Хопіць карміць Каўказ!

Некалі папулярны лозунг расійскай апазіцыі зараз як ніколі прыдатны для Беларусі. А ўсё таму, што ў нас у чарговы раз абвастрылася сітуацыя з Рассельгаснаглядам.

207289901.jpg

Я, праўда, дагэтуль не разумею, на чыю карысць грае гэтае моцнае расійскае ведамства. Падаецца, іх мэта-максімум — зрынуць Пуціна праз «народны бунт, бессэнсоўны і бязлітасны». Калі народу проста есці няма чаго будзе.

З 10 лістапада Рассельгаснагляд забараніў сямі беларускім кампаніям увозіць у Расію плодаагароднінную прадукцыю. Пад забарону патрапілі таматы СУП «Азотсэрвіс», яблыкі СВК імя У.І. Крамко, грыбы фермерскай гаспадаркі «Агра-прадукт», таматы і яблыкі фермерскай гаспадаркі «Гедэон», грыбы вытворчасці ІП Мартыненка Ю.А. і «Брэнд Капрыз», а таксама яблыкі сельскагаспадарчага філіяла «Клецкі».

Прычым, забаранілі ўвозіць прадукцыю гэтых прадпрыемстваў не таму, што яна дрэнная. А таму, што на гэтых прадпрыемствах у іх сарваліся праверкі. Як паведамлялася раней, інспектары Рассельгаснагляду наведалі больш за 30 прадпрыемстваў, якія ажыццяўляюць вытворчасць, захоўванне і рэалізацыю таматаў, грыбоў і яблыкаў у Беларусі. На сем прадпрыемстваў іх папросту не пусцілі — бо інспекцыі гэтых гаспадарак не былі ўзгодненыя, а мясцовыя ўлады не апавешчаныя пра гэта.

Сапраўды, дапусцім, да вас на працу з’яўляецца невядома хто, пачынае замінаць вам працаваць, глядзіць на ўсю вытворчасць, нешта правярае, не маючы на гэта адпаведных паўнамоцтваў… Як любы нармальны чалавек паставіцца да такога візіцёра? Выставіць за дзверы. Што і было зроблена ў дачыненні да чыноўнікаў Рассельгаснагляду. А яны пакрыўдзіліся.

Вось мне цікава, чаму беларускія фітасанітарныя ўрачы не даглядаюць у адказ прадукцыю расійскіх прадпрыемстваў? Чаму мы не ведаем, напрыклад, пра інспектараў з Беларусі на вытворчасці хімічнага печыва «Яшкіна» альбо расійскіх кілбас, якіх нават каты не ядуць? Цікава, як бы адрэагавалі расійскія бізнесоўцы на беларускую праверку іх прадпрыемстваў? Ды не пусцілі б нават на прыступкі!

Альбо яшчэ адзін прыклад. Прадстаўнікі Рассельгаснагляду наведалі Сан-Марына і Македонію, каб высветліць сітуацыю з «бялкова-тлушчавым паўцвёрдым прадуктам» (чытай, сырам). Паводле дакументаў, яго везлі ў РФ праз Беларусь з Ірана, Македоніі, Сан-Марына і Кітая. Расійскае ведамства атрымала з гэтых краін інфармацыю, што падобная прадукцыя там не выраблялася і ў Беларусь не пастаўлялася.

На гэтай падставе прадстаўнікі ведамства зрабілі выснову: з Беларусі ў Расію пастаўляецца прадукцыя з фальшывымі дакументамі.

Выбачайце, а пры чым тут Беларусь? Пагадзіцеся, «прадукцыя пастаўляецца з Беларусі», і «прадукцыя ідзе праз Беларусь» — гэта вельмі розныя рэчы. Мы не адказваем (прынамсі, не павінны) за транзітныя пастаўкі праз нас у Расію. Але Рассельгаснагляд, замест таго, каб разабрацца са сваімі экспарцёрамі, усё роўна робіць ворага з нас.

