Жыць цяжка, але можна трываць

Інфляцыя ў Беларусі апусцілася да гістарычнага мінімуму, курс рубля да долара стабільны. Прыгажосць! 2017 год блізкі да завяршэння. Канчатковыя вынікі падводзіць яшчэ рана, але можна паспрабаваць папрактыкавацца на выніках прамежкавых...

atlant_7_logo.gif


Год стогадовага юбілею Кастрычніцкай рэвалюцыі пачаўся з акцый пратэсту. Іх размах па беларускіх мерках апынуўся нечаканым як для апазіцыі, так і для ўлады. Здавалася, што ва ўмовах негатыўных эканамічных трэндаў у гарачай вясны ёсць рэальныя шанцы атрымаць працяг калі не ў гарачым леце (сезон адпачынкаў і шчыравання на лецішчах), дык, як мінімум, у гарачай восені. Аднак гэтым спадзяванням / асцярогам не наканавана было спраўдзіцца.

Калі няма гербавай паперы — пішуць на звычайнай, а калі адсутнічае айчынная сацыялогія, даводзіцца звяртацца да расійскай. Зразумела, механічна пераносіць усе сацыяльныя тэндэнцыі з Расіі на беларусаў было б неабдумана, але, як паказвае шматгадовы вопыт, верагоднасць паралельнай змены настрояў вялікая.

19 кастрычніка «Лявада-цэнтр» апублікаваў прэс-выпуск пад назвай «Адаптацыя». Прывяду асноўную выснову: «У цяперашні час адаптацыя насельніцтва захоўваецца на высокім узроўні, калі глядзець на дынаміку настрояў, нягледзячы на зніжэнне індэкса ў параўнанні з падвышанымі паказчыкамі 2014 года».

Зразумець цытату нам дапаможа табліца. 

tablica_1.jpg

У верасні 2013 года (апошні радок) быў зафіксаваны чарговы мінімум адказаў, якія дэманструюць пазітыўную адаптацыйную ўстаноўку: «усё не так дрэнна, жыць можна». «Крымнаш» і наступныя баявыя дзеянні на ўсходзе Украіны сфармавалі так званы «крымскі кансенсус». Ён выявіўся не толькі ў росце рэйтынгаў дзяржаўных інстытутаў Расіі, але і ў парадаксальным росце ўсіх сацыяльных індыкатараў ва ўмовах падзення рэальных даходаў насельніцтва.

Чара гэтая не абмінула і беларусаў. Здзіўляцца таму не даводзіцца: 60–65% суайчыннікаў падзялілі ацэнкі «Крымнаш», якія транслююцца расійскімі СМІ.

«Крымскі кансенсус» — гэта перамога тэлевізара над халадзільнікам, перамога свядомасці над быццём, якое ўпэўнена коціцца да крызісу. Але час працаваў супраць новага кансенсусу, што і прывяло да зніжэння адказаў у першым слупку за два гады з 32% да 23%. Але апошняе апытанне зафіксавала разварот трэнду. Даходы не растуць — але ўсё не так дрэнна і жыць можна!

Пасіўная адаптацыя

Жыць цяжка, але можна трываць. А чаму б і не? Інфляцыя ў Беларусі апусцілася да гістарычнага мінімуму. Курс рубля да долара стабільны на працягу года. Які яшчэ год у найноўшай гісторыі можа пахваліцца такімі вынікамі? Да пералічаных дабротаў варта дадаць шматразовыя абяцанні з боку адзінага палітыка (АП) падняць да канца года сярэдні заробак да 500 долараў. Праўда, верыцца ў такі падарунак з кожным месяцам усё менш, але не на Плошчу ж з такой нагоды выходзіць?!

«Чалавек савецкі» — а менавіта гэты сацыяльны тып працягвае дамінаваць у беларускім грамадстве, — гэта чалавек, які дасканала авалодаў мастацтвам адаптацыі да рэпрэсіўнай дзяржавы. Праз карупцыю, праз халтуру, праз здольнасць ду­маць адно, казаць іншае, а рабіць трэцяе, ён навучыўся суіснаваць з уладай.

Сучасны варыянт біблейскага хітрага раба. Без такіх хітрыкаў у «дзяржаве для народа» не выжыць. Так, прымітыўна. Так, архаічна. Але па-свойму рацыянальна і эфектыўна.

«Усе перамены апошніх гадоў, — падкрэслівае сацыёлаг Леў Гудкоў, — цікава разглядаць як вымушанае прыстасаванне да працэсу раскладання таталітарных дзяржаўных інстытутаў (але не змяненне саміх інстытутаў). Менавіта адаптацыя такога кшталту цягне за сабой рост аморфнай, непатрабавальнай сярэдзінкі».

«Адаптацыя такога кшталту» — гэта пасіўная адаптацыя. Яна ажыццяўляецца за кошт зніжэння запытаў, г. зн. за кошт праколвання новых дзірак на рамяні. Зноў звернемся да табліцы. Варыянт адказаў «жыць цяжка, але можна трываць» пераважае, і, што характэрна, амплітуда змены колькасці цярплівых за апошнія гады мінімальная!

Цярплівыя складаюць касцяк грамадства. Той, хто перажыў голад, з такой жа стойкасцю перажыў багацце «нулявых» гадоў з іх расслаеннем на звышзаможных і прафесійных жабракоў.

