У чым загана дыскусіі «санкцыі ці перамовы?»

Зянон Пазняк і праз чвэрць стагоддзя пасля таго, як пакінуў Беларусь, застаецца прыкметнай фігурай на палітычным полі. Адзін кароткі артыкул лідэра КХП-БНФ з новай сілай распаліў полымя спрэчак аб метадах уздзеяння на рэжым Лукашэнкі.


«Падзеі выглядаюць так, што ў інтарэсах беларускага народа трэба... прыпыніць эканамічныя санкцыі, замарозіць іх (бо санкцыі ўладу дыктатара не зваляць), і ўступіць у перамовы з процілеглым бокам аб спыненні рэпрэсіяў, катаванняў людзей, аб спыненні пераследу грамадзянскай супольнасці» — піша Зянон Пазьняк.

Пасланне ад стваральніка БНФ выклікала шквал каментароў. Як водзіцца, да адзінага меркавання ні чытачы, ні эксперты не прыйшлі. Мінусы і санкцыйнага сцэнара, і перамоўнага відавочныя, а плюсы — не. У выніку раскрытыкаваць кожны з варыянтаў значна прасцей, чым абгрунтаваць.


Чаму не санкцыі?

Каб адказаць на гэтае пытанне, дастаткова зірнуць на Кубу, якая дзесяцігоддзямі знаходзіцца пад амерыканскай эканамічнай блакадай. Ёсць яшчэ Венесуэла, якую абклалі так, як і не снілася Беларусі — аднак нават смерць Уга Чавеса не прывяла да падзення аўтарытарнага рэжыму. Дый іншых прыкладаў, калі знешні ціск не прынес жаданага выніку, хапае.

У Лукашэнкі ж ёсць адна істотная перавага перад вышэйзгаданымі кейсамі — заходні сусед, які робіць ізаляцыю немагчымай. Затое санкцыі выступаюць каталізатарам збліжэння Беларусі з Расеій: лекі могуць апынуцца яшчэ горш за хваробу.


Значыць, перамовы?

На жаль, і тут праблем больш, чым рашэнняў. Пазьняк не расшыфраваў, як яму бачыцца гэты працэс. А папярэднія ахвотныя ўступіць у дыялог з Лукашэнкам акурат на гэтым тыдні атрымалі 11 і 10 гадоў пазбаўлення волі.

Падазраю, што гіпатэтычная перамоўная пазіцыя кіраўніка Беларусі можа зводзіцца да наступнага: Захад здымае санкцыі, працягвае весці справы са мной, а я згортваю праграму нелегальнай міграцыі і адпускаю «раскаяных». Выглядае гэта цалкам лагічна, але толькі з пункту гледжання самога Лукашэнкі.

Пад іншым вуглом усё глядзіцца інакш: закладнікаў трымаюць у пякельных умовах, праз год —тых, хто падпісаў прашэнне аб памілаванні адпускаюць, паралельна набіраючы на вызваленыя (у дадзеным кантэксце гэтае слова гучыць вельмі змрочна) месцы новых. Так сабе прапанова для здзелкі.

Складваецца ўражанне, што гатоўнасць Лукашэнкі да рэальных саступак знаходзіцца ў зоне адмоўных значэнняў. Кіраўнік Беларусі спрабуе кампенсаваць свае страты ад канфлікту з Захадам, прадаючы яго ж (канфлікт) Крамлю. На ўсходнім фронце таксама, вядома, усё няпроста, але 20-гадовы вопыт выбудоўвання адносін з Масквой па прынцыпе «хвост круціць сабакам» дазваляе Лукашэнку спадзявацца, што ён і гэтым разам атрымае больш, чым страціць.


Дык што тады?

На самай справе «санкцыі або перамовы» – ілжывая дылема. У тым ліку таму, што такая пастаноўка пытання падмяняе ўнутраны парадак знешнім. Уплыў жа з-за межаў у Беларусі на развіццё падзей у краіне можа насіць дапаможны характар, але не вырашальны.

Лукашэнка гэта выдатна разумее: цяперашняя татальная зачыстка ўсяго падазронага аж да таварыства пчаляроў мае на мэце поўны кантроль над сітуацыяй у Беларусі, а не на міжнародных пляцоўках. А вось фокус увагі многіх яго апанентаў зрушыўся на Еўрасаюз і ЗША.

Аднак у Захаду дакладна няма «чароўнай таблеткі», якая дазваляе хутка вырашыць наш крызіс. Больш за тое, у тых, хто прымае рашэнні ў ЕС і ЗША, не відаць нават жадання сістэмна займацца беларускай праблематыкай. Усё зводзіцца да рэакцыі на дзеянні Лукашэнкі, — часцяком запозненай і фармальнай.

Адзіна магчымы выхад для прыхільнікаў пераменаў заключаецца ў тым, каб рабіць стаўку ў першую чаргу на ўнутраныя рэсурсы пры ўсёй зразумелай іх абмежаванасці ў дадзены момант (гэта тэма для асобнага артыкула).

Але і «асфальтаўкладчык» Лукашэнкі цяпер пракладае маршрут па балоце. Ніхто, уключаючы «кіроўцу», не ведае, ні колькі бензіну засталося ў баку, ні калі машына нарвецца на такую дрыгву, якую не зможа пераадолець.

І, калі гэта здарыцца, лепш, калі вызначальнае значэнне будуць мець Мінск, Гродна, Пухавічы і гэтак далей, а не Вашынгтон, Брусель або Масква.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: