Не давярай, але лаяльнасць дэманструй!

«Двудумства — адзін з найбольш дзейсных механізмаў адаптацыі да рэпрэсіўнай дзяржавы».


Паводле героя культавага фільма «Брат-2», «сіла ў праўдзе: у каго праўда, той і мацнейшы».

Прыгожа гучыць, пагадзіцеся. Хто ж супраць праўды? Але існуе праблема. У кожнага свая праўда. Ёсць праўда ў коннікаў. Ёсць праўда пешых. Ёсць свая праўда і ў Следчага камітэта. Адзін з яе варыянтаў, падрыхтаваны ў адказ на заяву 680 грамадзян, быў апублікаваны 26 жніўня. Абмяжуюся фрагментам: «Падчас праверкі старанна вывучаныя довады ўсіх тых, хто звярнуўся, праведзеныя судовыя, медыцынскія і іншыя крыміналістычныя экспертызы, вывучаныя дакументы з месцаў ізаляцыі правапарушальнікаў, апытаныя відавочцы. Усталяваны кіраваны характар падачы зваротаў (выдзелена. — С. Н.) ад асоб, якія атрымалі цялесныя пашкоджанні падчас стрымлівання праваахоўнікамі масавых беспарадкаў...»

Для тых, хто сочыць за падзеямі ў краіне, нескладана заўважыць, што дадзены фрагмент з’яўляецца пазлам мазаічнага палатна, імя якому «каляровая рэвалюцыя». Гэта класікі марксізму-ленінізму лічылі, што рэвалюцыі выклікаліся аб’ектыўнымі прычынамі. На вывучэнне гэтых прычын класікі і накіроўвалі значную частку сваіх намаганняў.

Але класікі да «каляровых рэвалюцый» не дажылі. Каляровыя, у адрозненне ад чорна-белых, носяць кіраваны характар і ў аб’ектыўных прычынах не маюць патрэбы. Вось чаму яны часам здараюцца нават там і тады, дзе і калі ліміт «рэвалюцый даўно вычарпаны».

Прыгадаем «арабскую вясну», якая ахапіла больш за дзясятак краін у 2010 годзе. Усё пачалося з правакацыі, зладжанай вулічным гандляром гароднінай Мухамедам Буазізі ў туніскім горадзе Сідзі-Бузідзе. Але хіба мог чалавек самастойна без падказкі заходніх лялькаводаў дадумацца да самаспалення?

Яму было 26 гадоў. Самы час дыхаць паветрам на поўныя грудзі і радавацца жыццю, а ён такім абуральным спосабам адважыўся пратэставаць супраць самавольства мясцовых праваахоўнікаў, супраць карупцыі і бяздзейнасці чыноўнікаў. А калі б звярнуўся ў мясцовы Следчы камітэт — яму б патлумачылі, што ні першага, ні другога, ні трэцяга ў краіне няма.

Эліты публічныя і сацыяльныя

Сіла ў праўдзе, а не ў інтэрнэце. Тым больш бессэнсоўна яе шукаць у экстрэмісцкіх тэлеграм-каналах. Я не пачуў гэтай праўды і зайшоў на сайт Проза.ру, а там у пісьменніка Вячаслава Абрамава прачытаў наступнае адкрыццё: «У сіле няма праўды. У сіле толькі сіла, папросту яе дзеянне дае нейкія вынікі. Гэтыя вынікі — у тым, што перамагае адна праўда, а іншая праўда пакутуе...»

Як простаму чалавеку з разнастайнасці праўдаў вылучыць тую адзіную, з якой і варта крочыць па жыцці? Адказ на гэтае пытанне яшчэ ў 2006 годзе нам падказаў ансамбль «Сябры» ў сваім несмяротным кліпе «Слухай бацьку».

На жаль, шчасце слухаць яго жыўцом выпадае не кожнаму. Аднак на тое і існуе інстытут, імя якому — «дзяржаўная сістэма адукацыі». Прыгледзімся да яго з дапамогай сацыёлага Юрыя Лявады.

Класік падзяляў эліты на публічныя і сацыяльныя.

