Фэст на Крапіўне: чвэрць стагоддзя з перапынкамі

Крапівенскае поле вядомае як поле Аршанскай бітвы (8 верасня 1514 года). Але ёсць яшчэ адна не менш знакавая падзея, звязанае з гэтым месцам. У верасні 1991 года на Крапівенскім полі адбыўся першы фестываль аўтарскай песні і паэзіі.

Мікола Разумаў, Андрэй Мельнікаў, Серж Мінскевіч, Ігар Мухін, Вадзім Болбас, Пушкіны Алесь і Яніна, Ларыса Кудраўцава, Аляхновічы — Андрэй і Наталля

Мікола Разумаў, Андрэй Мельнікаў, Серж Мінскевіч, Ігар Мухін, Вадзім Болбас, Пушкіны Алесь і Яніна, Ларыса Кудраўцава, Аляхновічы — Андрэй і Наталля


Сёлета фэсту спаўняецца 25 гадоў. Як тое было, узгадвае нязменны арганізатар і каардынатар фэсту на Крапіўне — Юрась Копцік.

— Ідэя правядзення фестывалю належыць барду Андрэю Мельнікаву. Некалі ён прыйшоў да мяне ў рэдакцыю «Аршанскай газеты» і запытаў: «Слухай, а дзе была тая Аршанская бітва?». Я кажу: «На Крапіўне». А ён: «Слухай, давай з’ездзім». З’ездзілі, яму спадабалася. У 1989 годзе аршанскім краязнаўцам і калекцыянерам Алесем Сярожкіным там ужо быў пастаўлены невялікі мемарыяльны шасціканцовы крыж — на ўзвышшы правага берагу ракі Крапіўны, каля дарогі Орша — Дуброўна.

І мы вырашылі, што на правым беразе Крапіўны, пры самым упадзенні ў Дняпро, ёсць зручная, утульная лугавінка, дзе можна праводзіць фестываль. Вырашылі — будзем арыентавацца на канец жніўня. А ў жніўні 1991 года ў Маскве здарыўся путч. І мы думалі: што рабіць? Калі гэты путч удасца, і да ўлады прыйдзе ГКЧП (цяпер ужо мала каму зразумелая абрэвіятура), то ні пра які фестываль і думаць немагчыма. Каб яшчэ самім хавацца не давялося. Пакуль мы так думалі, путч праваліўся, але час быў страчаны. Позна было даваць ужо шырокую інфармацыю пра фестываль.

Абвестка пра фестываль у газеце «Чырвоная змена», дзякуючы Вітаўту Мартыненку, які там працаваў, з’явілася літаральна за пару дзён да мерапрыемства. Таму на першы фэст прыехала ўсяго недзе чалавек 12. Разам з выканаўцамі прыехала маладая, прыгожая і таленавітая журналістка Белдзяржтэлерадыё Надзея Кудрэйка. Апрача Андрэя Мельнікава, прыехалі Зміцер Сідаровіч, Лера Сом і Вольга Акуліч. І, як тады жартавалі, на кожнага выканаўцу быў персанальны слухач. Апаратуру і «паходную» сцэну даў тады Мікалай Разумаў, дзякуючы таму, што ён быў старшынёй прафкаму Інструментальнага заводу.


orsza.jpg


— Быў год, калі фестываль ладзіўся на афіцыйным узроўні і асвятляўся ў дзяржаўных СМІ…

— Гэта было ў 1992 годзе: было шмат людзей, прыехаў аўтобус Белдзяржтэлерадыё з гуказапісваючай апаратурай. Выступалі Андрэй Мельнікаў, Зміцер Сідаровіч, Лера Сом, Ігар Мухін і Віктар Шалкевіч.

У 1993 годзе ўсё ўвайшло ў сваю каляіну, людзі з’язджаліся, аддзел культуры райвыканкама нават аплачваў аўтобусы. І гэтыя аўтобусы давозілі гледачоў ад прывакзальнай плошчы да Крапівенскага поля.

У 1994 годзе фестывалю не было. Гэта былі 480-я ўгодкі бітвы, БНФ усё ўзяў у свае рукі. Прыкацілі два аўтобусы з Мінску, і замест фестывалю прайшла звычайная партыйная імпрэза. Пасля бразнулі дзвярыма ў аўтобусе і з’ехалі. Увечары ў Оршы адбыўся канцэрт беларускай аўтарскай песні — у Доме культуры машынабудаўнікоў выступалі Мельнікаў і Мухін. У залі было 14 чалавек.

У 1995 годзе праз фірму «Дайнова» мы атрымалі спонсарскую дапамогу. Надрукавалі 300 плакатаў у Віцебскай друкарні, арандавалі добрую апаратуру, абслугоўвалі яе тэхнікі з гарадскога дому культуры. У гэты год на фэсце спяваў Алесь Камоцкі — класік беларускай аўтарскай песні. Фестываль доўжыўся тры дні. У пятніцу пачынаўся — у нядзелю заканчваўся. Але скончылася дрэнна…

— 1995 год быў пераломным для фестывалю…

— Так, я хацеў правесці фестываль, не падладжваючыся пад партыйныя сцэнары і мітынгі. У мяне быў узор — «Басовішча». Мне падабалася сама форма правядзення: усё пачынаецца ўвечары ў пятніцу, дзве ночы працягваецца, каб за нядзелю людзі маглі адпачыць — выспацца і паспець на працу. Я вырашыў: а чаму б не рабіць такое «Басовішча» на Крапівенскім полі? Усе ўмовы ёсць. Фірма «Дайнова» дала нам 100 (сто!) долараў — на ўсе выдаткі. У той час гэтага хапала. Мы арандавалі выдатную апаратуру.