Самае прыкрае, што гэта адбываецца напярэдадні калядных святаў. Ну, не будзе на сталах у масквічоў, пермякоў і чалябінцаў беларускіх грыбоў і сыроў — хто ад гэтага выйграе? Беларусь? Расія? Не. Можа быць, асобныя чыноўнікі, якія будуць уцюхваць рускім паўцвёрды бялкова-тлушчавы прадукт. Людзі патруцяцца, а вінаваціць у гэтым будуць уладу і, канешне, Пуціна.

Так што хопіць нам глядзець у рот Рассельгаснагляду і карміць Расію. Не падабаецца — не ешце.

І няма чаго енчыць пра тое, што «нашая прадукцыя, акрамя Расіі, нікому не патрэбная», і «што мы будзем рабіць, калі Расія не будзе яе набываць». Хопіць ужо гэтага комплексу «малодшага брата». Першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч на тыдні паведаміў, што сёлета Беларусь павялічыла экспарт харчавання на 11%. Пры гэтым экспарт у Расію знізіўся на 3–6%. Сярод новых пакупнікоў беларускага харчавання — Аўстрыя, Фінляндыя, Панама, Егіпет і Манголія.

З Егіптам і Манголіяй — Бог з імі, але калі беларускія прадукты набываюць Аўстрыя і Фінляндыя, гэта пра нешта ж кажа? Напрыклад, пра высокую якасць.

Да таго ж, не трэба зацыклівацца выключна на харчах. Магчыма, праз пяцігодку наш Барысаў пакладзе ў труну ўвесь расійскі аўтапрам. Мы, канешне, здзекаваліся з праекту зборкі ў Беларусі кітайскіх Geely. А можа стацца, што здзекаваліся дарма, і давядзецца прасіць прабачэння.

Кітайская кампанія Geely абвясціла пра тое, што выкупіць увесь бізнэс і ўсе актывы амерыканскага стартапу Terrafugia. Сума ўгоды не выдаецца, паведамляе БелТА.

Terrafugia распрацоўвае канцэпт лётаючых аўтамабіляў. Geely паабяцала за кошт капіталаўкладанняў ператварыць такія аўтамабілі з фантастыкі ў рэальнасць. Прычым, Terrafugia паставіла задачу вывесці першы лётаючы аўтамабіль — не ў праект, не ў пілотны экземпляр, а на рынак — ужо ў 2019 годзе. А ў 2023-м запусціць у масавую вытворчасць лятаючы аўтамабіль з вертыкальным узлётам і пасадкай.

Цікава, ці наладзіцца зборка такіх машын на «БелДжы»?

І гэта не ўсё, чым мы можам здзівіць свет. Як паведаміў дырэктар Фізіка-тэхнічнага інстытута НАН Беларусі Віталь Залескі, беларускія навукоўцы распрацавалі тэхналогію для ўмацавання карпусоў мабільных тэлефонаў. «Наш інстытут валодае цэлым шэрагам тэхналогій нанясення пакрыццяў — гэта так званая інжынерыя паверхні. Напрыклад, тэхналогія высакавольтнага аксідавання дазваляе наносіць умацоўваючае пакрыццё на корпусы мабільных тэлефонаў альбо радыёэлектронных прыладаў, якія патрабуюць спецыяльнай абароны», — распавёў Залескі.

Зноў жа, гэта будзе вельмі карысна ўсім: ад Apple з іх айфонамі і да тых жа кітайцаў. Бо ў іх краіне якраз і робіцца ільвіная доля самых розных мабільнікаў.

Такім чынам, нам трэба ўкладацца ў інавацыі. Менш «карміць Каўказ», тым больш, што гэтага, як высвятляецца, папросту не цэняць. І больш думаць пра будучыню і перспектыву. І пазбаўляцца «аковаў мінулага» ды комплексаў «малодшага брата».

З гэтай мэтай на Лідчыне грамадскія актывісты абвясцілі конкурс на лепшы вянок да помніка Леніну. 7 лістапада актывіст з Бярозаўкі (Лідскі раён) Вітольд Ашурак прынёс да Леніна вянок з чарапамі і надпісам «Гары, кат, у пекле!». Лідскія міліцыянты не заўважылі ў яго дзеяннях правапарушэння. Зараз праз інтэрнэт ладзіцца конкурс на лепшы вянок камуністычным дзеячам мінулага. «Прызы арганізуем!» — абяцаюць актывісты.