Лі Стоўн: «Я спадзяюся на мараторый на смяротнае пакаранне»

Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека 10 снежня споўнілася 70 гадоў, здавалася б не малы час для разумення таго, што гэты дакумент павінен быць асноўным арыенцірам у палітыцы кіраўнікоў дзяржаў свету. Аднак дасюль шмат дзе парушаюцца нават базавыя правы.

dsc_0499__1__logo.jpg

Мы сустрэліся з Саветнікам па палітычных пытаннях Пасольства Вялікабрытаніі ў Беларусі Лі Стоўнам, які кіруе працай, звязанай з правамі чалавека, каб паразмаўляць пра каштоўнасць правоў чалавека і пра яго працу па паляпшэнні сітуацыі ў Беларусі.
— Спадар Стоўн, як выдумаеце, што павінна здарыцца, каб правы чалавека сталі галоўнай каштоўнасцю для кіраўнікоў усіх краін свету?
— Я б сказаў, што правы чалавека — цэнтральная каштоўнасць у свеце. І дэкларацыя сёння такая ж рэальная, як і 70 гадоў таму, калі яна была падпісаная. Аднак у той жа час прысутнічаюць пэўныя праблемы. Таму з нашага боку, з боку Вялікабрытаніі ажыццяўляецца прасоўванне правоў чалавека ў якасці асноўнага аспекту ўсяго, што мы робім. Ёсць пэўныя дасягненні: цягам апошніх 70 гадоў быў пэўны прагрэс у гендарнай роўнасці, у правах ЛГБТ-супольнасці. Асаблівы прагрэс бы у сферы свабоды веравызнання.
— Аднак ёсць краіны, дзе парушаюцца базавыя правы чалавека. Напрыклад, права на жыццё. Што з гэтым трэба рабіць?
— Я лічу, што дыялог — гэта рэч, якая ўплывае на правы чалавека. Нам трэба размаўляць адзін з адным, разумець адрозненні. Нават тады, калі мы не згодныя з чымсьці, усё ж трэба размаўляць і абмяркоўваць невыгодныя тэмы. І гэта актуальна не толькі для Вялікабрытаніі. Праз двухбаковае супрацоўніцтва, праз ААН, праз Еўрасаюз мы працягваем падымаць пытанні правоў чалавека ў краінах, дзе яны парушаюцца.
— Адна з такіх краінаў — Афганістан, дзе вы працавалі, калі там ішла актыўная фаза вайны. Якія найбольш вострыя праблемы з правамі чалавека там вы можаце назваць?
— Найбольшы выклік для Афганістана — гэта канфлікт, які там працягваецца. Аднак урад разумее неабходнасць быць прыхільнымі справе правоў чалавека і дэманструе працу над гэтым. У прыватнасці — над правамі жанчын. Гэта адна з вострых праблем там. Катаванні і зняважлівае абыходжанне ў следчых ізалятарах — другая. Недахоп вяршынства закона — гэта трэццяе, што знаходзіцца ў фокусе.
— Што тычыцца верхавенства права, тут ёсць пэўнае падабенства з Беларуссю. Як вы ацэньваеце сітуацыю з правамі чалавека ў нашай краіне?
— Так, вядома, падабенства ёсць… Аднак у Беларусі зараз ёсць Нацыянальны план па правах чалавека. Другая перыядычная справаздача ААН па Беларусі агучыла пералік пэўных недахопаў — і план дзеянняў уключае працу над імі. І, скажам так, прагрэс у адных сферах быў большы, чым у другіх.
Напрыклад, заўважана, што шэраг НДА зараз маюць больш голасу ў размове з урадам. Важна, каб яны таксама былі пачутыя. І гэтыя рэкамендацыі былі выслуханыя дзяржавай — і ў некаторых выпадках прымененыя. Мела месца рэгістрацыя асобных НДА. Напрыклад, Makeout, якія працуюць над правамі ЛГБТ-супольнасці. І мы чакаем таксама рэгістрацыі іншых НДА ў будучыні. Таксама для ўраду Вялікабрытаніі адзін з ключавых прыярытэтаў — адукацыя дзяўчынак. І Беларусі ёсць чым пахваліцца. Толькі 3% дзяўчынак не сканчаюць школу.
У працы над паляпшэннем сітуацыі з правамі чалавека вельмі важны дыялог. І асабліва ў тых сферах, дзе ў нас няма столькі прагрэсу, як нам бы хацелася, і мы працягваем запускаць механізмы гэтага дыялогу — праз Еўрасаюз, праз ААН і праз двухбаковае супрацоўніцтва.
— Аднак па-ранейшаму глабальна праблемы з правамі чалавека ў Беларусі застаюцца. У нас дасюль існуе смяротнае пакаранне, не могуць атрымаць рэгістрацыю буйныя праваабарончыя арганізацыі, невыносныя, прыніжальныя ўмовы ўтрымання ў турмах і шмат яшчэ якіх праблем, якія не вырашаюцца. Ці не падаецца вам што беларускі ўрад, у такім выпадку, проста стварае бачнасць таго, што штосьці робіць?
— Пачнём са смяротнага пакарання. Вядома, Вялікабрытанія хоча, каб Беларусь увяла мараторый — як першы крок да адмены. Я разумею вашу пазіцыю адносна дыялогу, аднак я думаю, што мы мусім працягваць размаўляць з беларускім урадам, як мы робім зараз... І правы чалавека ў нас заўсёды ў павестцы дня. Нашы міжнародныя партнёры робяць тое ж самае, будзь тое ў двухбаковым дыялогу, праз ААН ці праз Еўрасаюз. І мы працягваем дыялог, бо няма сэнсу прыходзіць і гразіць пальцам і выстаўляць патрабаванні... Гэта не вырашае праблемы.

