Аперацыя «Трэст»: як Савінкаў трапіў у пастку ГПУ ў Беларусі

Нашумелыя затрыманні Фядуты, Зянковіча і Кастусёва прымусілі многіх успомніць, як савецкія чэкісты выманьвалі з-за мяжы белагвардзейскіх лідараў.

Барыс Савінкаў

Барыс Савінкаў

Вядома, падобная аналогія вельмі ўмоўная, і палітолагі з Фэйсбука маюць мала агульнага з мацёрымі канспіратарамі мінулага. Але аператыўныя гульні ОГПУ 1920-х гадоў сапраўды ўвайшлі ў адпаведныя падручнікі многіх спецслужб. Паглядзім на знакамітую аперацыю «Сіндыкат-2» з дапамогай нядаўна рассакрэчаных архіўных дакументаў з Лубянкі.

Ад Маркса да Мусаліні

Пасля таго, як Чырвонай Арміі ўдалося ліквідаваць асноўныя франты грамадзянскай вайны, у краіне працягвала дзейнічаць антыбальшавіцкае падполле. Беларусь ператварылася ў адзін з ачагоў як палітычнага ўзброенага супраціву, так і звычайнага бандытызму. Большасць паўстанцаў у Беларусі была звязаная з «Народным саюзам абароны Радзімы і свабоды» (НСАРіС) Барыса Савінкава.
Барыс Савінкаў правёў сваё дзяцінства ў Варшаве. Спачатку ён далучыўся да сацыял-дэмакратычнага руху, але затым перайшоў у партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Дзякуючы рашучасці, харызме і нядрэнным арганізатарскім здольнасцям Савінкаў стаў памочнікам кіраўніка баявой арганізацыі партыі эсэраў Еўна Азефа, ураджэнца Гродзенскай губерні. Савінкаў стаў арганізатарам самых знакамітых эсэраўскіх замахаў: забойства міністра ўнутраных спраў Вячаслава фон Плеве, вялікага князя Сяргея Аляксандравіча, святара Георгія Гапона і іншых. Будучы арыштаваным і чакаючы смяротнага пакарання, ён змог здзейсніць дзёрзкія ўцёкі з Севастопальскай турмы і на лодцы па моры сышоў за мяжу. Аднак на фоне паразы рэвалюцыі 1906–1907 гадоў і выкрыцця Азефа, які аказаўся банальным правакатарам царскай паліцыі, у Савінкава пачаўся светапоглядны крызіс.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі эвалюцыя былога эсэраўскага баевіка направа працягнулася. У 1917 годзе Барыс Савінкаў стаў памочнікам ваеннага міністра Часовага ўрада. Пры гэтым ён зблізіўся з генералам Лаўрам Карнілавым, які задумаў няўдалы мяцеж супраць дэмакратычнай улады. У выніку Савінкаў быў выключаны з партыі эсэраў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі былы паляўнічы за царскімі міністрамі стварыў падпольныя афіцэрскія арганізацыі пад пафаснай назвай «Саюз абароны Радзімы і свабоды». Але пасля некалькіх няўдалых спроб падняць паўстанне САРіС распаўся. Савінкаў апынуўся за мяжой, а ў кастрычніку 1920-га ён прыняў удзел у паходзе Булак-Балаховіча ў Беларусь. Рускі нацыяналіст Савінкаў спрабаваў падлашчвацца да беларускага і ўкраінскага нацыянальных рухаў.
Але неўзабаве Савінкаў і Балаховіч сталі непрымірымымі ворагамі. Барыс Віктаравіч, які быў яшчэ і нядрэнным літаратарам, напісаў раман пра Мазырскі паход — «Конь вараны». А ў сваёй газеце «За Свабоду» — артыкулы з выкрыццём яўрэйскіх пагромаў, учыненых балахоўцамі ў Пінску і Мазыры. Станіслаў Булак-Балаховіч ад гэткіх непрывабных дзеянняў адхрышчваўся, але адначасова лупцаваў у сябе на стайні салдат і афіцэраў свайго войска, якія перайшлі да Савінкава. Паміж двума лідарамі вялася жорсткая барацьба за рэсурс, які застаўся пасля няўдалага паходу ў Беларусь, — за людзей і матэрыяльныя каштоўнасці. Многіх балахоўцаў Савінкаў паспяхова пераманіў да сабе. А вось з маёмасцю арміі справы пайшлі горш: галоўны інтэндант Елін не змог даць справаздачу на суму ў 39 мільёнаў марак. І Савінкаў, карыстаючыся сваёй блізкасцю да Юзафа Пілсудскага, дамогся арышту неразборлівага загадчыка гаспадаркі балахоўскага войска польскімі ўладамі.
Але тут ужо Станіслаў Нікадзімавіч зрабіў «ход канём» — разгарнуў конегадоўчы бізнес, выкарыстоўваючы пры гэтым і былых вайсковых коней. А з дапамогай міністра абароны Сікорскага атрымаў канцэсію на высечку Белавежскай пушчы, дзе пачалі працаваць многія яго былыя падначаленыя.
