Ад Саюза вызвалення Беларусі да Каардынацыйнай рады: як кляпаюць палітычныя справы

4 лістапада я атрымала выклік у Рэспубліканскі Следчы Камітэт — у якасці сведкі па крымінальнай справе Каардынацыйнай рады. Падчас допыта мяне не пакідала ўражанне, што я ўжо прысутнічала на нечым падобным, нават ведаю пытанні, адказы і вынікі.

Выява выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

Выява выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

Спачатку я падумала, што гэта асацыяцыі з жорсткасцю рэпрэсій 1937 года — здзекі з людзей на Акрэсціна ў сучасным Мінску мала чым адрозніваюцца ад вядомых мне з архіваў КДБ апісанняў здзекаў у Гомелі ў 1937 годзе. Але следчы, якому я сказала пра гэтыя асацыяцыі, пакрыўдзіўся і катэгарычна абверг маю думку. Асабліва спрачацца на допыце не выпадае, але калі я вярнулася дамоў, прагледзела свае запісы і знайшла правільнае параўнанне.
У 1930-я гады гучныя публічныя (пра іх узгадвалася ў СМІ) палітычныя працэсы мелі некалькі мэтаў. Першая мэта — пазбавіцца ад іншадумства сярод інтэлігенцыі і апарата рэспубліканскага і мясцовага кіравання, як партыйнага, так і гаспадарчага шляхам іх ізалявання ці вынішчэння. Другая мэта — адцягнуць увагу людзей ад падзей, якія адбываюцца ў краіне, і ад праблем, якія ўлада не ў стане вырашыць. Трэцяя мэта — папярэдзіць магчымы рост іншадумства шляхам запалохвання ўсіх колаў насельніцтва.
Каб дасягнуць вызначаных вышэй мэтаў, спецслужбы (тады АДПУ-НКУС) прапанавалі наступную схему: вызначаецца праблема і артыкул Крымінальнага кодэкса, выяўляюцца найбольш гучныя незадаволеныя-іншадумцы, якія паздней абагульняюцца ў некую арганізацыю — антысавецкую, шпіёнска-дыверсійную ці конртррэвалюцыйную, – частка з іх прызначаецца яе кіраўніцтвам. Падчас допытаў удакладняецца месца дыслакацыі арганізацыі, яе шараговыя ўдзельнікі і іх сувязі, атрымліваюцца прызнальныя паказанні. Наяўнасць антысавецкай арганізацыі значна спрошчвала судовую працэдуру — для асуджэння было дастаткова быць яе ўдзельнікам. Гэтая схема, як і мэты, захаваліся да сёння і выкарыстоўваюцца следчымі органамі.
Першай па часе была справа Саюза вызвалення Беларусі (СВБ) (1930-1931гг). Тады ў турэмныя засценкі трапіла 112 прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Частку арыштаваных адпусцілі, а па 86 пачалі следства. На папярэднім следстве цалкам альбо часткова вінаватымі прызнала сябе палова арыштаваных, другая палова абвінавачванні адхіліла, заявіўшы, што «ў СВБ ніколі не былі і пра яго існаванне даведаліся ад следчых». З 30 лістапада 1930 г. у прэсе БССР пачалася шырокая прапагандысцкая кампанія па выкрыцці «контррэвалюцыйнага СВБ», якая суправаджалася ў тым ліку калектыўнымі лістамі беларускіх пісьменнікаў з патрабаваннямі вынясення суровага пакарання падследным, а таксама пакаяннымі лістамі Я. Коласа, У. Ігнатоўскага (падчас следства скончыў жыццё самагубствам) і Я. Купалы (напісаны пасля спробы самагубства і апублікаваны апошнім).
Працягам справы СВБ у чэрвені-жніўні 1933 г.стала новая справа — Беларускай Народнай Грамады (БНГ). У арганізацыю было залічана 68 чалавек, пераважна журналістаў, пісьменнікаў, настаўнікаў, студэнтаў — тых, хто мог пісьмова зразумелай для людзей мовай выказаць пратэсныя настроі, якія сталі масавымі ў БССР у сувязі з голадам 1933 года і незадаволенасцю калектывізацыяй.
