«Такую краіну развалілі»...

Смерць СССР — насуперак негатыўным прагнозам аб грамадзянскай вайне і рэках крыві — не выклікала дэстабілізацыі і сацыяльнага выбуху на постсавецкай прасторы. Большасць ужо былых савецкіх людзей даволі спакойна і абыякава расталіся з савецкім ладам, які вычарпаў сябе ва ўсіх адносінах.

Магільшчыкі СССР (злева направа): Вітольд Фокін
(прэм’ер-міністр Украіны), Леанід Краўчук (прэзідэнт Украіны), Станіслаў
Шушкевіч (старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі), Вячаслаў Кебіч (старшыня Савета
Міністраў Беларусі), Барыс Ельцын (прэзідэнт Расіі), Генадзь Бурбуліс (дзяржаўны
сакратар Расіі)

Магільшчыкі СССР (злева направа): Вітольд Фокін (прэм’ер-міністр Украіны), Леанід Краўчук (прэзідэнт Украіны), Станіслаў Шушкевіч (старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі), Вячаслаў Кебіч (старшыня Савета Міністраў Беларусі), Барыс Ельцын (прэзідэнт Расіі), Генадзь Бурбуліс (дзяржаўны сакратар Расіі)


На большасці постсавецкай прасторы, у тым ліку і ў Беларусі немалая частка насельніцтва лічыць, што для знікнення СССР не было ніякіх аб’ектыўных перадумоў, і што такая «геапалітычная катастрофа» — вынік слабасці Міхаіла Гарбачова і злачынных дзеянняў Барыса Ельцына, Леаніда Краўчука і Станіслава Шушкевіча.

Прыхільнікі такой тэорыі прыгадваюць высілкі замежных (у большасці — амерыканскіх) спецслужбаў, якія нібыта дапамаглі разваліць «Союз нерушимый».

Але на самай справе СССР знік з-за неэфектыўнай эканамічнай і нацыянальна-дзяржаўнай мадэлі.

Эканамічныя заганы, напрыклад, па большасці былі ў тым, што моцныя рэгіёны падтрымліваліся слабымі, а гарады і сталіцы агульнасаюзнага значэння сілкаваліся за кошт іншых. У Нацыянальным архіве захаваўся цікавы дакумент. 5 студзеня 1940 года за подпісамі сакратара ЦК КП(б)Б Кулагіна і старшыні Саўнаркама БССР Кісялёва ўсім сакратарам абкамаў партыі і старшыням аблвыканкамаў была разасланая сакрэтная тэлеграма, паводле якой «в целях обеспечения вывоза мяса Ленинграду» да 1 лютага рэспубліка абавязвалася адправіць ў «колыбель революции» 1,5 тыс. тон гэтага прадукту. Калі Мінскі мясакамбінат павінен быў здаць 300 тон, то Гомельскі, Віцебскі і Аршанскі — 450, 300, 450 тон адпаведна.

Аб неэфектыўнасці СССР як нацыянальна-дзяржаўнага ўтварэння сведчыць, напрыклад, структура Вярхоўнага Савета СССР, дзе абсалютная большасць дэпутатаў была з Расійскай Федэрацыі.

Вялікую ролю ў сконе СССР адыгралі тупіковасць палітычнага ладу і рэпрэсіўны апарат. Трэба дадаць і актыўную знешнюю палітыку СССР, які актыўна падтрымліваў рэжымы савецкага тыпу, марнуючы на гэта велізарныя сродкі.

Як гэта ні парадаксальна, аднак распад СССР быў замацаваны і юрыдычна: і ў сталінскай (1936), і ў брэжнеўскай (1977) Канстытуцыях за саюзнай рэспублікай захоўвалася права свабоднага выхаду з СССР. Выступаючы на Надзвычайным VIII з’езде Саветаў 25 лістапада 1936 года, Іосіф Сталін, адказваючы на пытанне пра права выхаду з СССР, запэўніваў, што нічога страшнага ў гэтым няма. Калі нейкая рэспубліка раптам захоча выйсці з СССР, разважаў савецкі правадыр пад смех і апладысменты, то ёй некуды будзе выходзіць, бо яна з усіх бакоў аточана савецкімі рэспублікамі.

Усе гэтыя праблемы агаліліся падчас гарбачоўскай перабудовы, ужо тады ў СССР пачалі з’яўляцца сведчанні нацыянальна-дзяржаўнай дэцэнтралізацыі. На палітычную авансцэну выйшлі новыя сілы — народныя франты, якія не толькі дамагаліся пашырэння правоў саюзных рэспублік, але ставілі пытанне пра мэтазгоднасць існавання Савецкага Саюза. Так, у праекце Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі (ліпень 1990 года) дэпутацкая група БНФ прапаноўвала замацаваць норму, паводле якой саюзны Дагавор ад 30 снежня 1922 года дэнансаваўся.

Лёс магільшчыка СССР быў наканаваны Барысу Ельцыну — ураджэнцу, а затым кіраўніку Свярдлоўскай вобласці, які прабіўся на маскоўскі палітычны Алімп, а пасля вымушаны быў пакінуць яго. Новы шанец Ельцыну далі выбары народных дэпутатаў СССР у 1989 годзе. У сваёй акрузе ў Маскве Барыс Мікалаевіч атрымаў 90% галасоў і ўвайшоў у кнігу Рэкордаў Гінеса. Аднак на З’ездзе народных дэпутатаў ў маі 1989 года Ельцына чакала новая праблема. Яго не выбралі ў Савет Нацыянальнасцей — у адну з палатаў Вярхоўнага Савета. Тады свой мандат Ельцыну саступіў выкладчык і юрыст з Омска Аляксей Казаннік.

Барыс Ельцын і Аляксей Казаннік. Куды б павярнула гісторыя, калі б сціплы юрыст з Омска не аддаў свой мандат Ельцыну?

Барыс Ельцын і Аляксей Казаннік. Куды б павярнула гісторыя, калі б сціплы юрыст з Омска не аддаў свой мандат Ельцыну?


У маі 1990 года Ельцын стаў старшынёй расійскага Вярхоўнага Савета, які 12 чэрвеня 1990 года прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце РСФСР. За Ельцыным упэўнена замацаваўся імідж дэмакрата і барацьбіта з партнаменклатурай. Яго ўспаміны «Споведзь на заданую тэму» перадрукоўваліся беларускай незалежнай прэсай у пачатку 1990-х гадоў.

12 чэрвеня 1991 года Ельцын быў абраны прэзідэнтам Расіі: у першым туры ён перамог пяць кандыдатаў, у тым ліку і Уладзіміра Жырыноўскага. Стаўшы палітычным гаспадаром Расіі, Ельцын хутка зразумеў, што самая вялікая рэспубліка СССР можа пражыць і без агульнага Цэнтра. Ельцын і яго каманда, не без падстаў лічылі, што пры любым раскладзе Расія ўсё роўна застанецца ўплывовым гульцом на адной шостай часткі сушы і на кароткім павадку здолее трымаць суседзяў.

На шляху ажыццяўлення мэты Ельцыну дапамог путч 19-21 жніўня 1991 года. Пасля яго падаўлення прэзідэнт Расіі па папулярнасці пераўзышоў Міхаіла Гарбачова і стаў палітыкам нумар адзін.

7 снежня 1991 года Ельцын выступіў у Вярхоўным Савеце Беларусі, а на наступны дзень у дзяржаўнай рэзідэнцыі Віскулі (Белавежская пушча) было падпісанае знакамітае Белавежскае пагадненне (Пагадненне аб утварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў). У Пагадненні аб стварэнні СНД дэкларавалася дэнансацыя Дагавора аб стварэнні СССР ад 30 снежня 1922 г. Паводле Пагаднення, Саюз ССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняў сваё існаванне.

Роспуск СССР і стварэнне СНД насуперак негатыўным прагнозам аб грамадзянскай вайне і рэках крыві, не выклікаў дэстабілізацыі і абстаноўкі і сацыяльнага выбуху на постсавецкай прасторы. Большасць ужо былых савецкіх людзей даволі спакойна і абыякава развіталіся з савецкім ладам, які вычарпаў сябе ва ўсіх адносінах.

Апошняе слова было за Вярхоўным Саветам Беларусі. Станіславу Шушкевічу, які стаў кіраўніком парламента 18 верасня 1991 года, было вельмі патрэбна, каб Вярхоўны Савет ратыфікаваў Белавежскае пагадненне. Рабіць нейкія прагнозы было не варта, бо ў Вярхоўным Савеце 12-га склікання, які павінен быў разгледзіць лёс Белавежскага пагаднення, гаспадарылі камуністы. Тым не менш, 10 снежня 1991 года пытанне аб ратыфікацыі Пагаднення аб стварэнні СНД было ўнесена ў парадак дня.

Стэнаграма Вярхоўнага Савета Рэспублікі назаўсёды захавала выступы народных дэпутатаў па Пагадненні. Абсалютная большасць цалкам падтрымала Пагадненне: лічылася, што гэта адзінае выйсце з тупіковай сітуацыі. Вось што, напрыклад, гаварыў дэпутат Міхаіл Мачуленка: «Мы можем гордиться без натяжки взвешенностью, трезвостью и мудростью наших государственных деятелей в лице председателя Верховного Совета и председателя Совета Министров. Этот документ позволит преодолеть короткое замыкание в политическом мышлении каждому».

Вынікі галасавання па ратыфікацыі Белавежскага пагаднення былі наступнымі. З 266 дэпутатаў, што галасавалі, «за» прагаласавалі 263 парламентарыі, «супраць» — 1, устрымаліся — 2, не галасавалі 27 чалавек.

І да сённяшняга часу існуе легенда, што адзіным, хто галасаваў супраць ратыфікацыі Белавежскага пагаднення, быў народны дэпутат Аляксандр Лукашэнка. У прыватнасці, у жніўні 1995 годзе у вялікім інтэрв’ю краснаярскім журналістам Лукашэнка пацвердзіў гэта. Аднак пратакол галасавання сведчыць пра тое, што дэпутат Лукашэнка ўвогуле адсутнічаў на момант галасавання.

Супраць ратыфікацыі выступіў дэпутат Валерый Ціхіня, які назваў Белавежскае пагадненне «облаком в штанах».

Гарбачоў, пастаўлены перад фактам роспуску СССР, паспрабаваў захаваць твар, заявіўшы пра сваю гатоўнасць супрацоўнічаць з кіраўнікамі краін СНД. Аднак рэспублікі адмовіліся ад яго паслуг практычна дэманстратыўна і распачалі наступныя крокі па канчатковым скасаванні агульнасаюзных структур. 21 снежня 1991 г. у сталіцы Казахстана Алма-Аце быў падпісаны Спецыяльны пратакол да Пагаднення аб стварэнні СНД. Цяпер членаў Садружнасці налічвалася адзінаццаць. Акрамя Расіі, Беларусі і Украіны ў СНД увайшлі Азербайджан, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Таджыкістан, Туркменія і Узбекістан.

Краіны Балтыі і Грузія адмовіліся ад сяброўства ў СНД. Адначасова са Спецыяльным пратаколам ў Алма-Аце была падпісана Дэкларацыя. У ёй дзяржавамі-удзельнікамі СНД выяўлялася гатоўнасць пабудаваць дэмакратычныя прававыя дзяржавы, адносіны паміж якімі развіваліся б на аснове ўзаемнага прызнання і павагі дзяржаўнага суверэнітэту і суверэннай роўнасці, неад’емнага права на самавызначэнне, прынцыпаў раўнапраўя і неўмяшання ва ўнутраныя справы.

У Дэкларацыі фармальна прапісваўся механізм узаемадзеяння удзельніц Садружнасці, якое, як вынікала з гэтага дакумента, не з’яўлялася ні дзяржавай, ні «наддзяржаўным утварэннем». Гэта ўзаемадзеянне павінна было ажыццяўляцца праз інстытуты каардынавання, якія дзейнічаюць на парытэтнай аснове. У гэтых мэтах на аснове спецыяльнага Пагаднення былі створаны Савет кіраўнікоў Дзяржаў і Савет кіраўнікоў Урадаў.

Было зразумела, што Расія з яе эканамічным патэнцыялам, вытворчымі і працоўнымі рэсурсамі з'яўляецца лідарам Садружнасці. Таму без асаблівых ускладненняў ўдзельнікі сустрэчы ў Алма-Аце падпісалі рашэнне, у адпаведнасці з якім дзяржавы СНД падтрымалі Расію ў тым, каб яна працягнула сяброўства СССР у ААН, уключаючы пастаяннае месца ў Радзе Бяспекі і іншых міжнародных арганізацыях. Нарэшце, на сустрэчы ў Алма-Аце 21 снежня 1991 годзе было урэгулявана «ядзернае пытанне». Адпаведныя абавязацельствы дзяржавы-ўдзельніцы СНД бралі на сябе згодна з Пагадненнем аб сумесных захадах у дачыненні да ядзернай зброі. Так, краіны СНД не павінны былі першымі ўжываць ядзерную зброю.

Артыкул пяты Пагаднення забараняў бакам перадаваць каму б там ні было ядзерную зброю або іншыя ядзерныя выбуховыя прылады, а таксама кантроль над імі ні прама, ні ўскосна. У сваю чаргу, Беларусь і Украіна павінны былі далучыцца да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі 1968 года i заключыць з Міжнародным агенцтвам па атамнай энергіі (МАГАТЭ) пагадненне аб гарантыях. У пагадненні гаварылася пра тое, што да 1 ліпеня 1992 г. Беларусь, Казахстан і Украіна павінны былі забяспечыць вываз тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыю Расіі «з мэтай яе знішчэння».

Пасля Алма-Ацінскай сустрэчы Гарбачову нічога не заставалася рабіць, як падаць у адстаўку. Ён абвясціў аб сваім сыходзе 25 снежня 1991 г. па цэнтральным тэлебачанні. Трэба аддаць належнае Гарбачову: абвінавачваючы кансерватыўныя сілы ў супрацьдзеянні прагрэсіўным рэформам, ён не здымаў ільвіную долю віны і з сябе асабіста.