Меркаванне: вызваленне журналістаў — паўза, каб вывучыць рэакцыю, паглядзець на наступствы

Дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч пракаментаваў «Салідарнасці» вызваленне журналістаў у панядзелак, 26 ліпеня, і паўзу ў зачыстках.

Архіўнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Архіўнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў


— Можна выказаць здагадку, што ва ўлад ёсць нейкае разуменне таго, што яны перагнулі палку з рэпрэсіямі супраць журналістаў і грамадзянскай супольнасці, — кажа Андрэй Казакевіч. — Абсалютна відавочная неабгрунтаванасць такога кшталту дзеянняў, калі журналістаў спрабавалі ўключыць у працэс, у якім дакладна не было складу злачынства, нават нягледзячы на самыя неверагодныя фантазіі следчых.
Вядома, на гэтыя дзеянні была досыць негатыўная рэакцыя і грамадства ўнутры краіны, і міжнароднай супольнасці.
Палітолаг распавёў, якіх наступстваў можна чакаць ад мінулых «зачыстак».
— Калі большасць актывістаў і журналістаў пакіне краіну, гэта адаб'ецца не найлепшым чынам, у тым ліку і на саміх уладах.
З аднаго боку, у іх з'яўляецца больш магчымасцей, каб кантраляваць унутранае інфармацыйнае поле. З іншага, яны цалкам губляюць кантроль над тымі людзьмі і СМІ, якія з'ехалі.
Калі гэтыя СМІ ці грамадскія арганізацыі знаходзіліся ў Беларусі, ва ўлад былі нейкія механізмы ўплыву на іх. СМІ вымушаныя былі праводзіць нейкую самацэнзуру, улічваць нейкія рамкі. Калі яны пакідаюць краіну, гэта значыць, што яны ніякімі рамкамі больш могуць не абмяжоўвацца. На іх ужо ніяк нельга ўплываць.
Так, улады лічаць, што вызваленую нішу незалежных СМІ зоймуць дзяржаўныя. Яны разлічваюць на сцэнар, пры якім змогуць гэта зрабіць. Але сітуацыя можа развівацца і па іншым сцэнары, калі праўладныя СМІ не змогуць заняць гэтую нішу, а яе па-ранейшаму будуць займаць незалежныя СМІ, толькі ўжо працуючы па-за краінай. Але пры гэтым ўплываць на іх не будзе магчымасці. Бо многія людзі лічаць, што ў краіне не павінны быць толькі дзяржаўныя СМІ, і прывыклі атрымліваць інфармацыю з альтэрнатыўных крыніц.
А што тычыцца грамадскіх арганізацый, то ў гэтую сферу ўцягнута досыць шмат людзей. І цяпер шэраг сегментаў, напрыклад, такіх, як сацыяльная дапамога, экалогія і г. д. проста выпадуць. Калі і кім яны будуць замешчаныя, незразумела. Гэта далёка не прыбытковыя сферы і многае там рабілася на энтузіязме.
Не выключаю, што ва ўлад ёсць сігнал аб вельмі негатыўнай грамадскай рэакцыі на мінулыя рэпрэсіі. Не варта адкідаць і міжнародны аспект. Колькі б яны ні гаварылі пра дрэнныя адносіны з Захадам, але меркаванне Захаду так ці інакш неабходна ўлічваць, таму што на ўсе жорсткія крокі беларускіх улад можна чакаць яшчэ больш жорсткай рэакцыі з боку ЕС і ЗША, — кажа суразмоўца «Салідарнасці».
Ён не выключае таго, што рэпрэсіі, падобныя да тых, якім падвергліся СМІ і грамадзянская супольнасць Беларусі, могуць паўтарыцца.
— Я думаю, вызваленне часткі журналістаў трэба разглядаць як паўзу, каб прааналізаваць свае дзеянні, вывучыць рэакцыю, паглядзець на наступствы. У далейшым, пры падрыхтоўцы рэферэндуму альбо іншых кампаній, напэўна, можна чакаць падобных дзеянняў, таму што якіх-небудзь абмежавальнікаў у гэтых пытаннях ва ўлад няма, — сказаў Казакевіч.