Меркель: За «гібрыдныя акцыі» Лукашэнку пагражаюць новыя эканамічныя санкцыі

Канцлерка Германіі Ангела Меркель заявіла, што за «гібрыдныя акцыі» Аляксандру Лукашэнку могуць пагражаць новыя эканамічныя санкцыі. Паводле яе слоў, саміт кіраўнікоў краін ЕС будзе разглядаць міграцыйны крызіс у пятніцу, паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на ТАСС.

Ангела Меркель / Reuters

Ангела Меркель / Reuters


«Тэма міграцыі... стала яшчэ больш важнай як для Польшчы, Літвы, так і Германіі», — сказала журналістам Меркель. Яна адзначыла, што стаіць задача прыняць рашэнне аб адказе афіцыйнаму Мінску, «каб даць зразумець, што [ЕС] асуджае такі гандаль людзьмі з боку дзяржавы».
Як вядома, мігранты працягваюць сотнямі нелегальна пераходзіць мяжу з Беларусі ў Польшчу і Літву. Іх разварочваюць назад. Аднак за восень тысячы мігрантаў з Ірака, Сірыі і іншых краін дабраліся да Германіі. Мясцовая паліцыя нават прапанавала наладзіць кантроль на мяжы з Польшчай. Таму ўлады Германіі зацікаўлены ў прыняцці эфектыўнага рашэння па міграцыйным пытанні. Адказнасць за крызіс Еўрасаюз ускладае на ўлады Беларусі.