ГКЧП: паўстанне зла

З 18 на 19 жніўня 1991 года ў Савецкім Саюзе адбылося тое, што звычайна называюць дзяржаўным пераваротам. 

Прэс-канферэнцыя членаў ГКЧП. Злева направа: віцэ-прэзідэнт Навукова-прамысловага саюза СССР Аляксандр Цізякоў; старшыня Сялянскага саюза СССР Васіль Старадубцаў; міністр унутраных спраў Барыс Пуга; віцэ-прэзідэнт СССР Генадзь Янаеў; намеснік старшыні Савета абароны пры прэзідэнце СССР Алег Бакланаў.

Прэс-канферэнцыя членаў ГКЧП. Злева направа: віцэ-прэзідэнт Навукова-прамысловага саюза СССР Аляксандр Цізякоў; старшыня Сялянскага саюза СССР Васіль Старадубцаў; міністр унутраных спраў Барыс Пуга; віцэ-прэзідэнт СССР Генадзь Янаеў; намеснік старшыні Савета абароны пры прэзідэнце СССР Алег Бакланаў.

Група вышэйшых дзяржаўна-партыйных кіраўнікоў стварыла т.зв. Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы (ГКЧП) і абвясціла, што Міхаіл Гарбачоў праз здароўе не ў стане выконваць абавязкі прэзідэнта СССР. З’яўленне ГКЧП было абумоўлена цэлай сукупнасцю фактараў, якія сведчылі пра заганнасць і тупіковы шлях савецкай камандна-адміністрацыйнай мадэлі.


Парад… суверэнітэтаў

Менавіта гэта трэба лічыць пачаткам канца СССР, а ГКЧП — як адчайную спробу захаваць імперыю. «Парад суверэнітэтаў» — умоўная назва працэсу абвяшчэння рэспублікамі СССР сваёй дзяржаўнай незалежнасці. Яго пік прыйшоўся на 1990 год, які заканадаўча замацаваў сімптомы будучага распаду Савецкага Саюза. У другой палове 1980-х яны выявіліся не толькі ў рэзкім узрастанні грамадскай актыўнасці ў нацыянальных рэспубліках, але і ў вострых міжнацыянальных канфліктах, у прыватнасці, у Нагорным Карабаху. Выбары рэспубліканскіх органаў улады (Вярхоўны Савет), што адбыліся вясной 1990 года, паказалі іх імкненне дыстанцыявацца ад «цэнтра» і сканцэнтравацца на вырашэнні рэгіянальных праблем.
Праўда, у Беларусі гэты працэс быў не такі актыўны, бо ў выніку выбараў у сакавіку 1990 года Вярхоўны Савет 12 склікання быў у асноўным укамплектаваны камуністамі і беспартыйнымі. У новым парламенце была сфарміравана дэпутацкая група Беларускага Народнага Фронта (БНФ) пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка. Яна была невялікая (28 чалавек), але сваю малалікасць умела кампенсаваць згладжанай працай, схільнасцю да парламенцкіх дэбатаў. Аб адносна трывалых пазіцыях партыйнай наменклатуры сведчаць і факты абрання на пасаду старшыні Вярхоўнага Савета Мікалая Дземянцея і на пасаду кіраўніка ўрада — Вячаслава Кебіча. У той жа час перамогай апазіцыі можна лічыць абранне дэмакрата Станіслава Шушкевіча першым намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета. 


Пэўнай мяжой стала прыняцце ў сакавіку-траўні 1990 года Грузіяй і прыбалтыйскімі рэспублікамі (Літвой, Латвіяй, Эстоніяй) дэкларацый аб дзяржаўным суверэнітэце, якія ўсталявалі прыярытэт рэспубліканскіх законаў над саюзнымі нарматыўнымі прававымі актамі.

Разам з тым вызначальным фактарам палітычнага развіцця СССР сталі дзеянні саюзнага кіраўніцтва, яго супрацьстаяння рэспубліканскім уладам. Справа ў тым, што з вясны 1990 на першыя ролі ў расійскай палітыцы канчаткова выйшаў Барыс Ельцын, які стаў, акрамя таго, старшынёй Вярхоўнага Савета РСФСР. Абраўшы тактыку расхіствання СССР, Ельцын дамогся таго, што 12 чэрвеня 1990 года Расія афіцыйна абвясціла свой суверэнітэт. Пасля Расіі працэс дэкларавання суверэнітэтаў набраў новы абарот: 20 чэрвеня 1990 года яго абвясціў Узбекістан, 23 чэрвеня — Малдова, 16 ліпеня — Украіна.