Лесапавал — гэта ўсё ж нашмат лепш, чым польскія лагеры, дзе тады панавалі тыф, галадуха і адбываліся кровапралітныя сутыкненні паміж манархістамі і рэспубліканцамі. Іншыя ж, каб вырвацца з лагера, запісваліся ў баявыя групы савінкаўцаў, якія хадзілі ў закардонныя рэйды.
У 1920 годзе ў Варшаве з’явіўся Аляксандр Упельніц, які нелегальна перайшоў савецкую мяжу. Ён жа — Упеліньш, ён жа Оперпут, ён жа Селянінаў, ён жа Спектарскі, ён жа Стаўніц, Касаткін і інш. Былы афіцэр ваеннага часу, з латышскіх сялян, а цяпер — камандзір Чырвонай Арміі, памочнік начальніка ўнутраных войск Заходняга фронту. Паводле слоў Упельніца, у той час ён быў левым эсэрам, але люта зненавідзеў бальшавікоў. Прыехаўшы па справах службы ў Гомель, ён звязаўся там з былымі афіцэрамі і інтэлігенцыяй, стварыўшы буйную антысавецкую арганізацыю. З дакладам пра гэта ён і прыбыў да Савінкава ў Варшаву.
Упельніц уразіў «бацьку сялянскай дэмакратыі» Савінкава сваёй незвычайнай энергічнасцю і неўтаймоўным жаданнем змагацца з бальшавікамі — любымі метадамі. У 1920–1921 гадах ён чатыры разы пераходзіў мяжу, на службе на гэты час узяў адпачынак — для лячэння рэўматызму і варыкознага пашырэння вен. У Варшаве ж Упельніц-Оперпут пераканаўча распавядаў, што сяляне ў Беларусі спяць і бачаць, як падняць паўстанне. Чырвонаармейскія часткі пры гэтым прапанавалася атруціць цыяністым каліем, два кілаграмы якога тут жа і закупілі ў варшаўскіх аптэках. Яшчэ латыш, які стаў з «чырвонага» «белым», прапанаваў сябе ў якасці арганізатара паўстання ў Гомельскай, Смаленскай і Цвярской губернях. І ўвайшоў у аргкамітэт па аднаўленні «Народнага Саюза абароны Радзімы і свабоды», нават сфарміраваўшы Заходнюю абласную арганізацыю, найбуйнейшую структуру ў НСАРіС. Увесну 1921 года Упельніц у чарговы раз перайшоў мяжу — і знік.
Улетку 1921 года атрад паплечніка Савінкава Паўлоўскага перайшоў мяжу і накіраваўся ў Ігуменскі павет. Атрад вынішчаў па дарозе камуністаў і савецкіх актывістаў, раззбройваў чырвонаармейцаў і рабаваў дзяржаўныя ўстановы. У акрузе дзейнічала шмат заканспіраваных арганізацый «Народнага саюза», а ў самім Ігумене ёй кіраваў мясцовы ваенкам. Але ўсеагульнага паўстання не атрымалася.
У Гомель жа накіраваліся паручнік Міхайлаў і Сікорскі. Яны ўжо ішлі на яўку да Гомельскага губернскага камісара НСАРіС Маісеенкі, атрыманую раней ад Упельніца-Оперпута, не ведаючы таго, што ў кватэры іх чакае чэкісцкая засада. Аднак аб небяспецы эмісараў папярэдзіла маленькая дзяўчынка. Міхайлаў і Сікорскі паспелі схавацца, у Жлобіне іх зноў спрабавалі арыштаваць. Адстрэльваючыся, савінкаўскія баевікі кінуліся ў розныя бакі і зноў здолелі сысці ад пераследу.
Заходні абласны камітэт быў цалкам правалены. У Гомелі прайшлі масавыя арышты. Сур’ёзныя ўдары былі нанесеныя чэкістамі і па маскоўскіх рэзідэнтурах. Але савінкаўцы зноў і зноў пераходзілі мяжу. Той жа атрад Паўлоўскага зноў спрабаваў падняць паўстанне на Ігуменшчыне, а атрад паручніка Пруднікава — на Магілёўшчыне і Гомельшчыне. Да Паўлоўскага далучаліся дробныя групы, але далей гэтага справа ўсё роўна не рухалася. У Пухавічах арганізавалася дружына яўрэйскай самаабароны. Паўлоўскі ўспрыняў гэта як выклік, загадаў самаабароне раззброіцца, а мясцоваму насельніцтву — выплаціць кантрыбуцыю. Для гарантыі ён узяў закладнікаў. У момант перадачы кантрыбуцыі з’явіліся савецкія часткі, тады савінкаўцы проста расстралялі закладнікаў і збеглі. Падраздзяленні Чырвонай Арміі пераследавалі атрад, і Паўлоўскі сышоў у Варшаву. Тут стала вядома пра арышт Упельніца-Оперпута і разгром многіх арганізацый НСАРіС у Беларусі. Кіраўніцтва НСАРіС у лютасці нават рыхтавала рэйд у Мінск для вызвалення свайго найлепшага закардоннага функцыянера з турмы.

