Прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці. Што кажуць на міжнароднай канферэнцыі ў Нюрнбергу

У нямецкім Нюрнбергу праходзіць міжнародная канферэнцыя аб злачынствах Лукашэнкі супраць чалавецтва. На ёй выступаюць палітыкі, юрысты, праваабаронцы і пацярпелыя ад рэпрэсій у Беларусі, перадае «Радыё Свабода».

_cihi_pratest___sakavik_2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__5__logo_1.jpg

З прывітальным словам да прысутных звярнулася дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская. Яна падкрэсліла, што ў Беларусі няма вяршэнства закону, беларусы аказаліся ў сітуацыі поўнага юрыдычнага дэфолту.
«У сітуацыі, калі 200 чалавек могуць арыштаваць і прыцягнуць да адказнасці толькі за тое, што яны напісалі сваю думку ў Інтэрнэце, як гэта адбылося тыдзень таму; ці калі мы чуем гісторыі пра бесчалавечнае стаўленне да палітычных зняволеных, мы павінны зрабіць усё магчымае для аднаўлення вяршэнства закону ў Беларусі», – заклікала Ціханоўская.
Яна дадала, што яе Офіс працуе штодня ў сферы правасуддзя – заяўляе не толькі пра пераслед, але і пра рэабілітацыю і кампенсацыю ахвярам палітычных рэпрэсій.
«Разам з Венецыянскай камісіяй мы таксама працуем над ацэнкай змяненняў у Крымінальным і Адміністрацыйным кодэксах, а таксама ў законах «Аб адвакатуры» і «Аб СМІ». І наш Офіс таксама цалкам падтрымлівае ўсе намаганні ў прыцягненні рэжыму да адказнасці за парушэнне Канвенцыі аб катаваннях і згон самалёта рэйсу Ryanair», – выказалася палітык.
Яна заклікала дэмакратычныя краіны працягваць падтрымліваць міжнародную платформу падсправаздачнасці для Беларусі ў зборы, праверцы і захаванні доказаў парушэнняў міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, учыненых у Беларусі.
Ціханоўская прапанавала:

  • прасоўваць справы ўніверсальнай юрысдыкцыі і крымінальныя расследаванні супраць Лукашэнкі;
  • пачаць выкарыстоўваць міжнародныя канвенцыі для падачы скаргаў краін на рэжым у Беларусі ў міжнародныя органы;
  • пазбавіць права голасу ў ІКАО, Інтэрполе і іншых міжнародных арганізацыях;
  • забяспечыць фінансаванне экспертнай групы Упраўлення Вярхоўнага камісара ў правах чалавека для расследавання сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

«На карту пастаўлены чалавечыя жыцці, чалавечая годнасць і проста будучыня нашай краіны. Мы мусім прыцягнуць да адказнасці тых, хто знаходзіцца ва ўладзе, мы мусім сур'ёзна ставіцца да кожнага парушэння вяршэнства права, нам патрэбныя сапраўдная міжнародная салідарнасць і падтрымка. Нам трэба быць смелымі і адважнымі», – завяршыла Ціханоўская.
Старшыня Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павел Латушка нагадаў, што цяпер за кратамі разам з тысячамі беларусаў знаходзяцца праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Марфа Рабкова, Валянцін Стэфановіч, Андрэй Чэпік і Леанід Судаленка. Яны абаранялі палітзняволеных і самі апынуліся ў турме.
«Для Лукашэнкі няма шляху назад. 40 тысяч былі арыштаваныя, тысячы трапілі пад катаванні, усе незалежныя газеты закрытыя, 275 НДА ліквідавана, дзясяткі тысяч людзей звольнілі з палітычных прычынаў», – сказаў Латушка.
Ён зазначыў, што Лукашэнка даў загад забіваць яшчэ ў 90-х, пра што сам публічна гаварыў.
«Ён даў загад забіваць мірных дэманстрантаў летась, ён сёлета здзейсніў акт тэрарызму з пасадкай самалёта, ён выкарыстоўвае нелегальную міграцыю. Я заклікаю распачаць юрыдычную працэдуру ў дачыненні дыктатара і яго прыспешнікаў», – выказаўся лідар НАК.
Анджэй Галіцкі, член Еўрапейскага парламенту, сустаршыня нефармальнай групы сяброў дэмакратычнай Беларусі ў ЕП, выказаўся, што ў Беларусі цяпер няма ані свабоды, ані міру, і Еўрапарламент чакае справядлівасці для Беларусі, і гэта – выклік. Канферэнцыя, на думку дэпутата, мусіць стаць чарговым крокам для таго, каб прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці.
«Калі адзін чалавек сцвярджае, што ён можа вырашаць лёс людзей, кідаць іх у турмы проста так, – гэта не павінна прайсьці незаўважаным», – лічыць Галіцкі.
Ён кажа, што канферэнцыя мусіць стаць важным крокам у дасягненні справядлівасці. Сваю прамову Галіцкі скончыў воклічам «Жыве Беларусь!».
На канферэнцыі таксама выступаюць беларусы, якія пацярпелі ад рэпрэсій і біцця не толькі ў 2020-м, але і пасля падзеяў 2010 года.