Няпросты шлях да нармальнасці

Безумоўна, усе абмяркоўваюць сёння стрэлы ў Мінску, у выніку якіх загінулі айцішнік і супрацоўнік КДБ. Гэтая сітуацыя яшчэ раз паказвае: грамадству патрэбны дыялог. І насамрэч грамадства чакае гэтага дыялогу з уладай. Пытанне толькі ў тым, ці пачуе ўлада гэты заклік.

opros_150029092021.jpg


У ліпені «Chatham House», Каралеўскі інстытут па міжнародных справах Вялікабрытаніі, зрабіў чарговую апытанку наконт палітычных перакананняў беларусаў. Даследаванне праводзілася праз інтэрнэт і закранула пераважна гарадское насельніцтва краіны — а ў гарадах пражывае, паводле апошніх даных, больш за 70% беларусаў. Таму яго цалкам можна лічыць рэпрэзентатыўным.

Як паведаміў прадстаўнік «Chatham House» Рыгор Астапеня, у гэтым даследаванні, у прынцыпе, пацвердзіліся тыя перакананні нашых суайчыннікаў, якія былі выяўленыя і ў папярэдніх даследаваннях. Напрыклад, тое, што дзяржаўныя інстытуцыі знаходзяцца ў глыбокім крызісе даверу. Так, кіраўніку краіны давяралі толькі 27% апытаных, тады як не давяралі 47%. Дзяржаўным СМІ не давяралі 60% супраць 18% тых, хто давяраў, ЦВК не давяралі 56% супраць 16% даверу. Судам давяралі толькі 23% апытаных. І ў агульны шэраг «недаверу» трапіла армія. Ёй давярала толькі траціна (33%) апытаных, у той час як не давяралі 35%.

Гэта, безумоўна, лепей, чым паказчыкі папярэдніх апытанак, калі войску не давяралі 43% (студзень 2021-га) і 40% (красавік 2021-га). Але варта зазначыць, што, паводле апытанняў таго ж НІСЭПД, гадамі раней войска заўсёды выглядала добра на фоне іншых дзяржаўных інстытуцый. Цяпер яно таксама трапіла ў агульны трэнд «недаверу да ўсяго дзяржаўнага». Відавочна, што гэта звязана не з самім войскам, а з тым, што ў беларусаў з’явілася ідыясінкразія да ўсяго дзяржаўнага. Таму што так робіцца з любымі інстытуцыямі, якія пачынаюць дакранацца да таксічных інстытутаў дзяржавы.

neut_3_145429092021.png


Напрыклад, праваслаўная царква, якая ў студзені 2021-га мела давер у 46%, цяпер мае давер у 36%. Зніжэнне рэйтынгу на 10% за паўгода відавочна звязана з кантактамі патрыярхаў БПЦ з уладай. Больш няма чым патлумачыць такое падзенне рэйтынгу. Пры гэтым узровень адкрытага недаверу застаўся амаль ранейшым — пры 32% у студзені да 31% у ліпені.

Прыкладна тое ж адбываецца ў стане калі не праціўнікаў, дык апанентаў улады. Напрыклад, давер да недзяржаўных СМІ таксама знізіўся — з 46% у студзені да 37% у ліпені. Але з 32% да 23% знізіўся і недавер да незалежнай прэсы. Офіс Святланы Ціханоўскай страціў 5% даверу (29% у ліпені супраць 34% у студзені), але палепшыў і «індэкс недаверу» на 4% (43% vs 39%). Штаб Віктара Бабарыкі таксама знізіў рэйтынг даверу на 5% (38% vs 33%), але і «індэкс недаверу» знізіўся з 35% у студзені да 29% у ліпені.

Увогуле, у грамадскіх настроях пачынае пераважаць трэнд перацякання «пратэставага актыву» ў «шэрую зону». Паводле апытання «Chatham House», «пратэставы актыў» (тыя, хто выключна не падтрымлівае ўладу) і так званыя «нейтралы», якія, збольшага, маюць складанасці з адказамі на пытанне і якім нібыта палітыка «ўсёроўная» (у іншых даследаваннях іх называлі «балотам»), маюць цяпер аднолькавую колькасць — па 36%. У той час як прыхільнікі ўлады складаюць 28% гарадскога насельніцтва.

Паводле меркавання Рыгора Астапені, «дэпалітызацыя» беларусаў звязаная з тым, што людзі стаміліся ад аднолькавых негатыўных навін, стаміліся ад палітыкі, ад супрацьстаяння і імкнуцца перайсці (ці ўжо пераходзяць) у «зону нармальнасці». То-бок, «здарылася тое, што здарылася, трэба жыць далей». Людзі імкнуцца адбудоўваць новую «зону камфорту» для сябе, сем’яў, блізкіх.

neut_2_145429092021.png


Можна было б падумаць, што гэткія паводзіны — на самой справе перамога дзеючай улады. Гэта ж яна заклікала «перагарнуць старонку» і дзейнічаць так, нібыта і не было жніўня-2020. Але насамрэч такое ўяўленне пра грамадскія настроі будзе даволі памылковым.