Да апошніх належаць не толькі вядомыя персанажы, якія дэманструюць свае рэальныя і ўяўныя калецтвы ў падземных пераходах. Самы распаўсюджаны тып кленчанне на афіцыйнай мове называецца ў нас «зварот грамадзян». Гэта адзін з найважнейшых сацыяльных інстытутаў, з дапамогай якога «дзяржава для народа» ажыццяўляе зваротную сувязь з народам. 24 кастрычніка падчас сустрэчы АП са сваёй адміністрацыяй мы мелі магчымасць лішні раз у гэтым пераканацца.

Згодна з трэцім законам Ньютана

Пытанне аб павышэнні якасці працы са зваротамі грамадзян падымаецца АП перыядычна. Алгарытм абмеркавання даўно адпрацаваны: «Усё цягнецца з савецкіх часоў: хтосьці напісаў у адміністрацыю прэзідэнта ці на імя прэзідэнта, хтосьці скардзіцца на мясцовыя органы ўлады, а мы туды адпраўляем для разгляду гэтыя скаргі і заявы. <...> Час з гэтым скончыць».

Сапраўды, час скончыць наспеў, але не атрымліваецца. І ў гэтым не варта шукаць чыйсьці злы намер. Уся справа ў тым, што ўладная «вертыкаль» ужо ў сілу сваёй прыроды не можа трансляваць наверх праўдзівую інфармацыю. Вось як гэту асаблівасць «вертыкалі» тлумачыць палітолаг Кірыл Рогаў: «Прынцып вертыкалі палягае ў бязгрэшнасці верхніх паверхаў перад ніжнімі. І калі нешта не атрымалася, то ў гэтым могуць быць вінаватыя толькі ніжнія паверхі, якія «не справіліся з пастаўленымі задачамі». Але на ніжніх паверхах вертыкалі жывуць не такія ўжо ідыёты, каб выступаць хлопчыкамі для біцця ў гэтай гульні ў цара гары. А гэта значыць, што ніжнія паверхі не маюць матываў прадстаўляць наверх праўдзівую, але непрыемную інфармацыю».

Тут напрошваецца прамая аналогія з дзіцячай гульнёй у «сапсаваны тэлефон». Але калі ў гульні змест паведамлення скажаецца папросту за кошт вялікай колькасці людзей у ланцужку, то пры руху інфармацыі па ўладнай «вертыкалі» да аб’ектыўнага фактару дадаецца фактар суб’ектыўны — асабістыя інтарэсы вертыкальшчыкаў.

Згодна з трэцім законам Ньютана, сіла дзеяння роўная сіле супрацьдзеяння. Таму, чым больш жорстка АП спрабуе выбудаваць «вертыкаль», тым больш складана прабіцца наверх праўдзівай, але непрыемнай інфармацыі. І ніякімі пагрозамі жорсткіх «арганізацыйных высноў» становішча не выправіць. Наадварот, эфект атрымліваецца адваротны. Уладная «вертыкаль» у сучасных умовах не падыходзіць для рэалізацыі чаго б там ні было. Яна не перадае загады, яна перадае хвалі лаяльнасці — і не больш за тое.

Ёсць выбар

Аўтарытарнай сістэме з кожным годам станавіцца ўсё складаней «слухаць і чуць людзей, бачыць тэндэнцыі і аператыўна на іх рэагаваць». За прыкладам далёка хадзіць не трэба. Дзеля дасягнення сакральных $500 (1000 рублёў), сярэдні заробак за год неабходна падняць на 38,8%. Якая эканоміка такое вытрымае?! Але «вертыкаль» узяла пад казырок — і праца закіпела.

За студзень-верасень да стартавых 720 рублём дадалі 15,3%. За тыя тры месяцы, што засталіся, неабходна дабраць 23,5%. З улікам прэміяльных выплат па выніках года, якія традыцыйна дадаюць у снежні каля 10% да заробку, пастаўленая АП задача ўжо не здаецца нерэальнай. Але коштам якіх дысбалансаў у эканоміцы яна можа быць дасягнутая, калі прадукцыйнасць працы па ВУП за восем месяцаў вырасла толькі на 2,7%! Акрамя таго, не варта забываць, што ўсе дадатковыя рублі лягуць на сабекошт беларускай прадукцыі, у тым ліку экспартнай.

Такім чынам, павелічэнне сярэдняга заробку да $500 (1000 рублёў), калі толькі яно адбудзецца да канца года, варта разглядаць як «знак бяды». Але беларусам не прызвычайвацца!.. За пяць гадоў, (1917–1922) «чалавек манархічны» трансфармаваўся ў «чалавека савецкага», якому хапіла пяці гадоў (1990–1995), каб вызваліцца ад камуністычнай ідэалогіі і стаць сапраўдным вернікам.

Дык няўжо здольнасць адаптавацца да пераменаў не варта разглядаць у якасці станоўчай характарыстыкі? Адказ на гэтае пытанне залежыць ад тыпу рэсурсаў, якія насельніцтва задзейнічала для пераадолення крызісу. Вось тут пахваліцца няма чым. Найбольш значным апынуўся попыт на сацыяльны (блат) і ўладны рэсурсы, найменш запатрабаваныя — кваліфікацыя і культурны капітал. У іх уладальнікаў ёсць выбар: альбо памяняць краіну, альбо прыстасоўвацца.