Што даў краіне «ўльтыматум Ціханоўскай»?

Пасля «ўльтыматуму Ціханоўскай» адбыліся такія падзеі, якія не дазваляюць казаць, што яе ініцыятыва не мела сэнсу. Канешне, агульнанацыянальны страйк не зладзілі. Але атрымалася нешта іншае, што не дазваляе казаць пра «правал Ціханоўскай» і пра тое, што «ўсё прапала».

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Гэта, напэўна, адно з найбольш істотных адрозненняў у палітычнай сітуацыі «раней» і «цяпер». Раней правал такой ініцыятывы, без сумневаў, прывёў бы да расчаравання, зніжэння актыўнасці, замкнёнасці ў сабе і да абмеркавання ў сацыяльных сетках, як усё кепска і якія нягеглыя лідары пратэсту. Сёлета ж не да канца спраўджаны «ўльтыматум» выклікае пошук новых спосабаў дзеянняў. І амаль ніхто не кажа пра «паразу».


Пратэст не садзьмуўся

Напрыклад, палітолаг Аляксандр Класкоўскі адзначае: ультыматум спрыяў «пэўнаму ўсплёску палітычнай актыўнасці», што няблага. «Марш 25 кастрычніка, мусіць, стаў самым шматлікім са жніўня. Былі спробы страйкаваць на шэрагу прадпрыемстваў, у тым ліку і прыватнага сектару, актыўна выступілі студэнты. Гэта быў пэўны імпульс пратэставай актыўнасці. З негатыўных вынікаў — не ўдалося зладзіць усеагульны страйк, і цяпер у часткі тых, хто хоча пераменаў у Беларусі, можа быць момант нейкай фрустрацыі. Тым больш, што марш на Курапаты стаўся, з шэрагу прычын, не самым шматлюдным. І афіцыйная прапаганда атрымала, напэўна, падставу сказаць, што “пратэст садзьмуўся”, ці здзімаецца, і што ўлады паступова стабілізуюць сітуацыю», — кажа Класкоўскі.

Але, з іншага боку, калі паглядзець на сітуацыю рэтраспектыўна: ці не занадта мы прызвычаіліся да добрага? Яшчэ год таму ў шэсці на Дзяды прынялі ўдзел максімум паўтары тысячы чалавек, а на недазволены «Чарнобыльскі шлях–2019» прыйшло некалькі дзясяткаў (!) удзельнікаў. Цяпер мы лічым «не самай шматлюднай» акцыю, на якой не назбіралася сто тысяч чалавек.

Казаць пра тое, што «пратэст садзьмуўся», мы зможам толькі тады, калі колькасць удзельнікаў пратэставых акцый вернецца да звыклай нам «апазіцыйнай тусоўкі». А гэтага наўрад ці варта чакаць бліжэйшым часам.


«Улада нервуецца»

Адным з нечаканых рашэнняў пасля «ўльтыматуму Ціханоўскай» сталі перастаноўкі ў сілавых структурах. Былы ўжо кіраўнік МУС Караеў выправіўся ў якасці прадстаўніка Лукашэнкі ў Гродзенскую вобласць. Вакульчык з пасады дзяржсакратара Рады бяспекі Беларусі паехаў такім жа прадстаўніком на Брэстчыну. Месца міністра МУС заняў былы начальнік галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама Іван Кубракоў, а на яго месца прыйшоў Міхаіл Грыб, які да гэтага ўзначальваў УУС Віцебскага аблвыканкама.

Гэта вельмі дзіўная ратацыя, асабліва ўлічваючы напружаную сітуацыю ў краіне: як вядома, коней на пераправе не мяняюць. Але тут раптам змянілі.

Аляксандр Класкоўскі не лічыць, што гэта наўпрост звязана з ультыматумам Ціханоўскай. Але, па яго словах, адстаўкі сведчаць, што «сістэма Лукашэнкі знаходзіцца ў крызісе, і там ідуць няпростыя і непажаданыя для яго працэсы». «У тым ліку Лукашэнка, напэўна, не надта ўпэўнены ў поўнай адданасці тых ці іншых персаналій, і ўвогуле, ён, на мой погляд, нервуецца, мітусіцца і робіць сутаргавыя непаслядоўныя рухі, у тым ліку і ў кадравых пытаннях. Цяжка патлумачыць, нашто было таго ж Вакульчыка на два месяцы прызначаць сакратаром Рады бяспекі, а потым кідаць на Брэстчыну», — зазначае палітолаг.

З іншага боку, было заўважана, што менавіта «наноў прызначаныя» найбольш шчыруюць у рэпрэсіях і выкананні загадаў пакуль яшчэ кіраўніка краіны.

