Генетычная памяць. Чаму ідэя байкоту альбо няўдзелу ў выбарах не спрацуе?

Калі гаворка заходзіць пра выбары, найбольшая ўвага грамадства надаецца тым, хто будзе балатавацца на выбарныя пасады. Аналізуюцца шанцы кандыдатаў, іх палітычныя (і не толькі) погляды, матэрыяльнае становішча. Аднак па-за межамі грамадскай увагі часта застаюцца самі выбаршчыкі.

c91eeaf590c7662cda8d2856243499d9.jpg


Таму мне падалося карысным нагадаць, як фарміраваліся адносіны да выбараў у БССР-СССР, які гістарычны здабытак нясуць на сабе і маюць нават сёння беларускія выбаршчыкі.

Я хачу засяродзіцца на так званых «лішэнцах» (ад рускага слова «лишить») — людзях, якіх пазбаўлялі спачатку выбарчага права, а потым дадавалі да гэтага пазбаўлення і шэраг сацыяльных і палітычных абмежаванняў. «Лішэнства» мела наступствы, якія і да сёння ўскосна ўплываюць на выбарчы працэс.


Не толькі права голасу

Ідэя «лішэнства» ўзнікла ў асяроддзі савецкага кіраўніцтва неўзабаве пасля кастрычніцкага перавароту 1917 года, а ў ліпені 1918 года пазбаўленне права голасу за прыналежнасць да варожага класа або да варожай сацыяльнай групы было замацаванае ў асобным артыкуле першай Канстытуцыі РСФСР, якая дзейнічала і ў БССР.

Пазбаўленне права ўдзелу ў выбарах аўтаматычна цягнула за сабой шэраг іншых абмежаванняў у сацыяльным і грамадскім становішчы чалавека. Сістэма гэтых абмежаванняў развівалася на працягу доўгага перыяду часу і канчаткова аформілася да пачатку 1930-х гадоў. Людзі, пазбаўленыя выбарчых правоў, ператвараліся ў ізгояў, у грамадзян «другога гатунку». Нярэдка пазбаўленне выбарчых правоў было падставай для далейшых рэпрэсіўных дзеянняў супраць чалавека.

Грамадзяне, пазбаўленыя права голасу, не толькі гублялі магчымасць удзелу ў грамадска-палітычным жыцці. Страта выбарчых правоў азначала шэраг сур’ёзных абмежаванняў у сацыяльнай, эканамічнай, побытавай сферы. Канчатковага свайго развіцця сістэма абмежаванняў дасягнула падчас «вялікага пералому», у пачатку 1930-х гадоў. У гэты час многія «лішэнцы» фактычна аказаліся на мяжы выжывання. Яны не мелі магчымасці «займаць адказныя пасады, а роўна быць засядацелямі ў народным судзе, абаронцамі на судзе, паручыцелямі, апекунамі». Не мелі права атрымліваць пенсію і дапамогу па беспрацоўі. Ім не дазвалялася ўступаць у прафсаюзы, у той жа час не чальцы прафсаюза не дапускаліся ў кіраўніцтва прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый. «Лішэнцам» не выдавалiся прадуктовыя карткі, альбо выдаваліся па самай нізкай катэгорыі. Наадварот, падаткі і іншыя плацяжы для «лішэнцаў» былі істотна вышэйшыя, чым для астатніх грамадзян.

У 1920-я гады пачалася кампанія па высяленні «лішэнцаў» з камунальных кватэр, а таксама па выключэнні іх дзяцей са школ. Дзецям «лішэнцаў» было вельмі цяжка атрымаць адукацыю, вышэйшую за пачатковую. Фармальна не забаранялася вучыцца ў школах і нават у ВНУ, але пры гэтым заяўлялася, што на ўсіх месцаў не хапае, і таму савецкая ўлада ў першую чаргу будзе забяспечваць магчымасць адукацыі для дзяцей працоўных, а для дзяцей эксплуататараў — у апошнюю чаргу. У сацыяльных адносiнах асобы, якія пазбаўляліся выбарчых правоў, ператвараліся ў ізгояў, людзей «другога гатунку». Не ўдзельнічаць у выбарах свядома — гэта азначала быць у адным шэрагу з «лішэнцамі», быць калі не прамым, то ўскосным ворагам дзеючай улады.

Шэраг адносна няўдалых выбарчых кампаній (колькасць камуністаў у мясцовых саветах была невялікай) прымусіў ЦК у 1925 годзе звярнуць самую сур’ёзную ўвагу на праблему, якая лічылася падчас Грамадзянскай вайны і ў першыя пасляваенныя гады далёка не першаснай. Змяніць увесь нізавы савецкі апарат на прыхільнікаў камуністаў не ўяўлялася магчымым нават пасля абвяшчэння каранізацыі. Паколькі мясцовыя саветы ў асноўным падрыхтоўвалі спісы «лішэнцаў», не атрымлівалася хутка выправіць і дапоўніць гэтыя спісы. Прымяненне разнастайных спосабаў маніпуляцыі бюлетэнямі для таемнага галасавання таксама адпадала, бо з-за масавай непісьменнасці галасавалі толькі адкрыта. Вырашылі пашырыць яўку на выбары.

Каб змяніць баланс сіл на сваю карысць з дапамогай нарошчвання яўкі выбаршчыкаў да выбарчай кампаніі 1926 года губернскім, гарадскім, павятовым, валасным і раённым камітэтам партыі даручылі прыняць самы актыўны ўдзел у працэсе выбараў, падключыць да яго прафсаюзы і зрабіць так, каб на выбары пайшлі ўсе блізкія савецкай уладзе людзі і былі абраныя неабходныя кандыдаты. Але ідэалагічная актыўнасць не дала неабходнага выніку. Пра гэта паведамлялася ў адпаведных зводках АДПУ: «Частковыя матэрыялы пра склад новых сельсаветаў, — гаварылася ў аглядзе ад 24 сакавіка 1926 года, — паказваюць на значнае паляпшэнне па большасці раёнаў асабістага складу сельсаветаў. У цэнтральных губернях склад новых сельсаветаў, за вельмі рэдкімі выключэннямі (у Тамбоўскай губерні), бядняцка-серадняцкі, а ў асобных выпадках і бядняцка-батрацкі (…) Аднак “засмечанасць” мясцовых саветаў антысавецкімі элементамі нікуды не знікла».

З шараговымі выбарцамі пачалі працаваць не толькі з дапамогай агітацыі. Быў абраны і іншы спосаб — зрабіць удзел у выбарах пачэснай з’явай, няўдзел — агіднай і небяспечнай.

Некаторыя кіраўнікі мясцовых саветаў пры падтрымцы партыйных і камсамольскіх актывістаў арганізоўвалі сапраўдныя ганенні на асобаў, якія страцілі права голасу. Выяўлялася гэта не толькі ў неабгрунтаваным звальненні з працы, гвалтоўным адабранні жытла і маёмасці, недапушчэнні дзяцей «лішэнцаў» у школу. Маральныя страты былі найбольш балючымі. Нашчадак «лішэнца» Ігар Уладзіміраў апісвае выпадак, які адбыўся з яго бацькам і дзядзькам: «У школу, дзе яны з маім бацькам вучыліся, прывезлі амерыканскую какаву. Адразу з’явілася чарга з вучняў да раздатачнага стала. Зразумелая справа, малалетнія браты Уладзіміравы таксама стаяць у чарзе. Як жа, амерыканская какава! Прыйшоў дырэктар школы і перад усёй школай вывеў іх з чаргі — вам не належыць!»

Асабліва шмат падобных інцыдэнтаў адбывалася ў канцы 1929-га — напачатку 1930-х гадоў. Эксплуататарам наёмнай рабочай сілы маглі прызнаць шматдзетнага гараджаніна, у якога ў доме пару месяцаў жыла памочніца-нянька, а гандляром (варожым класам) — селяніна, які некалькі разоў прадаў выгадаваную ім гародніну-садавіну.

У ходзе фармальнай барацьбы з «перагібамі», дапушчанымі пры правядзенні калектывізацыі, шэраг выпадкаў дыскрымінацыі «лішэнцаў» быў асуджаны з боку абласных уладаў, некаторыя вінаватыя былі прыцягнутыя да партыйнай адказнасці. Але падобныя асобныя акцыі ў большасці насілі дэманстратыўна-публічны характар і сур’ёзных наступстваў для «лішэнцаў» не мелі. Становішча большасці з іх працягвала заставацца цяжкім.

Як толькі чалавек трапляў у спіс «лішэнцаў», яго звальнялі з працы, маглі выселіць яго сям’ю, пазбаўлялі прадуктовых картак, выключалі дзяцей з прэстыжных школ і ВНУ. Чалавек у такіх умовах не толькі адмаўляўся ад сваёй сям’і, свайго мінулага, больш за тое, ён усяляк імкнуўся забыць яго. Такога роду «чалавечы матэрыял», абцяжараны комплексам віны, быў неабходны камуністычнай партыі для будаўніцтва таталітарнай дзяржавы.

Думаю, не адно пакаленне беларусаў уяўляла сябе на месцы сваіх продкаў, якія, стаўшы «лішэнцамі», па-сутнасці аказваліся на вуліцы, без даху над галавой, без крыніцы даходу і без надзеі на дапамогу — гэта значыць, у жахлівым становішчы. Пры гэтым кожны мог упікнуць іх як ворагаў.

У той час у народзе нават паўстаў сумны анекдот. Тоне ў рацэ мужчына, боўтаецца, выбіваецца з сіл, але на дапамогу не кліча. Мінак, які заўважыў яго, кідаецца ў ваду і ратуе тапельца. У яго пытаюць: «Чаму не крычаў, не клікаў на дапамогу?». — «А я голасу пазбаўлены!» — адказвае тапелец.


a8757ba70be8b761b2ccfda64c33673b.jpg


Аднавіцца праз пакуты

Многія «лішэнцы» падавалі хадайніцтвы і заявы пра аднаўленне ў праве голасу. Па гэтых заявах заводзіліся справы, якія захаваліся ў архівах. Агульным матывам усіх гэтых скаргаў ужо тады стала жаданне даказаць сваю лаяльнасць да існуючага палітычнага рэжыму. Вельмі часта «лішэнцы» ў скаргах апісвалі сваё жаданне актыўна ўдзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці краіны і будаўніцтве сацыялізму. Часта дзеля аднаўлення ў выбарчых правах людзі гатовыя былі пайсці на ўсё. Нярэдка маладыя «лішэнцы», дамагаючыся вяртання права галасу, публічна — на сходзе ці нават у газеце — адракаліся ад сваіх бацькоў і сем’яў.

Асаблівая ўвага пры вяртанні правоў надавалася самастойным дзецям «лішэнцаў». Даючы выбарчыя правы тым сынам і дочкам кулакоў, святароў, прыватных гандляроў, прадпрымальнікаў, якія парвалі адносіны з бацькамі і займаліся «грамадска-карыснай працай», улада амаль заўсёды голасна заяўляла пра гэта. Пры гэтым пераследавалася цалкам ясная мэта — знішчэнне патрыярхальных сямейных асноў у імя выхавання новага чалавека, грамадзяніна камуністычнага грамадства.

Моладзь была вымушаная не толькі адмаўляцца ад бацькоў, але часцей — з’язджаць з вёскі ці горада на камсамольскія і іншыя будоўлі, змяняць прозвішча. Захоўвалася памяць нават пра тое, як маглі пазбавіць правоў. Унучка аднаго магчымага «лішэнца» пісала ў наш час: «З аповеду маёй бабулі: “Гэта быў жудасны час. Мы, дзеці, не разумелі, што адбываецца. Мама чамусьці хавала свае ўпрыгожванні, каштоўнасці, у доме прыбралі нават люстэрка. Бацькі часта пра нешта ўстрывожана гутарылі, абмяркоўвалі. Як потым я даведалася, усё гэта адбывалася, таму што ў любы час у дом магла наляцець праверка і адабраць усе прадметы раскошы, аж да некаторай хатняй маёмасці, і прылічыць нашу сям’ю да “эксплуататарскіх класаў”. Неўзабаве прыехалі служачыя міліцыі і забралі дзядзьку. Як ён распавядаў, яго пасадзілі ў турму і прымушалі “добраахвотна” аддаць каштоўныя рэчы. Такія дзеянні служачыя органаў здзяйснялі неаднаразова. Дзядзька быў даволі кемлівы і хаваўся ад міліцыі. Але яны, не спыняючыся толькі на ім, падверглі праверкам яго жонку. Іх метады нічым не адрозніваліся ад тых, якія яны ўжывалі да членаў сям’і ворагаў народа. Прабабуля, вядома ж, не вытрымала такіх адносінаў і літаральна пры іх зняла ўсе свае ўпрыгожванні: пярсцёнкі, завушніцы — і больш ніколі іх (упрыгожванні) не насіла. Спробы міліцыі аднесці майго бацьку да “лішэнцаў” не здзейсніліся. Я да гэтага часу не разумею, чаму так склалася… У той час было страшна ўсім. Я нават не ўяўляю, што магло б стаць з намі, дзецьмі. У сям’і нас было трое. Я ведала тых, хто з-за наступстваў лішэнства змяняў свой радавод, пры мне дзяцей лішэнцаў не прымалі ў ВНУ”».

03_24.jpg


«Воўчыя білеты» для безгалоснікаў

Пры прызыве ў войска на кожнага прызыўніка райваенкаматам абавязкова рабіўся запыт пра яго сацыяльнае паходжанне. Сын «лішэнца», дасягнуўшы паўналецця, таксама аўтаматычна станавіўся «лішэнцам» і заносіўся ў адпаведныя спісы. Калі ён дасягаў прызыўнага ўзросту, яго прызывалі, але не ў войска, а ў тылавое апалчэнне, дзе ён выконваў гаспадарчыя задачы. Зброю ў рукі «лішэнцам» не давалі, што было спецыяльна адлюстравана ў пасведчанні так званага «тылаапалчэнца». Пасведчанне тылаапалчэнца было белага колеру, адкуль і нарадзілася паняцце «белабілетнік», якое існуе і да нашых дзён, але набыло зусім іншы сэнс. Гэтак жа, як і само тылаапалчэнне, якое ў 1937 годзе было пераўтворанае ў будаўнічыя часткі РККА, інакш кажучы — у «страйбат».

Некалькі гадоў тылаапалчэнцаў наогул не прызывалі ў войска, а толькі абкладалі дадатковым падаткам. З канца 1931 года іх сталі не толькі прызываць, але і выкарыстоўвалі «па поўнай праграме» на працах абаронна-стратэгічнага прызначэння. «Абаронна-стратэгічны» — тэрмін падступны, ён уключаў у сябе як будаўніцтва дарог, так і працу ў шахце. Тылаапалчэнцы жылі ў спехам пабудаваных бараках, іх харчаванне было нашмат горшым, чым у вольнанаёмных. Па сутнасці, гэта быў лагер.

 

Атмасфера нянавісці і адчужэння

Адносіны «лішэнцаў» і астатняга грамадства былі складанымі і неадназначнымі. Да сярэдзіны 1920-х гадоў «лішэнцы» заставаліся арганічнай часткай соцыуму. Многія з іх не ўспрымалі страту выбарчых правоў як падзею, якая змяняе іх жыццё ў горшы бок. Звычайнай з’явай у гэты перыяд былі калектыўныя звароты працоўных калектываў і сельскіх сходаў у органы ўлады і выбарчыя камісіі з нагоды аднаўлення ў правах таго ці іншага грамадзяніна. Але з заканчэннем беларусізацыі і каранізацыі сітуацыя значна пагоршылася.

Людзі, якім было адмоўлена ў праве ўдзельнічаць у выбарах, цяпер адчувалі на сабе не толькі матэрыяльны прыгнёт, але і істотны маральны. Такі духоўны стан адлюстраваны, напрыклад, у наступнай заяве на ўзнаўленне выбарчага права: «Усведамляць сябе грамадска чужым элементам і шкодным для службы перад тварам дзяцей вельмі цяжка. Дачку пасля беспамылковай 15-гадовай службы знялі з працы і выключылі з прафсаюза за тое, што я жыў у яе, іншых дзяцей чакае тая ж доля з-за сацыяльнага паходжання (...) Жыццё маё ўжо на сыходзе, але дзеці вартыя таго, каб быць агароджаныя ў сваёй рабоце ад непрыемнасцяў і складанасцяў, якія могуць узнікнуць пры абследаванні іх сацыяльнага паходжання».

Часам улады не спыняліся і перад разбурэннем сем’яў. Паказальнымі ў сувязі з гэтым з’яўляюцца развагі жонкі святара, якой было адмоўлена ў аднаўленні выбарчых правоў па прычыне таго, што яна знаходзіцца на ўтрыманні ў служкі рэлігійнага культу. У сваёй заяве жанчына піша: «Чаму камісія патрабуе разводу з мужам? Няўжо яна баіцца шкоднага ўплыву на мяне ў сэнсе ідэйнасці? Але ў мае 57 гадоў не можа быць і гаворкі пра гэта. Старасць шукае спакою. Інтарэсы яе пасіўныя. Але і разыходзіцца з мужам позна».

Паступова вакол «лішэнцаў» фарміравалася атмасфера нянавісці і адчужэння. Улада актыўна займалася адпрацоўкай на «лішэнцах» стаўлення да «ворагаў», «класава чужых». Пасля гэтыя стэрэатыпы, укаранёныя ў масавую свядомасць, выкарыстоўваліся для апраўдання масавых палітычных рэпрэсій.

