Ува што ўперлася ўладная вертыкаль?

Грамадствы рызыкі, якія спецыялізуюцца на павелічэнні капіталу, варта адрозніваць ад грамадстваў, заснаваных на нейтралізацыі пагроз.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


«Нашы недахопы, — як справядліва заўважыў французскі пісьменнік Франсуа дэ Ларошфуко (1613–1680), — з'яўляюцца працягам нашых вартасцей». Афарызм інтэлектуала эпохі Адраджэння, калі да яго прыгледзецца, нічога не дадае да прымаўкі «за што бароліся, на тое і напароліся».

Так званая беларуская мадэль справядлівасць афарызму і адначасова справядлівасць прымаўкі пацвярджае — і чым далей, тым відавочней.

Асноўны гонар беларускай мадэлі, на думку яе аўтара, — вертыкаль улады. Менавіта ёй, калі хто не ведае, беларусы абавязаныя свайму шчасцю. Прыгадаем «ліхія 90-я», калі «пасля распаду Савецкага Саюза мы засталіся адны, плюс яшчэ з савецкімі рублямі».

У вертыкалі ўлады існуе мноства пераваг, для спасціжэння якіх не патрэбная вышэйшая адукацыя. Наадварот, наяўнасць універсітэцкага дыплома здольная толькі перашкодзіць атрыманню эстэтычнага і іншых відаў задавальнення ад яе сузірання.

Не выключана, што фразеалагізм «просты як валёнак» і быў народжаны ў працэсе сузірання гэтай немудрагелістай уладнай фалічнай годнасці. Такая немудрагелістасць і дазваляе кожнаму ахвочаму, задраўшы галаву, угледзець на яе вяршыні галоўнага вытворцу ўсіх выгод.

Аднак, як было адзначана ў пачатку опуса, «нашы недахопы з'яўляюцца працягам нашых вартасцей». Права таго, хто знаходзіцца на вяршыні ўладнай вертыкалі, распараджацца ўсім, спараджае і адказнасць за ўсё. Дробязь, але непрыемная…

Тым, хто сумняваецца, прывяду адпаведную цытату: «Ва ўсім, што ў нашай краіне адбываецца дрэннага, — вінаваты я. Я ўзначальваю ўладную вертыкаль у краіне і нясу за гэта адказнасць. І народ павінен цяпер з мяне пытацца» (1 верасня 2010 года).

Але адна справа — несці адказнасць на стадыі эканамічнага росту, як гэта было ў нулявыя гады, і зусім іншая — на этапе застою.

Крыху эканамічнай статыстыкі: за першае дзесяцігоддзе XXI стагоддзя эканоміка штогод прырастала на 7,4%, за другое — на 1%. Таму не варта здзіўляцца наступнаму прызнанню, зробленаму на Пятым Усебеларускім народным сходзе ў чэрвені 2016 года: «Я не ведаю, для чаго, але мне ў апошні час усе па вертыкалі спрабуюць нешта далажыць. Я так разумею: атрымаць дабраславенне, каб у выпадку недахопаў і правалу я потым за гэта і адказваў? <...> Вы — людзі пісьменныя, якія прайшлі тую ж школу, што і я, непасрэдна працуеце ў тых сферах, у якіх кіруеце, — дзейнічайце. Таму хопіць сёння хадзіць адзін за адным і пытацца дазволу! Вы ведаеце, як рабіць, што рабіць і якіх мэт дамагацца. Усё — у простым. Інавацыі, IT-тэхналогіі, прыватызацыя і іншае — усё гэта зразумела, мы ўжо гэта асвоілі. Але ўсё, і наша жыццё таксама, у простым — трэба распранацца і працаваць да сёмага поту!»

Тлумачэнне Сімона Кардонскага

Што можа быць прасцей за ўладную вертыкаль? «Інавацыі, IT-тэхналогіі, прыватызацыя і іншае...» Нас гэтым не запалохаеш. Мы гэта ўжо асвоілі. Гэта ў нямецкім канцэрне «Volkswagen» ламаюць галаву над тым, як у перыяд з 2019-га па канец 2023 года інвеставаць 44 мільярды еўра ў развіццё электрамабіляў і аўтаномных машын.

