Гарады і мястэчкі нашых прадзедаў

Нашы гарады ў першай палове ХІХ стагоддзя моцна адрозніваліся ад сённяшніх. Найвышэйшымі будынкамі былі цэрквы ды касцёлы і — дзе-нідзе — ратушы, якім пашанцавала не быць зруйнаванымі на загад расейскіх ўладаў. Мураваныя пабудовы стаялі ў цэнтры, а навокал разлягаліся вуліцы і завулкі з прысадзістымі драўлянымі сядзібамі. Брукам маглі парадаваць адны цэнтральныя вуліцы.

1475726692aed.jpg


Самым хуткім транспартам былі карэты і фурманкі. У краі налічвалася 42 гарады, дзе жыло 300 тысяч чалавек. Найбуйнейшыя гарады таго часу — Вільня, Магілёў, Менск, Віцебск, Горадня, Берасце, Бабруйск, Пінск, Полацак, Слонім. Больш за 200 тысяч жыхароў мелі сярэднія паміж горадам і вёскай паселішчы — мястэчкі. Разам з беларускай моваю на гарадскіх і местачковых вуліцах і пляцах часта гучалі габрэйская, польская і расейская.

Вільня

Былую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага царскія ўлады зрабілі цэнтрам губерні. Вільня з насельніцтвам 50 тысяч жыхароў была самым буйным горадам краю. Горад меў дзесяць прадмесцяў з даўнімі беларускімі назвамі: Антокаль, Папоўшчына, Зарэчча, Паплавы, Росы, Востры Канец, Руднішкі, Пагулянка, Лукішкі і Сніпішкі. У Вільні стаялі блізу тысячы мураваных будынкаў, дзясяткі касцёлаў, цэркваў і манастыроў, некалькі сінагогаў, шмат палацаў арыстакратыі. Колішняя ратуша не павінна была нагадваць віленцам пра скасаваныя гарадскія вольнасці — і была прыстасаваная пад тэатр.

Пасля паўстання 1831 года каланізатары зачынілі Віленскі ўніверсітэт. Цяпер Вільня не была студэнцкім горадам, але там жылі вучоныя і творцы, дзейнічалі друкарні, выходзілі кнігі і газеты.

Па віленскіх вуліцах хадзілі літаратар і краязнаўца Уладзіслаў Сыракомля і аўтар шматлікіх гістарычных раманаў і аповесцяў Язэп Крашэўскі. Тут працавалі гісторыкі Тодар Нарбут і Адам Кіркор. Кожны віленец ведаў кампазітара Станіслава Манюшку, які шмат гадоў быў арганістам у Святаянаўскім касцёле.

Былы сябра таварыстваў філаматаў і філарэтаў, паэт і фалькларыст Ян Чачот выдаваў у Вільні свае вершы і балады, сабраныя ім беларускія народныя песні. Яшчэ адзін удзельнік патрыятычнага студэнцкага руху, аўтар «Песні філарэтаў» Антон Адынец, рэдагаваў газету «Віленскі веснік».

Шырокі розгалас мела адкрыццё ў 1856 годзе Віленскага музея старажытнасцяў. Заснавальнікам музея, што размясціўся ў залах бібліятэкі зачыненага каланізатарамі Віленскага ўніверсітэта, стаў гісторык і археолаг граф Яўстах Тышкевіч. Ягоным паплечнікам быў родны брат Канстанцін, які таксама паспяхова займаўся гістарычнымі росшукамі. У музеі налічвалася болей за дзесяць тысяч экспанатаў. Пры музеі браты Тышкевічы стварылі навукова-асветную ўстанову — Віленскую археалагічную камісію. Яна расшуквала і друкавала старажытныя дакументы і летапісы, ладзіла археалагічныя і этнаграфічныя экспедыцыі. Вывучэнне гісторыі Беларусі, яе народных традыцый і мовы набліжала нацыянальнае адраджэнне беларусаў.

Вільня заставалася культурнай сталіцаю краю.


Губернскі Менск

У цяперашняй беларускай сталіцы, а на той час губернскім горадзе Менску ў сярэдзіне пазамінулага стагоддзя было 25 тысяч жыхароў.

