Стала вядома, як польскі суддзя Шміт трапіў у Беларусь. Ён папрасіў прытулак у Лукашэнкі

Томаш Шміт пакінуў Польшчу самым простым спосабам — праз пераход у Цярэспалі, адзіны адкрыты на сёння, паведамляе выданне rp.pl.

3hfvxudhnkxkg9p9.jpg

Шміт як суддзя Варшаўскага ваяводскага адміністрацыйнага суда ўпершыню пабываў у Беларусі з турыстычнай мэтай у чэрвені 2023 года, адзначаецца ў артыкуле. Пра гэты факт распавёў каардынатар спецслужбаў і новы кіраўнік МУС Томаш Семоняк. У другі раз, у траўні гэтага года, ён пакінуў краіну, каб атрымаць палітычны прытулак у Беларусі. Абедзве паездкі выслізнулі ад увагі польскіх службаў.

Пры гэтым Шміт не выкарыстоўваў ніякіх абыходных маршрутаў накшталт названага некаторымі СМІ шляху праз Турцыю. Гэтую інфармацыю пацвердзіў прэс-сакратар Нацыянальнай пракуратуры Пшэмыслаў Новак.

Выданне задаецца пытаннем, чаму ад увагі службаў выслізнула паездка ў дыктатарскую краіну суддзі, які ў сілу сваёй прафесіі мае доступ да найвялікшых таямніц краіны, у тым ліку «цалкам сакрэтным»?

— Гэта вынік таго, што суддзі застаюцца па-за сістэмай контрвыведкі, чым і скарыстаўся Шміт, — распавядае высокапастаўлены былы афіцэр адной са спецслужбаў.

На падставе «шпіёнскага скандалу» з удзелам суддзі Шміта ўрад Польшчы хоча ўвесці новыя, больш строгія правілы, у тым ліку у адносінах да суддзяў, якія маюць доступ да сакрэтнай інфармацыі. У цяперашні час Агенцтва ўнутранай бяспекі ў адпаведнасці з законам 2010 года не можа праводзіць праверачныя працэдуры супраць іх, а таксама супраць пракурораў, дэпутатаў і іншых важных дзяржаўных чыноўнікаў.

Нагадаем, Томаш Шміт, суддзя 2-га аддзялення ваяводства адміністрацыйнага суду Варшавы 6 траўня выступіў у прэсавым цэнтры беларускага дзяржаўнага агенцтва БелТА. Шміт у прэс-цэнтры БелТА падпісаў заяву аб адстаўцы і выступіў з палітычнымі заявамі ў падтрымку беларускіх уладаў.

Таксама ён сказаў, што папрасіў абароны ў беларускіх уладаў. У сваім тэлеграм-канале, створаным 6 траўня, Шміт заявіў аб матывах свайго ўчынку: «З прычыны нязгоды з палітыкай і дзеяннямі ўладаў вымушана пакінуў родную краіну і цяпер знаходжуся ў Беларусі. Зазнаў пераслед і пагрозы за самастойную палітычную пазіцыю. Я заяўляю пра свой пратэст уладам Польшчы, якія пад уплывам ЗША і Вялікай Брытаніі вядуць краіну да вайны. Народ Польшчы выступае за мір і добрасуседскія адносіны з Беларуссю і Расіяй. Менавіта таму я знаходжуся ў Мінску і гатовы расказаць праўду».


Глядзіце таксама

Што вядома пра Томаша Шміта

Томаш Шміт раней займаў розныя пасады ў судовай сістэме і органах юстыцыі Польшчы. З'яўляўся кіраўніком юрыдычнага аддзела ў Нацыянальнай радзе суддзяў Польшчы.

Ён быў у цэнтры вялікага палітычнага скандалу. Шміт разам з іншымі суддзямі, лаяльнымі папярэдняй уладзе, арганізаваў групу, што збірала кампрамат на іншых суддзяў, якія крытыкавалі ўладу.

Былая жонка Шміта асабіста хэйціла суддзяў пад ананімным нікам «Mała Emi», выкарыстоўваючы сакрэтныя матэрыялы, атрыманыя ад тагачаснага мужа і іншых суддзяў. Сам Шміт у гэтым прызнаўся і выказваў шкадаванне.

Эмілія Шміт — фігурантка гучнай у Польшчы «хэйтавай аферы», у рамках якой яна прадставіла СМІ прыватную перапіску журналістаў і суддзяў з мэтай іх дыскрэдытацыі.

Паводле звестак Onet, у рамках «хэйтавай аферы» ў WhatsApp павінна была быць створана закрытая група пад назвай «Каста», якая абменьвалася думкамі аб тым, як ачарніць асобных суддзяў. Як паведамлялі СМІ, у яе ўвайшоў сярод іншых і Томаш Шміт.

Шміта ў выніку адхілі ад пасады суддзі. Шэраг суддзяў, якія былі згаданыя ў аферы, у тым ліку Томаш Шміт, заявілі, што будуць падаваць грамадзянскія пазовы і прыватныя абвінаваўчыя акты ў суды, паколькі, на іх думку, недастаткова, каб старшыня Правінцыйнага адміністрацыйнага суду, абапіраючыся выключна на паведамленні СМІ, пастанавіў «неадкладна спыніць выкананне службовых абавязкаў суддзі Шміту». На іх думку, уся справа выглядала як змова з мэтай знішчыць рэпутацыю Шміта.

Празь некаторы час суддзя Шміт быў адноўлены на пасадзе.

Пракуратура ў Свідніцы хацела завесці крымінальную справу супраць Эміліі Шміт. Ёй збіраліся выставіць абвінавачанне 21 сакавіка 2024 году. Гэтага не адбылося, бо матэрыялы справы былі перададзеныя рэгіянальнай пракуратуры ва Ўроцлаве, якая ў выніку прыме рашэнні і будзе надалей займацца расследаваннем. Паводле OKO.press, гэты крок мусіць паскорыць расследаванне «хэйтавай аферы».