100 дзён да 500-гадовага юбілею

Што расказваюць школьнікам пра бітву пад Оршай беларускія, украінскія і расійскія падручнікі? Ці ёсць адрозненні ў падачы інфармацыі? Інтэрпрэтацыях?



5a07218a743bd8729f955d9f560cb2e4.jpg

Цікавае і карыснае мерапрыемства адбылося 30 траўня ў крэатыўнай прасторы “ЦЭХ”. Ім сталася публічная дыскусія “Бітва пад Оршай праз 500 гадоў: асаблівасці нацыянальных інтэрпрэтацый” з удзелам гісторыкаў Алега Дзярновіча (Беларусь), Аляксея Лобіна (Расія), Аляксандра Казакова (Беларусь) і Алены Русінай (Украіна).

Вельмі цікавымі былі тэзісы выступу расійскага гісторыка. Перагляд дэталяў Аршанскай бітвы, прапанаваны Лобіным на падставе глыбокага вывучэння дадатковых крыніц з вайсковых канцылярыяў Масковіі XVI стагоддзя, хаця і больш позніх, падаецца досыць слушным. Таксама вартае ўвагі параўнанне вынікаў выкарыстання розных методык для іх узаемнай верыфікацыі. Вайсковая лагістыка як адна з методык вывучэння падзеяў вайсковай гісторыі мусіць прыцягнуць увагу айчынных даследчыкаў. Асабліва карыснай яна будзе ў выпадку недахопу непасрэдных сведчанняў, бо дазваляе выкарыстоўваць ускосныя дадзеныя не толькі з разнастайных гістарычных крыніц, але і з вялікага шэрагу галінаў ведаў.

Вялікую ажыўленасць сярод прысутных выклікала закранутая расійскім даследчыкам тэма дэміфалагізацыі Аршанскай бітвы. Спадар Лобін прапанаваў даволі цікавую сістэму ацэнкі вынікаў бітвы па наступствах, якія яна мела на далейшы ход вайны. Такім чынам перамогу пад Оршай ён залічыў да лакальнай тактычнай, бо яна не пацягнула за сабою адваяванне Смаленска, што і зафіксавала мірная дамова 1522 года. Хочацца спадзявацца, прапанова мае ўніверсальны характар. Гэтае ноў-хаў абавязкова павіннае стаць нагодай для шырокай дыскусіі беларускіх навукоўцаў. Але, імаверна, толькі пасля таго, як пройдзе выпрабаванне на грунце вялікай гістарыяграфіі нашых усходніх суседзяў. Кулікоўская бітва 1380 года не стала перашкодай для спалення Масквы Тахтамышам праз два гады. Бітва пры Барадзіне, акрамя таго, што стала крыніцай натхнення, мела вынікам і заняцце праз тыдзень той самай Масквы… Натуральна, што ваенным гісторыкам давядзецца перагледзець сваё стаўленне і да бітвы пры Канах, бо, як ні круці, а Ганібал тую вайну прайграў. Пэўна, нядоўга старому засталося прысутнічаць на старонках падручнікаў ваеннага мастацтва.

Ну а мы пакуль па-старому будзем лічыць гэтую бітву адной з найважнейшых у нашай гісторыі, хаця б таму, што ў 1514 годзе на крапівенскіх палях упершыню з 1487 года, з моманту, калі Маскоўскае княства распачало сваю “ціхую” анексію земляў ВКЛ, нашыя продкі здабылі перамогу і спынілі плынь агрэсіі. Непадалёк ад тых месцаў і цяпер праходзіць нашая мяжа. Але для беларусаў значэнне Аршанскай перамогі не толькі і, можа, не столькі вайсковая. Яе велізарнае значэнне ў тым уплыве, які яна зрабіла на свядомасць наступных пакаленняў. Памяць пра гэтую перамогу натхняла ваяроў часоў Лівонскай вайны, паўстанцаў, каліноўцаў ды случчакоў. І сёння гэтыя падзеі – падстава нагадаць сабе: Айчыну трэба ўмець і хацець бараніць. І тут можна цалкам пагадзіцца з думкай спадара Лобіна: трэба ведаць не штампаваныя міфы, а сваю гісторыю. І рабіць з яе высновы.

Тым больш калі міфы не намі, але для нас робленыя…

P.S. Слава Оршы ўжо нягорша! З юбілеем!

Міраслаў Лазоўскі, budzma.by