27 ліпеня 1990 года Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце прыняў і Вярхоўны Савет БССР. У дадзенай Дэкларацыі абвяшчалася адзінай і непадзельнай тэрыторыя рэспублікі, Вярхоўны Савет надзяляўся самымі шырокімі паўнамоцтвамі. Акрамя таго, абвяшчалася свабода ўсіх формаў уласнасці, а таксама права БССР на сваю долю ў залатым і алмазным агульнасаюзным фондзе. І ўсё ж у новага беларускага кіраўніцтва не было выразна акрэсленай праграмы палітычнага развіцця рэспублікі. Урад і парламент імкнуліся не рабіць «рэзкіх рухаў», назіраючы за зыходам супрацьстаяння Гарбачова і рэгіянальных эліт.

Між тым, гарбачоўскае кіраўніцтва прадпрымала спробы захаваць цэнтральную ўладу з дапамогай ідэалагічных і эканамічных захадаў, а таксама пры дапамозе сілы. 1 красавіка 1990 года ў газеце «Праўда» быў апублікаваны зварот Міхаіл Гарбачова да літоўскага народа, у якім ён заклікаў улады рэспублікі адмовіцца ад «неразважлівасці». Трагічныя падзеі, звязаныя з Літвой, адбыліся 11-13 студзеня 1991 года, калі пры штурме вернымі Маскве войскамі тэлецэнтра ў Вільні загінулі людзі. Літва, Латвія, Эстонія і Расія ў асобе Ельцына адзіным фронтам выступілі супраць Гарбачова і нават звярнуліся да Генеральнага сакратара ААН з прапановай неадкладна склікаць міжнародную канферэнцыю па ўрэгуляванні праблемы балтыйскіх дзяржаў.
Літоўскія падзеі, дарэчы, паўплывалі на тых беларускіх дэпутатаў, якія раней лаяльна ставіліся да Міхаіла Гарбачова. Так, Аляксандр Лукашэнка заявіў:

«Завидую членам парламента и тем лидерам, которых избрал литовский народ, и которые защищаются народом. Что будет с президентом, если отнять у него танки и одурманенных солдат? Чтобы пушками размахивать перед носом у народа, много ума не надо».
З мэтай умацавання пазіцый «цэнтра» і свайго ўласнага становішча Гарбачоў ініцыяваў правядзенне 17 сакавіка 1991 годзе рэфэрэндуму. Пытанне, якое выносілася на рэферэндум, фармулявалася наступным чынам: «Ці лічыце Вы неабходным захаванне Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік як абноўленай федэрацыі раўнапраўных суверэнных рэспублік, у якой у поўнай меры будуць гарантавацца правы і свабоды чалавека любой нацыянальнасці?».


Вынікі рэферэндуму апынуліся спрыяльнымі для Гарбачова. Разам з тым у рэферэндуме не прынялі ўдзел у галасаванні прыбалтыйскія рэспублікі, а таксама Грузія і Малдова.

«Промедление с заключением договора смерти подобно»


Такія словы прагучалі ў Вярхоўным Савеце Беларусі 12 склікання 19 лютага 1991 года і належалі народнаму дэпутату, дырэктару аўтамабільнага гіганта БелАз Дзмітрыю Сыраквашу. Справа ў тым, што з 14 лютага 1991 года парламентарыі пачалі абмяркоўваць праект пастановы аб канцэпцыі новага Саюзнага дагавора: падцвярджаўся мэтазгодным уступ Беларусі ў Саюз ССР «с учетом преобразования его в подлинно демократическое правовое государство, основанное на добровольном объединении равноправных суверенных республик».

Парламенцкая апазіцыя БНФ жорстка раскрытыкавала праект пастановы: на яе думку, ён цалкам супярэчыў палажэнням Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце рэспублікі ад 27 ліпеня 1990 года. Да таго ж, лічыла апазіцыя, не вырашана пытанне, якім будзе новы Саюз: федэрацыяй ці канфедэрацыяй.

Тым не менш, пастанова новай канцэпцыі новага Саюзнага дагавора была зацверджана большасцю дэпутацкіх галасоў.

