Узлёт або падзенне? Як Лукашэнка паспрабаваў пусціць пыл у вочы Баскаву і іншым

Кар’ернае падзенне Дзмітрыя Баскава паспрабавалі замаскіраваць новай пасадай, на якой ён, магчыма, нават не будзе атрымліваць заробак.

1045803812_0_50_1500_710_1920x0_80_0_0_86429f69002a6e59fa8df11b98854430.jpg


У апошнія дні ўладам давялося спешна шукаць адказ на пастанову Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) дыскваліфікаваць Дзмітрыя Баскава на пяць гадоў, забараніўшы яму ўдзельнічаць ва ўсіх міжнародных і нацыянальных хакейных мерапрыемствах, піша «Беларускі партызан».

Спачатку ў федэрацыі хакея Беларусі заявілі, што не паддадуцца на ціск і Баскаў застанецца старшынёй арганізацыі. Але ўжо праз два дні ён быў вымушаны напісаць заяву аб адстаўцы.

Лукашэнка не мог прамаўчаць пра санкцыі супраць свайго партнёра па хакейнай камандзе і трэнера малодшага сына. У нядзелю на вучэннях «Захад-2021» кіраўнік Беларусі накінуўся на ворагаў са словамі: «Пачынаюць ціснуць нашых хлопцаў ні за што. Выйшаў Баскаў са сцягам за прэзідэнта — а, ты вораг. Мы цябе патрабуем выключыць з Федэрацыі і гэтак далей. Мярзотнікі, дробнатраўчатыя, дробязныя. Гэта сапраўды несалідныя паводзіны».

Але па вымушаным звальненні Баскава было відаць, што з рэальным адказам на санкцыі супраць паплечніка ўзніклі праблемы — абараніць чалавека, які аддаў жыццё правячаму рэжыму і хакеі, не змаглі.

Але для ўнутранага спажывання Лукашэнка прыдумаў гісторыю з «павышэннем» Баскава да чальца Савета Рэспублікі.

У аўторак Лукашэнка ў прысутнасці старшыні верхняй палаты парламента даў наказ новаму «сенатару»: «Для цябе гэта такі, будзем адкрыта казаць, пэўны ўзлёт у тваім узросце. Думаю, што за час працы ў Сенаце краіны досведу палітычнага паднакопіш».

Да стварэння пазітыўнай гісторыі само сабою падключылі і прапагандыстаў. Адзін з праўладных тэлеграм-каналаў нават не пасаромеўся напісаць: «Тысячы беларусаў віншуюць Дзмітрыя Баскава з прызначэннем!»

Але ў чым канкрэтна заключаецца «ўзлёт» для Баскава? Не сакрэт, што Савет Рэспублікі пры рэжыме Лукашэнкі з’яўляецца дэкаратыўным органам, які як агню пазбягае самастойных рашэнняў. Яго называюць нават «сінекурай для пенсіянераў з высокіх пасадаў».

У тэорыі Савет Рэспублікі можа праводзіць супраць прэзідэнта расследаванне і ініцыяваць яго адстаўку, але на практыцы нават яго кіраўнік Наталля Качанава займаецца выкананнем прамых даручэнняў Лукашэнкі, прычым часцяком дробных: ён прылюдна называе яе сваім «салдатам».

Хто ведае яшчэ хаця б трох «сенатараў» акрамя Качанавай? Ці кажуць вам нешта прозвішчы Гедзіч, Драздоўскі, Жынгель? Не хвалюйцеся, усім астатнім таксама. Цяпер да іх дадасца Баскаў. Замест рэальных паўнамоцтваў у сферы, якой ён аддаў усё свядомае жыццё, Баскаў атрымлівае пасаду з незразумелымі магчымасцямі.

Нават не факт, што Баскаў будзе атрымліваць на новай пасадзе зарплату. Яе выплачваюць у Савеце Рэспублікі тым, хто ажыццяўляе свае паўнамоцтвы «на прафесійнай аснове». Іншымі словамі, тым, хто пастаянна заняты ў парламенце — гэта, перш за ўсё, Качанава і яе намеснікі.

Шараговаму чальцу Савета Рэспублікі выплачваецца даплата, калі яго зарплата па асноўным месцы працы ніжэй даходаў «сенатара», які ажыццяўляе паўнамоцтвы на прафесійнай аснове.

З улікам таго, што на прызначэнні Баскаў з’явіўся з гадзіннікам, кошт якога ацанілі ў прыкладна 12 тысяч долараў, на даплату ён можа і не прэтэндаваць. Вядома, што ў яго — долі ў некалькіх бізнэсах.

Як бы не казалі ў дзяржСМІ, такі «ўзлёт» больш падобны на падзенне.