Усаў: У ідэале ўлады хацелі б, каб 50–100 тысяч чалавек пакінулі Беларусь

Рэжым пайшоў бы на знішчэнне грамадзянскай супольнасці незалежна ад таго, ці былі б уведзеныя Захадам істотныя санкцыі ці не, —  заявіў «Беларускаму партызану» кіраўнік Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу (Варшава) Павел Усаў.

img_20200906_145244.jpg

— Пазаўчора Лукашэнка выказаўся пра 1,5 тысячы "мярзотных НГА" — і ўчора ў Беларусі прайшлі масавыя ператрусы ў праваабаронцаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, актывістаў. Чаго дамагаюцца ўлады?

— Перш за ўсё, ёсць імкненне цалкам ліквідаваць у Беларусі контрэліту — культурную, палітычную, інтэлектуальную. Цалкам знішчыць прысутнасць якой-небудзь альтэрнатывы ў палітычнай прасторы.

Улады прыступілі да знішчэння пасіянарнай супольнасці ў Беларусі. У ідэале для іх важна, каб гэтая пасіянарная групоўка прыкладна ў 50-100 тысяч чалавек — тых, хто з'яўляецца рухавіком усіх палітычных і альтэрнатыўных працэсаў у Беларусі, — была выціснутая з краіны. Сістэма фізічна не можа справіцца з імі, таму прымушае да эміграцыі.

Гэта як праграма-максімум. Як праграма-мінімум — часткова рэпрэсаваць гэтую пасіянарную групоўку, паставіць на ўлік (пра што калісьці казаў кіраўнік МУС Кубракоў). Каб такім чынам быў усталяваны татальны кантроль у краіне, што ў нейкай ступені стабілізуе сістэму і дазволіць ёй паменшыць рэпрэсіі.

Рэпрэсіі — вельмі дарагая рэч, якая патрабуе вялізнага эканамічнага і сацыяльнага напружання. Пры рэпрэсіях сістэма доўга функцыянаваць не зможа.

Улады імкнуцца як мага хутчэй знішчыць любыя пагрозы або асяродак, у якім могуць з'явіцца пагрозы, каб спыненне рэпрэсій не выклікала рэакцыі ў адказ. Паколькі праз нейкі час ва ўмовах пагаршэння эканамічнай і сацыяльнай сітуацыі можа паўстаць новы ўсплёск пратэстаў.

— Чаму пагром грамадзянскай супольнасці адбываецца праз год пасля падзей жніўня 2020 года?

— Было некалькі этапаў у працэсе зачысткі, першапачаткова ўлады былі сканцэнтраваныя на знішчэнні адкрытага пратэсту. З-за недахопу рэсурсаў да астатняга рукі не даходзілі.

Цяпер, калі асноўныя пагрозы для ўлады ліквідаваныя, мы ўжо назіраем апошні этап зачысткі, які ахапіў галоўныя СМІ і інстытуты грамадзянскай супольнасці.

Акрамя таго, гэта адказ на санкцыі. Беларуская дэмакратычная супольнасць была ўзятая ў закладнікі. Нездарма міністр замежных спраў Уладзімір Макей казаў, што калі санкцыі будуць уведзеныя, грамадзянская супольнасць будзе знішчаная.

Так і адбываецца. Праўда, варта зрабіць адну папраўку: улады пайшлі б на знішчэнне грамадзянскай супольнасці незалежна ад таго, увялі б санкцыі ці не.

belaruspartisan.by, пераклад НЧ