Арганізацыя быццам бы складалася з 14 ячэек у Мінску, Оршы, Слуцку, Капылі, Мазыры і іх раёнах. Кіраўніком арганізацыі прызначылі 33-гадовага эканаміста Фелікса Кунцэвіча. У склад бюро — А.Карачуна, К. Вашыну (Л. Калюгу), П. Рагачэўскага, К. Сяледчыка, В Лушчыцкага, Р. Міхальчыка. «Ідэйным натхняльнікам» і кіраўніком — К. Езавітава, які знаходзіўся на той час у Рызе. Асноўнай мэтай арганізацыі лічылася адзяленне ад СССР і ўтварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі ў саюзе з Літвой і Украінай, ці ў блоку Літва-Латвія-Беларусь. Варожая дзейнасць членаў арганізацыі складалася ў выказванні нязгоды з умацаваннем таталітарнага рэжыму ў БССР, распаўсюджванні меркаванняў пра «русіфікатарскую і каланізатарскую палітыку Масквы», ідэалізацыі самабытнасці Беларусі і беларускай мовы, асуджэнні калектывізацыі. У гэты час допыты былі яшчэ не такія жорсткія, але 20 чалавек прызналі сябе вінаватымі. Іх паказанні і паказанні трох чалавек, якія праходзілі па справе сведкамі, сталі адзінымі падставамі для асуджэння. Т.зв. кіраўнікі атрымалі па 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў, астатнія — ад 3 да 5 гадоў. Некаторым пазней лагеры замянілі на высылку за межы БССР.
У другой палове 1933-першай палове 1934 года адбыліся удовыя працэсы над «беларускімі здраднікамі і польскімі шпіёнамі». Усе яны праходзілі па справе адной тэрарыстычнай і контррэвалюцыйнай арганізацыі, якая мела публічную назву Беларускі Нацыянальны Цэнтр (БНЦ).
Паводле весіі спецслужбаў (агентурная справа «Закардоннікі»), Цэнтр быў створаны ў Польшчы беларускімі дзеячамі,якія там знаходзіліся: С.Рак-Міхайлоўскім, П. Мятлой, М. Бурсевічам, І. Дварчаніным і інш., якія прыехалі ў БССР у 1930 і 1932 гг. Усе абвінавачванні будаваліся на паказаннях членаў арганізацыі, якія былі атрыманыя з прымяненнем фізічных метадаў уздзеяння і іншых незаконных метадаў вядзення следства. Галоўнае абвінавачванне – падрыхтоўка звяржэння савецкай улады з дапамогай Польшчы і ўсталяванне ў Беларусі буржуазнай рэспублікі пад польскім пратэктаратам. Для дзейнасці арганізацыі быццам бы былі выдаткаваныя польскім урадам 65 тысяч рублёў і 3 тысячы амерыканскіх долараў (лёс гэтых грошай у справе вельмі туманны і ёсць сумнеў, ці былі яны на самай справе). БНЦ, па звестках следства, нават утварыў урад новай несавецкай рэспублікі на чале з А. Луцкевічам і 10 міністрамі.
Дзейнасць БНЦ была арганізаваная па прынцыпе ячэек з 3-5 чалавек. Шараговыя сябры арганізацыі звязваліся па кірунках сваёй дзейнасці толькі з кіраўнікамі ячэек. Следства раскрыла 59 паўстанцкіх ячэек, 14 дыверсійных груп, 4 тэрарыстычныя групы, 20 шпіёнскіх ячэек і рэзідэнтур, якія дзейнічалі ў 9 гарадах і 25 раёнах БССР, а таксама ў Дзяржплане, наркаматах асветы, аховы здароўя, сувязі, Акадэміі Навук, Белдзяржуніверсітэце, Белсельгасакадэміі, Саюзе пісьменнікаў, Беларускай Ваеннай акрузе і інш. Філіалы БНЦ былі выкрытыя ў Гомелі, Горках, Беразіно. Знайшлі таксама і моладзевую арганізацыю з 47 чалавек.У лістападзе 1933 года пачаліся судовыя працэсы. Яны праходзілі ў рэгіенах (над філіяламі БНЦ), і мелі адносна мягкія прысуды – ад 1 да 8 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Але ўжо ў пачатку 1934 года сітуацыя змянілася. 9 студзеня 40 чалавек былі прыгавораныя да расстрэлу, 25 з іх расстралялі ў Мінску ў траўні, астатнім замянілі расстрэл на 10 год лагераў, дзе яны і зніклі. Яшчэ 15 чалавек адразу прыгаварылі да 10 год лагераў. Усяго па справе БНЦ былі рэпрэсаваныя 161 чалавек, якія ў большасці былі накіраваныя ў Салавецкія лагеры і ў Комі АССР. У 1937 годзе 70 чалавек з асуджаных у студзені 1934 года былі расстраляныя.

