Самаізаляцыя ў геаграфічным цэнтры Еўропы

Вясна 2020 года папоўніла наш слоўнікавы запас словам «самаізаляцыя», пад якім разумеецца сукупнасць абмежавальных мераў, што ўводзяцца ўрадам для барацьбы з распаўсюджваннем небяспечных захворванняў.

lodka_1_logo.gif


Слова гэта не новае, але ў гутарковай мове сустракалася раней нячаста. Патрэбы ў ім не было. У сучасных жа пікейных камізэлек, схільных паразважаць пра вялікую палітыку, ва ўжытку было слова «ізаляцыянізм».

Са школьных гадоў у памяці застаўся фразеалагізм «адгарадзіцца кітайскай сцяной». Пабудавана тая сцяна была, калі хто забыў, з мэтай абароны ад качэўнікаў, але зрабіла свой унёсак у тэхналагічнае адставанне калісьці адной з самых развітых краін свету.

Сучасны прыклад самаізаляцыі — Паўночная Карэя. Яе бацька-заснавальнік Кім Ір Сен вынайшаў уласную ідэалогію чучхэ, у цэнтры якой — «чалавек і рэвалюцыйныя ідэі, накіраваныя на ажыццяўленне самастойнасці народных масаў».

Не ведаю, як там у народных паўночнакарэйскіх масаў з самастойнасцю, але з забеспячэннем элементарным шырспажывам не склалася. Мяркую з чужых слоў, бо ўбачыць гэта шчасце на ўласныя вочы не давялося.


Качэўнікі перамагаюць аселых

Сёння знойдзецца няшмат ахвочых ісці шляхам, які завяшчаў Кім Ір Сен, тым больш у Беларусі. Эканоміка рэспублікі-партызанкі экспартна арыентаваная, што пацвярджаецца доляй экспарту ў ВУП (70,46% па выніках 2018 года). У ЗША, між іншым, гэты паказчык за пазамінулы год склаў 12,22%. Ведай нашых!

Аднак радавацца тут асабліва няма чаму. Вялікай эканоміцы прасцей быць самадастатковай. Таму ўсе размовы на тэму імпартазамяшчэння — гэта размовы на карысць бедных. Дасягненне сур’ёзных поспехаў на гэтым напрамку магчыма толькі за кошт увядзення дзяржаўнай манаполіі на знешні гандаль і выбудоўвання «жалезнай заслоны» па ўсім знешнім перыметры.

Падабацца гэта камусьці ці не, аднак глабалізацыя даўно стала фактам. Яна адбываецца стыхійна, самаадвольна і бязладна. Не мае сэнсу шукаць людзей, якія сядзяць за пультамі кіравання глабалізацыяй, займаюцца планаваннем і прымаюць на сябе адказнасць за яе канчатковыя вынікі. Аматарам канспіралогіі тут няма чым пажывіцца.

«У глабалізаваным свеце, — тлумачыў брытанскі сацыёлаг Зігмунд Баўман, — парадак становіцца індыкатарам бездапаможнасці і падпарадкаванасці. < ... > Здаецца, што вялікая гістарычная эпоха, якая пачалася з трыумфу аселых плямёнаў над качавымі, цяпер падыходзіць да канца. Глабалізацыя можа быць вызначана рознымі спосабамі, але «рэванш качэўнікаў» — адзін з самых удалых, калі не найлепшы».

Як тут ні прыгадаць ярлык «донара еўрапейскай стабільнасці», што так старанна налепліваецца прапагандай на рэспубліку-партызанку. Аднак да моцнай дзяржавы, чыя сіла палягае ў архаічнай уладнай вертыкалі, ён прыляпляцца не жадае. Таму варта толькі выстраіцца чэргам у некалькі сотняў метраў з ахвочых паставіць подпісы за не ўхваленых зверху кандыдатаў, як тут жа пачынаюцца крыкі: «Ратуйце! Майданутыя разгойдваюць лодку! Недапушчальна!»

Сілу беларускай дзяржаўнасці яе архітэктар бачыць у здольнасці падтрымліваць стабільнасць — гэта значыць, нязменнасць. У гэтай сіле ў наша дынамічнае стагоддзе і палягае яе (дзяржаўнасці) галоўная слабасць. Качэўнікі-рэваншысты насядаюць з усіх бакоў.

Узор поспеху качэўнікаў над аселымі сялянамі мы сёння назіраем на прыкладзе «Газпрама», нацыянальнага здабытку «нашай Расіі». Колькі сотняў мільярдаў долараў гэты газавы гігант убухаў за апошнія гады ў будаўніцтва газаправодаў! Аднак заяўленая мэта стаць манапалістам дасягнутая не была. Танкеры са звадкаваным газам перамаглі закапаныя ў зямлю і марское дно трубы. Сёння кошт за 1 тысячу кубаметраў газу на спотавых рынках Еўропы апускаецца да 40 долараў, у той час як Беларусь атрымлівае яго па трубе за 127 «зялёных». Танней было б пампаваць газ з Польшчы. Але сваю частку трубы мы прадалі. Так што бачыць вока, ды зуб не мае.


Жаночы ліслівы голас

На сайце Міністэрства эканомікі чытаю: «Імпартазамяшчэнне — дзяржаўная палітыка, накіраваная на рацыяналізацыю імпарту тавараў і паслуг з дапамогай стымулявання айчынных вытворцаў аналагічных прадуктаў, стварэнне на тэрыторыі краіны новых прадпрыемстваў, у тым ліку і з удзелам замежнага капіталу, для арганізацыі выпуску прадукцыі, якая раней імпартавалася».