«Натуральна, гэтае меркаванне — што новая персона будзе старацца, ірваць жылы і даводзіць, што не дарэмна правадыр на яе зрабіў стаўку, — заўжды прысутнічала ва ўсіх кадравых прызначэннях. У прынцыпе, гэта сталінскі метад: уліваць свежую кроў і рабіць своеасаблівую ратацыю кадраў. Але, я думаю, што ад персаналій на чале сілавых, у прыватнасці, ведамстваў, няшмат што залежыць — у сэнсе ад асаблівасцяў іх характару альбо нейкіх службовых і асабістых якасцяў. Чалавек у гэтым выпадку — вінцік сістэмы, і ён будзе праводзіць такую палітыку, якую загадае праводзіць Лукашэнка. Таму няма сэнсу гадаць, зыходзячы з асабістых якасцяў новага міністра МУС Кубракова, ці будзе ён мякчэйшы, ці, наадварот, болей жорсткі. Гэта будзе залежыць ад Лукашэнкі, а той будзе арыентавацца на кан’юнктуру», — кажа Аляксандр Класкоўскі.

Сітуацыя, на думку аглядальніка, можа падштурхнуць як да болей жорсткіх рэпрэсій, так і для нейкага нібыта змякчэння і лавіравання. «Таму што нядаўна і Пуцін выказаў стрыманую незадаволенасць, сказаўшы, што беларускія сілавікі, можа, занадта жорсткія былі, і тады тыя, хто гэта дапусціў, павінны панесці адказнасць. Не выключана, што пачнецца нейкае манеўраванне ў гэтым пытанні, — але не таму, што Кубракоў вырашыць быць больш мякчэйшым. Для Лукашэнкі гэта — расходны матэрыял. Ён мог прыбраць Караева, таму што “маўр зрабіў сваю справу” цягам гэтых пары месцаў пасля выбараў. Гэты чалавек ужо запэцканы, у тым ліку і крывёю. І нават калі што, праз нейкі час, калі давядзецца адступаць і ахвяраваць нейкімі персонамі, можна будзе сказаць: “Вось, мы ж яго ў свой час адхілілі, былі злоўжыванні, мы адрэагавалі”», — зазначае аналітык.


«Пры пажары шыбаў не шкадуюць»

Пасля таго, як Лукашэнка загадаў звальняць усіх пратэстоўцаў, па Беларусі пракацілася хваля даволі балючых рэпрэсій: адлічэнні студэнтаў і звальненні рабочых. Але грамадства зноў адказала на рэпрэсіі салідарнасцю. Напрыклад, каля 150 выкладчыкаў БДМУ выказаліся супраць адлічэння студэнтаў, дэканы асобных факультэтаў у ВНУ адмаўляліся падпісваць загады аб адлічэнні па палітычных прычынах. А з БелАЗу прыйшла ўвогуле фантастычная навіна: работнікам прадпрыемства, раней звольненым за страйк, прапанавалі напісаць заявы аб аднаўленні на працы!

Аднак навіны з БелАЗу, на думку Класкоўскага, не азначаюць, што ў падыходзе персанальна Лукашэнкі нешта змянілася. «Пазіцыя Лукашэнкі застаецца жорсткай: ён апошнім часам неаднойчы паўтараў, што трэба ўсіх выкідаць: рабочых, якія страйкуюць, студэнтаў, якія бунтуюць: маўляў, мы без іх абыдземся. Увогуле, у Лукашэнкі сёлета пазіцыя такая: пры пажары шыбаў не шкадуюць. Думаць, што ён будзе перажываць за якасць адукацыі ці за тое, што з нейкага прадпрыемства выкінуць кваліфікаваных рабочых, — наіўна. Для яго галоўнае — уласнае выжыванне. Ён нават быў гатовы паклікаць войскі Пуціна ў Беларусь, хаця гэта самае святое — абарона незалежнасці, і ён шмат гадоў маляваў сябе менавіта гарантам незалежнасці. Таму тут сантыментаў з боку правадыра рэжыму чакаць не выпадае», — гаворыць палітолаг.

Аднак і ў рэпрэсіях ёсць нейкая мяжа, адзначае адмыслоўца. «Таму што могуць і пэўныя вытворчасці спыніцца, калі бязлітасна вычышчаць рабочых. Гэта будзе выклікаць рост незадавальнення ў грамадстве, і вонкавыя фактары таксама ціснуць. Бо і Захад будзе ўзмацняць санкцыі, і Масква будзе ўшчуваць Лукашэнку больш рашуча, і эканамічная сітуацыя будзе пагаршацца», — заўважае Класкоўскі.


«Масква вядзе працу па пашырэнні ўплыву на Беларусь»

Таксама пасля «ўльтыматуму Ціханоўскай» неяк незаўважанай прайшла заява лідара расійскай ЛДПР Уладзіміра Жырыноўскага. Ён сказаў, што Лукашэнку трэба адправіць кіраваць калгасам. Шматлікія аглядальнікі даўно заўважылі: што ў Пуціна на розуме, то ў Жырыноўскага на языку. Даволі відавочным стаў трэнд расійскіх тэлеканалаў, якія раптам пачалі крытыкаваць Лукашэнку. Ці азначае гэта змену стаўлення Крамля да асобы пакуль што кіраўніка Беларусі?

«Сапраўды, я думаю, што Жырыноўскі трымае нос па ветры і адчувае, што стаўленне Крамля да Лукашэнкі цяпер крытычнае і скептычнае, нават нягледзячы на тое, што Пуцін у жніўні Лукашэнку падтрымаў. Тады спрацавала, як зрабілі выснову аглядальнікі, «салідарнасць аўтарытарных лідараў». Цяпер жа, чым далей, тым болей, Крэмль выказвае незадаволенасць — многімі намёкамі. Ёсць шэраг сімптомаў, што паказваюць: Крэмль сапраўды б хацеў, каб не ў выніку каляровай рэвалюцыі, але ў выніку канстытуцыйных зменаў адсунуць Лукашэнку ад улады», — кажа Класкоўскі.

Магчыма, па словах палітолага, Крэмль у гэтым кірунку дзейнічаў бы больш рашуча, калі б ён выразна бачыў, на каго тут можна зрабіць стаўку ў якасці пераемніка Лукашэнкі. Але пакуль такіх фігур не знаходзіцца. «Традыцыйная апазіцыя здаецца ім занадта празаходняй і нацыяналістычнай. Што тычыцца новай апазіцыі, то Крэмль пакуль не хоча кантактаваць з Ціханоўскай і яе камандай, — не раз гучалі закіды з вуснаў Сяргея Лаўрова, кіраўніка расійскай дыпламатыі, ды прэс-сакратара Пуціна Пяскова, што, маўляў, у Ціханоўскай антырасійская праграма. Гэта фэйк, але яны яго раз за разам перажоўвалі», — заўважае палітолаг

Такім чынам, Масква зандуе глебу і, на думку адмыслоўца, засяродзілася на ўмацаванні інфраструктуры свайго ўплыву ў Беларусі. «Дзеля гэтага ў яе інтарэсах, каб тут адбылася канстытуцыйная рэформа, каб былі болей размеркаваныя паўнамоцтвы паміж рознымі галінамі ўлады, каб быў створаны абсяг для развіцця партый, каб потым можна было ўплываць на ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Беларусі праз адну ці некалькі прарасійскіх партый», — лічыць Класкоўскі.


Прагназаванню не паддаецца

Як будзе развівацца сітуацыя надалей? Гэта спрагназаваць ніхто не можа, бо цяпер, па словах Класкоўскага, «дзейнічае шмат дынамічных чыннікаў, якія хутка змяняюцца, іх цяжка прадбачыць і прадказваць». «Пэўна, паколькі сезон становіцца халаднейшы, ёсць момант псіхалагічнай стомленасці, і рэпрэсіі адгукаюцца — магчымы часовы спад вулічнай актыўнасці. Менавіта вулічнай, бо наўрад ці будзе спад незадаволенасці вялікай часткі грамадства Лукашэнкам і яго палітыкай», — кажа ён.

Але гэта, насамрэч, не трагедыя. «Магчыма, недзе ў лютым-сакавіку будзе новая хваля пратэстаў: паводле прагнозаў шэрагу эканамістаў, менавіта тады могуць пачацца сур’ёзныя крызісныя з’явы ў эканоміцы. І мы не ведаем ступені працэсаў эрозіі ўнутры сістэмы. Магчыма, мы недаацэньваем, наколькі сістэма пайшла расколінамі. Лукашэнка нервуецца, кажа пра «здраднікаў», ёсць звесткі, што звальняюцца кваліфікаваныя кадры з сілавых структур. Калі большасць вертыкалі маўчыць — гэта яшчэ не сведчыць пра тое, што ўсе там у захапленні ад палітыкі Лукашэнкі. Магчыма, што ступень трываласці сістэмы не надта і вялікая. Таму, верагодна, нейкія змены адбудуцца нават хутчэй, чым думаюць аналітыкі», — заўважае эксперт.

А яшчэ варта зазначыць, што наперадзе ў нас чарговая электаральная кампанія. Мясцовыя выбары ў Беларусі павінны прайсці не пазней за 18 студзеня 2022 года, а значыць, кампанія пачнецца ў 2021-м. Улічваючы незвычайную актыўнасць насельніцтва ў дваровых чатах і тэлеграм-каналах, а таксама палітызаванасць грамадства, гэта будзе вельмі цікавай падзеяй.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: