Шрайбман: «Пытанне, ці будуць Беларусь і Расія выконваць падпісанае»

Арцём Шрайбман распавёў, што пасля зацвярджэння «дарожных карт» пачнецца «гандаль за інтэрпрэтацыю».

Фота з сайта 4esnok.by

Фота з сайта 4esnok.by

Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман выказаў меркаванне, што справа пра падпісанне інтэграцыйных «дарожных карт» Беларусі і Расіі «набліжаецца да фіналу», патлумачыў, чаму не варта іх пераацэньваць і заявіў, што «самае важнае пытанне — ці будуць дзве дзяржаўныя машыны выконваць падпісанае».

«Грукаць гэтымі дзвярыма было б неабдумана»

Ён падкрэсліў, што анонсы ў стылі «вось-вось падпішам» сталі традыцыяй для перамоў Мінска і Масквы аб інтэграцыі. Але цяпер здаецца, што справа сапраўды набліжаецца да фіналу. Лукашэнку патрэбныя новыя порцыі расійскай падтрымкі, а іншых, менш сур'ёзных, саступак у запасе не засталося.

«Гэта два гады таму можна было ганарліва адмовіцца падпісваць "дарожныя карты", пачаць з Расіяй спачатку нафтавую вайну, а затым вінаваціць яе ва ўмяшанні ў выбары. Другі раз грукаць гэтымі дзвярыма было б неабдумана: іншых дзвярэй побач не засталося», — адзначыў Шрайбман.

Эксперт таксама патлумачыў, чаму не варта пераацэньваць дакументы, якія бакі рыхтуюцца падпісаць.

«Абедзве краіны — кожная па сваіх прычынах — цяпер зацікаўленыя ў тым, каб прадставіць іх як інтэграцыйны прарыў, але за гады перамоў іх змест прыкметна выхаласціўся. Сур'ёзныя фарматы інтэграцыі, накшталт наднацыянальных органаў або адзінай валюты, адтуль прыбралі яшчэ ў 2019 годзе», — мяркуе ён.

Шрайбан выказаў здагадку, што «Мінск, здаецца, адмовіўся ад сваіх запытаў па ўнутрырасійскім кошце на газ і кампенсацыі за падатковы манеўр у форме прамой субсідыі» і «разлічвае, у лепшым выпадку, на крэдыты». 

«Самае важнае пытанне»

Пры гэтым самае важнае пытанне, паводле слоў аглядальніка, «не ў тым, ці падпішуць Лукашэнка і Пуцін інтэграцыйныя карты, а ў тым, ці будуць дзве дзяржаўныя машыны выконваць падпісанае». Ён выказаў меркаванне, што «пасля зацвярджэння саюзных праграм пачнецца новы гандаль — за інтэрпрэтацыю таго, што ў іх запісана і хто павінен першым рабіць які крок».

«Гэтыя саюзныя праграмы, калі яны будуць падпісаныя і выкананыя, адназначна зблізяць дзве краіны. Гэты рух не да зліцця, але да большага ўзаемапранікнення эканомік і гарманізацыі іх правілаў працы. Паводле задумы Масквы, чым больш цесна пераплятуцца рэальныя бізнесы і сістэмы рэгулявання, тым менш шанцаў, што будучая беларуская ўлада захоча паўтарыць шлях украінскай», — заявіў Арцём Шрайбман.

Паводле telegraf.by