Патрэбны беларускі варыянт навамоўя

Улада гатовая ахвяраваць формай, каб захаваць аўтарытарны змест. Толькі да гэтага яна і спрабуе звесці палітычную мадэрнізацыю.  



svetljachki_1.gif

Патрэбу ў палітычнай мадэрнізацыі філосаф Вячаслаў Оргіш звязаў з «эфектам мігатлівых светлячкоў» (гл. «Азбуку паліталогіі» за 14 снежня 2012 года). Каб зразумець гэта, нам трэба разабрацца з такой з’явай, як «аўтасінхранізацыя». Не палохайцеся, за межы школьнага курсу матэматыкі выходзіць для гэтага не давядзецца. Цытую: «Калі 5–10% прадстаўнікоў той ці іншай супольнасці пачынаюць здзяйсняць якія-небудзь дзеянні сінхронна, то ўсе астатнія іх аўтаматычна бяруць за прыклад. Напрыклад, так уначы ўспыхваюць светлячкі ў Паўднёва-ўсходняй Азіі».

Начытаўшыся мудрагелістых артыкулаў у інтэрнэце, філосаф спалохаўся сам і зараз спрабуе напалохаць іншых ідэяй «палітычнага спецназу», накіраванага на татальную крытыку палітычнага рэжыму і здольнага сваёй энергіяй заразіць лаяльную да ўлады большасць. Такая, на яго думку, логіка сучасных рэвалюцыйных тэхналогій у краінах, «асуджаных» да «мадэрнізацыі».

Уся справа ў дасягненні крытычнай масы. Пасля гэтага натоўп «светлячкоў» успыхне аўтаматычна, і «рэжысёрам застаецца толькі накіраваць утвораную энергію рэвалюцыйнага негатывізму на дабіванне палітычнага рэжыму».

Рэжысёры («палітычнага спецназу») — гэта, як чытачы ўжо здагадаліся, наша несістэмная апазіцыя. «Адарваная ад сістэмнай палітычнай практыкі, прыціснутая матэрыяльнай патрэбай, яна непазбежна сустракаецца і ўступае ва ўзаемадзеянне з сіламі, якія заклапочаны дэмакратычнай мадэрнізацыяй».

Прафесійны гісторык і рэвалюцыя

З апошняй цытаты вынікае, што несістэмная апазіцыя і сілы, заклапочаныя дэмакратычнай мадэрнізацыяй, калі і перасякаюцца ў Беларусі, то толькі ва ўмовах палітычнай узрушанасці грамадства, калі пачынае разгортвацца «эфект мігатлівых светлячкоў».

Нічога арыгінальнага ў падобным размежаванні няма. Папулярная ў адзінага палітыка (АП) ідэя «пятай калоны» на гэтым і грунтуецца. Яе прадстаўнікі, маўляў, калі кагосьці і прадстаўляюць, то ў лепшым выпадку сябе.

Аднак паслядоўнасць у меркаваннях ніколі не была моцным бокам АП. Як тут ні прывесці фрагмент яго прэс-канферэнцыі ад 20 снежня 2011 года: «Давайте будем честны: 20% или высказались против, или проголосовали за альтернативных кандидатов. Согласитесь, что есть над чем подумать».

Пагодзімся і падумаем. А дапамогуць нам у гэтым апытанні НІСЭПД, паводле якіх колькасць прыхільнікаў дэмакратычных каштоўнасцяў у Беларусі ніколі не апускалася ніжэй за 25 працэнтаў. На НІСЭПД як на аўтарытэтную інстанцыю спасылаецца і філосаф. У люстэрку незалежнай сацыялогіі ён разгледзеў, што 9,6% беларусаў свядома адгукаліся на заклік да байкоту. Але для пачатку паўстання патрэбна 5–10%. Як тут не пабегчы за памперсамі!

У свой час Юрый Андропаў у артыкуле, апублікаваным у часопісе «Камуніст», раскрыў адну з галоўных таямніц савецкай наменклатуры: «Мы не ведаем грамадства, у якім жывём». Няведанне — пажыўнае асяроддзе для шматлікіх тэорый змоваў. Сваю версію і прапануе нам філосаф. Не маючы патрэбы ў сусветным закуліссі, ён робіць упор на радыкальную апазіцыю беларускага разліву.