Сітуацыя пагоршылася са з’яўленнем у СССР-БССР унутраных пашпартоў, якія былі ўведзеныя пастановай ЦВК і СНК СССР «Аб усталяванні адзінай пашпартнай сістэмы па Саюзе ССР і абавязковай прапіскі пашпартоў», прынятай 27 снежня 1932 года. Парадак выдачы (і нявыдачы) пашпартоў быў удакладнены пастановамі Саўнаркама СССР ад 14 студзеня і 28 красавіка 1933 года. Пашпарты выдаваліся «ўсім грамадзянам Саюза ССР ва ўзросце ад 16 гадоў, якія стала пражываюць у гарадах, рабочых пасёлках, працуюць на транспарце, у саўгасах і новабудоўлях». Буйныя гарады (уключна з Мінскам) былі аднесеныя да рэжымных. Выдача пашпартоў у рэжымных мясцовасцях праводзілася выбарачна: пашпарты не выдавалі ў тым ліку і «лішэнцам».

Да рэжымных былі аднесеныя і населеныя пункты ў 100-кіламетровай паласе ўздоўж заходняй мяжы СССР (мяжа тады была пад Заслаўем). Першапачаткова выняткі дапускаліся ў дачыненні да пазбаўленых выбарчых правоў асоб, якія былі ўраджэнцамі рэжымных мясцовасцяў і пастаянна там жылі. Але вельмі хутка гэта часовая «саступка» была адмененая.

plakati_vov_04.jpg


«Свята савецкай дэмакратыі»

У 1922 годзе «лішэнцы» ў СССР у сельскай мясцовасці складалі 1,4%, у 1923-м — 1,3% ад колькасці выбаршчыкаў, каля 7% у гарадах. У ходзе кампаніі 1925 года «лішэнцаў» у СССР налічвалася ўжо 1 мільён 40 тысяч (1,63% ад колькасці выбаршчыкаў). У выбарчую кампанію 1926/1927 гадоў агульная колькасць «лішэнцаў» у СССР дасягнула 3 мільёнаў, у 1928-м — 3 мільёнаў 716 тысяч. Да 1934 года доля «лішэнцаў» у СССР у горадзе складала 2,1%, у сельскай мясцовасці — 2,6%. Разам з чальцамі сем’яў «лішэнцаў» каля 7 мільёнаў жыхароў СССР былі абвешчаныя па-за законам — іх пазбаўлялі не толькі выбарчага права, але і, фактычна, права на жыллё, медыцынскае абслугоўванне, на атрыманне вышэйшай адукацыі і на прадуктовыя карткі. Людская памяць захавала гэтыя пакуты і звязала іх з выбарамі.

Колькасць «лішэнцаў» працягвала няўхільна расці да тых часоў, пакуль іх не пачалі масава пераводзіць у іншыя катэгорыі — высланых, арыштаваных, расстраляных. Да 1936 года «чыстых» «лішэнцаў», якія б наўпрост падпадалі пад канстытуцыйныя нормы, амаль не засталося. Магчыма таму ў новую сталінскую Канстытуцыю палажэнне аб пазбаўленні выбарчых правоў не ўключылі.

Фармальна, катэгорыя «лішэнцаў» у СССР існавала да прыняцця Канстытуцыі 1936 года, якая прадаставіла выбарчыя правы ўсім грамадзянам, у тым ліку і «лішэнцам». Нягледзячы на гэта, фактычна «лішэнства» засталося. Дзецям па-ранейшаму складана было паступіць у ВНУ, бацькам — займаць якія-небудзь пасады. Больш за тое, яшчэ трыццаць гадоў у анкетах захоўвалася пытанне: «Ці пазбаўляліся вы права голасу, калі і за што?». Да 1 студзеня 1961 года дзейнічаў пункт «д» артыкула 20 КК РСФСР 1926 года і аналагічных артыкулаў КК саюзных рэспублік, якім усталёўвалася, што паражэнне ў палітычных і асобных грамадзянскіх правах можа прымяняцца судамі як мера сацыяльнай абароны ў адносінах да злачынцаў.

Пазбаўленне правоў праіснавала 18 гадоў. Яно стала дзейсным сродкам змены сацыяльнай структуры грамадства і дзяржавы. Выбары сталі называць «святам савецкай дэмакратыі». З увядзеннем таемнага галасавання людзі ўпэўнілі сябе ў тым, што сапраўды вызнача­юць лёс улады.

27604b0d000e0ce28808c03073c9f027.jpg


Таму — без байкоту

Якія высновы можна зрабіць з гэтай гісторыі, цікавыя для нашага часу? Мне падаецца, перш за ўсё, ідэя масавага байкоту выбараў не спрацуе ў беларускім грамадстве. Мая вясковая суседка сталага ўзросту так сказала мне: «Я не “лішэнец”, я пайду галасаваць. Але я прагаласую супраць усіх ці выкраслю ўсіх, калі не зарэгіструюць добрых прыстойных кандыдатаў». Мінулае ўсе яшчэ моцна трымае нас.