У Нью-Ёрку закрыюць Генеральнае консульства Беларусі

У афіцыйнай заяве беларускага МЗС гаворыцца, што гэта адбудзецца па патрабаванні амерыканскага боку, паведамляе «Радыё Свабода».

47021026_303.jpg


«Паведамляем, што па патрабаванні амерыканскага боку Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь у горадзе Нью-Ёрку спыніць сваю працу 21 кастрычніка 2021 г.», — адзначаецца на сайце консульства.
Пасля закрыцця консульства беларусы, якія жывуць на тэрыторыі консульскай акругі Генеральнага консульства (уключаючы Канаду), змогуць звяртацца па ажыццяўленне консульскіх дзеянняў у Пасольства Рэспублікі Беларусь у ЗША ў Вашынгтоне.
У жніўні Беларусь адклікала агрэман амбасадаркі ЗША ў Беларусі Джулі Фішар. Спачатку ўлады краіны адмовілі ёй у беларускай візе ў якасці сіметрычнага адказу на амерыканскія санкцыі, а затым адклікалі згоду на прызначэнне ў якасці амбасадаркі.
З 17 кастрычніка грамадзяне Злучаных Штатаў Амерыкі не змогуць ўязджаць у Беларусь без віз.