«Сябры Беларусі» ў Кангрэсе ЗША: хто гэта і што яны могуць

Візіт Святланы Ціханоўскай у ЗША працягваецца, але яго прамежкавыя вынікі і перспектывы аналітыкі ацэньваюць ужо сёння. Якіх дзеянняў чакаюць ад першага ў гісторыі беларускага кокуса?

kokus_28.jpg


З’яўленне ў Кангрэсе асобнай фракцыі, якая заявіла сваёй мэтай трымаць на позве і ўсяляк прасоўваць пытанне дапамогі грамадзянскай супольнасці Беларусі, здарылася ўпершыню, піша «Салідарнасць». Але наколькі значны «беларускі кокус» і як ён рэальна можа паўплываць на сітуацыю?

— Такія групы дазваляюць забяспечыць інстытуцыяналізацыю прысутнасці Беларусі ў Вашынгтоне, — растлумачыў прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па міжнародных пытаннях Валерый Кавалеўскі. — Кангрэсмены, якія ўваходзяць у кокус, будуць пастаянна займацца беларускай тэматыкай. Гэта і маніторынг падзей, і асвятленне падзей сярод кангрэсменаў, і ўзаемадзеянне з адміністрацыяй для таго, каб выпрацоўваць найбольш аптымальныя крокі па рэагаванні ЗША на сітуацыю ў Беларусі, і падтрымка тых ініцыятыў, з якімі дэмакратычныя сілы і грамадзянская супольнасць Беларусі будуць прыходзіць да іх.


Хто ў складзе кокуса?

Аб стварэнні двухпартыйнага кокуса «Сябры Беларусі» абвясцілі ў сярэдзіне ліпеня заканадаўцы з ніжняй палаты Кангрэса ЗША — дэмакраты Біл Кітынг і Марсі Каптур і рэспубліканцы Крыс Сміт і Джо Уілсан.

Акрамя таго, кангрэсмен ад Масачусетса Біл Кітынг, які ўзначальвае ў Кангрэсе падкамітэт па замежных справах у Еўропе, энергетыцы, навакольным асяроддзі і кібербяспецы, стаў адным з аўтараў звароту да Джо Байдэна з просьбай асабіста сустрэцца са Святланай Ціханоўскай.

— Перад тварам усё больш нахабнага гвалту з боку дзяржавы народ Беларусі як ніколі мае патрэбу ў нашай падтрымцы, — адзначыў сенатар на прэзентацыі кокуса.

Дэмакрат ад Агаё Марсі Каптур, акрамя ўдзелу ў «Сябрах Беларусі», таксама з’яўляецца сустаршынёй групы падтрымкі Украіны ў Кангрэсе ЗША. Кангрэсвумэн неаднаразова падкрэслівала, што ЗША зацікаўленыя ў далучэнні Беларусі і Украіны да ЕС, а новыя санкцыі неабходна пашырыць не толькі на прадстаўнікоў беларускага рэжыму, але і на «ўцягнутых у парушэнне правоў чалавека» расіян.

Рэспубліканец з Паўднёвай Караліны Джо Уілсан уваходзіць у Хельсінкскую камісію, яна ж Камісія па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Мэта гэтай урадавай арганізацыі — сачыць за выкананнем правоў чалавека ў краінах-сябрах АБСЕ. Пасля сустрэчы са Святланай Ціханоўскай палітык заявіў, што шчаслівы далучыцца да сваіх калег «у прасоўванні правоў чалавека і пазітыўнай будучыні для народа Беларусі».

Крыстафер Сміт — чалец камітэта па замежных справах Палаты прадстаўнікоў амерыканскага Кангрэса, таксама сустаршыня Хельсінкскай камісіі і аўтар абноўленага «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі», які быў прыняты ў 2020 годзе ў рамках комплекснага заканадаўчага пакета. Вялікую частку сваёй кар’еры палітык з Нью-Джэрсі прысвяціў прасоўванню правоў чалавека за мяжой.

У міжпартыйны кокус, удакладнілі яго заснавальнікі, могуць увайсці «ўсе кангрэсмены, якія падтрымліваюць дэмакратычны рух у Беларусі і заклікаюць да адказу рэжым Лукашэнкі за рэпрэсіі супраць апазіцыі і парушэнні правоў чалавека».

photo_2021_07_22_19_09_08.jpg


Паводле слоў Валерыя Кавалеўскага, адпаведная праца вядзецца таксама і на ўзроўні Сената:

— Падчас сустрэчы Святланы Ціханоўскай у Сенаце, якая адбылася ў мінулы аўторак, 6 сенатараў (прычым некаторыя з іх вельмі ўплывовыя, як іх прынята называць, «старэйшыя сенатары»), самі прапанавалі стварыць такую ж групу па адносінах з Беларуссю, кокус, на Сенацкім баку, і адразу ж вырашылі да яго далучыцца. Цяпер гэтая ініцыятыва будзе афармляцца дакументальна, але ўжо відавочная зацікаўленасць сенатараў тым, што адбываецца ў Беларусі, і іх гатоўнасць удзельнічаць у распрацоўцы новай палітыкі ЗША па Беларусі.

Мы заўсёды будзем ведаць, што ў нас ёсць саюзнікі ў Кангрэсе ЗША — але менавіта ад нас залежыць, як будзе працаваць гэтая група.


Што гэтыя людзі могуць зрабіць?

Як адзначаюць амерыканскія аналітыкі, ініцыятыўных груп, або кокусаў, у Кангрэсе амаль сто. Як правіла, кокусы ствараюцца для больш актыўнай падтрымкі мясцовых альбо міжнародных ініцыятыў. У адрозненне ад камітэтаў, гэта нефармальныя аб’яднання заканадаўцаў на добраахвотнай аснове і колькасць іх удзельнікаў не абмежавана.

Пасля канферэнцыі «Сяброў Беларусі» (яна адбылася на пляцоўцы амбасады Літвы ў ЗША) больш дэталёва аб планах міжпартыйнай групы паведаміў «Голас Амерыкі». Сярод заяўленых задач кокуса — «прасоўванне фінансавай дапамогі Беларусі і лабіраванне новых санкцый у дачыненні да дзеючага рэжыму, а таксама аб'яднанне заходніх краін для абароны суверэнітэту Рэспублікі».

photo_2021_07_22_09_46_04.jpg


Паводле слоў кангрэсмена-дэмакрата Біла Кітынга, гаворка, у прыватнасці, ідзе аб выдзяленні 30 мільёнаў долараў для падтрымкі грамадзянскай супольнасці і аб двухпартыйным супрацоўніцтве для прасоўвання ў Кангрэсе Закона «Аб суверэнітэце, правах чалавека і дэмакратыі ў Беларусі».

Таксама кангрэсмен-рэспубліканец Крыс Сміт выказаў перакананне, што ЗША варта паскорыць сектаральныя санкцыі і падаць ясны сігнал беларускаму рэжыму, што ў адказ на рэпрэсіі санкцыі будуць больш жорсткімі.

— Мы гаворым пра тое, што перш за ўсё неабходныя аднаразовыя, моцныя, рашучыя крокі, сканцэнтраваныя па часе, якія маглі б ажыццявіць ЗША для таго, каб садзейнічаць беларусам да пераходу да пабудовы дзяржавы, якая адпавядае дэмакратычным правілам і прынцыпам, — падкрэслівае сябар Прэзідыума Каардынацыйнай рады, кіраўнік «Народнага антыкрызіснага кіравання» Павел Латушка. — Гаворка не ідзе пра тое, што толькі ЗША ці Еўрасаюз могуць развязаць праблемы ў Беларусі, але гэтая падтрымка і комплексныя санкцыі могуць стаць важным дадатковым элементам для развязання гэтай задачы.