Але з самага пачатку было адчуванне, што нешта кепскае можа адбыцца. Таму я прасіў Беларускае згуртаванне вайскоўцаў прадставіць ахову, мне абяцалі, але нічога не зрабілі. З’явіліся на полі п’яныя падлеткі з Оршы, якія ладзілі бойкі і крадзяжы, адзін з іх паехаў у Оршу (можа па дарозе яшчэ якую бойку ўчыніў) і памёр ужо ў ноч з суботы на нядзелю ў сябе дома. Калі пачалося следства, высветлілася, што ён з 14 гадоў стаяў на ўліку ў міліцыі. У нядзелю на Крапівенскае поле прыехала міліцыя забіраць быццам бы вінаватых у смерці гэтага падлетка…

Пасля гэтай смерці ўсе афіцыйныя газеты — «Знамя юности», «Советская Белоруссия», «Витебский рабочий», якія да гэтага ніводнага слова не пісалі пра фестываль, нібыта з ланцугу сарваліся і пачалі друкаваць артыкулы пад такімі кідкімі загалоўкамі: «Смерть под бело-красно-белым флагом», «На Крапивенском поле вновь убивают людей». Зразумела, што ў такіх умовах ніякага фестывалю быць не магло.

Следства не даказала датычнасці ўдзельнікаў фестывалю да смерці падлетка. Справа была закрытая. Але пасля 1995 года тры гады фестывалю практычна не было. У 1996 годзе збіраліся ў знаёмага — у яго лецішча якраз насупраць, на беразе Дняпра. У 1997 годзе збіраліся на Крапівенскім полі, але было літаральна 7 чалавек — я, Андрэй Мельнікаў, мастак Алесь Пушкін… Аднак фестывалю не было, пакуль цягнулася следства па той справе.


orsza_3.jpg


— Але фестываль аднавіўся…

— У 1999 годзе ў Воршы ўтварыўся культурна-асветніцкі цэнтр імя Караткевіча, завадатарамі якога былі Генадзь Шэпелеў і Ларыса Кудраўцава. З гэтага часу пайшла традыцыя праводзіць не Фестываль беларускай аўтарскай песні, а Свята Беларускай вайсковай славы. У 2000–2001 гадах на Крапівенскім полі зноў пачалі збірацца сотні гледачоў. Прыязджалі рыцарскія гурты — наладжвалі рэканструкцыі. Паціху-патроху традыцыя аднавілася. Апошні нармальны фестываль прайшоў у 2006 годзе.

— Наступны год вядомы масавымі затрыманнямі на Крапівенскім полі…

— У 2007-м людзей на фестывалі было шмат, вось нехта і прыйшоў да высновы, што традыцыю трэба спыняць. Мяне выклікалі ў міліцыю і прапанавалі падпісаць паперу, што ў выступах на фестывалі «не будзе ніякай палітыкі». Я, зразумела, адмовіўся. Пасля на фэст спусцілі ўсіх сабак — ужо за два дні да мерапрыемства на месцы яго правядзення ўжо была міліцыя, паставілі загародкі, пікеты, машыны. Стаялі патрулі. Тлумачылі, што да іх паступіў ананімны званок: у Дняпры насупраць Крапіўны знайшлі снарад. Сапёры прыехалі толькі ў нядзелю. Доўга нешта шукалі, але, як і трэба было чакаць, ніякага снараду не знайшлі.

Фестывалю не было. Быў Віцебскі АМАП у поўным складзе, уся аршанская і дубровенская міліцыя была паднятая па трывозе і кінутая на Крапівенскае поле. Усюды стаяла міліцыя, людзей хапалі, кідалі ў аўтазакі і везлі ў раённы аддзел міліцыі. Было затрымана больш за 100 чалавек. Тое самае паўтарылася ў 2009-м, тады людзей вывозілі пад Коханава і выкідвалі пад дождж ноччу ў чыстым полі.


Наваколле Кшыжова

Наваколле Кшыжова


* * *

У 2010 годзе міліцыянты перакрылі пад’езды да Крапівенскага поля, не дазваляючы праехаць да вёскі Гацькаўшчына, дзе звычайна адбывалася імпрэза. А затым пачалі затрымліваць усіх, хто ішоў пешкі ў кірунку да альтэрнатыўнага месца, абранага непадалёк. Пад забаронай фэст заставаўся і ў наступныя гады. Нават у 2014-м, калі адзначалася 500-годдзе бітвы.

Тым не менш штогод людзі прыязджаюць пад Оршу. І хай гэта ўжо не тое традыцыйнае месца пры ўпадзенні Крапіўны ў Дняпро, і аўдыторыя злічваецца не сотнямі, як некалі, а некалькімі дзясяткамі чалавек, і ўсё гэта больш нагадвае «кватэрнік» на прыродзе, але гэта быў усё той жа фестываль. Гэткі культурна-гуманітарны супраціў татальнай дэнацыялізацыі Беларусі.

Фота Андрэя Аляхновіча