Фота з кнігі «Б. Савінкаў на Лубянцы. Дакументы»

Фота з кнігі «Б. Савінкаў на Лубянцы. Дакументы»

У ліпені 1921 года «партызаны» Паўлоўскага, Міхайлава і Пруднікава зноў перайшлі мяжу. Як і раней, атрады камплектавалі з эмігрантаў і інтэрнаваных у лагерах, за ўдзел у рэйдзе абяцалі грошы. Сам «Серж» Паўлоўскі называў іх «ландскнехтамі». Але ўсё горш ішлі справы з настроямі мясцовага насельніцтва. У сваіх наступных паказаннях Паўлоўскі пісаў: «Калі ў нас выйшла харчаванне і давялося звяртацца да сялян, тут я заўважыў, што настрой сялян супраць нас. У тых вёсках, дзе нас вясной сустракалі ледзь не хлебам-соллю, не толькі з намі не размаўлялі, але беглі ў валвыканкам паведамляць, што прыйшлі бандыты». У гэты час ужо ўводзіўся НЭП, была адмененая харчразвёрстка і дазволены свабодны гандаль хлебам. Напружанне сярод сялянства паступова спадала.
З вялікай цяжкасцю атрад палкоўніка Паўлоўскага, у якім быў і ад’ютант Савінкава штабс-капітан Леанід Шашэня, змог прабіцца скрозь чырвонаармейскія кардоны на польскую тэрыторыю.

Леанід Шашэня

Леанід Шашэня

У гэты час у шэрагах самога НСАРіС ішло раскладанне. Як паведамляў Паўлоўскі, чальцы Саюза дакументы, захопленыя ў рэйдах на савецкую тэрыторыю, сталі аддаваць не Савінкаву, а наўпрост прадавалі французскай выведцы. Бывалі выпадкі, калі палявыя камандзіры не разлічваліся са сваімі баевікамі пасля чарговай вылазкі.
У Глыбокім стаяў атрад палкоўніка Эрдмана — сапраўдны боль для польскіх улад. Пазбаўленыя ўтрымання расійскія баевікі па начах выходзілі на вялікую дарогу і рабавалі ўсіх, хто праязджаў. Сам жа палкоўнік Эрдман усім сустрэчным распавядаў пра свой план «заваявання Масквы» — ён павінен быў з Глыбокага перайсці на савецкую тэрыторыю, дзе яго быццам бы чакала ўжо гатовая падняць паўстанне 5-я дывізія РККА.
Пад гэтую аперацыю Эрдман атрымаў мільён марак. Перайшоўшы мяжу, ён павёў свой атрад ноччу да нейкага чырвонага гарнізона. За сотню крокаў да мэты палкоўнік стрэліў з рэвальвера і з крыкам «ратуйся, хто можа» кінуўся да польскай мяжы. Грошай у касу НСАРіС ён, зразумела, не вярнуў.

