«Дзед казаў у Гродна ніколі не вяртацца!»

«Гісторыі з гродзенскіх вуліц» — ужо другая зборка ўспамінаў сталых жыхароў Гродна пра 1930–1940-я гады, якія ўдалося назбіраць Руслану Кулевічу. «Людзі адыходзяць, таму трэба спяшацца…» — кажа хлопец.

Атмасферныя фота Гродна і гарадзенцаў з калекцыі Руслана Кулевіча

Атмасферныя фота Гродна і гарадзенцаў з калекцыі Руслана Кулевіча

Рэдакцыя сайту Hrodna.life і Руслан Кулевіч плануюць выдаць кнігу ў снежні, а зараз запускаюць краўдфандынг. І тэксты, і фота­здымкі ўжо гатовыя: засталося здаць у друкарню. У кнізе будуць змешчаныя 18 гісторыяў і больш за 100 унікальных фота.

Пра кнігу і яе герояў распавядаюць Руслан Кулевіч і рэдактар сайту Hrodna.life Аляксей Шота.

Рэкламны стэнд, прысвечаны  кнізе Руслана Кулевіча

Рэкламны стэнд, прысвечаны кнізе Руслана Кулевіча


— Чаму менавіта гэтая тэма і гэты перыяд?

Р.К. Мяне чытае моладзь у сацыяльных сетках, таму менавіта ёй найперш я хачу данесці інфармацыю. Распавесці, як і чым жыў горад у 1930–1940-я, пра польскую ды яўрэйскую культуру, якія фармавалі тагачасны Гродна. Савецкая прапаганда намагалася не распавядаць пра гэты час: у іх усё ад 1939-га альбо ад 1944-га пачыналася…

А наогул усё пачалося з таго, што я зацікавіўся гісторыяй перадваеннага футболу. Знайшоў людзей, напрыклад, мужчыну, які хадзіў тады на матчы. Я не мог паверыць, што футболам цікавіліся тысячы гродзенцаў, арганізоўваліся «дэрбі» паміж яўрэйскімі і польскімі камандамі: WKC Grodno і «Макабі». Спачатку я шукаў сталых людзей, пасля ўжо на мяне пачалі выходзіць самі: нават з Ізраілю ці ЗША. І пайшло-паехала.

Аляксей Шота і Руслан Кулевіч

Аляксей Шота і Руслан Кулевіч

— Якія гісторыі найбольш уразілі?

Р.К. Кожная гісторыя па-свойму цікавая. Адна жанчына распавядала, як расстралялі яе братоў у 1939-м. Яны не ўдзельнічалі ў абароне гораду ад Саветаў. Наўпрост ішлі па вуліцы. А там чырвонаармейцы вялі яўрэя, які паказаў на іх са словамі: «Яны стралялі па савецкіх танках». Яўрэя адпусцілі, а тых хлопцаў расстралялі — наўпрост на вуліцы, ля бліжэйшай сценкі. Было ім па 16 і 17 гадоў. Таксама я запісаў 92-гадовага Стэфана Хоцея, які зараз жыве ў Сакулцы. Імаверна, ён апошні жывы абаронца Гродна 1939-га: кідаў бутэлькі з запальнай сумессю ў танкі «чырвоных». Яго тады паранілі, а сябра — забілі.

Яшчэ адна цікавая гісторыя ад гродзенца Караля Кальвейта, які зараз жыве ў Слупску, у Польшчы. У 1944-м, ужо пры Саветах, ён падпаліў будынак Ратушы. Тады яна яшчэ не была ўзарваная. Пытаюся: «Навошта?..» А ён кажа, што там былі дакументы, паводле якіх маглі арыштаваць шмат каго ў горадзе. Сам ён, дарэчы, быў міністрантам у сённяшнім Фарным касцёле.

