Валерый Карбалевіч: Дзяржава фактычна самаліквідавала некаторыя свае функцыі

Дзяржава рэдукавалася да ўзроўню рэжыму. Калі дзяржава — інстытут, які павінен выказваць агульнанацыянальныя інтарэсы, то функцыі рэжыму — захаванне ўлады.

15972917_303.jpg

У нядзелю, 4 кастрычніка, у Беларусі прайшлі Маршы за вызваленне палітвязняў. Зноў на вуліцах гарадоў гула ваенная тэхніка, зноў было брутальнае прымяненне сілы і затрыманні дэманстрантаў.


Аб цяперашняй стадыі супрацьстаяння ў Беларусі і перспектывы пераменаў Thinktanks.by пагутарыў з аналітыкам цэнтра "Стратэгія" Валерыем Карбалевічам.
— Што паказалі два месяцы мірных пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту з боку дзяржавы? Якая дынаміка пратэстаў?
— Калі меркаваць толькі па нядзельных маршах, то асаблівай дынамікі няма. Ваганні адбываюцца, але ў межах звыклага аб'ёму людзей, якія выходзяць на вуліцы ў нядзелю. Магчыма, зменшылася колькасць пратэстуючых у рэгіёнах, дзе рэпрэсіі праходзяць у вялікіх аб'ёмах і больш эфектыўна.
Калі ж ацэньваць перыяд з моманту заканчэння прэзідэнцкіх выбараў, пратэставы патэнцыял беларусаў вельмі вялікі, ён не скончыўся, ён працягваецца. Больш за тое, ён прымае новыя дынамічныя формы. Я маю на ўвазе, што зараз гэта не проста вуліца, ужо створаны рэгіянальныя структуры грамадзянскай супольнасці, у дамах, у дварах, у мікрараёнах, з'явілася вялікая колькасць інтэрнэт-чатаў — працэс структураваўся. І мы маем грамадзянскую супольнасць, супраць якой рэжым Лукашэнкі змагаўся ўсе 26 гадоў свайго кіравання, не даваў ёй вырасці. Але літаральна на працягу некалькіх апошніх месяцаў у краіне сфармавалася паўнавартасная грамадзянская супольнасць, ва ўсякім выпадку ў сталіцы. Дзякуючы ёй з'яўляюцца дадатковыя кропкі апоры для арганізацыі. Акрамя сацыяльных сетак, акрамя тэлеграм-каналаў, з'яўляюцца чаты мясцовых супольнасцяў. І гэта дае падставы сцвярджаць, што ўладам будзе вельмі няпроста справіцца з пратэстам.
— Маштабы пратэстаў мы прывыклі ацэньваць па нядзельных маршах. Але ж астатнія шэсць дзён мы назіраем народныя гулянні ў дварах і па раёнах, вулічныя канцэрты, жаночыя маршы па суботах. Падобна на тое, палітычны пратэст перарос у нешта іншае?
— Не, проста палітычны пратэст набывае розныя формы, формы структурызацыі грамадзянскай супольнасці. Зараз гэта не проста натоўпы людзей, якія выходзяць на вуліцу. Гэта арганізаваныя натоўпы людзей, хай і без адзінага цэнтра. Тут вельмі важны працэс самаарганізацыі, што і з'яўляецца галоўным элементам, прыкметай фарміравання грамадзянскай супольнасці. А з'яўленне грамадзянскай супольнасці будзе мець доўгатэрміновыя наступствы: зараз проста так правесці любую электаральную кампанію, як атрымлівалася дагэтуль, не атрымаецца; любая электаральная кампанія, ці тое мясцовыя выбары, ці рэфэрэндум па Канстытуцыі, выльецца ў рэзкую палітызацыю грамадства. Цяпер ужо па-ціхаму электаральную кампанію правесці не ўдасца, нават калі цяпер у рэжыма і атрымаецца задушыць пратэст.
— А такая пагроза існуе?
— Безумоўна, існуе. Назіраецца пэўная раўнавага сілаў. Ва ўлады таксама ёсць моцныя аргументы: падтрымка дзяржапарату, падтрымка сілавых структур, масавыя рэпрэсіі, прычым рэпрэсіі ажыццяўляюць не толькі сілавыя і праваахоўныя органы, а практычна ўсе дзяржаўныя інстытуты. На прадпрыемствах пераследуюць удзельнікаў забастовак, і ва ўстановах адукацыі, органы апекі пагражаюць бацькам, якія ходзяць на акцыі, забраць дзяцей — розныя дзяржаўныя органы ўдзельнічаюць у рэпрэсіях. У тым пэўная сіла рэжыму.
