«Мы проста абслугоўваем гісторыю на тым баку, дзе апынуліся згодна са сваімі каштоўнасцямі»

«Цяпер ніхто не можа не тое што змяніць час альбо развярнуць падзеі ў любы бок, ніхто не можа нават змяніць сябе альбо свае паводзіны. Злыя злеюць, хоць і разумеюць фінал, добрыя дабрэюць, хоць і церпяць у канкрэтным моманце», — піша Ганна Севярынец на сваёй старонцы ў фэйсбуку. 

Карані цяперашніх падзей, якія адбываюцца навокал — і я б не выводзіла іх ані са жніўня 2020, ані з кавіду, ані з 2017, 2010 года, наогул наўрад ці можна вызначыць канкрэтны год — карані гэтых падзей настолькі глыбокія, настолькі моцна пераплеценыя і знітаваныя, што мне падаецца, мы ўжо цяпер не "робім гісторыю", а абслугоўваем яе.

Канцэнтрацыя і ўзаемаабумоўленасць падзей стала такой, што асобная воля асобнага чалавека ў ёй цяпер не мае вырашальнага значэння, так, як Напалеон напрыканцы жыцця не вырашаў нічога, хаця і заставаўся тым самым.

Цяперашнія падзеі маюць каранямі яшчэ разбэшчаную шляхту часоў Рэчы Паспалітай, Станіслава Аўгуста Панятоўскага, "Дамастрой", праваславіе-самаўладдзе-народнасць, Каліноўскага, Леніна, Сталіна, Купалу, менавіта таму ў кожнага з нас бывае адчуванне, што нас нясе нейкая невытлумачальная і непераадольная плынь, дзе ад нас нічога не залежыць.

Цяпер ніхто не можа не тое што змяніць час альбо развярнуць падзеі ў любы бок, ніхто не можа нават змяніць сябе альбо свае паводзіны. Злыя злеюць, хоць і разумеюць фінал, добрыя дабрэюць, хоць і церпяць у канкрэтным моманце. Ніхто з нас, і з тых, і з гэтых, ужо не можа па-іншаму, бо гаворка ідзе не пра імгненныя імпульсіўныя паводзіны, а пра матрыцу, сямейныя патэрны, каштоўнасныя сістэмы.

Менавіта таму цяперашні час выглядае так кінематаграфічна альбо літаратурна, бо галоўнае адрозненне мастацтва ад жыцця — наяўнасць жорсткай логікі і залежнасць падзей ад сюжэта.

У такія часы варта думаць маштабнымі катэгорыямі і разумець люфт паміж паўсядзённым часам і гістарычным. Гэта непрыемна і балюча, але па-іншаму не атрымаецца. Самае сумнае ў такіх прызмах — яны прымушаюць разумець, што біяграфія даўжэй за фізічнае жыццё.

Гісторыя — гэта людзі, сукупнасць чалавечых воляў. Але ў ёй амаль заўсёды працуе эфект сінергіі, калі цэлае большае за простую суму частак. Таму проста абслугоўваем гісторыю на тым баку, дзе мы апынуліся згодна са сваімі каштоўнасцямі.

Бо яна ў нас не пытаецца, як ёй ісці. Ані стрымаць, ані прыспешыць яе нельга. Можна толькі быць у ёй. Мурашы смертныя, мурашнікі вечныя. Жыве Беларусь.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: