«Новыя» фокусы старой дыктатуры

Безумоўна, адной з найбольш «гарачых» тэмаў тыдня стаў чарговы «замах» на дзяржаўнага прапагандыста Азаронка. Пра яго распавёў Лукашэнка, з кіпай падрабязнасцяў — ад бойкі самога Азаронка з нападнікамі, і да нейкага дрона з каністрамі выбухоўкі.

illusionist_149195_1280.png


Як звычайна, у афіцыйнай версіі поўна нестыковак. Па словах Лукашэнкі, напад адбываўся ўначы, а БТ паказала дзённыя «аператыўныя здымкі». Нейкім дзіўным чынам у парку, дзе нібыта ажыццяўляўся «замах», не было мінакоў. У машыне нападнікаў чамусьці было ўсталявана як мінімум дзве камеры, якія паказвалі іх дзеянні ці не ў рэжыме рэальнага часу.
«Змовы» і «замахі» ў нас выкрываюцца з зайздроснай рэгулярнасцю. Спачатку работнік ЖКГ, юрыст і літаратуразнаўца марылі пасадзіць сыноў Лукашэнкі ў склеп у Гомельскай вобласці. Потым 150 джыпаў са зброяй загразлі ў спробе прайсці беларуска-літоўскую мяжу. Цяпер — дроны з каністрамі выбухоўкі палююць на прапагандыстаў-герояў. Пры гэтым 26 гадоў Беларусь пазіцыянавалася як выспа спакою і стабільнасці ў нашым няпростым і знерваваным свеце. Што ж здарылася?
Насамрэч, не здарылася нічога асаблівага — проста Лукашэнка занепакоіўся, што ён скончыцца як палітык, калі пра яго перастануць гаварыць. А гэта апошнім часам і адбываецца. Ён не выклікае такой цікаўнасці ў народа, што б ні рабіў. Узяць хаця б той жа баль выпускнікоў, які таксама прайшоў на тыдні: раней усе абмяркоўвалі, хто сядзіць з ім побач, з кім ён танчыў, хто у якім быў строі. Цяпер гэта стала нецікава ад слова «зусім».
Раней усе абмяркоўвалі, як прайшло свята 3 ліпеня, як Лукашэнка ўскладаў кветкі, як ён прымаў парад… Сёлета параду не было, але і прамова правадыра засталася па-за ўвагай. Усе толькі і паказвалі, што пустыя плошчы і месцы святкавання ў Мінску. Відавочна, што афіцыйныя мерапрыемствы, як і іх арганізатара, беларусы паставілі «ў ігнор». Затое ўсіх цікавіла, які прысуд вынесуць Віктару Бабарыку і што пасля расійска-амерыканскага саміту будзе рабіць з Сінявокай Пуцін.
Не выклікаў цікавасці нават фактычна адкрыты дэмарш Лукашэнкі ў дачыненні да Расіі — гэта калі на Форуме рэгіёнаў ён прапанаваў падрыхтаваць стратэгію інтэграцыі да 2030 года, нягледзячы на ранейшыя заявы пра практычна скончаную распрацоўку «дарожных карт» той самай інтэграцыі.
З аднаго боку, гэта тое, пра што казалі ад жніўня 2020-га, — страчаная легітымнасць, і ўсе заявы цяпер успрымаюцца не як заявы суб’екта палітыкі, а як словы аб’екта палітычнага працэсу. То-бок, сапраўдныя рашэнні па Беларусі цяпер прымаюцца без яго. З іншага — Лукашэнку вельмі крыўдна, што на яго забыліся і, па вялікім рахунку, проста не ўспрымаюць як палітыка і кіраўніка. А значыць, трэба імкнуцца прыцягнуць увагу.
Сітуацыя гэтая вельмі небяспечная — перш за ўсё, для бліжэйшага атачэння Лукашэнкі. Калі раней «замахі» і «змовы» былі, збольшага, безасабовымі, то гэтым разам з’явілася канкрэтная «ахвяра» — Азаронак. Пра гэты «замах» забудуць праз тыдзень, і зноў давядзецца прыдумваць што-небудзь «такое», што ўсе будуць абмяркоўваць. Прычым, прыдумваць усё больш і радыкальнае.
Калі заўтра-паслязаўтра, крый Божа, выбухне аўтамабіль Качанавай ці ўпадзе «Боінг» з Шэйманам? Нехта скажа, што гэта «неверагодны сцэнар», але памятаеце забойства старшыні Дзяржкантроля па Магілёўскай вобласці Яўгена Мікалуцкага ў далёкім ужо 1997 годзе? Лукашэнка тады заявіў, што замах планаваўся на яго, але да яго падабрацца не здолелі — і вырашылі забіць набліжанага да яго чалавека. І ў той час (як і цяпер) не важна было, што «асноўны аб’ект» замаху быў у Мінску, а ахвяра — за 200 кіламетраў.
Вам тая сітуацыя нічога не нагадвае? Асабліва ва ўмовах, калі галоўны падазраваны па справе Мікалуцкага таямнічым чынам павесіўся проста ў следчым ізалятары? Але самае цікавае: замоўнікі таго «замаху на Лукашэнку» — дагэтуль не высветленыя.
У той час, калі адзін чалавек шчыра жадае вярнуць сабе інфармацыйную прастору, гэтая прастора памкненнямі яго паплечнікаў імкліва звужаецца. На тыдні ўлады ў чарговы раз правялі бессэнсоўную акцыю такога звужэння — афіцыйна закрылі карэспандэнцкі пункт «Еўрарадыё» ў Беларусі. Пастанова Савета міністраў пра гэта зарэгістраваная 5 ліпеня на Нацыянальным прававым партале.
У «Еўрарадыё» кажуць, што закрыццё карпункта — гэта, найхутчэй, адна з частак адказу беларускіх уладаў на санкцыі з боку Еўрасаюза. «Тое, што ўрад закрывае карпункт менавіта цяпер, пасля ўвядзення “чацвёртага пакета” і сектаральных санкцый, — гэта наўрад ці супадзенне. Вядома, гэта паўплывае на нашу працу. Але не спыніць нас. З лета не працуе наш сайт euroradio.fm, з восені нашы карэспандэнты не могуць атрымаць у МЗС акрэдытацыі. Але мы працягвалі працаваць. І закрыццё карпункта прынцыпова сітуацыю не змяняе», — адзначае калектыў радыё.
У той жа час поўху атрымалі і прапагандысты. Еўрапейскі вяшчальны саюз (EBU) вырашыў прыпыніць сяброўства «Белтэлерадыёкампаніі» ў арганізацыі. Гэта азначае не толькі тое, што БТ больш не будзе праводзіць нацыянальныя адборы і паказваць дарослае і дзіцячае «Еўрабачанне». «Белтэлерадыёкампанія» пазбавіцца права танна купляць правы на спартыўныя трансляцыі, выкарыстоўваць партнёрскія матэрыялы і матэрыялы інфармацыйных агенцтваў. То-бок, спартовую «Беларусь-5» утрымліваць абыдзецца даражэй, а пра тое, як загнівае падступны Захад, нам цяпер будуць расказваць без відэашэрагу.
Калі кіраўніцтва краіны імкнецца вярнуцца ў інфармацыйную прастору, то выбачайце: улады самі зрабілі ўсё, каб не было куды вяртацца.