Палітыка прыйшла ў Беларусь адкуль не чакалі

Працэс акуклівання беларускай мадэлі імкліва паскараецца. Яна ўжо не мае патрэбы ў знешняй легітымацыі.

55034154_303.jpg


Пра беларускую мадэль за гады яе будаўніцтва сказана нямала. Але, напэўна, нікому не ўдавалася ў больш канцэнтраваным выглядзе перадаць яе галоўную асаблівасць. Беларуская эканоміка — эканоміка без людзей. 

Між іншым, калі хто забыўся, эканоміка належыць да навук гуманітарных — гэта значыць, да навук, якія вывучаюць чалавека, грамадства і культуру.

Microsoft, Google і іншыя сусветныя лідары ў пытаннях стварэння штучнага інтэлекту адпачываюць. У той час, як у сваіх крэмніевых далінах яны спрабуюць зрабіць першыя нясмелыя крокі ў напрамку шостага эканамічнага ўкладу, у Беларусі ўжо больш за дзесяць гадоў функцыянуе эканоміка без людзей.

Поўная рабатызацыя! Не верыце? Тады рэкамендую паглядзець, як дружна галасуюць нашы дэпутаты любога ўзроўню і з любой нагоды.

У 2009 годзе прэм’ер-міністру далі прачуханку за тое, што заікнуўся пра неабходнасць перакрэдытаваць асобную галіну. У 2020 годзе сваю дамоўленасць з Пуціным наконт перакрэдытавання ўжо не асобнай галіны, а беларускай мадэлі ў цэлым, адзіны палітык (АП) прадэманстраваў новым палітыкам у якасці чарговага асабістага дасягнення: «Павінен вам сказаць, што гэта было маё патрабаванне. І прэм’ер, і міністр фінансаў мне прапанавалі выплаціць гэты крэдыт — у гэтым годзе мы мільярд павінны былі ім па старой нашай запазычанасці вярнуць. Пры ўсіх складанасцях мы гатовыя былі вярнуць гэты мільярд. Гэта не новы крэдыт. Гэта была мая просьба да кіраўніцтва Расіі аб тым, што мы гэты мільярд у гэтым годзе вам не выплачваем, пакідаем у сябе і пераносім на будучы год. Працэнт там прымальны. То-бок, гэта пытанне рэфінансавання».


Вертыкаль прыватных інтарэсаў

«Стабільнасць — галоўны брэнд нашай краіны» (АП). Да 9 жніўня яго падтрыманне забяспечвалася, галоўным чынам, адміністрацыйнымі метадамі. Палітыка ў краіну, якая прэтэндуе на званне донара еўрапейскай стабільнасці, прыйшла нечакана і знізу. На вяршыні ўладнай «вертыкалі» гэтага ніхто не чакаў.

Першая афіцыйная рэакцыя на прыход палітыкі чымсьці нагадала рэакцыю лапкі жабы на электрычны разрад: «вертыкаль» заторгалася і стала нано­сіць бязладныя ўдары гумовымі дручкамі. Так працягвалася некалькі дзён.

Для першай сур’ёзнай высновы спатрэбіўся месяц. На сустрэчы з палітычным актывам краіны АП паведаміў, што бліжэйшым часам будуць прыняты меры... па ўзмацненні статусу дзяржаўнага службоўца.

Улічваючы, што ў Палацы Незалежнасці сабраліся вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы (каля 300 чалавек), ніхто не запярэчыў.

За ўсё ў гэтым жыцці даводзіцца плаціць, а даражэйшае за ўсё ў дзяржаве для народа — права аднаасобна прадстаўляць інтарэсы народа. Без памочнікаў у гэтай справе не абысціся.

Памочнікаў неабходна матываваць. Як бы аддана яны ні глядзелі ў вочы кіраўніку, у якіх бы паважных паставах ні застывалі, думаюць яны пры гэтым пра сваё. Таму любая ўладная вертыкаль — гэта вертыкаль прыватных інтарэсаў.

Беларускае грамадства, нягледзячы на бурны рост яго айцішнага і іншых сучасных складнікаў, у аснове сваёй застаецца грамадствам саслоўным. «Становішча саслоўя, — тлумачыць расійскі сацыёлаг Сымон Кардонскі, — вызначаецца яго блізкасцю да цэнтра размеркавання рэсурсаў. Вышэй за ўсіх у іерархіі стаяць групы, якія непасрэдна служаць дзяржаве: чыноўнікі, вайскоўцы, работнікі органаў бяспекі».

У пералічаных Кардонскім саслоўяў за чвэрць стагоддзя склалася ў Беларусі ўласныя інтарэсы. А паколькі бялізна сусветных брэндаў чыноўнікам бліжэйшая да цела, то свае інтарэсы прадстаўнікі ядзерных саслоўяў (якія складаюць ядро сістэмы) гатовыя абараняць усімі даступнымі ім сродкамі. Пры гэтым прозвішча першай асобы асаблівага значэння не мае.