«Сіндыкат» для дыктатуры пралетарыяту

Такім чынам, справы ў НСАРіС ішлі ўсё горш і горш. У давяршэнне, пад ціскам савецкага ўрада Савінкаў быў вымушаны пакінуць Польшчу. У аснову гэтай савецкай ноты Польшчы шмат у чым ляглі паказанні Упельніца-Оперпута, якія ён даў пасля арышту.
Цяпер Савінкаву давялося ездзіць па іншых еўрапейскіх сталіцах у пошуках грошай. Ён працягваў займаць у гэты час нішу «сялянскага дэмакрата», правей за эсэраў і меншавікоў — і лявей за адкрытую белагвардзейскую рэакцыю. Правадыр НСАРіС казаў пра «Саветы без камуністаў» і «мужыцкую Расію». Але пачаў расхвальваць і італьянскі фашызм, які нядаўна зарадзіўся, сцвярджаючы, што «за фашызмам — будучыня».

Фота з кнігі «Б. Савінкаў на Лубянцы. Дакументы»

Фота з кнігі «Б. Савінкаў на Лубянцы. Дакументы»

У 1922 годзе Савінкаў нават сустрэўся з Беніта Мусаліні. Аднак італьянскі Дучэ не ацаніў прапанову Савінкава супрацьпаставіць Камінтэрну нейкі «Інтэрнацыянал нацыяналістаў» і грошай яму не даў. Увесну 1922 года, падчас Генуэзскай мірнай канферэнцыі, Барыс Савінкаў змог асабіста ўвайсці ў давер да мясцовай рэзідэнтуры ГПУ пад чужым прозвішчам і рыхтаваў замах на чальцоў савецкай дэлегацыі на чале з Чычэрыным, але быў выкрыты і арыштаваны італьянскай паліцыяй (не дапамаглі і кантакты з Мусаліні). Увесь гэты час кіраўніцтва РКП(б) і ГПУ па-ранейшаму лічылі Барыса Савінкава адным з самых небяспечных лідараў антысавецкай эміграцыі. Былы эсэр і цяперашні «права-левы» папуліст быў больш істотнай пагрозай, чым перакананыя манархісты з іх вельмі абмежаванай сацыяльнай базай.

Барыс Савінкаў

Барыс Савінкаў

Але самому лідару НСАРіС данясенні праз кардон сталі паступаць усё радзей, а ад актыўнасці «ў Саўдэпіі» залежаў фінансавы дабрабыт арганізацыі. І тады Савінкаў паслаў з праверкай за кардон свайго асабістага ад’ютанта — штабс-капітана Леаніда Шашэню.
Перайсці польска-савецкую мяжу, якая ў той час была падобная да дзіравага швейцарскага сыру, было нескладана. Але давераны эмісар Савінкава чамусьці нарваўся на памежны нарад. А трапіўшы ў ГПУ, Шашэня станавіцца героем «белай справы» (і адначасова — да сценкі) не захацеў. Убачыўшы, што арыштаваны «паплыў», чэкісты вырашылі пачаць рызыкоўную аператыўную гульню.
Пра далейшае развіццё сюжэту ў савецкі час пісаліся мастацкія кнігі і здымаліся фільмы. Праўда, многія падрабязнасці тады заставаліся «па-за кадрам». Пад кантролем ГПУ Шашэня паведаміў «у цэнтр», што яму ўдалося ўсталяваць сувязь з буйной антыбальшавіцкай арганізацыяй — «Ліберальнымі дэмакратамі» (арганізатары Ліберальна-дэмакратычнай партыі Расіі на чале з Уладзімірам Вольфавічам, напэўна, валодалі пачуццём гумару). Пасланне ад «ліберал-дэмакратаў» Савінкаву перадаў легендарны чэкіст Андрэй Фёдараў.
Трэба аддаць належнае: аперацыя «Сіндыкат-2», як яе назвалі распрацоўшчыкі, праводзілася на мяжы фолу, але гэтую мяжу не пераходзіла. Складаную гульню вёў незадоўга да гэтага створаны Контрвыведніцкі аддзел (КРО) ГПУ на чале з Артурам Артузавым. Барысу Савінкаву дасталіся няпростыя праціўнікі — эліта тагачаснага ГПУ. Сапраўднае імя начальніка аддзела было Артур Яўген Леанард Фраўчы (Рэнуччы). Яго бацька быў вядомым сыраварам італьянска-швейцарскага паходжання, маці мела латышска-эстонска-шатландскія карані. Скончыў з адзнакай Петраградскі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці інжынер-праекціроўшчык. З 1918 года — у ваеннай контрвыведцы.