Гэта як анекдот пра Рабіновіча, які жыў у адным правінцыйным гарадку і быў вельмі падобны да Леніна, што надзвычай нервавала кіраўніцтва горада, бо Правадыр Пралетарыяту павінен быў быць адзін і ўнікальны. І калі Рабіновіча выклікалі ў КДБ і прапанавалі змяніць знешнасць, дык той з ленінскім прышчурам адказаў: «А ідэйкі куды падзець загадаеце?»

Так і сёння: «ідэйкі» гэтага нібыта ўжо «нейтральнага» пласта грамадства нікуды не падзеліся. Ім вонкава «пофіг» бел-чырвона-белы сцяг, яны задаволяцца і чырвона-зялёным. Аднак найбольшую папулярнасць у «нейтральным» асяроддзі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты мае не Лукашэнка, а Віктар Бабарыка. Гэтыя «нейтралы» вельмі скептычна ставяцца нават не да самога Лукашэнкі, а да створанай ім палітычнай сістэмы: найбольшы антырэйтынг з дзяржаўных чыноўнікаў сярод асоб «шэрай зоны» мае зусім не пакуль што кіраўнік краіны, а Наталля Качанава — мінус 52%. Прычым Лукашэнка са сваімі «мінус 26%» аказаўся на пачэсным пятым месцы, саступіўшы не толькі Качанавай, але і Караеву (-44%), Караніку (-37%), Васкрасенскаму (-30%).

45% «нейтральнага» электарату лічыць, што Беларусь чакае працяглы эканамічны крызіс, а 64% з іх не згодныя з тым, што іх матэрыяльнае становішча за апошні час палепшылася — гэта да таго, што нібыта «нейтралы» зусім не вераць у «беларускі эканамічны цуд». У адрозненне, дарэчы, ад электарата Лукашэнкі, 30% якога ў крызіс не вераць, а 65% проста «складана адказаць» на гэтае пытанне.

Пра гэта багата гаварылі аналітыкі, палітолагі і іншыя адмыслоўцы яшчэ ў мінулым годзе. Можна «вонкава пацыфікаваць» грамадства, можна запужаць яго рэпрэсіямі, але незадаволенасць (нават глыбінная незадаволенасць) існуючым станам рэчаў — застанецца. І ў любы момант «нейтралы» — дай толькі добры стымул — вернуцца ў актыўную палітыку. Як кажуць, «яны не памерлі, яны проста выйшлі папаліць».

Яскрава гэта становіцца бачна, калі глядзець на графік падтрымкі патрабаванняў да дзеючай улады. 61% «нейтралаў» кажуць пра тое, што ўладам трэба сесці за стол перамоў са сваімі апанентамі. 59% вонкава абыякавых да палітыкі людзей лічаць, што зняволеныя, звязаныя з выбарамі і пратэстамі, павінны быць адпушчаныя. 45% «нейтралаў» кажуць, што Сяргей Ціханоўскі не заслугоўвае турэмнага тэрміну, а 33% заяўляюць, што «Лукашэнка павінен пайсці на перамовы са Святланай Ціханоўскай».

neut_1_14522909.png


Больш за тое: патрабаванне перамоў улады і іх апанентаў падтрымліваюць 23% прыхільнікаў Лукашэнкі, 13% з іх выступаюць за вызваленне палітвязняў і 11% з гэтых прыхільнікаў таксама выступаюць за перамовы Лукашэнкі і Ціханоўскай.

Можна падсумаваць, што беларусы сапраўды пачынаюць стамляцца — нават не ад уласна палітыкі, а ад сітуацыі палітычнага крызісу і эскалацыі гвалту. Выйсце ж яны бачаць у перамовах улады са сваімі апанентамі і спыненні палітычных пераследаў (што і выяўляецца ў вызваленні палітычных зняволеных). Прычым такія дзеянні падтрымлівае і даволі вялікая (да чвэрці) колькасць прыхільнікаў дзеючай улады.

Праблема толькі ў адным: каб улада паслухала грамадства і села за гэтыя перамовы. Бо дыялог — гэта калі размаўляюць абодва бакі, а не кожны сам па сабе. Менавіта ў гэтым беларусы бачаць заканчэнне палітычнага крызісу.

А калі ўлада не чуе нават пакуль сваіх прыхільнікаў, ёсць немалая верагоднасць, што перастрэлка ў Мінску — не апошняе «сілавое дзеянне» ў супрацьстаянні. І далейшае «закручванне гаек» прывядзе толькі да павелічэння такіх выпадкаў.