«Публічную эліту складаюць дзеячы, якія звяртаюцца да грамадства як да гледачоў (публікі ў шырокім сэнсе слова). Гэтая катэгорыя эліты дзейнічае пераважна праз СМІ. Яна здольная дэклараваць абагульненыя ўзоры паводзін, але ў яе функцыі не ўваходзіць перадача спецыяльных ведаў. Таму колькасць публічнай эліты абмежаваная нешматлікімі дзясяткамі асоб — гэта вызначаецца магчымасцямі самога поля масавай увагі.
Да сацыяльнай эліты належаць групы, якія забяспечваюць перадачу практычных узораў і арыенціраў. Сродкамі іх дзеяння выступаюць прафесійныя камунікацыі і кантакты. Здольнасць задаваць узоры паводзін (служыць «прыкладам») звязаная ў гэтых груп з іх больш высокім сацыяльным статусам у адносінах да агульнага ўзроўню. Сацыяльная эліта шматлікая».

24 жніўня ў Палацы Незалежнасці прайшла Рэспубліканская педагагічная нарада. У тэрміналогіі Лявады яе смела можна лічыць сустрэчай прадстаўнікоў публічнай і сацыяльнай эліт.

Галоўнае карыснае ўказанне, атрыманае другой ад першай, перадае наступная цытата: «Пытанне, якое сёння, як гаворыцца, вісіць у паветры: ці павінна школа ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны? Адказ адназначны: школа не можа быць па-за палітыкай. Наогул палітыкі не бывае без школы. Але палітыка там павінна быць толькі адна — дзяржаўная».

Двудумства як аснова цярпення

Здавалася б, больш канкрэтна і не скажаш. Але ў сям'і не без вырадка (не без вырадкаў). Знайшліся разумнікі, якія пачалі вынаходзіць уласнае тлумачэнне прыметніка «дзяржаўная» — і спасылацца пры гэтым на Канстытуцыю.

Згодна з артыкулам 1-м, сцвярджаюць разумнікі, «Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная (выдзелена. — С.Н.) сацыяльная прававая дзяржава» і дадаюць: «Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і меркаванняў» (Артыкул 4.).

А цяпер здагадайцеся з трох разоў, якая з гэтага робіцца выснова? Вы не паверыце, але разумнікі лічаць, што дзяржаўная палітыка ў школе павінна зводзіцца да прэзентацыі ўсёй разнастайнасці існуючых у грамадстве поглядаў: ад камуністаў да лібералаў і нацыяналістаў.

Ёсць жа такія людзі! Але адкуль яны бяруцца? У Сярэднявеччы нават такія адукаваныя грамадзяне, як Мантэнь (1533–1592), лічылі, што пацукі нараджаюцца з бруднай бялізны. Адкуль тады бяруцца тыя, хто надзяляе Канстытуцыю правам на прамое дзеянне?

«Хочаш жыць — умей круціцца», кажа прымаўка. Але ўмення круціцца недастаткова для таго, каб не было пакутліва балюча за гады, пражытыя без мэты. Тым, хто сваю жыццёвую стратэгію выбудоўвае «ад жыцця», для поспеху неабходна авалодаць мастацтвам двудумства.

Тут я звярнуся па дапамогу да чалавека, надзеленага не кніжным, а ўласным розумам. Такім для мяне з'яўляецца экс-дырэктар Лявада-цэнтра сацыёлаг Леў Гудкоў: «Уладам не давяраюць, але пры гэтым дэманструюць ім знешнюю лаяльнасць. На іх спадзяюцца, але адначасова надзяляюць іх самымі агіднымі якасцямі. Двудумства — адзін з найбольш дзейсных механізмаў адаптацыі да рэпрэсіўнай дзяржавы, да непадкантрольнай улады. Гэта — аснова таго, што называецца "рускім цярпеннем"».

Наколькі паміж беларускім і рускім цярпеннем можна паставіць знак роўнасці — пытанне адкрытае. Кожны можа мець уласнае меркаванне наконт гэтай праблемы, зрэшты, як і любой іншай.





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: