Віктар Шэйман: «хросны бацька» нацыянальнай сімволікі

У палітычнай біяграфіі Віктара Шэймана маецца цікавая старонка: галасаванне 19 верасня 1991 года па наданні бел-чырвона-беламу сцягу і гербу «Пагоня» статусу дзяржаўных сімвалаў. Менавіта яго голас стаў вырашальным.

cms_image_000029389.jpg


Як галасавалі?

Галасаванне па новай дзяржаўнай сімволіцы адбывалася вельмі марудна. Пракамуністычная большасць Вярхоўнага Савета ўпарта не жадала бачыць бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоню» ў якасці дзяржаўных. Адзін з галоўных аргументаў палягаў у тым, што гэтыя сімвалы выкарыстоўваліся нямецка-фашысцкімі акупантамі, а таму ні ў якім разе не могуць быць дзяржаўнымі. Пераканаўчыя адказы прыхільнікаў новай сімволікі (напрыклад, старшыні камісіі парламента па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны Ніла Гілевіча) наконт таго, што трэба адмовіцца і ад беларускай мовы, бо яна таксама выкарыстоўвалася нямецка-фашысцкімі акупантамі ў справодстве, школьнай справе, не мелі поспеху.

Праект закона пра новую сімволіку не набіраў патрэбнай колькасці галасоў. 19 верасня 1991 года за праект закона «Аб дзяржаўна-нацыянальным сцягу Рэспублікі Беларусь» свае галасы аддаў 201 народны дэпутат. «Супраць» прагаласавалі дэпутаты-ветэраны Валянцін Сарокін і Міхаіл Сасноўскі. Устрымаліся 28 народных абраннікаў. Усяго ў галасаванні ўдзельнічаў 231 дэпутат. Неабходны кворум складаў 231 чалавек.

Вось што казаў Сарокін: «Символ всадника, размахивающего мечом, уже сейчас не отвечает духу современной эпохи. Если исходить из национальных традиций Белоруссии, то национальной истории и национальной самобытности белорусского народа, наверное, больше бы соответствовал герб «Зубр». Теперь о флаге. На этом флаге кровь сотен тысяч жителей Белоруссии, замученных, расстрелянных и заживо сожжённых предателями белорусского народа, полицаями, входящими в полки самообороны, и другими, кто принимал участие в истреблении белорусского народа. И сейчас эти недобитые фашисты в Соединённых Штатах Америки, в Англии и Канаде, объединённые в ветеранские организации, под этим флагом проводят свои сборища и мечтают о возвращении в Белоруссию. Считаю, что будет аморально с нашей стороны принять этот флаг в качестве флага нового независимого суверенного нашего государства. Это решение будет подлостью и мерзостью по отношению к безвременно ушедшим в бессмертие».

Сарокін прызнаў, што з прыняццём законаў аб незалежнасці, наданнем Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце 27 ліпеня 1990 года статусу Канстытуцыйнага закона, рэспубліка ўступіла ў новую фазу прававога будаўніцтва. Сарокін таксама прызнаў, што наспеў час «сменить герб и изменить флаг». Дэпутат прапанаваў стварыць адмысловую конкурсную камісію, распрацаваць эталоны новай сімволікі і вынесці іх на рэферэндум.

Што да герба, то яго падтрымалі 204 дэпутаты («супраць» не прагаласаваў ніхто) пры кворуме ў 231 чалавек.Як жа галасавалі і дагэтуль вядомыя асобы? Будучы беларускі кіраўнік Лукашэнка ўстрымаўся, а яго зямляк і будучы кіраўнік справамі прэзідэнта Іван Ціцянкоў не галасаваў увогуле. Новую сімволіку падтрымалі Віктар Ганчар, Дзмітрый Булахаў, Леанід Козік, Віктар Кучынскі.

Дапамагла Падгруша

Зацвярджэнне новых дзяржаўных сімвалаў апынулася пад падгрозай. Выйсце падказала намеснік міністра юстыцыі Валянціна Падгруша, якая сёння з’яўляецца членам Канстытуцыйнага Суда Беларусі. Яна прапанавала зацвердзіць новую сімволіку не асобнымі законамі, а шляхам унясення зменаў і дапаўненняў у Канстытуцыю 1978 года — у тыя артыкулы, дзе было апісанне Дзяржаўных герба і сцяга БССР. То бок выключыць апісанне і зацвердзіць норму, паводле якой Рэспубліка Беларусь мае свой герб і сцяг. А апісанне новай сімволікі можна зацвердзіць не канстытуцыйнай (не менш дзвюх трацінаў), а простай (не менш паловы) большасцю галасоў дэпутацкага корпуса.