А.Ш. Заўсёды ва ўспамінах цікавыя рэчы, якія цяжка альбо нават немагчыма спраўдзіць. Той жа Кальвейт казаў, што перад ад’ездам з гораду ў 1945-м забраўся на вежу касцёлу і пакінуў там надпіс каля звона: «Я, Караль Кальвейт, пакідаю родны Гродна і ад’язджаю ў невядомы мне новы свет». Чалавеку 90 гадоў, але ён без дэменцыі, цалкам адэкватны. Ці было такое?.. Быў рамонт Фарнага касцёлу, маглі зашпакляваць, зацерці… Мы гэтага ўжо, баюся, не даведаемся.

Пасярэдзіне — Караль Кальвейт, які паліў Ратушу ў 1944-м

Пасярэдзіне — Караль Кальвейт, які паліў Ратушу ў 1944-м

— Я так разумею, што гаворка пра палякаў, якіх пасля вайны высялялі з гораду і якія збольшага аселі ў Заходняй Польшчы…

Р.К. Так, таму я адмыслова ездзіў на польскае Памор’е: Гданьск, Эльблонг, Слупск. Хадзіў у мясцовыя рэдакцыі СМІ, прасіў пра дапамогу ў пошуку. Некалькі чалавек сапраўды знайшлося ў тым рэгіёне! Яны дагэтуль усё памятаюць: нават вуліцы. Для іх Гродна — гэта больш, чым горад, дзе яны нарадзіліся. Адзін дзядуля казаў, што гатовы сюды і на каленях прыпаўзці… Там жа захаваліся вялікія сямейныя архівы з мноствам фота і дакументаў.

Адзін дзядуля казаў: «Каб мы не паехалі, то загінулі б, вывезлі б у Сібір…» Таму і з’язджалі. Цікава, што яны не называюць сябе рэпатрыянтамі. Кажуць: «Мы людзі, якіх выгналі з гэтага гораду». Яны прыехалі на Памор’е, занялі гарады, дзе жылі немцы. Бо з усходу прыйшлі тыя, хто заняў іхны горад і іхныя дамы тут, у нас. У гэтым сэнсе яны самі параўноўваюць сябе з немцамі, якія мелі пакінуць Данцыг або Брэслаў…

Фота Гродна з калекцыі Руслана Кулевіча 

Фота Гродна з калекцыі Руслана Кулевіча 

— А як выглядае збор успамінаў у Гродна?

Р.К. Я ўжо аб’ехаў амаль увесь стары горад. Зараз больш працую з левабярэжнай часткай. Калі бачу над прыватным домам перадваенны дымаход, то разумею: трэба заходзіць. Кажу, што збіраю ўспаміны. Сваю першую кнігу паказваю як візітную картку. Людзі гартаюць, кажуць: «О, з гэтым я вучыўся!», «А гэта мой сусед!», «А тут ён няпраўду сказаў, бо было так і так…» Звычайна ўсё добра праходзіць, людзі радыя паразмаўляць. Адзін толькі выпадак быў, калі прыйшоў сын такога старажыла ды выгнаў, падумаўшы, што я «сведак Іеговы»… Што паспеў тады, тое і запісаў.

— Інтэрв’юер мае ведаць тэму лепш, чым той, з кім ён размаўляе. Разумець, дзе чалавек памятае, а дзе дэфармацыя памяці. Мадэраваць размову… Ты лепш ведаеш стары горад за суразмоўцаў?

Р.К. Зараз ужо так. Кожнага я правяраю. Пытаюся, а на якой вуліцы нарадзіліся. А як яна ў той час называлася? Чалавек патроху ўзгадвае. Кажу, а ці памятаеце там такую краму? І тут ужо працэс ідзе: чалавек пачынае ўсё ўзгадваць… Адмысловым пытанням мяне навучылі спяцы ад вуснай гісторыі: Алесь Смалянчук, Таццяна Касатая, Андрэй Вашкевіч.

А.Ш. Дарэчы, прадмова ў гэтай кнізе будзе ад прафесара Смаленчука. Будуць спасылкі адносна вуліц. Бо чалавек можа сказаць: «Orla». Гэта вуліца Арла? Ці Арліная? Дзе яна была?.. Альбо — школа «Усэмка» (то-бок «васьмёрка», №8). Ці «Міцкевічувка». Усё будзе тлумачыцца, а ў канцы будзе слоўнік. Бо шмат вельмі лакальных найменняў, якія цяжка зразумець, калі добра не ведаеш кантэксту. У першай кнізе гэтага не хапала, рабілі наспех.

Фота Гродна і гродзенцаў з калекцыі Руслана Кулевіча 

Фота Гродна і гродзенцаў з калекцыі Руслана Кулевіча 


— Ці цяжка героям расказваць пра тыя часы?

Р.К. Наадварот, некаторыя скардзяцца, што ім не хапае камунікацыі, размовы. Я гатовы нават да іх завесці, каб пагутарыць пра той Гродна да 1939-га года. На прэзентацыі кнігі таксама будзе магчымасць сустрэцца са старажыламі. Калі прэзентавалі першую кнігу, то яе героі таксама прыходзілі. Ведаеце, пасля моладзь падыходзіла і брала ў іх аўтографы на кнізе! Для іх гэта быў першы і, магчыма адзіны такі момант у жыцці!

А.Ш. Гэта сапраўды цікава: людзі маглі жыць на адной вуліцы, хадзіць у тыя ж крамы ці школу, але не ведаць адно аднаго. Не сутыкацца. А зараз, калі ім па 90, яны сустракаюцца, знаёмяцца. Фантастыка!

Руслан Кулевіч са сваімі героямі падчас экспедыцыі ў Польшчу

Руслан Кулевіч са сваімі героямі падчас экспедыцыі ў Польшчу

— А ці збіраеце артэфакты мінулага? Тыя ж старыя фота, альбомы?

Р.К. Пачыналася ўсё з успамінаў, але часам людзі самі аддавалі фота. Спачатку я сканаваў, пасля, калі дазвалялі, пакідаў у рэдакцыі. Магчыма, у нас і музей свой з часам будзе.

А.Ш. Часам людзей ужо няма, а нашчадкам тыя фотаальбомы не патрэбныя. Кажуць: «Забірайце або мы выкінем ці спалім». Канешне, забіраем — гэта ўнікальныя матэрыялы. Прыязджалі да нас з архіву ў Дзяржынску, дык былі ў шоку ад нашых збораў. Рабілі сабе копіі. Скажу, што поспех першай кнігі не толькі ў тым, што яна прадалася, але і ў тым, што людзі ў рэдакцыю пачалі самі прыходзіць. Моладзь нарэшце палезла ў фотаальбомы сваіх бабуляў і дзядуляў, зразумела іх каштоўнасць.

— У кнізе ўспаміны будуць пададзеныя па-беларуску, але ж старажылы, мабыць, гавораць не на літаратурнай мове… Дакладнасць не губляецца?

А.Ш. Людзі найчасцей кажуць на трасянцы: польска-беларуска-рускай… Мы не робім так, як навукоўцы, якія пераказваюць дакладна той мовай, што і людзі. Чытачу гэта было б складаней успрымаць. Гэта не наша мэта. Таму ўсё вычытваем і перакладаем на беларускую. Магчыма, выдадзім і двухтомнік па-польску: у Польшчы ёсць попыт на падобную гістарычную літаратуру. Для нас гэта пазнавальнасць за мяжой. Ну а тут, ясна, па-беларуску, бо Hrodna.life — беларускамоўны СМІ.

Фота Гродна з калекцыі Руслана Кулевіча 

Фота Гродна з калекцыі Руслана Кулевіча 

— Ці спрабавалі працаваць з іншымі фарматамі? Відэа?

А.Ш. Па відэа ёсць ідэі, але пакуль не рэалізаваныя. Ёсць фармат экскурсіяў, які працуе. Ніводная фірма такога не робіць! Ёсць раён «Новы Свет», прыватныя дамы канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Усяго некалькі вуліцаў. Але там жывуць героі! У 2–3 месцах выходзяць людзі і самі распавядаюць тое, што памятаюць і бачылі: турысты ў шоку. Паказваюць артэфакты, напрыклад скрыпку, якая захаваліся ад яўрэйскай сям’і. Гісторыя такая: сям’ю вывозілі ў гета, а скрыпку тыя аддалі суседзям-беларусам. Суседзі яе захоўваюць дагэтуль.

Р.К. На экскурсіі таксама выходзіць дзядуля, які згубіў пальцы, калі разбіраў міну ў 1944-м. Ён жа вядзе экскурсантаў па вуліцы, паказвае старыя надпісы яшчэ з часоў нямецкай акупацыі. Дзе вы яшчэ такое знойдзеце?

— Ці атрымалася выйсці на нашчадкаў нейкіх вядомых ураджэнцаў Гродна?

Р.К. Неяк мне патэлефанавалі з сінагогі і кажуць: «Давай сюды, бо прыехалі Сухамлянскія». Еду я на ровары і думаю: што за Сухамлянскія? А пасля даходзіць: гэта ж Ланскія! Нашчадкі знакамітага Меер-Ланскага, банкіра амерыканскай мафіі ў 30-х гадах, які паходзіў з Гродна!

А.Ш. Яны абрэзалі прозвішча, калі пераехалі ў ЗША. «Сухамлянскі», мабыць, супрацоўніку міграцыйнай службы было цяжка вымавіць, так і стала — «Ланскі». А Меер-Ланскі — гэта ўнікальны чалавек. Яго так ані разу не пасадзілі, а калі кар’ера ў мафіі скончылася, ён пачаў займацца дабрачыннасцю, дапамагаў Ізраілю. «Хросны бацька», «Аднойчы ў Амерыцы» — гэта ж усё на аснове ягонага лёсу і лёсаў тых, каго ён ведаў. А карані — адсюль!

Фота Гродна і гродзенцаў з калекцыі Руслана Кулевіча 

Фота Гродна і гродзенцаў з калекцыі Руслана Кулевіча 

— Ці будзе трэцяя кніга?

А.Ш. Збіраем успаміны на трэці праект — «Гродзенцы здалёк». Тут будуць гісторыі лю­дзей, якія прыязджаюць у Гродна, бо адсюль паходзяць іх продкі, якія ў нейкі момант з’ехалі: Аўстралія, Аргенціна, ПАР… Вельмі шырокая геаграфія.

Р.К. Быў выпадак, калі прыехалі канадцы з мапай, якую намаляваў ад рукі іх дзядуля 1926 года нараджэння. Мапа даволі дакладная з вуліцамі і крамкамі. А жыў ён непадалёк ад турмы на колішняй Дамініканскай. Дому таго ўжо няма. Дык яны хадзілі з гэтай маляванай мапай па горадзе, шукалі, што і дзе захавалася!

Іншы выпадак: прыехалі з ПАР нашчадкі яўрэяў, якія пакінулі горад у 1930-х гадах, яшчэ перад вайной. Кажуць, што жылі таксама на Дамініканскай, але іх мама з’ехала пасля яўрэйскага пагрому 1935 года. Маўляў, была гісторыя са знікненнем польскай дзяўчынкі. І пайшла плётка, што яе скралі «на мацу» яўрэі. Дык да той мамы прыходзілі з прэтэнзіямі агрэсіўныя маладзёны…

А.Ш. Гэта вельмі цікавы ракурс. Па-першае, тое ўспаміны ўжо не жывых людзей праз фільтр іх дзяцей і ўнукаў, якія жывуць вельмі далёка. Па-другое, часта гэта не ідылічна-рамантычныя ўспаміны. Напрыклад, згадвалі: «Дзед казаў ніколі ў Гродна не вяртацца». Але мы злавілі гэтую нішу — успаміны — працуем у ёй.

Фота аўтара і Hrodna.life