Менск, Высокі рынак

Менск, Высокі рынак

«Сэрцам» Менска, як і даўней, заставаўся Высокі рынак, або Высокае места. Так называлася размешчаная на ўзгорку цэнтральная частка горада. Тут уздымалі ў неба вежы і званіцы галоўныя менскія храмы: езуіцкі касцёл Дзевы Марыі, вуніяцкая царква Святога Духу, касцёл Звеставання пры кляштары манашак-бернардынак, касцёл святога Язэпа пры кляштары бернардынцаў. Усе гэтыя бажніцы захаваліся або былі адноўленыя і цяпер зноў радуюць вока менчукоў. Высокае места аздабляла і ратуша з палацамі Сапегаў і Радзівілаў. Побач стаялі дзясяткі крамаў з разнастайнымі таварамі.

Да шырокага і забрукаванага, бачнага здалёк Высокага рынку (цяпер плошча Свабоды) сыходзіліся ўсе галоўныя вуліцы: Койданаўская (цяпер Рэвалюцыйная), Феліцыянаўская (цяпер Камсамольская), Францішканская (Леніна) і Дамініканская (Энгельса), што вяла на Гандлёвы рынак у Новым месцы. Гэтыя вуліцы мелі шмат крамаў, што суседзілі з жылымі будынкамі. Мала чым саступалі галоўным вуліцам блізкія да іх Захараўская (пачатак цяперашняга праспекта Незалежнасці), Валоцкая (частка Інтэрнацыянальнай ) і Юраўская (не захавалася).

Усяго ў Менску ў той час было 46 вуліц, з іх 22 — брукаваныя. На іх налічвалася прыблізна паўтары тысячы будынкаў, з якіх мураваных — менш за палову. З мураванкамі суседзілі адна- а часам двухпавярховыя драўляныя дамы на цагляных падмурках.

На вуліцы Францішканскай стаяў прыгожы каменны двухпавярховы будынак гімназіі, дзе ў тыя часы вучылася шмат знакамітых у будучым людзей: паэт Тамаш Зан, кампазітар Станіслаў Манюшка, географ і заолаг Бенядзікт Дыбоўскі, біёлаг Канстанцін Ельскі, гісторык Тадэвуш Корзан, астраном Міхал Глушневіч, правазнаўца і літаратар Уладзімір Спасовіч.

Менчукі паважалі беларускага пісьменніка і драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. У 1852 годзе створанае ім тэатральнае згуртаванне паставіла ў Менску оперу «Сялянка». П’есу для яе напісаў сам Марцінкевіч, музыку — Станіслаў Манюшка. Са сцэны ў «Сялянцы» гучала беларуская мова, таму менавіта з гэтай пастаноўкі адлічваецца гісторыя айчыннага тэатральнага мастацтва новага часу.

У Менску пасля сібірскай высылкі за падтрымку Напалеона жыў славуты мастак Ян Дамель. Менчукі з гонарам казалі пра бліскучага партрэтыста Валянціна Ваньковіча. Дом роду Ваньковічаў захаваўся дасёння. Цяпер там створаны музей, што дае ўяўленне пра шляхецкі побыт, культуру і мастацва першай паловы ХІХ стагоддзя.


Чаго не змог сказаць Сыракомля

Наведваючы ў 1850-я гады Менск, пісьменнік і краязнаўца Уладзіслаў Сыракомля пісаў: «Выгляд горада вызначаецца акуратнасцю і парадкам. Шырока раскінуты абапал ракі Свіслачы, ён уражвае хараством краявідаў. Вуліцы шырокія і прамыя, дамы не заціснутыя, паветра чыстае, скрозь даступнае павевам ветру.Туркочуць і размінаюцца аднаконныя дрожкі (карэты), віруе люд, пры гэтым на вуліцах няма тлуму, бо ўсім тут прасторна. Будынкі важнага значэння не засланяюцца суседнімі і выступаюць ва ўсёй велічы. Апроч вялікіх Губернатарскага парку і Архірэйскага саду Менск налічвае васямнаццаць прыватных садоў і 239 агародаў».

Але не ўсё ў Менску было так прыгожа і прытульна. Сыракомля друкаваў свае нататкі, калі пільная царская цэнзура сачыла за выданнем кніг, газет і часопісаў, выкідаючы адтуль усё «падазронае» і «шкоднае». Пісьменнік не мог паведаміць чытачу, што першым новым вялікім збудаваннем у Менску, калі беларускія землі акупавала Расея, стаў Турэмны замак. У гэтай велізарнай вязніцы адбывалі пакаранне змагары 1831 года, а пазней — удзельнікі паўстання Каліноўскага. За сувязь з каліноўцамі там быў зняволены і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Дарэчы, ягоны спектакль «Сялянка» адразу пасля першага паказу быў забаронены і надалей ставіўся нелегальна.

Не мог Сыракомля адкрыта напісаць і пра лёс Менскай ратушы. На пастанове пра яе руйнаванне стаіць уласнаручны подпіс цара Мікалая І. Ратушу знеслі, бо «она своим видом напоминала жителям о Магдебургском праве, об обычаях минувшего времени».

Новыя ўлады імкнуліся сцерці памяць пра былую беларускую незалежнасць, але самі ж царскія чыноўнікі пісалі, што і праз пяцьдзясят гадоў іхняга панавання расейская культура ў Менску і наогул ва ўсіх беларускіх гарадах, мястэчках і вёсках заставалася чужой і незразумелай.


Павятовы Полацак

Сталіцу нашай першай дзяржавы — Полацкага княства, а затым — у Вялікім Княстве Літоўскім — сталіцу Полацкага ваяводства каланізатары ператварылі ў павятовы горад. Праўда, пра яго былую веліч нагадвалі шматлікія храмы і манастыры. Адзін з замежных падарожнікаў, мастак паводле прафесіі, параўнаў той Полацак з італьянскімі гарадамі і адзначыў, што тут забываеш, што ты не ў сталіцы.

На Дзвіне ад раніцы да вечара мільгацелі лодкі з ветразямі і вёсламі. Штодня ўніз па рацэ ўбок Рыгі праходзілі дзясяткі даўжэзных плытоў. Людзі на вуліцах — беларускія сяляне і шляхцічы, імперскае чынавенства і габрэйскія гандляры ды рамеснікі — былі ў розных уборах, прычым кожны гаварыў на сваёй мове.

Саборы святой Сафіі і святога Стэфана так уразілі заезджага мастака лёгкасцю і вытанчанасцю архітэктуры, што ён быў гатовы паверыць нечым словам, нібыта гэтыя храмы пабудаваныя па малюнках італьянца Мікеланджэла.

Між тым гэта быў толькі вонкавы выгляд горада, у якім ужо некалькі дзесяцігоддзяў гаспадарылі чужынцы. Пасля змагарнага 1831 года ўлады зачынілі вуніяцкія манастыры базылянак і базылянаў. Замкі́ і пячаткі з двухгаловым арлом з’явіліся і на дзвярах вуніяцкай духоўнай семінарыі: у 1839-м Вуніяцкая царква на беларускіх землях была знішчаная. Галоўную святыню беларускіх вуніятаў — Сафійскі сабор — перадалі праваслаўным.

Сафійскі сабор і замак іезуітаў

Сафійскі сабор і замак іезуітаў


Яшчэ раней былі зачыненыя Полацкая акадэмія, ліцэй манахаў-піяраў, навучальні пры бернардзінскім і францішканскім кляштарах. На змену ім прыходзілі расейскія школы, што павінны былі выхоўваць «русских людей» і паслухмяных падданых. Асвета ў Беларусі панізілася да страшэнна нізкага роўню. Улада кіравалася думкай, што школа з навучаннем па-расейску зробіць на паняволеных землях нашмат болей за армію.

У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў горадзе над Дзіной налічвалася 15 тысяч жыхароў. Цэнтральныя вуліцы былі забрукаваныя, увечары на іх загараліся ліхтары, але прадмесці ўвесну і ўвосень патаналі ў брудзе.

Простыя месцічы па-ранейшаму трымалі ў хлеўчуках свойскую жывёлу. На прыгарадных лугавінах пасвіліся каровы, козы і авечкі. Перад Калядамі на полацкіх падворках смалілі вепрукоў.

На гародах побач з капустай, цыбуляй, гуркамі, бурачкамі, часнаком і кропам усё часцей ганаровае месца займала невядомая яшчэ сто гадоў таму бульба. Пра багацце садоў сведчыць тое, што ва ўраджайныя гады яблыкі, грушы і вішні прадавалі цэлымі вазамі.

Нямала палачанаў, як і некалькі стагоддзяў таму, займаліся паляваннем і рыбалкай. Зверыны ў навакольных лясах вялося столькі, што на продаж адпраўлялі штогод дзясяткі пудоў ласіных шкураў і рагоў. Калі чытаеш пра здабычу полацкіх рыбакоў, здаецца, што ў руках у цябе кніга казак. Сярэдні дзвінскі сом, напрыклад, важыў тры пуды, гэта значыць пад 50 кілаграмаў. Такая рыбіна магла цэлыя вёрсты вазіць рыбака з лодкай уніз і ўверх па рацэ.

Калі б мы зазірнулі ў дамы палачанаў і прыселі з гаспадарамі за стол, то пераканаліся б, што многія традыцыйныя стравы і напоі за стагоддзі мала змяніліся. Разам з тым палачане, як і ўсе беларусы, пачыналі ўсё ахвотней гатаваць стравы з бульбы. З халодных вараных бульбін і бруснічнага сочыва з морквай, грушамі або «райскімі» яблычкамі рабілі смачны дэсерт. Яго ў Прыдзвінні можна пакаштаваць і цяпер.

У Полацку, зразумела, пілі і моцныя напоі, ды самым пашыраным і тут, і па ўсім беларускім абшары быў квас. Найсмачнейшым лічыўся квас чырвонага колеру, зроблены на падсмажаных сухарах. Гэты напой гатавалі і з буракоў, бярозавіку, яблыкаў і грушаў. Былі квасы з каліны, брусніцаў, журавінаў, арабіны. Заможныя гаспадары мелі на стале сапраўдныя гарбату і каву, хоць усе месцічы, як і даўней, любілі заварваць ліпавую квецень, святаяннік, чабор. На дадатак са склепу маглі прынесці кухаль моцнае медавухі.

Прыблізна так ішло жыццё і ў іншых павятовых гарадах.


Паміж горадам і вёскай

Літва-Беларусь мела блізу 300 мястэчак. Гэтыя паселішчы здаўна розніліся з гарадамі меншым насельніцтвам, адсутнасцю абарончых збудаванняў і тым, то местачкоўцы больш займаліся сельскай гаспадаркай. Але, адрозна ад вёскі, важнымі заняткамі местачкоўцаў былі рамёствы і гандаль.

На местачковай плошчы стаялі царква ці касцёл, а часта абодва храмы разам. Недалёка ад іх звычайна ўзвышалася сінагога, а часам і мячэць, бо ўжо некалькі стагоддзяў на нашых землях мірна жылі татары.

Буйнымі мястэчкамі лічыліся Зэльва, Лынтупы, Відзы, Смалявічы, Іўе, Баруны, Бяроза Картузская, Лёзна, Бялынічы, Смаргонь, Крэва, Шчучын, Глыбокае , Мядзел, Друя, Косава, Каменец, Любча, Давыд-Гарадок. Многія з іх ганарыліся даўняй гісторыяй і пазней ператварыліся ў гарады.

Нямала мястэчак сталіся значнымі асяродкамі культуры і асветы. У Лагойску графы Канстанцін і Яўстах Тышкевічы стварылі першы на беларускіх землях музей старажытнасцяў. Ягоныя наведнікі маглі пазнаёміцца са зборам даўніх рукапісаў, калекцыяй карцін і багатай бібліятэкай. Іншы беларускі арыстакрат Канстанцін Тызенгаўз сабраў велізарную калекцыю з трох тысяч відаў птушак з усяго свету і адчыніў арніталагічны музей у Паставах.

У Шклове існаваў вялікі тэатр, дзе гралі прыгонныя акторы. Таленавітыя падлеткі займаліся ў створаных пры тэатры балетнай і музычнай школах. Лепшых шклоўскіх артыстаў забралі ў пецярбургскія тэатры.

З 1840 года ў мястэчку Горкі, якое стала павятовым цэнтрам, дзейнічала земляробчая школа, неўзабаве пераўтвораная ў вышэйшую навучальную ўстанову — Горы-Горацкі земляробчы інстытут. Гімназія мястэчка Свіслач на Гарадзеншчыне дала адукацыю цэламу сузор’ю знаных асобаў: будучым кіраўнікам вызвольнага паўстання 1863 года Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту, мастакам Напалеону Орду і Януару Сухадольскаму, пісьменнікам Язэпу Крашэўскаму і Лявону Патоцкаму, філолагу і гісторыку Восіпу Кавалеўскаму. Юдэйскія навучальныя ўстановы для габрэйскай моладзі — ешывы — існавалі ў Валожыне, Міры, Іўі, Ружанах.

Царскія законы забаранілі габрэям-юдэям сяліцца па-за былымі межамі Вялікага Княства Літоўскага. Гэта прывяло да таго, што ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя габрэі складалі бальшыню местачковага жыхарства.


Старадаўні Падароск

Адно з беларускіх мястэчак з даўняй і цікавай гісторыяй — маляўнічы Падароск на рацэ Зяльвянцы непадалёк ад Ваўкавыска. Упершыню Падароск згаданы ў гістарычных дакументах пад 1522 годам. Ужо тады там стаяў касцёл, а пазней збудавалі і вуніяцкую царкву.

Як і многія мястэчкі Вялікага Княства, Падароск меў магдэбургскае права на самакіраванне, атрыманае ад вялікага князя і караля Яна Казіміра Вазы ў 1660 годзе. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка апынулася пад царскай уладай і было гэтага права пазбаўленае.

Падароскам у розны час валодалі ліцьвінскія шляхецкія роды Клочкаў, Дольскіх, Грыбоўскіх. У ХІХ стагоддзі там гаспадарылі Чачоты, чый род даў паэта Яна Чачота. Затым маёнтак Падароск набыў Раман Бохвіц — сын філосафа Фларыяна Бохвіца. Пры новым гаспадары сядзібны дом набыў цяперашні выгляд: лёгкі і зграбны двухпавярховы будынак з калонамі, тэрасай і мансардай. Вакол дома, што глядзеўся ў азярыну, разлягаўся вялікі парк са старасвецкімі клёнамі, ліпамі, акацыямі.

У Падароску дзейнічалі бровар, вадзяны млын, сукнавальня. Прыбыткова ішоў гандаль на мясцовых кірмашах.

Сучасны выгляд колішняй шляхецкай сядзібы ў Падароску. Фота Sputnik

Сучасны выгляд колішняй шляхецкай сядзібы ў Падароску. Фота Sputnik

На пачатку ХХІ стагоддзя былы маёнтак Бохвіцаў стаяў у занядбанні, палохаючы выбітымі вокнамі ды бруднымі абшарпанымі сценамі. Колішні прыгожы дом і парк маглі проста знікнуць, але ім пашанцавала. Падароскую сядзібу набыў беларускі бізнесовец і мецэнат Павел Бераговіч. У адрэстаўраваным будынку адчыніцца музей гісторыі беларускай шляхты. Побач з’явяцца заезны дом, карчма, алея славы з бюстамі-помнікамі. Маёнтак Падароск сёння робіцца прывабным для турыстаў, а значыць, новае жыццё пачынаецца і ў даўнім мястэчку.

Тагачасныя прадпрыемствы

Бальшыня гараджанаў у тыя часы па-ранейшаму займалася рамяством і гандлем. Гісторыкі падлічылі, што ў гарадах працавалі больш за 20 тысяч рамеснікаў блізу ста спецыяльнасцяў.

У Полацку ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, да прыкладу, было 155 шаўцоў, 97 краўцоў, 25 хлебапёкаў, 22 цесляры, 20 муляраў, 16 разнікоў (мяснікоў), 11 сталяроў, 6 кавалёў. Параўнаўча з мінулым зніклі шабельнікі, пішчальнікі, наогул усе збройнікі, затое з’явіліся гадзіннікавыя майстры і фартэпіяннікі. Побач з рамесніцкімі майстэрнямі ўтварыліся буйнейшыя прадпрыемствы: сем гарбарняў, тры піваварні і тры вапнярні, тытунёвы і свечкавы заводзікі, цагельня, медаварня і бровар.