Мы дзейнічаем больш проста (глядзі вышэй). Таму для інавацыйных прарываў нам грошай не трэба. Мы ішлі і працягваем ісці сваім шляхам. Скарачэнне інвестыцый відавочна дэманструе нязменнасць аднойчы абранага курсу. У прыватнасці, за студзень-жнівень, згодна з Белстатам, інвестыцыі ў асноўны капітал знізіліся ў Беларусі на 8,1%. Годам раней падзенне было не такім вялікім — 1,7%.

Доля інвестыцый у ВУП за восем месяцаў склала 16%. Шмат гэта ці мала? Міжнародны вопыт сведчыць, што для ўстойлівага росту гэты паказчык павінен быць не меншым за 25%. У Кітаі на піку эканамічнага росту ён перавышаў 40%.

Але чаму мы вырашылі, што эканамічны рост у нас лічыцца прыярытэтам? Зразумела, ад дармовага росту ніхто не адмовіцца, але беларуская мадэль — не пра рост, а пра ўтрыманне ўлады. Таму дзейнасць па нейтралізацыі пагроз для нас важнейшая за дзейнасць, накіраваную на эканамічнае развіццё.

«Ёсць грамадствы рызыкі, — тлумачыць сацыёлаг Сімон Кардонскі, — заходнія грамадствы. Яны рызыкуюць на глабальным рынку — і ў якасці выніку атрымліваюць капітал. А ў нас грамадства, заснаванае на нейтралізацыі пагроз. Падчас гэтай нейтралізацыі захоўваецца цэласнасць дзяржавы, для чаго яна і існуе. Ёсць цэлы дзяржаўны і грамадскі інстытут экспертаў, якія вынаходзяць пагрозы, пераконваюць грамадства ў іх рэальнасці і выбіваюць грошы на іх нейтралізацыю».

Лепш позна, чым ніколі

Патрэбу ў тых, хто можа вынаходзіць пагрозы, беларуская мадэль адчувала пастаянна. Але з лета 2020 года назіраецца тое, што немагчыма асэнсаваць без сфармуляванага бацькам сучаснай дыялектыкі Гегелем закону пераходу колькасных змен у якасныя.

Новая якасць нечакана выявіла няздольнасць вертыкалі не толькі забяспечваць эканамічны рост, але і супрацьстаяць новым пагрозам, якія множыліся, нібы трусы.

Вертыкаль — гэта перш за ўсё цэнтралізацыя ў прыняцці рашэнняў. Яна здольная даваць рады, калі колькасць пагроз абмежаваная. Аднак летам 2020-га сума яе вартасцей трансфармавалася ў адзін вялікі недахоп. Для выжывання спатрэбілася чарговым разам ісці ад жыцця.

Цытую: «Былі перыяды, калі трэба было гэта ўсё канцэнтраваць. Але сёння мы павінны дэцэнтралізаваць, расканцэнтраваць гэта ўсё. Размеркаваць па зонах адказнасці».

Нагрузкі на першую асобу сталі празмерныя. Наш гарант, як і любая першая асоба, больш за адну кроплю з мора інфармацыі апрацоўваць не ў стане. Зрэшты, 27 гадоў ад адзінага палітыка большага і не патрабавалася.

Аднак смажаны певень клюнуў. Лепш позна, чым ніколі: «Калі б своечасова ўзяліся за пераразмеркаванне паўнамоцтваў органаў улады, можа быць, і размоў бы па Канстытуцыі не было. Але ўрэшце трэба раз і назаўсёды вызначыцца, што з прэзідэнта праз чвэрць стагоддзя трэба здымаць асноўныя нагрузкі, яму неўласцівыя як кіраўніку дзяржавы».

Быў бы жывы аўтар Эклезіяста, ён бы дапоўніў свой пералік яшчэ адной сентэнцыяй: «Усяму свой час, і час усякай рэчы пад небам: час канцэнтраваць паўнамоцтвы і час пераразмяркоўваць...»


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: