Нарада з галоўнай апорай

Узмацненне кантролю — наш адказ на выклікі сучаснасці.

savety_1__1__logo.gif

У канцы жніўня ў Мінску прайшоў Рэспубліканскі педагагічны савет, на якім з дакладам выступіў адзіны палітык (АП). Здзіўляцца гэтаму не даводзіцца. Настаўнікі, нароўні з лекарамі, у рамках беларускай мадэлі з'яўляюцца, па-першае, ідэалагічнай, маральнай асновай нашага грамадства; па-другое, — галоўнай апорай нашай дзяржавы. Прынамсі, такая афіцыйная версія.

Што тычыцца асновы, дык тут ёсць пытанні. Паводле прызнання АП, сфармуляваць нацыянальную ідэю, здольную легчы на душу і сэрца, «адміністрацыйным чынам» не ўдалося. Але гэта не прывяло да дэмантажу ідэалагічнай вертыкалі, складовай часткай якой з'яўляюцца настаўнікі, бо ў аснове беларускага грамадства па-ранейшаму — «чалавек савецкі», а значыць, чалавек іерархічны.

Вертыкаль для яго — прыгажосць у чыстым выглядзе, прыгажосць, якая ідзе ад жыцця. Як жа «чалавеку савецкаму» без вертыкалі, калі «не толькі эканамічныя і сацыяльныя выгоды, але і чалавечыя правы, унутраная годнасць, павага, «гонар» размяркоўваюцца ў адпаведнасці з сацыяльным статусам і становішчам у структурах улады». Тут я скарыстаўся падказкай дырэктара «Лявада-цэнтра» сацыёлага Льва Гудкова.

Наконт галоўнай апоры пытанняў не ўзнікае. Рэспубліка Беларусь, як гэта вынікае з артыкула 1 Канстытуцыі, — «унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава». А дзе дэмакратыя — там і выбары. А дзе выбары — там і ўчастковыя выбарчыя камісіі, якія не ў апошнюю чаргу камплектуюцца з настаўнікаў. Хто ж, як не яны валодаюць практычнымі навыкамі правільнага падліку галасоў!

Лепшая ў свеце

Беларуская сістэма адукацыі з пачатку 1990-х гадоў паспела прайсці этап ломкі, этап станаўлення і ў цяперашні момант выйшла на этап удасканалення. Галоўнае на гэтым этапе — «не страціць тое лепшае, што мы назапасілі за многія тысячагоддзі».

Я не памыліўся. Калі беларуская дзяржаўнасць вядзе свой адлік ад 3 чэрвеня 1994 года (Дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў), дык вытокі беларускай сістэмы адукацыі губляюцца ў глыбіні не дзесяцігоддзяў і не стагоддзяў, а сягаюць углыб «многіх тысячагоддзяў»! Кітай тут і побач не стаяў!

Ламаць праз калена такую сістэму адукацыі было б больш чым злачынствам — гэта было б памылкай. Удасканальваць жа яе можна толькі, калі вырашыць тыя пытанні, якія ставіць жыццё. Абапірацца ж на чые-небудзь напрацоўкі пры гэтым не варта, бо ні адзін народ на Зямлі такім унікальным па працягласці вопытам не валодае.

Таму няма нічога дзіўнага, што ўжо першая адукацыйная прыступка ў Беларусі — прыступка дашкольнай адукацыі — не мае аналагаў і па праве лічыцца лепшай у свеце. «І гэта не галаслоўная заява».

У дакладзе АП шмат правільных слоў сказана пра дамінуючую ролю адукацыі ў свеце. Сучасная эканоміка — гэта эканоміка ведаў, і калі да прафесіяналізму дадаецца шчырая любоў да радзімы, дык канкурэнтаздольнасць краіны можна лічыць забяспечанай.

Для разумення ўкладу дашкольнай адукацыі ў поспехі беларускай мадэлі, неабходна памятаць, што пры пераходзе з другога года жыцця на трэці ў дзіцяці фармуецца (або не фармуецца) адна з найбольш карысных дзелавых якасцяў — патрэба ў дасягненні паспяховасці. Канчатковае ж фармаванне дзелавых якасцяў завяршаецца да шасці гадоў. Такія азбукавыя ісціны навукі псіхалогіі.

Адрозніць казу ад каровы

Але рушым далей услед за дакладам АП. У XXI стагоддзі ўстойлівае развіццё вызначаецца не «радовішчамі нафты, газу або залатым запасам». З гэтым тэзісам не паспрачаешся. Чаму ж тады ў структуры беларускага ВУП доля адукацыі з 2000 па 2015 года скарацілася з 4,3% да 3,9%, пры адначасовым росце дзяржаўнага кіравання з 3,0% да 3,6%? Гэта ў абсалютных лічбах, а ў адносных апошні паказчык вырас на 20%, у той час як першы скараціўся на 9%. Не выключана, што гэтая дынаміка дапамагае нам зразумець, якая прафесійная група на самай справе з’яўляецца «галоўнай апорай нашай дзяржавы».

За гэты ж перыяд у структуры прамысловай вытворчасці доля нафтапрадуктаў павялічылася з 14,7% да 16,3% пры адначасовым скарачэнні долі машын і абсталявання з 8,9% да 6,7%, а долі транспартных сродкаў — з 4,5% да 3,0%.

Нечаканая статыстыка. Што перашкаджае выпускнікам лепшых у свеце ясляў і дзіцячых садкоў у дарослым жыцці ствараць новыя галіны і прарыўныя тэхналогіі? На якім этапе губляюцца перавагі адукацыйнай сістэмы, што фармавалася ад жыцця на працягу «многіх тысячагоддзяў»? Тут патрэбны сур'ёзны аналіз.

Істотныя прэтэнзіі ў АП маюцца да школы. Сучасныя дзеці, у адрозненне ад сваіх пасляваенных аднагодкаў, не прывучаныя да працы. Яны не працуюць летам на прысядзібных участках, і таму «казу ад каровы адрозніць не могуць», са скрухай разважае АП. «Каму краіну пакінем?» Вось у чым пытанне. А тут яшчэ адна пошасць — інтэрнэт, без якога «многія ўжо не здольныя лагічна сфармуляваць думку, выказаць сваё меркаванне».

Зрэшты, з выказваннем уласнага меркавання ёсць праблемы і ў тых, каму сёння за 40 і за 50 гадоў. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Дастаткова ўключыць тэлевізар і паглядзець на ўрадаўцаў.

У лістападзе 2016 года АП запатрабаваў за год давесці сярэдні заробак да 500 долараў. Ва ўрадзе дружна ўзялі пад казырок, нягледзячы на тое, што для чарговага дасягнення «святой лічбы» лістападаўскую сярэднюю зарплату трэба было павялічыць на 35%!

У 2015 годзе ў структуры ВУП аплата працы работнікаў склала 49,2% (45,5% у Расіі). Гэта вельмі высокі паказчык па еўрапейскіх мерках. Зарплатаёмістасці ВУП за 2016 год я не ведаю, але наўрад ці яна істотна змянілася. А без адэкватнага росту эканомікі выкананне патрабаванняў АП па зарплаце скончыцца рымейкам крызісу 2011 года.

Але дзе і калі фіксаваўся падобны рост ВУП? За студзень-ліпень беларуская эканоміка прырасла на сімвалічныя 1,1%, але размовы пра 500 долараў (1000 рублёў) не спыняюцца. Лета заканчваецца. Папрацаваць на прысядзібных участках чальцам урада, я мяркую, ніхто не перашкаджаў. Няўжо прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў так захапіўся інтэрнэтам, што цалкам страціў здольнасць «выказаць сваё меркаванне»?

Улік і кантроль

Але стратай вучнямі здольнасці лагічна сфармуляваць думку і выказваць сваё меркаванне пералік бед, прынесеных інтэрнэтам, не абмежаваўся. Тэму негатыўнага ўплыву інтэрнэту падчас дыскусіі працягнула дырэктар Астравецкай гімназіі № 1 Алена Севасцьян. «У інтэрнэце ёсць усё, акрамя кантролю», — так яна выказала сваё негатыўнае стаўленне да сусветнага павуціння.

Згодна ленінскаму азначэнню, сацыялізм — гэта ў першую чаргу ўлік і кантроль, і толькі ў другую чаргу — электрыфікацыя. Таму няма нічога дзіўнага, што за 73 гады існавання савецкай улады «чалавек савецкі» ператварыўся не толькі ў чалавека іерархічнага, але і чалавека кіраванага (партыяй, урадам, уладамі ўсіх узроўняў). Спадзяюся, не варта тлумачыць, што кантроль у ленінскай трактоўцы — гэта заўсёды кантроль зверху ўніз, любая ж спроба арганізаваць яго ў адваротным кірунку прыраўноўвалася да антыдзяржаўнай дзейнасці.

Праблему інтэрнэту на Гродзеншчыне спрабуюць вырашаць традыцыйна: зрабіць больш жорсткім кантроль за сайтамі, у тым ліку за кошт праекту «Класны кіраўнік у сацыяльнай сетцы». Але існуе і прынцыпова іншы погляд на кантроль. Яго я запазычыў у дырэктара ліцэя Вышэйшай школы эканомікі Дзмітрыя Фішбейна.

Для паступлення на бюджэт у ВНУ абітурыенту трэба набраць 270–290 балаў за тры экзамены, і, нягледзячы на гэта, на першым курсе адсейваецца да 35%. Прычына палягае ў высокім узроўні кантролю за вучнямі ў расійскіх школах: бясконцыя інструкцыі, адсочванні і нагадванні, эсэмэскі бацькам і да т.п.

Пасля такой закантраляванасці падлетак аказваецца ва ўмовах, у якіх ён павінен сам набраць адукацыйныя крэдыты, то бок шмат у чым самастойна фармаваць сабе вучэбную праграму. У яго ўзнікае адчуванне, што ён нікому не патрэбны. Ад нязвыклай свабоды ў часткі студэнтаў зносіць дах, і яны пускаюцца ва ўсе цяжкія, а частка проста становіцца непаспяховымі. Яны не прывыклі і не могуць так вучыцца.

Сучасны чалавек жыве ва ўмовах нявызначанасці і свабоды выбару. Да такога жыцця і павінна рыхтаваць школа. У ліцэі Вышэйшай школы эканомікі вучні самастойна выбіраюць навучальныя планы і самі вызначаюць неабходную коль­касць гадзін. Зрабіць правільны выбар няпроста. Таму чатыры разы за два гады (у Юр'еў дзень) вучні могуць самі скарэктаваць напрамак навучання.


* * *

І ў стандартнай беларускай школе, і ў ліцэі Вышэйшай школы эканомікі педагогі ідуць ад жыцця. Але ў першым выпадку — ад жыцця, успамінамі пра якое жыве «чалавек савецкі», у другім — ад жыцця рэальнага, што імкліва змяняецца. Нескладана здагадацца, у якім выпадку ў выпускнікоў будзе больш шанцаў стаць паспяховымі.