Гарбачоў, у сваю чаргу, абвясціў рэфармаванне Савецкага Саюза найважнейшай палітычнай задачай. 23 красавіка 1991 года ў прэзідэнцкай рэзідэнцыі Нова-Агарова была зроблена сумесная заява самога Гарбачова і кіраўнікоў яшчэ дзевяці саюзных рэспублік, у тым ліку і Беларусі.

soyuz_1.jpg


З тэкста заявы вынікала, што першачарговай задачай для пераадолення крызісу з’яўляецца заключэнне новага дагавора суверэнных дзяржаў з улікам вынікаў праведзенага ўсесаюзнага рэферэндуму. 4 мая 1991 года ў Гарбачова прайшла нарада па Саюзным дагаворы. У сваёй эмацыйнай прамове савецкі прэзідэнт заявіў, што трымаць далей грамадства ў такім стане нельга, што недапушчальна цягнуць з новым Саюзным дагаворам. Гарбачоў прапанаваў новую назву для абноўленай федэрацыі: Саюз Суверэнных Дзяржаў. 24 мая ў Нова-Агарова пад старшынствам Гарбачова адбылося пасяджэнне падрыхтоўчага камітэта для працы над праектам новага Саюзнага дагавора і вызначэння парадку яго падпісання. Ельцын, у прыватнасці, заявіў, што пачынаць працэдуру падпісання трэба з РСФСР, інакш дагавор не будзе заключаны.

У сваю чаргу, Ельцын усё больш трывала зацвярджаўся ў якасці гаспадара расійскай палітычнай сцэны. 12 чэрвеня 1991 года на прэзідэнцкіх выбарах ён атрымаў упэўненую перамогу супраць пяці кандыдатаў, у тым ліку, і малавядомага тады Уладзіміра Жырыноўскага. Перамога Ельцына на ўсенародных выбарах была больш пераканаўчай, чым кулуарнае абранне Гарбачова на пасаду прэзідэнта на III з’езде народных дэпутатаў СССР у сакавіку 1990 года.


diletant.media

diletant.media

Стаўшы расійскім прэзідэнтам, Ельцын публічна заявіў аб сваім жаданні падпісаць Саюзны дагавор.

Не супраць была і Беларуская ССР. Нягледзячы на рашучыя пратэсты апазіцыі БНФ, 12 чэрвеня 1991 года парламенцкая большасць зацвердзіла пастанову, згодна з якой асноўныя палажэнні Саюзнага дагавора ўхваляліся. Ад імя Беларускай ССР падпісаць дагавор даручалася Мікалаю Дземянцею.

Сам праект Саюзнага дагавора канчаткова быў дапрацаваны да канца ліпеня 1991 года. У адпаведнасці з ім рэспублікі атрымлівалі значныя правы, аднак і саюзная дзяржава захоўвала за сабой найважнейшыя рычагі кіравання (фінансавая сістэма, транспарт, энергетыка, узброеныя сілы і г.д.).

Працэдура падпісання дамовы была прызначана на 20 жніўня 1991 года. Рабочая група бліжэйшага паплечніка Гарбачова Георгія Шахназарава падрыхтавала «Прыкладную працэдуру падпісання Саюзнага дагавора», якая павінна была ажыццявіцца ў Георгіеўскай залі.

14 жніўня 1991 года беларуская газета «Звязда» надрукавала заяву апазіцыі БНФ аб Саюзным дагаворы. У заяве падкрэслівалася, што перад беларусамі стаіць выбар — альбо дзяржаўная незалежнасць, свабода і рынак, альбо працяг каланіяльнай экспансіі, поўнае нацыянальнае і сацыяльнае выраджэнне. Заява заклікала «падтрымліваць рух за незалежнасць Бацькаўшчыны і процідзейнічаць падпісанню новага Саюзнага дагавора — чарговага палітыканства крамлёўскай наменклатуры».

Злавесная абрэвіятура і яе наступствы


Аднак Саюзны дагавор так і не быў падпісаны. Кансерватыўнымі сіламі ён расцэньваўся як недапушчальная саступка рэспубліканскаму сепаратызму. Кансерватары адважыліся на рашучыя дзеянні і 19 жніўня 1991 года адхілілі Гарбачова ад улады.

На чале ГКЧП стаў віцэ-прэзідэнт Г. Янаеў. У камітэт, акрамя Янаева ўвайшлі: прэм’ер-міністр Валянцін Паўлаў, міністры ўнутраных спраў і абароны Барыс Пуга і Дзмітрый Язаў, старшыня КДБ Уладзімір Кручкоў і інш.

