«Выбарчы працэс у Беларусі дэградаваў цалкам»

Такую выснову робяць сябры кампаніі назірання «Права выбару–2015». І адзначаюць, што ў дэградацыі беларускіх выбараў вінаватая найперш улада. Калі ёй не патрэбныя выбары, дык навошта марнаваць на іх высілкі і час?



2222.jpg

Аналізуючы хаду перадвыбарчай кампаніі, сябры «Права выбару–2015» заўважылі тое ж, што заўважаюць сярэднестатыстычныя грамадзяне. Гэтая кампанія — самая сумная з усіх, якія былі ў Беларусі ўвогуле. А чаму так адбылося?

Усё вельмі проста. На думку каардынатара кампаніі «Права выбару–2015» Дзяніса Садоўскага, сёння і зараз улады манапалізавалі не толькі тое, што маглі манапалізаваць, але і тое, што манапалізаваць нельга. А канкрэтна — прастору для агітацыі.

Найперш, людзі не бачаць улётак і інфармацыі пра альтэрнатыўных кандыдатаў. Адбылося гэта дзякуючы нібыта «ліберальным» праўкам у Выбарчы кодэкс 2013 года. Цяпер кандыдат у прэзідэнты вядзе агітацыю за грошы з перадвыбарчага фонду, які складаецца з ахвяраванняў грамадзянаў і без падтрымкі дзяржавы. «Гэта нармальна ў краінах Еўропы альбо ЗША, але не ў Беларусі», — адзначыў Садоўскі. У нашай краіне і грамадзяне, і бізнэс не імкнуцца падтрымліваць кандыдатаў, альтэрнатыўных дзеючаму кіраўніку дзяржавы, — таму што ахвяраванні ў выбарчыя фонды не могуць быць ананімнымі. А таму, кожны, хто падтрымае альтэрнатыўных кандыдатаў, ведае: самае меншае, што з ім можа здарыцца ў выпадку такой падтрымкі — гэта візіт падаткавікоў.

Да таго ж, зазначыў Садоўскі, разноскай улётак зараз займаецца «Белпошта». А «Белпошта» — гэта дзяржаўны манапаліст. І таму розныя заклікі аб змене дзяржаўнага ладу (хай і мірным шляхам, праз выбары) проста не падлягаюць распаўсюду.

Працэдура выбараў прадугледжвае не толькі агітацыю за кандыдата ў прэзідэнты (альбо супраць яго), але і адкрытае абмеркаванне праграмаў і перадвыбарчых абяцанкаў гэтых кандыдатаў. Садоўскі зазначыў, што з агітацыяй за кандыдатаў не ўсё ў парадку таму, што для перадвыбарчых пікетаў мясцовыя ўлады, за выключэннем Мінска і Брэста, прызначылі самыя нязручныя і нялюдныя месцы. «Альбо гэта стадыёны, альбо глухія паркі, дзе народу няма», — паведаміў каардынатар «Права выбару».

Але гэта яшчэ кветачкі ў параўнанні з тым, як абмяркоўваюцца праграмы кандыдатаў. «Спрошчаны рэжым пікетавання» падчас агітацыі тычыцца толькі ўдзельнікаў выбарчага працэсу, то бок кандыдатаў і іх групаў. Звычайныя ж грамадзяне, ангажаваныя ў палітыку, не могуць проста так сабрацца і абмеркаваць абяцанкі тых, хто жадае намі кіраваць наступныя пяць год. Для звычайных грамадзянаў — звычайныя правілы: падача заяўкі за 15 дзён да пікета, дамовы з міліцыяй на ахову, з медыкамі «на ўсялякі выпадак», з камунальнікамі на прыборку тэрыторыі і інш.

Таму, як паведаміў Садоўскі, амаль усе пікеты, якія прысвечаныя абмеркаванню выбараў і праблемаў, якія ўздымаюць розныя кандыдаты ў сваіх праграмах, былі забароненыя. Так, вядома, што пікеты і «народныя сходы» па абмеркаванні праграмаў кандыдатаў у Мінску праводзіліся без дазволаў, на іх арганізатараў і ўдзельнікаў складаліся адміністрацыйныя пратаколы.

