Таццяна Караткевіч падала ў ЦВК чарговую скаргу на Аляксандра Лукашэнку

Кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч падала ў ЦВК яшчэ адну скаргу на свайго саперніка па перадвыбарнай кампаніі, дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнку. 



tak_dovolna_logo.jpg

Як паведаміла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына 30 верасня падчас інтэрв'ю TUT.BY-ТВ, скарга тычыцца звароту да арміі Афіцэрскага сходу Узброеных сіл Беларусі.

Дэлегаты 5-га Афіцэрскага сходу Узброеных сіл, які прайшоў 25 верасня ў Мінску, прынялі зварот да ўсіх вайскоўцаў і членаў іх сем'яў з заклікам «выказаць усялякую падтрымку на выбарах, якія маюць адбыцца, галоўнакамандуючаму Узброенымі сіламі прэзідэнту Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнку».

Паводле слоў Ярмошынай, Караткевіч у сваёй скарзе выказвае меркаванне, што такім чынам Лукашэнка, як галоўнакамандуючы, выкарыстаў адміністрацыйны рэсурс для ўласнай падтрымкі. Яна просіць ЦВК вынесці кандыдату папярэджанне.

Гэтая скарга, як і папярэдняя, будзе разглядацца на нечарговым пасяджэнні ЦВК 2 кастрычніка, паведаміла Ярмошына.

Нагадаем, першая скарга Караткевіч тычыцца «сістэматычных парушэнняў» кандыдатам Лукашэнкам парадку перадвыбарнай агітацыі шляхам незаконнага выкарыстання дзяржаўных СМІ і сродкаў дзяржбюджэту.

У скарзе, у прыватнасці, указваецца на выкарыстанне дзяржаўнымі СМІ ў паведамленнях аб выбарчай кампаніі элементу афармлення лагатыпу ў выглядзе птушкі ў форме літары V лацінскага алфавіту, расфарбаванай у арнамент і колеры дзяржаўнага сцягу. «Ідэнтычны элемент афармлення выкарыстоўваецца і ў агітацыйнай кампаніі кандыдата Лукашэнкі, што з'яўляецца схаванай формай агітацыі з боку дзяржаўных СМІ за аднаго з кандыдатаў», — мяркуе Караткевіч.

Апрача таго, зазначаецца ў скарзе, у рознічны продаж у Мінску паступілі майкі вытворчасці ААТ «Світанак» з выявамі, што ўтрымліваюць лозунг кандыдата Лукашэнкі «За будучыню незалежнай Беларусі!» і графічны сімвал (лагатып) у выглядзе птушкі ў форме літары V лацінскага алфавіту, расфарбаванай у арнамент і колеры дзяржаўнага сцягу. «Гэтая прадукцыя накіраваная на пабуджэнне грамадзян да галасавання за пэўнага кандыдата», — мяркуе Караткевіч.

На яе думку, усё гэта робіцца за кошт сродкаў дзяржбюджэту з парушэннем Выбарчага кодэкса.

Адказваючы падчас інтэрв'ю на пытанне аб перспектывах разгляду гэтых скаргаў, Ярмошына заявіла, што апошнюю скаргу яна яшчэ не паспела толкам вывучыць, тая толькі што паступіла ў ЦВК.

Што да першай скаргі, то Ярмошына прадказальна не бачыць парушэнняў з боку каманды Лукашэнкі.

Згаданы лагатып, паводле яе слоў, не ўзурпаваны камандай прэзідэнта. «Гэты сімвал распрацаваны СМІ, яго мог узяць любы кандыдат, у тым ліку спадарыня Караткевіч, і выкарыстаць гэтаксама для сваёй перадвыбарнай кампаніі», — сказала Ярмошына.

Акрамя таго, яна зазначыла: «У нас няма паняцця «схаваная агітацыя». У нас агітацыя бывае або законная, або незаконная». Прыкметаў парушэння закона ў гэтым выпадку няма, падкрэсліла кіраўнік ЦВК.

Што да маек вытворчасці «Світанка», то гэта, паводле слоў Ярмошынай, «камерцыйная дзейнасць». «Захацелі яны гэта зрабіць. Маглі б зрабіць і футболкі з лагатыпам спадарыні Караткевіч, няма пытанняў, прадаць, калі б іх хтосьці купіў. Я ж не зазірну ў душу дырэкцыі. Гэта камерцыйная дзейнасць, дзяржаўныя бюджэтныя сродкі на гэта не траціліся», — заявіла Ярмошына.

Пры гэтым яна падкрэсліла, што гэта — яе меркаванне, а рашэнне па скаргах ЦВК прымае калегіяльна.

БелаПАН