Выява выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

Выява выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

Усе асуджаныя як па справе БНГ, так і па справе БНЦ былі рэабілітаваныя ўжо ў 1956 годзе — за адсутнасцю складу злачынства.
З таго часу шмат чаго змянілася ў свеце, цывілізацыя, пабудаваная на падмурку дэмакратычных прынцыпаў і выканання правоў чалавека, дасягнула развіцця, пра якое у 1930-я гады беларусы нават падумаць не маглі. У нечым змянілася і беларускае следства. Так, замест паказанняў арыштаваных абвінавачванне часцей будуецца на аўдыя- ці відэаапісу іх размоў, зробленых спецслужбамі. І тэрміны пакарання ўжо больш мяккія, асуджаныя застаюцца ў Беларусі.
 Але выкарыстанне дзяржавай палітычных працэсаў, як і тры вышэй названыя мэты палітычных судовых працэсаў, застаюцца. Прэзідэнцкія выбары, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года ў Беларусі, прайшлі са шматлікімі парушэннямі, беларусы засталіся незадаволеннымі іх вынікамі і пачалі масавыя мірныя пратэсты. Улада аказалая не ў стане хутка вырашыць праблему і звярнулася, як і ў 1930-я гады, да ўжо правераных метадаў палітычна матываваных судовых працэсаў.
У Мінску Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па факце парушэння грамадскага парадку ў выніку масавых акцый 1 лістапада. Справа ўзбуджаная па ч. 1 арт. 342 КК Беларусі (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). «1 лістапада бягучага года на тэрыторыі сталіцы прайшлі несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, падчас якіх затрыманыя некалькі сотняў грамадзян, якія груба парушылі грамадскі парадак», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Следчыя палічылі дзеянні дэманстрантаў відавочным «непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады», якія пацягнулі парушэнне работы транспарту і арганізацый. Акрамя таго, фігурантаў справы абвінавачваюць у пашкоджанні гарадской інфраструктуры і аўтамабіля органаў унутраных спраў. Падазраванымі па справе праходзіць 231 чалавек, якія ўжо дапытаныя. КК прадугледжвае для іх пакаранне ў выглядзе штрафу, арышту, або абмежавання волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўлення волі на той жа тэрмін. Пакуль судовыя працэсы не адбыліся, цяжка меркаваць аб маштабах падабенства з 1930-мі гадамі. Але колькасць людзей, супраць якіх высунутыя абвінавачванні — 231 чалавек! Міжволі цягне на параўнанне. Пры жаданні можна знайсці сярод іх не адну тэрарыстычную ці дыверсійную групоўку, філіялы шпіёнскіх рэзідэнтур і інш.
Яшчэ болей падабенства назіраецца з распачатай крымінальнай справай супраць Каардынацыйнай рады апазіцыі Беларусі.

sovet_998x666_1.jpg


Аб стварэнні Каардынацыйнай рады заявіла 14 жніўня экс-кандыдат у прэзідэнты краіны Святлана Ціханоўская. 19 жніўня ў Мінску адбылося першае пасяджэнне, на якім была прынятая Рэзалюцыя з асноўнымі патрабаваннямі да ўладаў: спыненне гвалту і палітычнага пераследу, расследаванне таго, што адбылося падчас акцый пратэсту, вызваленне ўсіх палітычных зняволеных і выплата кампенсацый пацярпелым, прызнанне несапраўднымі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня і правядзенне новых выбараў. У дакуменце ўказваецца, што мэтай КР з'яўляецца пошук шляхоў для пераадолення крызісу ў Беларусі і забеспячэння згоды ў грамадстве на падставе Канстытуцыі. «Каардынацыйная рада не ставіць сваёй мэтай змяненне канстытуцыйнага ладу і знешнепалітычнага курсу», – падкрэслівалася ў Рэзалюцыі.
Аляксандр Лукашэнка, аднак, заявіў, што лічыць будучую дзейнасць гэтага органа «спробай захопу ўлады ў краіне».
20 жніўня генпракурор Аляксандр Канюк паведаміў аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце стварэння Каардынацыйнай рады. Справа ўзбуджаная па артыкуле Крымінальнага кодэкса 361 «Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь», прадугледжвае пакаранне да 5 гадоў пазбаўлення волі.
16 кастрычніка Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта паведаміла, што працягвае расследаванне крымінальнай справы: «У ходзе расследавання атрыманыя доказы, якія сведчаць аб здзяйсненні асобнымі асобамі, якія ўваходзяць у склад арганізацыі, названай Каардынацыйная рада, дзеянняў, накіраваных на дэстабілізацыю сацыяльна-палітычнай, эканамічнай і інфармацыйнай абстаноўкі ў краіне, прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».
У лік асобаў, якія прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці, трапіла і Святлана Ціханоўская, якая аб'яўлена ў міждзяржаўны вышук.
На допыце ў Следчым камітэце па справе КР, на якім я прысутнічала сама, я ўвесь час думала пра тое, як на аналагічных допытах падобныя мне людзі амаль 90 год таму таксама даверліва распавядалі следчаму пра свае меркаванні і назіранні і незаўважна і хутка рабіліся са сведак абвінавачваннымі. І як яны баяліся — за свой лёс, за лёс родных і сяброў.
Прад’яўленныя мне матэрыялы, здабытыя падчас следства, яшчэ больш умацавалі мае прадчуванні. На падставе гэтых матэрыялаў мяне лёгка запісаць у «ідэйныя натхняльнікі» стварэння КР, як калісці было з Езавітавым у справе БНГ.
Але ёсць прынцыповыя адрозненні ад тагачасных падзей. Мне не было страшна. Нават тады, калі следчы на развітанне ўхіліўся падаць руку. Дасягненне трэцяй мэты палітычных судовых працэсаў — пад вялікім пытаннем. І ў гэтым ёсць надзея.