Артур Артузаў

Артур Артузаў

Намеснікам начальніка КРО быў Раман Піляр (Рамуальд Людвіг Пілар фон Пільхау) — прыбалтыйскі барон, які ўступіў у РСДРП(б) у 1914 годзе. Нарадзіўся на Беласточчыне, адзін з заснавальнікаў Кампартыі Літвы і Беларусі, сакратар ЦВК Літбела. Пры захопе палякамі ў Вільні ў 1918 годзе спрабаваў застрэліцца, але выжыў з прабітым лёгкім. Прысуджаны да смяротнага пакарання, расстраляны — але зноў цудам застаўся жывы! Затым барон-бальшавік стаў спецупаўнаважаным па Асобым аддзеле Заходняга фронту, разведчыкам-«нелегалам» у Германіі.

Раман Піляр

Раман Піляр

Андрэй Фёдараў, які першым выехаў да савінкаўцаў за кардон, у мінулым належаў да адной з самых радыкальных рэвалюцыйных фракцый — эсэраў-максімалістаў. З 1917 года левы эсэр, з 1919 — член РКП(б). Былых анархістаў і левых эсэраў з іх вопытам баявой і падпольнай працы ахвотна бралі ў ВЧК-ГПУ, іх там было больш, чым у любой іншай савецкай сілавой арганізацыі.
Начальнік 6-га «белагвардзейскага» аддзялення КРО быў Ігнат Сасноўскі, афіцэр польскай арміі і рэзідэнт польскай выведкі ў савецкай Расіі, які пасля арышту перайшоў на бок Саветаў.
Аператыўнік Рыгор Сыраежкін славіўся незвычайнай сілай і адвагай. І, як казалі відавочцы, мог перапіць любога на сяброўскай вечарыне…
План «Сіндыката-2» складаўся супрацоўнікамі КРО з улікам псіхалагічных асаблівасцей «партнёра», з прыцягненнем экспертаў з ліку людзей, якія ведалі яго яшчэ па рэвалюцыйнай дзейнасці. І ён спрацаваў.Савінкаўцы не паверылі Фёдараву, у Парыжы яму інсцэніравалі «выкрыццё» як «агента Гепеу» і пагражалі забіць на месцы. Але Фёдараў праявіў незвычайную вытрымку і вынаходлівасць і прымудрыўся пераканаць найдасведчаных змоўшчыкаў у сваёй невінаватасці. І яшчэ не раз аперацыя была пад пагрозай правалу. Аднак НСАРіС, які знаходзіўся ў крызісе, з праваленымі за кардонам арганізацыямі, як у глытку кіслароду меў патрэбу ў «свежай крыві». І савінкаўцы праглынулі прынаду.
Пасля інтэнсіўнага абмену пасланнямі і сувязнымі Барыс Савінкаў паслаў для праверкі «ліберальных дэмакратаў» аднаго са сваіх самых давераных людзей — Сержа Паўлоўскага. Пад Бешанковічамі палкоўнік Паўлоўскі злучыўся з групай нейкага Данілы Іванова, якая ўсю зіму прасядзела ў лесе і сілкавалася мясам з бочкі. Разам з «іваноўцамі» яны абрабавалі станцыю «Зубры», пры гэтым забіўшы 4-х чалавек, у тым ліку 60-гадовага начальніка дарогі, расправіліся з яўрэямі. У гэты час Паўлоўскі прапанаваў называцца «фашыстамі» і пашыць атраду чорныя кашулі.
Потым Паўлоўскі прабраўся ў Маскву для праверкі Шашэні, які жыў там на кватэры з жонкай — зразумела, пад наглядам контрвыведнікаў. Дасведчаны дыверсант так нічога і не западозрыў, на сустрэчы з лідарамі «ліберальных дэмакратаў» быў арыштаваны. І таксама пачаў працаваць пад кантролем. У Парыж і Варшаву паведамілі, што ён паранены ў нагу, але абставіны патрабуюць тэрміновага прыезду Савінкава ў СССР.
Ці верыў палкоўнік, пры ўсіх яго мінулых «подзвігах», што гэтым ён выгандлюе сабе жыццё? Наўрад ці. Ён адчайна спадзяваўся вырвацца, выратавацца самому і папярэдзіць «правадыра». Да чаго і зрабіў шэраг спроб. Не атрымалася.
Але менавіта лісты «Сержа» да Савінкава, здаецца, згулялі адну з вырашальных роляў у поспеху чэкісцкай аперацыі. Паўлоўскі ў канспіратыўнай перапісцы называў Савінкава «бацькам» і прасіў яго самога хутчэй прыехаць для «агледзін» і наступнага «вяселля».
15 жніўня 1924 года лідар НСАРіС з некалькімі паплечнікамі перайшоў савецка-польскую мяжу, а ўжо на наступны дзень у Мінску быў арыштаваны ГПУ.

