Колькі яшчэ працягнецца рэвалюцыя ў Беларусі?

Рэвалюцыя, як і развод, з’яўляецца не падзеяй, а працэсам. Улетку 2020 года рэвалюцыя ў Беларусі стартавала. Як доўга яна працягнецца?

vydatna_3_logo.gif


Беларусам трэба будзе навучыцца жыць без уладнай вертыкалі. Гэта задача прынцыпова іншага ўзроўню складанасці. Яна не палітычная, а сацыякультурная.

Так званыя «выбары» паслужылі ў Беларусі трыгерам (падзеяй, якая запускае пэўную эмацыйную рэакцыю), што перавёў беларускае грамадства з паўсоннага стану ў стан палітычнага ўзбуджэння.

Схаваныя на працягу чвэрці стагоддзя праблемы ў лічаныя дні агаліліся. Але адэкватнай мовы іх апісання пры гэтым не ўзнікла ні ва ўлады, ні ў пратэстоўцаў.


«Мы ведаем, мы разумеем, мы…»

Адзінае, на што аказалася здольная ўлада з усёй сваёй прапагандысцкай абслугай, — гэта выцягнуць з запаснікаў тэорыю змовы. Да 9 жніўня, з-за адсутнасці празаходняга кандыдата ад апазіцыі, на ролю галоўнага змоўшчыка была прызначаная «наша Расія». «Вагнераўцы», што не зразумела, якім ветрам былі занесеныя ў Сінявокую, аказаліся ў той момант вельмі нават дарэчы. Калі б іх не было, іх варта было б прыдумаць.

5 жніўня ў інтэрв’ю ўкраінскаму журналісту Дзмітрыю Гардону адзіны палітык (АП) прадэманстраваў сваю кампетэнтнасць: «Мы бачылі, з кім яны звязаныя. Мы кантралявалі іх цалкам. Мы ведаем, з кім яны стэлефаноўваліся, адкуль атрымлівалі каманды — з Расіі, хто даваў гэтыя каманды. Мы ўжо бачылі, што тут чымсьці смажаным пахне. Мы разумелі ў кантэксце міжнародных стасункаў, што нам спакойна жыць не дадуць».

Пасля 9 жніўня ўсе гэтыя «мы бачылі», «мы кантралявалі», «мы ведаем» і «мы разумеем» страцілі сваю актуальнасць. Расія, у адрозненне ад Захаду, вынікі «выбараў» прызнала.

Давялося тэрмінова разварочвацца праз левае плячо на 180 градусаў, ды працягваць пры гэтым дэманстраваць гораду і свету сваю кампетэнтнасць: «...мы выразна бачым суб’ектаў гэтага працэсу, іх правадыроў і памагатых. Тактыка арганізатараў будавалася паводле класічнага амерыканскага падручніку каляровых рэвалюцый. Гэта ўсім вядомы Джын Шарп. Цяпер мы можам азірнуцца назад і дэталёва разабраць усе этапы сцэнару па знішчэнні нашай краіны, якому мы, на шчасце, не дазволілі рэалізавацца, і не дазволім».

Мы, мы, мы... вось такія мы малайцы!

Гэты геапалітычны разварот нагадаў мне анекдот пра інжынера, які пераканаўча тлумачыў прычыну росту паказчыка на графіку. Калі ж яму заўважылі, што ён трымае графік дагары нагамі, ён гэтак жа пераканаўча пачаў тлумачыць прычыну зніжэння паказчыка.

Але ад анекдота прапаную перайсці да гістарычнага факта, які я запазычыў з кнігі палітычнага географа Дзмітрыя Арэшкіна «Джугафілія і савецкі статыстычны эпас»: «У 1929 г. СССР рыхтаваўся адзначыць пяцідзесяцігадовы юбілей І.В. Сталіна. Буйному тэарэтыку ваеннай справы Кліму Варашылаву даручаны ганаровы абавязак напісаць артыкул “Сталін і Чырвоная Армія”. Ён вельмі стараецца. І, мабыць, ад хвалявання дазваляе сабе недапушчальны для марксіста-ленінца промах. “У І. В. Сталіна, — піша Варашылаў, — памылак было менш, чым у іншых”. Трэба ж было ляпнуць такое! Дзякуй богу, тав. Сталін пры ўсёй загружанасці знайшоў час уважліва прачытаць тэкст і выратаваць гісторыю ад скажэнняў, а Варашылава — ад ганьбы. “Клім! Памылак не было. Трэба выкінуць гэты абзац”, — па-бацькоўску тлумачыць ён на палях рукапісу».

Ад прыроднай мудрасці да апоры на народ

Памылак не было. Іх не было, таму што іх не магло быць. Вось такая жалезная логіка. Гэта на загніваючым Захадзе палітыка — суцэльная чарада памылак. Нам жа з першага дня (варта адлічваць ад 10 ліпеня 1994 года) давялося рухацца адзіна правільным курсам.

Але дзе гарантыя правільнасці курсу? Не буду вынаходзіць ровар. У Беларусі хапае аўтарытэтных спецыялістаў. Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, доктар эканамічных навук, прафесар, акадэмік Уладзімір Гусакоў — адзін з іх. Сваё бачанне галоўнай асаблівасці беларускага шляху акадэмік не трымае ў сакрэце.