У спецыяльных дакументах «Зварот да савецкага народа» і «Пастанова № 1» ГКЧП раскрыў сваю ідэалогію і праграму. Яна была прасякнута рэстаўрацыйнымі матывамі: пачатая Гарбачовым «перабудова» пацярпела крах, яе правал прывёў да распаду дзяржаўнасці.

У першы дзень путчу па рашэнні ГКЧП у Маскву былі ўведзеныя войскі. Аднак Ельцын па-майстэрску праявіў сябе як дальнабачны палітычны стратэг і ў той жа дзень афіцыйна выступіў супраць путчыстаў, асудзіў ўсе іх дзеянні і расцаніў іх як найцяжэйшае дзяржаўнае злачынства. Улічваючы ролю «фактара Ельцына» ў хуткім правале путчу, не варта яго ідэалізаваць. Сярод галоўных пралікаў арганізатараў дзяржаўнага перавароту апынулася няздольнасць рэалістычна ацаніць магчымую рэакцыю на іх дзеянні расійскага насельніцтва. Большасць расіянаў не выказала падтрымкі ГКЧП, а адназначна стала на бок Ельцына. Іншы галоўны пралік путчыстаў заключаўся ў відавочнай пераацэнцы цэнтральнай улады над саюзнымі рэспублікамі. Гэтыя рэспублікі дасягнулі такой ступені суверэнітэту, што дзеянні ГКЧП расцэньваліся многімі з іх як злачынныя і антызаконныя.

Тыя жнівеньскія падзеі рэхам адгукнуліся на Беларусі.


Мітынг супраць ГКЧП. Мінск, пл. Леніна. Фота Уладзіміра Кармілкіна. Крыніца vytoki.net

Адным з наступстваў жнівеньскага путчу, які быў падаўлены 20-21 жніўня, стала канчатковае падзенне аўтарытэту цэнтральнай улады. Адначасова з гэтым яшчэ больш узмацніліся пазіцыі расійскага кіраўніцтва на чале з Ельцыным. Гарбачоў больш не здолеў супрацьстаяць расійскаму прэзідэнту.

У выніку правалу путчу фактычна апынулася разбуранай уся структура саюзнай улады. Скліканы ў верасні 1991 года V з’езд народных дэпутатаў СССР па сутнасці прыняў рашэнне аб самароспуску. Неўзабаве быў створаны Дзяржаўны Савет СССР у складзе прэзідэнта і кіраўнікоў рэспублік. Распусціўся саюзны Кабінет Міністраў. Кіраваць эканомікай краіны пачаў Міжрэспубліканскі эканамічны камітэт на чале з Іванам Сілаевым.

Тым не менш, стварэнне падобных структур не спыніла працэс распаду Саюза. 5 верасня 1991 года Дзяржсавет СССР афіцыйна прызнаў незалежнасць прыбалтыйскіх рэспублік. Магутным паскаральнікам распаду СССР стала правядзенне 1 снежня 1991 года рэферэндуму ва Украіне: 90% насельніцтва выказаліся супраць уваходжання ў федэратыўную дзяржаву. Для Гарбачова, які не «мысліў» Саюза без Украіны, гэта было сапраўдным шокам: бо на рэферэндуме ў сакавіку 1991 года 85,5% украінцаў сказалі «так» Саюзу.
І ўсё ж Гарбачоў адчайна чапляўся за агульнасаюзную ідэю. Пад ягоным націскам 3 снежня 1991 года Вярхоўны Савет СССР ухваліў намер аб заключэнні новага дагавора аб Саюзе суверэнных дзяржаў. Гэтае адабрэнне было абстаўлена адмысловым зваротам савецкага прэзідэнта. Аднак яно засталося практычна без увагі. Па ініцыятыве Ельцына кіраўнікі вядучых саюзных рэспублік сталі сур’ёзна абмяркоўваць перспектывы роспуску Саюза.
Такім чынам, спроба дзяржаўнага перавароту ў жніўні 1991 года сведчыла пра намер старой камуністычнай эліты згарнуць дэмакратычныя працэсы і ліквідаваць нацыянальны сепаратызм. Аднак яго правал толькі паскорыў працэс распаду Саюза, які быў незваротны.