Менск меў дванаццаць тытунёвых заводзікаў, шэсць свечкавых, гарбарныя, палатняныя і салатопныя прадпрыемствы. У Горадні, якая таксама была цэнтрам губерні, дымілі коміны сарака невялікіх фабрык: цагельных, свечкавых, фланэлевых. Карысталася попытам прадукцыя мясцовых піваварняў. Мукамольныя фабрыкі дзейнічалі ў Віцебску, Магілёве і Пінску. Некалькі сотняў працаўнікоў былі занятыя на гомельскіх цукровай, шкляной, крупадзёрнай, некалькіх канатна-вяровачных і лесапільных фабрыках. Але такія прадпрыемствы, што існавалі ў гарадах і ў мястэчках, нельга параўноўваць з сучаснымі. У царскай імперыі фабрыкай ужо лічылася прадпрыемства, дзе налічвалася не меней за сямнаццаць рабочых.

На большасці тагачасных фабрык праца была ручная, але з’явіліся і прадпрыемствы з паравымі рухавікамі. Першыя такія фабрыкі, што выраблялі сукно, адчыніліся ў 1820-х гадах у мястэчках Хомск і Косава Гарадзенскай губерні. Туды хадзілі на працу па некалькі сотняў рабочых з ліку прыгонных сялянаў.

Аднак прыгоннае права рабілася велізарнай перашкодаю для развіцця прамысловасці.

Няма ў краме — купіш на кірмашы

У гарадах і мястэчках ішоў разнастайны гандаль.

Старадаўні кірмаш

Старадаўні кірмаш

Палачане маглі набываць тавары ў 339 крамах, хоць палова з іх разам з гаспадарамі вандравалі па вуліцах і ўяўлялі сабой звычайныя лёгкія шапікі. З іх прадавалі хлеб, муку, садавіну, цвікі, свечкі, мыла. У губернскім Менску, калі яго наведаў Сыракомля, крамаў толькі пры дамах было 423, у тым ліку — вялікія гандлёвыя камяніцы купцоў Гольдберга і Аксельрода, склады тавараў Гурвіна і Рапапорта.

Вельмі важнае месца ў жыцці гарадоў і мястэчак займалі кірмашы. Звычайна іх прымяркоўвалі да рэлігійных святаў, таму кірмашы часта так і называліся — Траецкі, Спасаўскі, Пакроўскі. На шматгалосых і шматмоўных кірмашах можна было набыць любы тавар — ад цвікоў і чаравікаў да шыкоўных карэт і паравых рухавікоў. Апрача мясцовых тавараў тут гандлявалі і прывезенымі здалёк. З Прыбалтыкі везлі фарбы, адзенне, «заморскія» гарбату і каву. Польскія купцы прапаноўвалі дываны, люстэркі, разнастайныя інструменты. Цаніўся парцалянавы і фаянсавы посуд з Смаленскай губерні, скураныя тавары з Казані, жалезныя і медныя вырабы тульскіх заводаў.

На некаторых кірмашах гандлявалі пераважна нейкім адным таварам. Мазыр славіўся продажам свойскай жывёлы. У Мсціслаў з блізкага і далёкага наваколля звозілі пяньку і скуры, у Слонім — збожжа і драўніну, у Пінск — шчаціну, воск, мёд, масла і алей. Восеньскі кірмаш у мястэчку Парычы Менскай губерні славіўся на ўсю Беларусь гандлем грыбамі.

У беларускіх губернях штогод адбывалася прыблізна 200 кірмашоў, прычым дваццаць з іх былі буйнымі. Менскі кірмаш віраваў ад 25 траўня да 25 чэрвеня. У сярэдзіне XIX стагоддзя тры штогадовыя гомельскія кірмашы прадавалі тавараў на велізарныя па тых часах грошы — болей чым на мільён рублёў.

Аднымі з найбагацейшых былі Ганненскія (у гонар святой Ганны) кірмашы ў мястэчку Зэльва на Гарадзеншчыне. Некаторыя гісторыкі гандлю лічаць, што ва ўсёй Еўропе гэтыя кірмашы, якія доўжыліся амаль месяц, саступалі толькі ляйпцыгскім у Нямеччыне. У Зэльве тавараў сыходзіла пакупнікам на два з лішнім мільёны рублёў.