У Беларусі пасля развалу СССР пачыналася ўсё як ва ўсіх: адмова ад грамадскага сектара, насаджэнне прыватных парадкаў, страта кваліфікаваных кадраў, маштабная дэградацыя эканомікі і імклівае падзенне якасці жыцця.

«Пералом, — тлумачыць акадэмік, — наступіў у 1994–1995 гадах, калі прэзідэнтам краіны быў абраны А. Р. Лукашэнка», які коштам неверагодных намаганняў здолеў «спачатку прыпыніць дэградацыю і спаўзанне краіны ў прорву, а затым у гістарычна кароткія тэрміны павярнуць яе развіццё ў стваральнае рэчышча».

Геракл са сваімі 12 подзвігамі тут і побач не стаяў. Але Геракл быў сынам галоўнага з багоў-алімпійцаў Зеўса, у непасрэдным падпарадкаванні якога знаходзіліся неба, гром і маланкі. Максімум, на што герой грэчаскай міфалогіі аказаўся здольны — гэта накіраваць у «стваральнае рэчышча» воды ракі, якая працякала недалёка ад стайні цара Аўгія.

Мерацца характарыстыкамі з антычным героем — справа няўдзячная. Але хто сёння будзе адмаўляць, што Беларусь выклікае зайздрасць у суседзяў? Каму ў наш бурны час спадабаецца донар еўрапейскай стабільнасці, што мірна калышацца ў стваральным рэчышчы?

Аднак многія раілі як мага хутчэй пакончыць са старым укладам. Што ж утрымала АП ад рэформаў, якія вядуць Беларусь да разбурэння, а ў перспектыве — да поўнага знікнення? На думку акадэміка Уладзіміра Гусакова, асабістыя якасці АП. Прывяду далёка не поўны іх пералік: «прыродная мудрасць і інтуіцыя, выключная працаздольнасць і праніклівасць, а яшчэ — апора на народ і велізарны давер народа, які захаваўся да гэтага часу».


Парадак б’е клас

Калі трыгер, што спрацаваў 9 жніўня, дазволіў уладзе выцягнуць з запаснікаў старую як свет тэорыю змовы, то ўзбуджанаму грамадству ён дапамог па-новаму зірнуць на палітычныя міфы, якія фарміраваліся чвэрць стагоддзя.

Пра тое, што грамадская свядомасць заражаная міфамі, як кампутар вірусамі, я пісаў неаднаразова. У айчынным міфалагічным эпасе па-за канкурэнцыяй быў міф пра «Плошчу», або міф пра «100 тысяч».

Практыка — крытэр ісціны, і яна міф пра «Плошчу» разбурыла. Вера ў «Плошчу» — гэта вера ў магчымасць за кошт аднаразовага намагання прачнуцца ў іншай краіне. Але так не бывае. Паглядзіце на Украіну. У 2004 годзе «Аранжавая рэвалюцыя» перамагла. Ура, таварышы! Але ці перамагла насамрэч?

Спачатку неабходна ўсвядоміць праблему. Насуперак уяўленням многіх беларусаў, праблема не зводзіцца да змены персоны на вяршыні ўладнай вертыкалі. Вертыкаль — гэта атрыбут мінулага стагоддзя, атрыбут савецкага варыянта індустрыялізацыі з яе масавай вытворчасцю... узбраенняў.

Сучасны дынамічны свет аддае перавагу арганізацыі грамадства не па вертыкалі, а па гарызанталі. Ён не мае патрэбы ў правадырах, здольных, нібы Кашпяроўскі, поглядам спыняць дэградацыю нацыянальных эканомік і падзенне жыцця народаў.

Беларусам трэба будзе навучыцца жыць без уладнай вертыкалі. Гэта задача прынцыпова іншага ўзроўню складанасці, і, па вялікім рахунку, яна не палітычная, а сацыякультурная.

Каб увайсці ў сучаснасць, беларусам хапае чалавечага капіталу (адукацыі). Галоўная праблема — дэфіцыт сацыяльнага капіталу, г. зн. здольнасці да сумесных дзеянняў.

Парадак б’е клас. У якасці ілюстрацыі гэтай ісціны спашлюся на вядомы гістарычны прыклад: сотня французскіх кавалерыстаў не баялася сотні мамелюкоў; трыста французаў бралі верх над такой жа колькасцю мамелюкоў, а 1000 разбівала 1500.

І яшчэ адзін прыклад, гэтым разам запазычаны ў расійскага эканаміста Аляксандра Аузана: «Гэта гістарычна вядомы факт пра тое, як Міхаіл Сперанскі, рускі рэфарматар, вярнуўся з Еўропы і сказаў: “Гасудар, у іх установы лепшыя за нашыя, а ў нас людзі лепшыя».

Гэта наш выпадак. У іх (ва ўладзе) установы лепшыя. Адзін ЦВК чаго варты! Не ў апошнюю чаргу дзякуючы яму мы сёння маем тое, што маем.

* * *

Рэвалюцыя, як і развод, з’яўляецца не падзеяй, а працэсам. Улетку 2020 года рэвалюцыя ў Беларусі стартавала. Як доўга яна працягнецца? Адказ на гэтае пытанне будзе залежаць ад нашай здольнасці ствараць установы — структуры грамадзянскай супольнасці.