У выніку планавалася, што артыкул 167, у якім апісваўся Дзяржаўны герб БССР, выкласці наступным чынам: «Сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца яе Дзяржаўны герб, Дзяржаўны сцяг і Дзяржаўны гімн, якія ўсталёўваюцца законам». Артыкулы 168 (Дзяржаўны сцяг БССР) і 169 (Дзяржаўны гімн БССР) скасоўваліся.


Валянціна Падгруша

Валянціна Падгруша

Супраць выступіў Лукашэнка: «Я попрошу ответить на мой вопрос. Если я правильно разобрался в этой ситуации, мы проголосовали по поводу флага и герба. Название республики у нас изменено. Когда мы голосовали по гербу и флагу, у нас не хватило голосов, чтобы принять предложение, так? Скажите пожалуйста, вот для чего нам сейчас идти на изменение статей Конституции, для чего мы это делаем? Для того, чтобы с другой стороны зайти и принять то решение, которое нами не принято, так я понял?».

Лукашэнку адказаў Дзмітрый Булахаў. Па яго словах, «мы родили ребёнка и назвали его Республикой Беларусь». Булахаў даводзіў Лукашэнку, што немагчыма сусінаванне назвы Рэспубліка Беларусь і старой сімволікі — перш за ўсё з міжнародных пазіцый: «Завтра Буравкин (афіцыйны прадстаўнік Беларусі пры ААН — аўт.) будет пытаться дать объяснение того, какую же суверенную республику он представляет, если республика буквально два часа назад уже стала называться Республикой Беларусь, а имеет герб Белорусской Советской Социалистической Республики. Маленький такой нюанс. Задумайтесь над этим».


Віктар Шэйман (справа) з міністрам унутраных спраў Юрыем Захаранкам, 1994 год, naviny.by 

Віктар Шэйман (справа) з міністрам унутраных спраў Юрыем Захаранкам, 1994 год, naviny.by 

Станіслаў Шушкевіч, які быў абраны старшынёй Вярхоўнага Савета 18 верасня 1991 года, пагадзіўся з Булахавым і заявіў, што не хацеў бы чуць заўваг на свой адрас ад міжнароднай супольнасці наконт несупадзення назвы краіны і дзяржаўных сімвалаў.

Дэпутаты вырашылі, што галасаванне па канстытуцыйных зменах не будзе пайменным: каб было немагчыма вызначыць, як хто галасуе (папярэднія галасаванні былі пайменнымі). Шушкевіч заклікаў дэпутатаў не гуляць у хованкі, а «падключыць» уласнае сумленне.

У выніку з 234 дэпутатаў, што прынялі ўдзел у галасаванні, канстытуцыйныя змены падтрымаў 221 чалавек пры кворуме ў 231.

Булахаў выказаў расчараванне вынікамі: «Уважаемые народные депутаты! Республика, которая является государством, в принципе не может и часа существовать без своей символики, тем более, республика, являющаяся членом Организации Объединённых Наций. То, что мы делаем сейчас, когда у нас название и символика вошли в противоречие, не делает нам чести».

І тут Станіслаў Шушкевіч выступіў з палымянай прамовай: «Вы ведаеце, я па адукацыі фізік. І ведаю, што, відавочна, патрэбна некалькі ітэрацый, некалькі набліжэнняў да таго, каб прыйсці да згоды. Ці ёсць дазвол ваш паставіць яшчэ раз на галасаванне? Шаноўныя народныя дэпутаты! Нельга так рабіць, павінна працаваць сумленне, мы не прыйдзем да згоды, калі будзем шукаць сярод вас іншадумцаў. Мы дамовіліся, што гэта не пайменнай галасаванне. Працуе наша сумленне. Вы дазваляеце мне другі раз паставіць? Дзякую. Я яшчэ раз хачу аб’явіць, што стаўлю на галасаванне праект закона Рэспублікі Беларусь аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю (Асноўны Закон) Рэспублікі Беларусь».

У выніку «за» прагаласаваў 231 народны дэпутат пры неабходным кворуме ў 231 чалавек. Адзін народны абраннік прагаласваў «супраць», 4 — устрымаліся.

Шушкевіч павіншаваў дэпутатаў і грамадзян Беларусі з нацыянальнай гістарычнай атрыбутыкай, «якая ўваходзіць у дзеянне», а Булахаў заявіў, што словы «Жыве Беларусь!» павінны аб’яднаць усіх: і прыхільнікаў БНФ, і прадстаўнікоў іншых плыняў і рухаў.