— Два месяцы пратэстаў, але бачных прыкмет эрозіі дзяржаўнай машыны няма. Чаму?
— Асобныя прыкметы эрозіі ёсць. Напрыклад, у разгар палітычнага крызісу Лукашэнку прыйшлося змяняць ключавыя фігуры сілавога блока: старшыні КДБ, дзяржсакратара Савета бяспекі, генеральнага пракурора — падчас крызісу чыноўнікаў такога ўзроўню так проста не мяняюць. Але ў цэлым мы можам сказаць, што расколу элітаў, расколу наменклатуры не адбылося. І гэта можна растлумачыць вельмі проста: у Беларусі моцны кансалідаваны рэжым.
У чым прынцыповае адрозненне Беларусі ад Югаславіі, Грузіі, Украіны, дзе адбыліся каляровыя рэвалюцыі? Ва ўсіх краінах апазіцыя мела істотныя плацдармы ў дзяржаўнай сістэме: там былі фракцыі апазіцыі ў парламентах, там былі цэлыя рэгіёны, якія кантралявала апазіцыя: ва Украіне — Львоўшчына, заходнія вобласці. А людзі, якія прэтэндавалі на ўладу, з'яўляліся выхадцамі з сістэмы. У Беларусі ў гэтым сэнсе сітуацыя абсалютна стэрыльная: у палітычнай сістэме наогул няма прадстаўнікоў апазіцыі. На апошніх мясцовых выбарах толькі адзін апазіцыянер ад БХД зачасаўся — адзін-адзіны па ўсёй краіне. Гэта азначае, што беларускія дзяржаўныя інстытуты не падкантрольныя грамадству, яны жывуць у паралельнай ад грамадства прасторы. Таму ўсе спробы маральна-сілавога ціску на дзяржаўныя інстытуты не далі эфекту. Гэта адбылося таму, што вертыкаль ніяк не залежыць ад грамадства: існуе жорсткая іерархія вертыкалі ўлады, у якой кожная прыступка падпарадкоўваецца вышэйшай інстанцыі. Менавіта таму ўлада і не рэагуе на народныя патрабаванні.
— За апошнія два месяцы дзяржаўны механізм зведаў сур'ёзныя змены. Як іх можна характарызаваць?
— Мы можам канстатаваць, што дзяржава фактычна самаліквідавала некаторыя свае функцыі. Такія, як правасуддзе, — яно практычна знікла, закон перастаў дзейнічаць у Беларусі. Можам сказаць, што функцыя абароны суверэнітэту знікла, ці знікае: калі Лукашэнка просіць прэзідэнта суседняй краіны ўвесці войскі на тэрыторыю сваёй краіны для абароны сваёй улады — прабачце, тут ад суверэнітэту мала што засталося. Глядзіце, з якім імпэтам Міністэрства замежных спраў пачынае паліць масты на заходнім напрамку; такое ўражанне, што знешнюю палітыку Беларусі ўжо вызначаюць не ў Мінску, а ў Маскве. Знешняя палітыка Беларусі знікае.
Звярніце таксама ўвагу на палітыку ў дачыненні да эканамічных суб'ектаў, якіх падазраюць у нелаяльнасці — дзяржава не ажыццяўляе эканамічную функцыю.
Мы можам сказаць, што дзяржава рэдукавалася да ўзроўню рэжыму. Калі дзяржава — інстытут, які павінен выказваць агульнанацыянальныя інтарэсы, рэгуляваць агульнанародныя працэсы, то функцыі рэжыму — захаванне ўлады, самавыжыванне рэжыму. Фактычна да гэтага звялася ўся дзейнасць дзяржавы. Мне здаецца, гэта вельмі важны зрух, які будзе мець далёка ідучыя наступствы: дзяржаўныя функцыі прыйдзецца аднаўляць, што ў рамках існуючага рэжыму напэўна ўжо немагчыма.
— Наколькі вялікі рэсурс для выжывання ў такога рэжыму, перш за ўсё — эканамічны рэсурс?
— Мы ведаем прыклады, калі ў вельмі бедных краінах аўтарытарныя рэжымы існуюць вельмі доўга. Шмат што залежыць ад таго, наколькі сур'ёзную шкоду нанеслі пратэсты рэжыму і эканоміцы. Цяжка прадказаць, як доўга будуць працягвацца пратэсты ў Беларусі, цяжка казаць пра тое, якую пазіцыю зойме Масква. Пакуль яе пазіцыя не вельмі ясная: калі Масква запатрабуе сыходу Лукашэнкі — гэта адна сітуацыя, калі не — зусім іншая.
У гадах ці тэрмінах складана ацэньваць рэсурс выжывання. Мы існуем ва ўмовах вельмі вялікай нявызначанасці, каб можна было называць нейкія тэрміны.