнес-сферах. Вось Румас не так сфоткаўся: “шапнуць”, узгадніць, накаціць — прасцей простага», — піша Кузняцоў.

Пётр Кузняцооў. Фота з ВК

Пётр Кузняцооў. Фота з ВК

Варта адзначыць, што «Белаграпрамбанк», праз які праходзяць найвелізарныя грошы для АПК, а таксама МЗКЦ і БелАЗ (пры ўсёй стагнацыі апошняга, які загінаецца не з-за няўмення вырабляць прадукцыю, а з-за няўмення яе прадаваць) з’яўляюцца досыць ладнымі кавалкамі для такога перадзелу. Альбо для «расчысткі тэрыторыі» пад прыход новага ўласніка.
Амаль адначасова з узнікненнем «карупцыйных арыштаў» выканаўчы дырэктар Creative Politics Hub Мікалай Халезін падзяліўся ў сваім тэлеграм-канале інфармацыяй, што рэжым пачаў падрыхтоўку да вялікага распродажу флагманскіх актываў у эканоміцы. Па яго словах, пачаліся перамовы па трох структурах, якія для Беларусі з’яўляюцца бюджэтаўтваральнымі: БМЗ, Беларуськалій і «Гродна-Азот».
А там, дзе могуць пайсці на продаж «бюджэтаўтваральныя», могуць «змяніць уласніка» і іншыя, хай не такія буйныя. Той жа МЗКЦ забяспечвае цягачамі «ядзерны шчыт» Расіі. БелАЗ — таксама можа быць «залатым дном», калі забяспечыць яму адпаведны менеджмент. Так што версія Кузняцова мае права на існаванне.
Пры гэтым вялікае пытанне, як паставяцца да «перадзелу рынку» тыя, хто гэтым бізнесам распараджаюцца цяпер. Наўрад ці яны здадуць пазіцыі без бою.

Гісторыя нічому не вучыць?

Зрэшты, якія б ні былі рэальныя або ўяўныя перадумовы для «справы Румаса», усё атрымліваецца так, як папярэджвалі гісторыкі. Рэпрэсіўная машына не можа спыніцца ў сваім развіцці, і разочак пакаштаваўшы ўсёдазволенасці і крыві, яна будзе патрабаваць усё новых і новых ахвяр.
Урабарос — гэта міфічны змей (або цмок) скручаны ў кальцо, які паядае свой хвост. Яму прыпісваюць розныя значэнні, аднак у нашай сітуацыі цяперашняя беларуская ўлада пачынае нагадваць менавіта гэтага змея. «Паліцэйская дзяржава» не можа без рэпрэсій, і ўлада пачынае есці сама сябе — галава есць хвост.

serpiente_alquimica.jpg


Пра тое і казалі абазнаныя людзі: тыя, хто падтрымліваў пераварот і «паліцэйскую дзяржаву», урэшце самі аказваюцца ахвярамі гэтай сілавой дзяржавы. Так было ў гітлераўскай Германіі, калі Гітлер расправіўся са сваімі ж паплечнікамі ў «Ноч доўгіх нажоў». Ці ў СССР, калі Ягоду расстраляў Яжоў, прымусіўшы перад гэтым прызнацца ў «падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту», а потым Яжова расстраляў Берыя — прычым, паводле таго ж самага абвінавачання.
Вядома, цяпер не сталінскія часы: чыноўнікам ёсць што губляць і ёсць куды бегчы — прыклад Румаса таму нагляднае пацвярджэнне. Але менавіта логіку і паводзіны сталінізму імкнецца навязаць грамадству Лукашэнка. Пры гэтым ён не можа даць «перніка» хаця б у выглядзе надзеі на «светлую будучыню» і «камунізм». У яго засталіся, фактычна, толькі дзве прылады для захавання кіравальнасці вертыкалі. Першая — гэта страх. Страх, што за табой «прыйдуць», як за Румасам, напрыклад. І другі — спроба «павязаць адказнасцю», тым жа ўдзелам чыноўнікаў ва Усебеларускім народным сходзе. Маўляў, і вы адказныя за тое, што нарабілі сілавікі ў жніўні 2020-га.
Наколькі гэта спрацуе ў новых умовах? Асабліва калі «сілавікі» прыходзяць да чыноўнікаў, незалежна ад таго, баяцца яны ці не? І калі кожны з «вертыкальшчыкаў» можа стаць «наглядным дапаможнікам» для сваіх калег? Гэтак жа, як і кожнага могуць запляміць падтрымкай самаабвешчанага кіраўніка краіны. Пры гэтым прапанаваць вертыкалі раўнацэнны «пернік» Лукашэнка ўжо не можа. Больш за тое — верагодней, мае намер забраць апошняе.
Усе тры сцэнары сімптаматычнай «справы Румаса» не абяцаюць уладнай вертыкалі нічога добрага. Пры любым раскладзе чыноўнікі застаюцца ў пройгрышу. Той жа Пётр Кузняцоў мяркуе, што гэта якраз і стане асновай для расколу элітаў і распаду ўладнай вертыкалі. Бо захаваць калі не сваё становішча, то хаця б свабоду яна можа толькі адным чынам — адмежаваўшыся ад Лукашэнкі.
А для гэтага трэба ўсяго толькі перамагчы страх, як тое ў масе сваёй ужо зрабіў народ. Толькі ў такім выпадку цяперашнія чыноўнікі змогуць неяк выграбці з гэтай няпростай сітуацыі. Прычым, з найменшымі стратамі.