«Зараз мы маем сітуацыю, калі ўлада цалкам узурпавала агітацыйную кампанію ўсіх кандыдатаў. Яна пазбавіла магчымасці правядзення агітацыйнай кампаніі альтэрнатыўных кандыдатаў, і максімальна пашырыла свае магчымасці, якія ў іх і так былі фактычна бязмежнымі», — заявіў Садоўскі.

З ім салідарны лідар Партыі БНФ, — структуры, якая ўваходзіць у «Права выбару — 2015» — Аляксей Янукевіч. «Раней у нас не было нармальнага падліку галасоў, зараз у нас няма нармальнай агітацыі. Прычым, мы бачым, што няма агітацыі і абмеркавання як асобаў кандыдатаў, так і няма падчас выбараў агітацыі і абмеркавання важных і канкрэтных тэмаў, якія сёння існуюць у грамадстве», — зазначыў Янукевіч.

Уся агітацыя, па ягоных словах, зводзіцца да адной «балючай кропкі» ўладаў. Гэта — яўка на выбары. А ў астатнім, па меркаванні Янукевіча, «грамадзяне Беларусі пазбаўленыя магчымасці рабіць свой выбар свядома». Таму што не было ані абмеркавання кандыдатураў прэтэндэнтаў на прэзідэнты, ані абмеркавання іх праграмаў.

Такім чынам, назіральнікі за выбарамі ледзьве не ў разгубленасці: проста няма за чым назіраць. Тым не менш, заўтра пачнецца чарговы этап кампаніі: датэрміновае галасаванне, якое дасць нам шмат новых дзіўных адкрыццяў.

Да гэтага «Права выбару–2015» ставіцца вельмі сур’ёзна. Кампаніяй падрыхтаваныя і правераныя 1 694 назіральнікі, якія будуць назіраць на 741 участку ў больш чым у 100 гарадах і мястэчках Беларусі, паведаміў сакаардынатар кампаніі назірання Алесь Сілкоў. Па ягоных словах, гэтыя назіральнікі будуць знаходзіцца на ўчастках увесь час, прызначаны для галасавання. Зразумела, што дні датэрміновага галасавання — працоўныя, таму тых, хто не зможа ў працоўныя дні займацца назіраннем, «адсеялі» адразу. Акрамя таго, у «Права выбару» створаная і кантрольная група, якая будзе спраўджваць, ці сапраўды назіральнік быў на ўчастку. Нават калі назіральнік адарваўся ад назірання на пару гадзінаў, вынік гэтага сачэння не залічваецца: такі ўчастак проста выкрэсліваецца з агульнай схемы.

Штовечар назіральнікі будуць даваць інфармацыю, найперш, аб яўцы на ўчасткі, і штораніцу «Права выбару» будзе гэтую інфармацыю апрылюдніваць. «Спаць нам тыдзень не давядзецца» — адзначыў Сілкоў.

І яшчэ адна цікавая і важная навіна пра кампанію. Любы грамадзянін можа даслаць сваё паведамленне пра парушэнні падчас галасавання. Прычым, зараз не трэба рабіць нейкія лішнія целарухі, бегчы на пошту альбо да кампутара, пісаць доўгія тэксты, нешта тлумачыць і гэтак далей. Зараз усё гэта робіцца дзвумя-трымя дотыкамі да свайго смартфона.

Сябры-праграмісты распрацавалі назіральнікам мабільную прыладу для Android, якая называецца «Вочы» і ўжо змешчаная на Google Play. Спампаваўшы яе на тэлефон, можна адразу, не сыходзячы з месца, паведаміць пра парушэнні. Можна выбраць «стандартнае парушэнне» з васьмі пунктаў, можна напісаць нешта сваё, можна дадаць аўдыё, відэа, альбо фота парушэння. І адным націскам на кнопку паведаміць пра гэта на сайт electby.com.

Так што стаць назіральнікам зараз — лягчэй лёгкага. Як прылада будзе працаваць — пабачым ужо заўтра.