Чаго чакаць ад расколатага грамадства?

Нягледзячы на пастаянныя хваласпевы адзінству беларускага народа, галоўнай яго характарыстыкай быў і застаецца раскол. Таму, хто хоча дакапацца да яго першапрычыны, не варта марнаваць час на пошук вінаватых, а тым больш на пошук знешніх і ўнутраных ворагаў, што зайздросцяць поспехам рэспублікі-партызанкі.

vybar_1_logo.gif


Заканамернасць Парэта

На побытавым узроўні раскол лёгка выявіць у адносінах да адзінага палітыка (АП). У 1994 годзе ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў, паводле інфармацыі ЦВК, за яго прагаласавалі 44,82% выбаршчыкаў. Але разам з сацыяльна блізкімі кандыдатамі (Вячаслаў Кебіч, Аляксандр Дубко і Васіль Новікаў) доля прасавецкіх беларусаў у той лёсавызначальны год склала 72% пры яўцы 78,97%. Нацыянальна-дэмакратычных кандыдатаў (Зянон Пазьняк і Станіслаў Шушкевіч) падтрымалі 22,73% выбарцаў.

Вось такая электаральная рэальнасць ва ўмовах адносна дэмакратычных выбараў. За чвэрць стагоддзя яна, безумоўна, змянілася, аднак не прынцыпова.

Як і належыць аўтарытарнаму лідару, АП абапіраецца на сацыяльную перыферыю — гэта значыць, на тых, чый матэрыяльны дабрабыт наўпрост залежыць ад шчадротаў дзяржавы. У першую чаргу, гэта бюджэтнікі, сярод якіх сілавікі — значная, але далёка не адзіная прафесійная групоўка, якая забяспечвае нязменнасць улады.

Не зграшу супраць ісціны, але ўнёсак настаўнікаў будзе больш істотным. І справа не ў тым, што з настаўнікаў фарміруюцца ўчастковыя выбарчыя камісіі. У адрозненне ад «публічнай» эліты, чые прадстаўнікі звяртаюцца да грамадства як да гледачоў, настаўнікі ў любым грамадстве складаюць аснову «сацыяльнай» эліты, асноўная функцыя якой палягае ў перадачы ўзораў паводзін (быць прыкладам).

Прычыну расколу беларускага грамадства, зафіксаванага ЦВК у 1994 годзе, варта шукаць не ў палітыцы, а ў культуры. Культура «большасці» — гэта культура падданства з яго арыентацыяй на вяршэнства дзяржавы над асобай, патэрналісцкую апеку над ёй. Адпаведна, культура «меншасці» — гэта пакуль яшчэ толькі культура грамадзянства з яе ўстаноўкай на прыярытэт асобы ў адносінах да дзяржавы.

Каштоўнасныя расколы не пераадольваюцца кампрамісам, таму пераможца на першых і апошніх дэмакратычных прэзідэнцкіх выбарах атрымаў усё. Таму і не паўстаў дыялог паміж пераможцамі і пераможанымі. Таму на выбарах усіх узроўняў пасля 1996 года перамагаюць выключна праўладныя кандыдаты, прычым перамагаюць з неверагодна высокімі працэнтамі.

Усё лагічна. Тыя, хто не здольны наладзіць дыялог унутры расколатага грамадства, імітуюць адсутнасць расколу. У выніку адбываецца разрыў камунікацый, і цэлае (нацыя) не фарміруецца. Наадварот, два яе базавыя сегменты павольна, але няўхільна дрэйфуюць адзін ад аднаго. Нешта падобнае здарылася 335–175 мільёнаў гадоў таму са звышкантынентам Пангея (ад старажытнагрэчаскага — πᾶν — «увесь», «цэлы» + Γαῖα «Зямля»).

У кожнай частцы расколатага грамадства фарміруюцца свае сэнсы, свае ўяўленні пра дабро і зло. Адзінае, што іх аб’ядноўвае, — жаданне спажываць. Але вось у пытаннях вытворчасці такога адзінства не назіраецца. У Беларусі, зрэшты, як і ў любым кутку свету, дзейнічае заканамернасць, выяўленая італьянскім эканамістам і сацыёлагам Вільфрэда Парэта яшчэ ў 1897 годзе: «20 працэнтаў намаганняў даюць 80 працэнтаў выніку».

Але беларусы не былі б беларусамі, калі б не паспрабавалі скарэктаваць універсальную заканамернасць. Тыя, хто дае 80% выніку, пазбаўленыя палітычнай суб’ектнасці. Іх прадстаўнікі не дапускаюцца ў органы ўлады, а любыя спробы туды патрапіць законным чынам прыраўноўваюцца да крымінальнага злачынства. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба.

Стагнацыя беларускай эканомікі, дзесяцігоддзе якой будзе адзначацца ў канцы года, — заканамерны вынік скарэктаванай заканамернасці Парэта.