Завітаўшы ў тыя дні ў Зэльву, вы даліся б дзіву ад шматлюднасці і маляўнічасці таго, што дзеецца навокал. Вось паважна гандлююць соллю, селя­дцамі, кавай і тканінамі купцы з Прусіі ды латышы з Рыгі. Побач украінцы і смуглявыя прадаўцы з балканскіх краёў жвава і з вясёлымі жартамі прапануюць набыць у іх збожжа, тытунь, цукар, віно. Тут сустрэнеш гандлёвых людзей з літоўскай Коўні, з Пецярбурга і Ніжняга Ноўгарада. Шмат пакупнікоў каля гандлёвых радоў, дзе прадаюць якаснае сукно з беларускіх фабрык у Альбярціне, Слоніме, Ваўкавыску і Косаве. Асабліва важны тавар — коні. Іх у Зэльве за адзін кірмаш маглі прадаць некалькі тысяч…

Зямныя і водныя шляхі

Росту гандлю спрыялі новыя зямныя і водныя шляхі, а найперш — з’яўленне паравога транспарту.

Праз Беларусь праклалі грунтовыя шасэйныя дарогі, якія злучылі Пецярбург з Кіевам, а Маскву з Рыгай. Магілёўскую, Менскую і Гарадзенскую губерні перасекла Маскоўска-Варшаўская шаша. Але добрых наземных шляхоў было няшмат. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў нашым краі іх агульная працягласць не перавышала 1500 кіламетраў.

Як і даўней, важнымі шляхамі заставаліся суднаходныя рэкі-працаўніцы: Дняпро, Дзвіна, Нёман, Бярэзіна, Прыпяць. З Літвы-Беларусі праз іх патраплялі ў чарнаморскія і балтыйскія порты. Бярэзінскі, Агінскі і Дняпроўска-Бугскі каналы звязалі Дняпро з Дзвіной, Нёманам і Віслай. На рэках і каналах стаяла блізу сотні прыстаняў. Да іх прычальвалі драўляныя караблі розных памераў і грузападымальнасці: барлі́ны, ба́ркі, байдакі́. Яны хадзілі пад ветразямі, на вёслах, а часам з дапамогаю конскай сілы або людзей, якія цягнулі карабель на канатах, ідучы па беразе. Самыя вялікія з такіх караблёў маглі мець даўжыню 65 метраў, шырыню 15 метраў і перавозіць тысячу тон грузу.

Калі б вы перанесліся ў тыя часы і паставілі намёт на беразе вялікай беларускай ракі, то абавязкова ўбачылі б доўгія плыты і пачулі песні асначоў-плытнікаў. Тры галоўныя шляхі сплаву драўніны пачыналіся ў Пінску. Па Піне і Прыпяці, а затым па Дняпры караваны з бярвёнаў ішлі на Украіну і Крым. З Прыпяці праз Агінскі канал асначы траплялі ў Нёман і гналі плыты ў нямецкі Кёнігсберг (Каралевец). Праз Дняпроўска-Бугскі канал, Заходні Буг і Мухавец плыты выходзілі ў Віслу ды ішлі да партовага Данцыга (Гданьска). Драўніна была адным з галоўных тавараў тагачаснай беларускай гаспадаркі.

Параплавы на нашых рэках, перадусім на Дняпры, здзіўляючы мясцовых жыхароў, з’явіліся ў 1820-х гадах, аднак іх было мала. Ад Пінскай прыстані ў 1850-м адышоў да ўкраінскага Крэменчуга першы пасажырскі паравы карабель «Вісла». Па Нёмане параплаў зрабіў першы рэйс у 1854 годзе. Рэгулярны рух грузавых і пасажырскіх параплаваў быў наладжаны ўжо ў другой палове ХІХ стагоддзя. У 1858-м утварылася «Таварыства параходства па Дняпры і яго прытоках», што мела вялікі пасажырскі і грузавы флот. Частку параплаваў назвалі ў гонар беларускіх гарадоў і рэк — «Жлобін», «Ветка», «Сож»…

Чыгуначны рух распачаўся таксама ў другой палове стагоддзя. З 1861 года Дзвінск быў звязаны цягнікамі з Рыгай. Праз год пайшлі першыя лакаматывы Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. Апрача Дзвінска беларускія губерні мелі буйныя станцыі Вільня, Горадня, Парэчча, Беласток. У 1860-х гадах да іх далучыліся Бігосава, Полацак і Віцебск, а з 1871-га нашыя прадзеды ўжо маглі падарожнічаць па жалезнай магістралі Смаленск—Менск—Берасце…