Гэта Беларусь, дзетка, краіна тэрарыстаў і экстрэмістаў

Статыстыка бывае розная. Збольшага мы аперуем у матэрыялах лічбамі Белстата. Але на тыдні лічбы даваў генпракурор Беларусі — і яны ўражваюць. А за гэтымі лічбамі — рэальныя людскія лёсы.

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Генпракурор Андрэй Швед, такім чынам, паведаміў нам праз афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі, што ў Беларусі распачата больш за 4200 крымінальных спраў, звязаных з экстрэмізмам і тэрарызмам. «На сённяшні дзень распачата больш за 4200 крымінальных спраў, звязаных з гэтымі антыграмадскімі праявамі. У суды ўжо накіравана 803 крымінальныя справы ў дачыненні да 1116 чалавек, разгледжана 704 крымінальных спраў у дачыненні да 955 асоб», — цытуе Шведа БелТА.
Экстрэмізм і тэрарызм — гэта асобныя артыкулы Крымінальнага кодэкса. Гэта не звыклыя нам «масавыя беспарадкі» ці «супраціў супрацоўнікам міліцыі».
Удумайцеся ў гэтую лічбу: больш за тысячу тэрарыстаў у Беларусі, у дачыненні да якіх крымінальныя справы ўжо (!) накіраваныя ў суд. Але пры гэтым у краіне апошнім часам не адбывалася тэрактаў, не сыходзілі апошнім часам з рэек цягнікі, не гучала выбухаў на вуліцах, не было страляніны, не былі спаленыя машыны і гэтак далей… Дзякуй Богу, канешне, але ў нас не было нічога такога, што ў цывілізаваным свеце асацыюецца з тэрактамі.
Дзіўна, праўда? Тэрарыстаў і экстрэмістаў — прычым, вызначаных адмыслоўцамі, спецыялістамі, Генпракуратурай — больш за чатыры тысячы! Як такое можа быць?
Адказ нам можа даць Крымінальны кодэкс. А канкрэтна — артыкул 393, які называецца «Прыцягненне ў якасці абвінавачваемага заведама невінаватага».
Якім чынам узнікла такая маштабная тэрарыстычная групоўка? Пра гэта распавяла журналістка Іна Студзінская, якая раней працавала на «Радыё Свабода» і была затрыманая ў выніку «зачысткі журналістаў» 16 ліпеня. Яна 10 дзён знаходзілася на Акрэсціна, абвінавачанне ёй так і не прад’явілі ды падпіску пра неразгалошванне не ўзялі. Па яе словах, справа, па якой яна была арыштаваная, заведзеная па артыкуле аб арганізацыі масавых беспарадкаў у перыяд (увага!) з 14 ліпеня 2020 года і аж да 12 студзеня 2021 года. Прычым, справа заведзеная на «нявызначаных асоб».
«Мне далі азнаёміцца са спісам следчай групы, ён быў старонак на 50. Я запыталася: тут усе следчыя, што ёсць у краіне? Мне следчая кажа: амаль усе», — расказала журналістка.
Пры гэтым генпракурор Швед пахваліўся і адзначыў шэраг станоўчых тэндэнцый. За паўгода знізілася на 5% колькасць забойстваў, на 6% — разбояў, на 11% — прычыненняў цяжкіх цялесных пашкоджанняў, амаль на 20% — згвалтаванняў. Колькасць пацярпелых ад злачынных замахаў, паводле генпракурора, скарацілася на 14%.
Спадарства! Калі ўсе следчыя краіны занятыя адной маштабнай палітычнай крымінальнай справай, зразумела, што на іншыя справы ў іх часу не застанецца! А таму «статыстычнае» зніжэнне крымінагеннай абстаноўкі зразумелае — некаторыя злачынствы проста не трапляюць у статыстыку!
А яшчэ спадар Швед ацаніў урон, які Беларусі нанесла фашысцкая Германія ў часы Другой сусветнай вайны. Паводле разлікаў яго ведамства, у сучасных коштах гэта 500 мільярдаў долараў. Пакуль вызначэнне гэтай шкоды неабходнае, як казаў Швед, «для бягучых мэтаў, гэта неабходна, каб паказаць маштаб».
І яшчэ раз дзякуй Богу, што генпракурор устрымаўся ад наўпроставага выстаўлення рахункаў сучаснай Германіі за тую шкоду Сінявокай. І, спадзяюся, у далейшым пра яе згадваць ніхто не будзе. Таму што ў часе Пастдамскай канферэнцыі ў жніўні 1945 года было дасягнутае пагадненне аб задавальненні рэпарацыйных прэтэнзій СССР за кошт спагнання сродкаў з Усходняй зоны Германіі, а таксама за кошт нямецкіх актываў у Балгарыі, Фінляндыі, Венгрыі, Румыніі і Усходняй Аўстрыі. У СССР былі вывезены значныя аб’ёмы рознай маёмасці: ад транспартных сродкаў да абсталявання, а таксама худоба, збожжа і іншыя прадукты. Савецкі Саюз перастаў спаганяць рэпарацыі з ГДР толькі ў 1954 годзе.
І таму, калі спадар Швед выставіць рахунак сённяшняй ФРГ, нямецкі бок можа паказаць на Расію як на пераемніцу СССР са словамі: «Мы заплацілі ім, з іх і спаганяйце». І атрымаецца, што паўтрыльёна долараў мы павінны спаганяць з «найбліжэйшага саюзніка». Будзе няёмка і непрыгожа. Не кажучы ўжо пра тое, што падобны прэцэдэнт з нашага боку можа падштурхнуць, напрыклад, Польшчу выставіць рахунак за аперацыю ўз’яднання Беларусі ў верасні 1939-га ўжо Беларусі.
У нас увогуле вельмі цікавае заканадаўства. Вы можаце ўявіць, як да крымінальнай адказнасці прыцягваюць дырэктара прадпрыемства за тое, што яго прадпрыемства сумленна расплачвалася са сваімі пастаўшчыкамі?
Як паведамляе Камітэт дзяржкантролю, мясакамбінат у Мінскай вобласці на працягу трох гадоў цалкам расплачваўся з сельгасвытворцамі па пастаўках прадукцыі. Аднак сельгасвытворцы ў нас, зразумела — у запазычанасцях з ног да галавы. Таму мясакамбінат павінен быў утрымліваць частку сродкаў і пераводзіць на рахункі па іх запазычанасцях. Праўда, сельгасвытворцы ў большай частцы пра свае запазычанасці проста не паведамлялі, але КДК вырашыў, што дырэктар прадпрыемства павінен быў чытаць думкі сваіх партнёраў і ведаць, што ў іх ды як. У выніку за тры гады набегла сума ў больш за 7 мільёнаў рублёў. Цяпер кіраўніцтву мясакамбіната, які сумленна плаціў сваім пастаўшчыкам, можа пагражаць крымінальная справа.
Гэта — не анекдот. Гэта Беларусь, дзетка. Краіна для жыцця.
Не дзіўна, што ў краіне з такой сістэмай заканадаўства працаваць мала хто адважваецца. А тыя, хто наважыліся, вельмі хутка расчароўваюцца. За першае паўгоддзе толькі ў Мінску спынілі сваю дзейнасць больш за 13 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. І гэта — згодна з афіцыйнай статыстыкай Белстата.