dsc_0496_2_logo.jpg


— Якія ёсць механізмы, каб заахвоціць беларускі ўрад выконваць правы чалавека?
— Мы працуем, каб падтрымаць любыя высілкі беларускай дзяржавы ў ажыццяўленні дзеянняў у напрамку правоў чалавека. У нас ёсць шэраг шляхоў, як мы можам гэта зрабіць. Ёсць шляхі мінімальнага ўмяшальніцтва, напрыклад, святкаванне міжнародных дзён, якія маюць дачыненне да правоў чалавека, у нашых сацсетках. А таксама шляхам маштабнага ўдзелу — на базе праектаў. Магу прывесці прыклады. Вернемся да смяротнага пакарання. Мінулы год мы працавалі з парламентам, з працоўнай групай па правах чалавека, каб прааналізаваць, што можна зрабіць у напрамку адмены смяротнага пакарання. Мы выклікалі экспертаў з Вялікабрытаніі і іншых краінаў у рэгіянальныя гарады Беларусі для сустрэч з медыя, са студэнтамі, з праваабаронцамі, з палітыкамі (лакальнага масштабу).
Мы звярнулі ўвагу, што многія людзі дагэтуль не разумеюць усіх праблем, датычных смяротнага пакарання. І мы будзем працаваць над гэтым у тым ліку над фармаваннем грамадскага меркавання. Хаця звычайна грамадства не падтрымлівае адмену. Напрыклад, у Вялікабрытаніі падтрымка ў грамадстве смяротнага пакарання перастала пераважаць толькі каля трох гадоў таму.
Мы шмат працавалі і працуем над пытаннем хатняга гвалту. Гэта была ў тым ліку медыя-кампанія адносна вызначэнняў хатняга гвалту, і таго куды людзі могуць прыйсці за дапамогай. Гэта была агульнанацыянальная кампанія — ключавая частка ўсіх нашых уключэнняў. Яна праводзілася па ўсёй Беларусі.
Мы будзем працягваць стаяць за свабоду медыя. Літаральна два тыдні таму наш міністр замежных справаў абазначыў свабоду медыя сваім даўгатэрміновым прыярытэтам на ўсю сваю кадэнцыю. Мы падтрымліваем журналістаў. Спецыялісты з Вялікабрытаніі арганізуюць трэнінгі па выкарыстанню, напрыклад, лічбавых інструментаў, з тым каб журналісты змаглі пашырыць сваю аўдыторыю і рабіць сваю працу яшчэ лепш і даносіць навіны да насельніцтва краіны.
Таксама адна са сфер, дзе мы дзейнічаем гэта ювенальная юстыцыя. Мы спрабуем скарыстаць брытанскі досвед. Адзін брытанскі адвакат рабіў шэраг трэнінгаў для беларускіх суддзяў адносна тых альтэрнатываў зняволенню, якія выкарыстоўваюцца ў Вялікабрытаніі. Гэта ўсё было трансфармавана ў гэтым годзе ў адмысловы праект, які мы ажыццяўляем разам з ЮНІСЕФ, працуючы з урадам Беларусі, з аднадумцамі ва ўрадзе, каб распрацаваць альтэрнатыўную сістэму правасуддзя для непаўнагадовых.
Усе гэтыя напрамкі пералічаныя ў плане дзеяння па правах чалавека і мы стараемся заахвочваць гэтую працу.
  — Тым не менш, смяротныя прысуды ў Беларусі дасюль выконваюцца, закон аб хатнім гвалце не прыняты, закон аб СМІ ўзмацняе кантроль, прысуды выносяцца на аснове ілжывых сведчанняў — і трэнінгі ніяк не дапамогуць вырашэнню гэтай праблемы. Некаторыя вельмі добрыя законы ў Беларусі проста не дзейнічаюць. Вам не падаецца, што палітыка дыялога куды менш эфектыўная, чым палітыка санкцый?
— Я лічу што санкцыі — гэта скрайні выпадак. Дыялог — найбольш эфектыўны шлях. Ёсць краіны, з якімі мы маем куды большыя адрозненні. Аднак мы ўсё ж захоўваем з імі дыпламатычныя адносіны, пакідаем там амбасады і дыпламатычных прадстаўнікоў. І я думаю, гэта той шлях, якім трэба ісці. Праекты, якія мы там ажыццяўляем, канешне, не даюць вокамгненных вынікаў. Аднак мы глядзім на вынік, які яны даюць, і бачым што маем магчымасць уплываць на перамены праз тое, што робім цягам не аднаго году. І калі бачым, што брытанскі досвед і аналіз можа быць карысным, — запускаем нашы праекты.