Аналаг палавога акту

Пакуль я падшукваў патрэбныя словы, каб скласці з іх сказы для сваёй новай «азбукі паліталогіі», галоўны спецыяліст па датаванні еўрапейскай стабільнасці вырашыў чарговым разам здзівіць свет і правёў таемную інаўгурацыю ў рэжыме спецаперацыі.

Адкрываю Вікіпедыю: «Інаўгурацыя — рытуал урачыстай цырымоніі ўступлення на пасаду кіраўніка дзяржавы. У аснове сваёй рытуал запазычаны з цырымоніі каранацый манархаў».

Рытуал інаўгурацыі выпрацоўваўся стагоддзямі. Ён не ўтрымлівае выпадковых элементаў. І толькі ўсе разам яны робяць уладу першай асобы сапраўднай. У гэтым і палягае асноўны сэнс цырымоніі.

Законнасць уступлення ва ўладу пацвярджае публічнасць інаўгурацыі. Легітымнасць, нагадаю, азначае добраахвотнае прызнанне грамадствам права кіраўніка дзяржавы на прыняцце абавязковых для ўсіх рашэнняў. Гумовымі дручкамі падняць узровень легітымнасці яшчэ ні ў каго не атрымлівалася.

Тут напрошваецца аналогія з палавым актам. Калі ён здзяйсняецца не па ўзаемнай згодзе бакоў, то называецца «згвалтаваннем» і цягне крымінальную адказнасць. Вось чаму гвалтаўнікі, як правіла, пазбягаюць публічнасці.

Для тых, хто яшчэ не да канца зразумеў ролю публічнасці ў цырымоніі інаўгурацыі, працытую рэдактара аддзела палітыкі «Новой газеты» Кірыла Мартынава: «Таемна можна забіваць палітычных канкурэнтаў (у гэтым у нас цяпер усе майстры), ладзіць змовы і перавароты, узурпаваць уладу. Чаго нельга зрабіць таемна — дык гэта ўступіць на законную пасаду. Тут само дзеянне мае на ўвазе публічнасць, паколькі легітымнае прыняцце ўлады немагчыма без прызнання гэтага факту з боку падуладных».

Таемная інаўгурацыя — гэта нешта з арсенала шаманаў. Сваё права на ўладу яны звязваюць з сіламі, недаступнымі разуменню супляменнікаў — гэта значыць, з сіламі, наўпрост з рэальнасцю не звязанымі.


Адмысловая форма народаўладдзя

У дадзяржаўны перыяд гісторыі правадырам першабытных супольнасцяў паляўнічых і збіральнікаў знешняя легітымнасць была да лямпачкі (зрэшты, не ўпэўнены, што выкарыстанне выразу «да лямпачкі» ў гэтым выпадку карэктнае). Для ўтрымання ўлады правадырам цалкам хапала легітымнасці ўнутранай. У слаўнае дадзяржаўнае мінулае, калі пагадзіцца з заявай Міністэрства замежных спраў Беларусі ад 24 верасня, мы і вярнуліся: «Беларускі народ не мае патрэбы ў “легітымізацыі” сваёй улады з боку саманазваных факультатыўных “легітыматараў”. Гэтае пытанне з’яўляецца надуманым і штучным».

Такім чынам, пакуль архітэктары беларускай мадэлі выбудоўвалі ў Мінску пляцоўку для правядзення «Еўрапейскага дыялогу», будучыя ўдзельнікі саміту «Хельсінкі-2» дэградавалі да стану «саманазваных факультатыўных “легітыматараў”». І з кім жа цяпер весці дыялог?

Застаецца, нібы закансерваваны ва ўласным соку бычок, замкнуцца ў межах бляшанкі і цалкам пераключыцца на ўнутраны дыялог. Прызначаны на снежань-студзень чарговы Усебеларускі сход да гэтага схіляе.

Галоўнае — не прамахнуцца пры выбары (прызначэнні) дэлегатаў. Але чытачы НЧ могуць спаць спакойна. Даручэнне «ўважліва падысці да пытання абрання дэлегатаў» ужо накіраванае кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта, ураду, кіраўнікам аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама.

«Гэта будзе агульнанацыянальны дыялог, — падкрэсліў АП. — Таму прымаць удзел у форуме павінны прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства, усіх сацыяльных і прафесійных груп, патрыятычных аб’яднанняў і партый, дэпутаты ўсіх узроўняў. Дэлегаты павінны быць ад кожнага буйнога прамысловага прадпрыемства. Не толькі кіраўнікі, але і рабочыя ад станка, якія прадстаўляюць працоўныя калектывы».

У чарговы раз АП назваў Усебеларускі народны сход вельмі важным органам, асаблівай формай народаўладдзя, «якая тады, у сярэдзіне 90-х, выратавала краіну». Між іншым, у Канстытуцыі ўзору 1996 года наконт асаблівай формы народаўладдзя не сказана ні слова. Таму яго рашэнні не могуць мець абавязковай сілы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Тым не менш, форум рэгулярна такія рашэнні прымаў.

Мяркую, тут ёсць чым заняцца пракуратуры.