Фота з кнігі «Б. Савінкаў на Лубянцы. Дакументы»

Фота з кнігі «Б. Савінкаў на Лубянцы. Дакументы»



Версіі

І адразу пасля сенсацыйнага арышту Савінкава, і сёння існуе мноства версій, з якіх прычын гэта адбылося. Загадкай застаецца, чаму ўсё ж найдасведчаны падпольшчык, які дзясяткі разоў выслізгваў ад гібелі, паверыў у хоць і бліскуча выкананую, але не такую ўжо і складаную па задуме камбінацыю савецкай контрвыведкі? Аператыўнікі і аналітыкі таго часу з КРО змаглі неяк аргументаваць, чаму Савінкаў асабіста і неадкладна павінен прыехаць у СССР. Але як?
Не менш загадкавай з’яўляецца і яго наступная смерць на Лубянцы 7 траўня 1925 года — ці то Савінкаў сапраўды выкінуўся з вакна, ці то яго выштурхнулі чэкісты. Так, можа, ад самага пачатку гэтае вяртанне было несвядомым або ўсвядомленым суіцыдам лідара, які прайграў сваю барацьбу?
Уяўляецца ўсё ж, што самагубства было не ў характары Барыса Савінкава. Іншых на смерць яму даводзілася пасылаць, сябе — не. Але ён сапраўды быў фанатыкам — чалавекам, які жыў дзеля барацьбы і свайго асабістага самасцвярджэння праз яе. Савінкаў ні за што не хацеў змірыцца з паразай. Верагодна, на гэтым і згулялі арганізатары «Сіндыката»: іх містыфікацыя хаця б на кароткі час давала яму надзею на перамогу.
Можна вылучыць яшчэ адзін аргумент, з дапамогай якога лідара антысавецкай эміграцыі маглі матываваць да вяртання ў СССР. Уладзімір Ленін быў у гэты час смяротна хворы, і Савінкава маглі пераканаць: ён павінен быць у краіне ў той момант, калі пасля смерці правадыра ў бальшавіцкай партыі пачнецца крызіс, сутычка за ўладу паміж яе рознымі фракцыямі. Па зразумелых прычынах такая «легенда» не агучвалася не толькі ў адкрытых крыніцах, але і ва ўнутранай справаздачнасці ГПУ.
Зрэшты, з часам усе арганізатары і ўдзельнікі пераможнай аперацыі самі пацярпелі ў выніку менавіта гэтай барацьбы за ўладу ўнутры ВКП(б). Артур Артузаў, Раман Піляр, Ігнат Сасноўскі, Андрэй Фёдараў, Рыгор Сыраежкін, як і амаль усе чэкісты часоў Грамадзянскай вайны, былі расстраляныя ў 1937–1939 гадах. Па злой іроніі гісторыі — як «польскія шпіёны».
Магчыма, што ацалеў толькі няўлоўны Упельніц-Оперпут. Падобна, гэта быў першы супрацоўнік савецкіх спецслужб, які ўвайшоў у давер да савінкаўцаў. І яшчэ да аперацыі «Сіндыкат-2» славутая магутная арганізацыя НСАРіС у Беларусі — была збольшага таксама чэкісцкай містыфікацыяй? Але гэта — асобная гісторыя. Дакладна вядома, што пасля арышту ў Мінску ў 1920 годзе Аляксандр Упельніц перайшоў на службу ў ГПУ (калі толькі ён не быў агентам ЧК ужо з 1918 года) і ўдзельнічаў у якасці прынады яшчэ ў адной легендарнай гульні — аперацыі «Трэст». А ў 1927 годзе Аляксандр Упельніц-Оперпут-Стаўніц зноў з «чырвонага» стаў «белым»: збег за мяжу, дзе выступіў з серыяй выкрыццяў.
Аднак кім ён быў на самой справе і чым займаўся далей — усё яшчэ застаецца загадкай.