— Вы сярод іншага займаецеся падтрымкай брытанскіх грамадзян, што трапілі ў складаную сітуацыю ў Беларусі. Адзін з выпадкаў, што быў на слыху, гэта сітуацыя з Аланам Смітам. Што вам атрымалася зрабіць? Што не атрымалася? І ўвогуле як вы ацэньваеце гэтую сітуацыю?
— Так, гэта справа была шырока вядома грамадскасці. Хачу сказаць, што Алан атрымліваў той жа ўзровень консульскай дапамогі, як любы іншы брытанскі грамадзянін. Гэта ўключае наведванне яго ў зняволенні, так часта як гэта было магчыма. Я вядома разумею складанасці, з якімі ён мусіў сутыкнуцца, знаходзячыся ў турме ў краіне, мовы якой ён не ведае. Мы імкнуліся дапамагчы яму наколькі гэта было магчыма.
Аднак Алан не адзіны брытанец, што быў у Беларусі. Колькасць брытанцаў, якія наведваюць Беларусь пастаянна падвышаецца. У 2016 гэта было 7 000 тысяч. Пасля прыняцця безвізу беларускім бокам у 2017 годзе ўжо было 11 000. Гэта прыблізна раўняецца колькасці беларусаў, якія наведваюць Вялікабрытанію. І мне падаецца, людзі пачынаюць разумець што Беларусь гэта тое месца, куды можна прыехаць. Дарэчы, на гульню “Чэлсі” прыехалі больш за 600 заўзятараў з Вялікабрытаніі — і не было консульскіх здарэнняў, што вельмі добра. І ў наступным годзе ў вас будуць праходзіць Еўрапейскія гульні і мы чакаем шмат заўзятараў з Вялікабрытаніі. Беларусь мае шмат што прапанаваць, як турыстычная краіна, і я спадзяюся, многія людзі прыбудуць сюды каб гэта паглядзець.
— А Вялікабрытанія не плануе ўвесці аналагічны бязвізавы рэжым з Беларуссю?
— Не зараз. Аднак магу сказаць, што колькасць адмоваў у брытанскай візе беларускім грамадзянам невялікая — недзе 5-7%.
— Ёсць меркаванне, што ў кіраўніцтва еўрапейскіх краін і агульных структур ЕС зараз прыйшлі так званыя прагматыкі, якія гатовыя супрацоўнічаць з любымі дыктатарамі, калі гэта выгодна, а на некаторыя парушэнні правоў чалавека можна і вочы заплюшчыць. Ці ёсць такая тэндэнцыя? Калі так, то што можна зрабіць, каб прагматызм не прывёў свет да новых дыктатур?
— Я шмат думаў над гэтым пытаннем. Мне здаецца, тое, што мы бачым апошнія тры-чатыры гады — амаль не дае магчымасці прадказаць, што адбудзецца на палітычным ландшафце. Як і прадказаць ці будзе павышацца ці паніжацца колькасць прагматычных лідараў. Аднак факты кажуць аб тым, што свет, у якім мы жывём, змяняецца штогод. Навіны і меркаванні распаўсюджваюцца вельмі хутка. Такім чынам шанец непаразумення альбо памылак у камунікацыі таксама ўзрастае. Гэта кажа аб тым што ў гэтыя дні ўсе важней робіцца слухаць, казаць, і не занадта загразаць у аналізаванні. І ў некаторых выпадках, як я казаў — проста працягваць дыялог і працаваць з правамі чалавека. Мы працягваем рабіць іх у цэнтры ўсяго, што мы робім, як дыпламаты. Тое ж робяць і палітыкі. І мы працягваем дыялог, каб можна было сказаць, што дакумент, які быў падпісаны 70 год таму, і каштоўнасці, якія ў ім былі, працягваюць паважацца. І прагрэс у тых сферах, што я пералічыў, таксама працягваецца.
— Якія перспектывы ў Беларусі ў сферы правоў чалавека?
— Дакладна вельмі цяжка прадказваць. Але хачу падкрэсліць, што існуе план дзеянняў, якога, дарэчы, наогул не было да 2016 года. Зараз Беларусь выконвае абавязкі, ўзятыя на сябе ў ААН. Мы працягваем абмяркоўваць сферы, у якіх мы хацелі б бачыць больш прагрэсу, праз ААН і Еўразвяз. Асабіста я спадзяюся на мараторый на смяротную кару. Гэта будзе вельмі пазітыўны крок.