А дзе радыкалы — там і так званыя «каляровыя рэвалюцыі». Яны — галаўны боль усіх аўтарытарных постсавецкіх рэжымаў. Тым часам унёсак палітычнай эліты ў рэвалюцыю заўсёды быў несувымерны з унёскам апазіцыі (контрэліты). Гэту думку і спрабаваў данесці да АП былы тэлекілер Сяргей Дарэнка ў 2011 годзе:

«С. ДОРЕНКО: Все революции создает власть, все до одной. Ленин и царьсравните. Какая власть у Ленина? Ноль.

А. ЛУКАШЕНКО: Правильно. Десять тысяч человек перевернули Россию.

С. ДОРЕНКО: Это царь сделал революцию».

Як тут ні прыгадаць гутарку двух глухіх: «Ты ў лазню? — Не, я ў лазню. — А я думаў, ты ў лазню». З заўвагай Дарэнкі з нагоды нулявога ўнёску Леніна ў рэвалюцыю АП згаджаецца, і тут жа дадае, што для здзяйснення рэвалюцыі хапіла 10 тысяч чалавек.

Ён прафесійны гісторык. Яму лепш бачна, як у імперыі, якая займае 1/6 частку сусветнай сушы, атрымалася зрынуць манархію, не звяртаючыся да «эфекту мігатлівых светлячкоў».

Канструктыўнасць як сінонім лаяльнасці

Вось ужо 18 гадоў рэйтынг АП, нібы альпініст, падымаецца на электаральныя пікі, каб затым спусціцца ў электаральныя даліны. І ні разу як уздым, так і спуск не былі звязаныя з дзейнасцю апазіцыі. Прыгадаем мінулы год з яго трохкратнай інфляцыяй. Варты інфляцыі быў і рэйтынг — 20,5% (гістарычны мінімум).

Аднак факты ў якасці крытэру ісціны філосафа не цікавяць. Ён упэўнены, што магчымасць эксцэсаў накшталт «плошчы», «майдана», якія азначаюць выкід пратэстнай энергіі, палягае выключна ў пазасістэмным спосабе існавання контрэліты. А калі так, дык верагоднасць пратэстных рэцыдываў будзе захоўвацца, пакуль гэты спосаб існавання не ўдасканаліцца.

Якім чынам нейтралізаваць пазасістэмную эліту? Адказ просты: ёй трэба супрацьпаставіць сістэмную (канструктыўную, адказную) контрэліту. Яе з’яўленне «натуральным чынам лімітуе маргінальную дзейнасць непрымірымых палітычных сілаў, абмяжуе праявы радыкалізму, накіруе пратэстную энергію, якая ў тым ці іншым аб’ёме прысутнічае ў кожным грамадстве, у рэчышча рэфармісцкай ідэалогіі».

Тут самы час разабрацца з вызначэннямі «непрымірымы» і «канструктыўны». Пад першае вызначэнне ў Беларусі трапляюць усе тыя, хто ставіць сваёй мэтай адхіліць кіроўную групоўку ад улады. І не важна, што для дасягнення падобнай мэты плануецца выкарыстоўваць выключна канстытуцыйныя сродкі (выбары).

Паняцці ж «канструктыўны» ў яго афіцыйным тлумачэнні з’яўляецца сінонімам паняцця «лаяльны». Вось на такую апазіцыю і расце сёння попыт. Яе выхад на палітычную сцэну «будзе азначаць (г. зн. імітаваць — С.Н.) грунтоўную палітычную мадэрнізацыю беларускага грамадства ў адпаведнасці з імператывамі еўрапейскай палітычнай культуры» (ну як вам стыль!).

Успомнім, як у жніўні 2011 года АП прапанаваў сесці за стол перамоваў «всем здравомыслящим и любящим свою страну людям, к какому бы политическому лагерю они ни принадлежали». Разважлівыя людзі ад такой прапановы, натуральна, заварушыліся, але тут якраз падаспеў з тлумачэннямі старшыня ўпраўлення ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» Рыгор Кісель: «Напэўна, прэзідэнт, агучваючы сваю ідэю, меў на ўвазе наступнае: збірайцеся левыя, правыя, непрымірымыя, прыхільнікі, выпрацоўвайце прапановы нават без удзелу ўлады і ўносіце іх. Калі прапанова вартая, то ніводная нармальная ўлада, якая адчувае праблемы ў эканоміцы ці фінансах, не можа яго ігнараваць, паколькі для ўлады яна карысная».