Аднак прычым тут Віктар Шэйман? З новай сімволікай апынулася не так усё проста, гісторыя мела працяг.


Шыпко-Шэйман

20 верасня 1991 года дэпутат ад Беларускай арганізацыі ветэранаў вайны і працы, кіраўнік дэпутацкай групы «Саюз» Міхаіл Качан заявіў, што пры галасаванні па зменах Канстытуцыі былі парушэнні: за Шэймана нібыта прагаласаваў дэпутат Аляксандр Шыпко. Таму, сцвярджаў Качан, змены і дапаўненні ў Канстытуцыю незаконныя, а значыць, бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня» не маюць юрыдычнай моцы. Пад гоман у залі дэпутат-камуніст патрабаваў адмяніць вынікі галасавання.


Аляксандр Шыпко. Крыніца: Народныя дэпутаты Рэспублікі Беларусь. Дванаццатае скліканне, Мінск, 1992 год.

Аляксандр Шыпко. Крыніца: Народныя дэпутаты Рэспублікі Беларусь. Дванаццатае скліканне, Мінск, 1992 год.

Расследванне інцыдэнту было даручана старшыні камісіі Вярхоўнага Савета па кантролі над электроннай сістэмай галасавання нечарговай шостай сесіі, дэпутату ад Пінскай-Паўночнай выбарчай акругі №134, члену парламенцкай апазіцыі БНФ Віктару Алампіеву. Алампіеў заявіў, што Шэйман, пачынаючы з 10 гадзін раніцы і да 17:15 знаходзіўся ў Авальнай залі: пра гэта сведчылі вынікі галасаванняў на працягу дня. Алампіеў таксама дадаў, што Шэйман падтрымаў новую назву рэспублікі, а таксама новыя герб і сцяг. Алампіеў задаў пытанне, чаму дэпутацкая група «Саюз» чакала ўсю ноч, а не адразу ў той жа дзень паставіла пытанне аб парушэнні Часовага Рэгламента Вярхоўнага Савета. Таксама Алампіеў запытаў, хто «здаў» Шэймана, бо Шэйман і Качан знаходзяцца ў розных сектарах Авальнай залі. Качан адмовіўся назваць прозвішча.


Перадвыбарчая ўлётка Алампіева, media-polesye.by

Перадвыбарчая ўлётка Алампіева, media-polesye.by

Тады Шушкевіч даў слова Шэйману, «бо ёсць падазронасць, што ён не сам галасаваў за сябе». Віктар Уладзіміравіч распавёў: «Уважаемые народные депутаты! Моя позиция, моя точка зрения по флагу и гербу Республики Беларусь высказаны в поимённом голосовании. Можно поднять список поимённого голосования. Я голосовал за флаг, я голосовал за герб. Вчера после обеда я зарегистрировался в 16 часов. Дальше была следующая регистрация с 17:15. Я зарегистрировался. Мне нужно было срочно в это время выйти. Выходя, я сказал депутату Шипко, что Вы мою позицию знаете, и я Вас прошу, если будут изменения и дополнения в Конституцию, проголосуйте за меня. И он за меня проголосовал. С моего согласия. Учитывая мою позицию по гербу и флагу».

Пасля прамовы Шэймана Шушкевіч заявіў, што Вярхоўны Савет павінен адрэгаваць. Думкі разышліся. Некаторыя дэпутаты лічылі, што трэба пакараць Шыпко і Шэймана за парушэнне працэдуры галасавання, каб пазбегнуць такіх інцыдэнтаў у будучыні. Але Шушкевіч заклікаў калегаў праявіць лаяльнасць і не рабіць з гэтага канфлікт.

У выніку Шыпко і Шэйману была зроблена вусная заўвага (яе зацвердзілі падняццем рук) аб недапушчальнасці далейшага парушэння рэгламента. Інцыдэнт быў вычарпаны.

Такім чынам Віктар Шэйман, які пасля Лукашэнкі доўгі час быў чалавекам №2 у Беларусі, міжволі стаў «хросным бацькам» дзяржаўных бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня».
***
Гісторыя Віктара Шэймана  — дэпутата Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання, сціплага вайскоўца, які дзякуючы Аляксандру Лукашэнку ўзышоў на самую вяршыню ўлады і доўгі час быў адной з самых уплывовых асобаў у краіне.