Такі вось погляд на імпартазамяшчэнне з пункту гледжання прафесійных эканамістаў. Не буду яго аспрэчваць. Ён мае права на жыццё. Але хто сказаў, што рацыяналізацыі падлягаюць толькі імпартныя тавары і паслугі? У нас поўна ўмельцаў, здольных зрабіць аналагічнае з палітычнымі інстытутамі ды культурнымі каштоўнасцямі.

Вытворчасць аналагаў у гуманітарнай сферы ў Беларусі пастаўленая на паток. Адзін з такіх у чарговай сваёй версіі нараджаецца на нашых вачах. Імя яму — «выбары».

Каб не вынаходзіць ровар, прапаную звярнуцца па дапамогу да Вікіпедыі: «Выбары — гэта працэдура абрання каго-небудзь шляхам адкрытага або таемнага галасавання. Выбары — адна з найбольш распаўсюджаных формаў удзелу грамадзян у грамадска-палітычным жыцці дзяржавы, краіны, рэгіёну (рэгіянальныя выбары), арганізацыі і гэтак далей...»

Чытаю — і зайздрошчу. З якім бы задавальненнем я прыняў удзел ў ВЫ-БА-РАХ. Раніцай басанож па першай расе ўсёй сям’ёй — на выбарчы ўчастак. Але спачатку — у буфет. Шклянка соку з коржыкам... памятаеце, такія эліпсападобнай формы за 8 капеек з пясочнага цеста, а далей... далей пачынаецца самае цікавае: прад’яўленне пашпарта, атрыманне бюлетэня, адзінота ў кабінцы для галасавання... І, нарэшце, фінал — апусканне запоўненага бюлетэня ў скрыню. Няўжо і сёння ўсё гэта магчыма?

«Магчыма. Усё магчыма», — чую я жаночы ліслівы голас, што льецца аднекуль зверху. А каб мяне не ахапілі сумневы, той жа голас тлумачыць: «Не бойся пандэміі. Яна наклала свой адбітак. І гэта мінус. Але ўсе выбаршчыкі будуць знаходзіцца ў краіне. І гэта плюс. Нават калі яны будуць адпачываць, то мы дамо ўсе магчымасці, каб яны прагаласавалі па месцы адпачынку. Студэнтам мы дамо магчымасць прагаласаваць па месцы іх пастаяннага пражывання, там, дзе яны будуць знаходзіцца ў бацькоў. Людзям, якія будуць на лецішчах, мы таксама дамо магчымасць прагаласаваць у сельсаветах, сельскіх участковых выбарчых камісіях».

Амаль тры дзясяткі гадоў мінулі з моманту «найвялікшай катастрофы XX стагоддзя». Што змянілася? З таго, што ляжыць на паверхні, — кошт коржыка. Што да выбараў, то яны нібыта і ёсць, і адначасова іх як бы няма. Дакладней, выбары ёсць, але без выбару. Нездарма ж адзіны палітык (АП) патлумачыў днямі і някемлівым кандыдатам у прэзідэнты, і іх прыхільнікам, што «краіну яны не атрымаюць». Дык пра якія выбары гаворка?


Выжываюць толькі наймацнейшыя

Але працягнем падарожжа па азбукавых паліталагічных ісцінах, і дапаможа нам у гэтым расійскі правазнаўца Андрэй Медушэўскі: «У сучаснай глабальнай канкурэнцыі выжывуць толькі наймацнейшыя краіны. А наймацнейшыя — гэта тыя, якія маюць развітую прававую сістэму, грамадзянскую супольнасць, дзе інстытуты працуюць адэкватна і дзе грамадзяне маюць развітую правасвядомасць. А калі гэтага няма, то такая сістэма асуджаная на паразу».

Нічога з пералічанага вышэй у беларускага варыянту моцнай дзяржавы няма, дый не прадбачыцца. Таму не на пустым месцы нараджаюцца крыкі: «Ратуйце! Майданутыя разгойдваюць лодку! Недапушчальна!» Немагчыма канкураваць на знешніх рынках, калі ўся энергія дзяржавы накіраваная на знішчэнне любых відаў канкурэнцыі ўнутры краіны.

Па свежы прыклад хадзіць далёка не давядзецца. 12 чэрвеня АП наведаў Віцебскую вобласць. Размова з вертыкальшчыкамі зайшла пра кансалідаваны экспарт мясцовых відаў паліва (пелет). Галоўная ўмова поспеху, на думку АП, — адсутнасць канкурэнцыі вытворцаў адзін з адным на еўрапейскім рынку: «Пачнем канкураваць адзін з адным, саб’ем цану, у мінус пойдзем па рэнтабельнасці». Выснова не прымусіла сябе доўга чакаць: «Вазьміце ў адны рукі рэалізацыю прадукцыі».

У адны рукі ў 1994 годзе была ўзятая Беларусь. Яе ўсё яшчэ можна пабачыць на палітычнай карце. Дзякуй рэжыму самаізаляцыі. Дасягаецца ён не за кошт «жалезнай заслоны». Дый пра якую заслону можа ісці гаворка, калі істотную частку бюджэтных даходаў забяспечвае транзіт еўрапейскіх тавараў у Расію і расійскай сыравіны ў Еўропу.

Нашу самаізаляцыю забяспечвае «асаблівы шлях». Беларускі палітычны клас з кожным годам культурна ўсё больш не стасуюцца са сваімі еўрапейскімі калегамі. Каронавірус гэта лішні раз пацвердзіў. Таму дарэмна чакаюць адкрыцця мяжы з Літвой уладальнікі шэнгенскіх візаў. Зрэшты, гэта прыватнасць. Аднак жыццё з такіх прыватнасцяў і складаецца.