Зарплата павінна быць заробленай

«Але Ісус, ведаючы думкі іх, сказаў ім: усялякае царства, якое раздзялілася само ў сабе, апусцее; і ўсялякі горад альбо дом, які раздзяліўся сам у сабе, не выстаіць» (Евангелле ад Мацвея, 12:25).

Адна з прычын такога сумнага выніку палягае ў кульгавых рашэннях, на прыняцце якіх асуджаныя эліты расколатых грамадстваў.

Спецыфіка рашэнняў, якія прымаюцца ва ўмовах расколатага грамадства, палягае тым, што яны заўсёды аднабаковыя. Таму любое паслядоўнае рашэнне рана ці позна натыкаецца на супраціў той часткі грамадства, чые інтарэсы не былі ўлічаныя пры яго выпрацоўцы. Праблема пагаршаецца тым, тлумачыць гісторык Аляксандр Ахіезер, што «такое грамадства непазбежна кіруецца бюракратыяй, якая па самой сваёй сутнасці валодае абмежаванымі каналамі інфармацыі — гэта значыць, з’яўляецца абстрактнай сістэмай кіравання».

Адсюль вынікае схільнасць абапірацца на паказчыкі. Але паколькі ніякая сукупнасць паказчыкаў не здольная адлюстраваць складанасць гаспадарчага жыцця, то працэс іх вынаходства, які аднойчы распачаўся, спыніцца не можа. Такім чынам, барацьба за паляпшэнне ўліку і кантролю, у тым ліку за кошт вынаходства новых паказчыкаў, ператвараецца са сродку ў мэту бюракратычнай дзейнасці. Але і гэта яшчэ паўбяды.

Любое аднабаковае рашэнне не можа быць канчатковым. Ці не гэтым тлумачыцца папулярнасць савецкага анекдота пра ваганні разам з лініяй партыі. А савецкаму чалавеку не даводзілася здзіўляцца таму факту, што лінія партыі пастаянна вагалася.

З лініямі, што выпрацоўваюцца ў Палацы Незалежнасці, рэгулярна адбываюцца аналагічныя гісторыі. Звернемся да прэс-рэлізу «Нарады з кіраўніцтвам эканамічнага блока краіны» (23 ліпеня). Цытую: «Людзі на прадпрыемстве — іх нельга выкідаць на вуліцу, але яны павінны працаваць. Іх трэба забяспечыць працай». Здавалася б, што тут можна тлумачыць дваяка? Але працягну цытаванне: «Перад намі стаяць абсалютна зямныя задачы. Чалавек павінен хадзіць на працу, атрымліваць годную зарплату — заробленую, а прадпрыемствы — эфектыўна развівацца».

Якім чынам кіраўнікам варта павышаць эфектыўнасць вытворчасці, не звальняючы пры гэтым лішніх людзей, АП не патлумачыў. Але ён верыць, што зарплата павінна быць заробленай, а прадпрыемствам ніхто і нішто не перашкаджае эфектыўна развівацца.


Пра 5-ю брыгаду і фінансавую падтрымку

Выбары скончацца. Якія вынікі абвесціць ЦВК — адгадаць нескладана. Але назапашаныя за чвэрць стагоддзя праблемы застануцца, і вырашаць іх па-ранейшаму будуць спрабаваць з дапамогай кульгавых рашэнняў. Не выключана, што «цэнтр цяжару» пры гэтым зрушыцца ў бок «меншасці». Разлічваць на «большасць» не даводзіцца. Усё, на што здольныя яе прадстаўнікі, — гэта выконваць каманды. Прычым элементарныя. Напрыклад, падлічваць галасы і назіраць за іх падлікам ва ўчастковых выбарчых камісіях.

Прыклад ад 20 ліпеня. АП, калі прызначаў Алега Краўчанку амбасадарам у ЗША, задаў пытанне, годнае каментара: «У Амерыцы давядзецца пачынаць усё спачатку. Справішся?»

Забаўна. Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Злучанымі Штатамі Амерыкі былі ўсталяваныя ў 1991 годзе. Гэта ж колькі і якіх кульгаючых рашэнняў спатрэбілася прыняць, каб праз тры дзесяцігоддзі «пачынаць усё спачатку»?!

А якую задачу АП паставіў перад Краўчанкам? Адказ змяшчаецца ў наступным пажаданні: «Вельмі многае будзе залежаць ад тваёй працы. Гэта мы яшчэ дэталёва потым абмяркуем, праз міністра я перадам некаторыя рэчы. Нам патрэбныя будуць падтрымка і дапамога ад Злучаных Штатаў Амерыкі, асабліва ў гэты перыяд у фінансавай сферы (выдзелена. — Рэд.) у сувязі з каронавірусам. Там у нас нядрэнныя перспектывы».

Але пра якія перспектывы можна казаць пасля адкрыццяў АП і сакратара Савета Бяспекі Андрэя Раўкова падчас наведвання 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння ў Мар’інай Горцы?