Ну як пасля гэтага не расплакацца ад замілавання! Улада зацікаўленая ў прапановах апазіцыі, але толькі ў тых, якія для ўлады карысныя!

Пасля 1905 года для такой палітыкі быў прыдуманы адмысловы тэрмін — «гапонаўшчына». Царская ахранка яе актыўна праводзіла, але адкрыта не рэкламавала. Але часы змяніліся…

Словы, словы, словы…

Мне ўжо неаднаразова даводзілася пісаць пра тое, што галоўнай характарыстыкай беларускага грамадства з’яўляецца раскол. Паміж эканамічна актыўнай «меншасцю» і «большасцю», не здольнай выжыць без дзяржаўнай апекі, сёння палягае прорва. Яна аб’ектыўная і таму цалкам непераадольная, але крутасць яе берагоў можа быць згладжаная.

Эфектыўная дзяржаўная палітыка ва ўмовах расколу — гэта мэтанакіраваная дзейнасць па пошуку медыяны. Аднак беларуская дзяржава не жадае выконваць ролю медыятара. Пра якое ўзгадненне інтарэсаў расколатага грамадства можа ісці гаворка, калі дзяржава адмаўляе «меншасці» ў праве на існаванне? Выказванне ад 20 снежня 2010 года, прыведзенае вышэй, з’яўляецца тым рэдкім выключэннем, якое толькі пацвярджае правіла.

Прапановы філосафа па фармаванні канструктыўнай апазіцыі, «якая разумее пазітыўны сэнс кампрамісу паміж элітай і контрэлітай», не выходзіць за межы паняцця «імітацыйная дэмакратыя». Тут галоўнае, каб падчас імітацыі дэмакратычных формаў не паўстала жаданне замахнуцца на змест, г. зн. не дапусціць магчымасць рэальнай замены эліты на контрэліту.

Але з’яўленне ў палітычным жыцці Беларусі такой жаданай контэліты «пакуль застаецца праблемай». Уся справа, на думку філосафа, у адсутнасці мовы зносін. Ліквідацыю гэтага прагалу варта пачынаць з мадэрнізацыі слоўніка, «якім карыстаюцца асноўныя гульцы палітычнага поля».

З такой фундаментальнай прапановай цяжка не пагадзіцца. Як тут ні згадаць навамоўе з рамана «1984» Джорджа Оруэла: «Мэта навамоўя — скараціць абсяг дзеяння думкі. Урэшце мы зробім немагчымым само існаванне думзлачынстваў, бо папросту не застанецца словаў, якімі іх можна будзе выказаць. Кожнае паняцце, якое калі-небудзь трэба будзе выказаць, будзе азначацца толькі адным словам, пры гэтым яго сэнс будзе дакладна акрэслены, а розныя дадатковыя адценні значэння будуць зліквідаваныя і забытыя. <…> Вядома ж, ужо сёння не існуе ніякіх падстаў для апраўдання думзлачынстваў. Гэта проста пытанне самадысцыпліны, кантролю рэчаіснасці. Але ўрэшце і гэта не спатрэбіцца. Рэвалюцыя пераможа канчаткова, калі мы створым дасканалую мову».

А зараз — тыя ж думкі, але ў выкладзе філосафа (прабачым яму мудрагелістасць): «Ангажаваны палітычнай кан’юнктурай розум разам з гаворкай выкавалі ідэалагічны абруч, пры дапамозе якога наша свядомасць збірае і фіксуе палітычную рэчаіснасць у тым выглядзе, які, як прызнаюць гульцы, час абнавіць. Таму гаворку на тэму мадэрнізацыі палітычнага працэсу варта пачынаць з дыскусіі пра словы, якія цэментуюць стары парадак адносін (вылучана мной — С.Н.). Не дасягнуўшы кансенсусу адносна слоўніка, яго новай рэдакцыі, цяжка спадзявацца, што калёсы пакоцяцца хутка».

Вось мы і дабраліся да сутнасці газетнага опуса аб’ёмам у 43,5 тысячы знакаў. Яго аўтар заклапочаны выключна праблемай цэментавання старога парадку адносін. Ну што ж, дзякуй за шчырасць.