Графіня Сафія Шуазёль-Гуф’е — першая пісьменніца гістарычнай Літвы

Фрэйліна рускай імператрыцы, прыроджаная дыпламатка і майстра піяру. Што яшчэ вядома пра першую пісьменніцу гістарычнай Літвы графіню Сафію Шуазёль-Гуф’е і чаму яе можна лічыць і часткай нашай культуры, распавядае на budzma.by пісьменнік Леанід Лаўрэш.

39c3a4848691356728079e53cec841f8.jpg


Графіня Сафія Шуазёль-Гуф’е, народжаная Тызенгаўз (1790–1878) — фрэйліна рускай імператрыцы, аўтарка шэрагу гістарычных раманаў і мемуарыстка. Пакінула каштоўныя ўспаміны пра часы царавання Аляксандра I, вайну 1812 года і замежныя паходы рускай арміі ў 1813–1814 гг.
Сафія Тызенгаўз нарадзілася на Лідчыне ў маёнтку Жалудок, які тады ўваходзіў у склад Рэчы Паспалітай. Праз пяць гадоў пасля яе нараджэння пры трэцім падзеле Рэчы Паспалітай Жалудок быў далучаны да Расійскай імперыі. Сафія з’яўлялася дачкой апошняга шэфа літоўскай гвардыі графа Ігната Тызенгаўза (1760–1822) ад яго шлюбу з Мар’янай Пшаздзецкай (1763–1843). Па маці была ўнучкай літоўскага падканцлера Тадэвуша Антонія Пшаздзецкага і пляменніцай княгіні Алены Радзівіл (з Пшаздзецкіх) — жонкі віленскага ваяводы Міхала Ераніма Радзівіла.
Бацькі развяліся, калі Сафія была яшчэ дзіцём, і таму яна вырасла ў маёнтку сваіх сваякоў недалёка ад Вільні. Атрымала добрую хатнюю адукацыю, якая адпавядала яе арыстакратычнаму статусу, акрамя стандартных агульнаадукацыйных прадметаў, вывучала музыку і маляванне. Хатнім настаўнікам малявання юнай Сафіі быў вядомы мастак, будучы прафесар жывапісу Віленскага ўніверсітэта Ян Рустэм. У доме Сафіі гаварылі па-французску, і гэтая мова для яе была роднай.
Вясной 1812 г. маладая графіня пазнаёмілася з расійскім імператарам Аляксандрам I. Паміж імі склаліся сяброўскія адносіны, якія падтрымліваліся да канца жыцця расійскага манарха. Адна з нешматлікіх прадстаўнікоў нашай арыстакратыі Сафія Тызенгаўз атрымала прыдворнае жаночага званне фрэйліны світы расійскіх імператрыц Лізаветы Аляксееўны (жонкі Аляксандра I) і Марыі Фёдараўны (маці Аляксандра I) і атрымала права нашэння адпаведнага фрэйлінскага шыфра (дыяментавай заколкі ў выглядзе манаграмы імператрыц), пра што пісала ў сваіх успамінах.
Калі прыйшлі французы, маладая жанчына разам з іншымі прадстаўнікамі шляхты сустракалася з Напалеонам. Потым графіня пісала, як яна адкрыта дэманстравала свае сімпатыі да расійскага двара — на сустрэчу з Напалеонам прынцыпова прыйшла ў сукенцы з брыльянтавым фрэйлінскім шыфрам з манаграмамі расійскіх імператрыц. Імператар Францыі быў цывілізаваным чалавекам і публічна адобрыў гэты жэст Сафіі. Нягледзячы на адабрэнне Напалеонам, гэты ўчынак чамусьці зрабіў Сафію вельмі папулярнай у рускім грамадстве і арміі. Пасля вяртання рускай арміі галоўнакамандуючы фельдмаршал Міхаіл Кутузаў наведаў графіню Сафію Тызенгаўз, з якой быў знаёмы раней. Ён ухваліў паводзіны маладой графіні і даў у яе гонар вечар у Вільні, на якім усяму расійскаму генералітэту прадставіў Сафію такімі словамі: «Вось маладая графіня, якая надзела шыфр на сустрэчу з Напалеонам».
Кажучы сучаснай мовай, графіня Сафія Тызенгаўз добра валодала высокім мастацтвам піяру. Вядома, што ў той час пры рускім штабе ў Вільні было шмат маладых жанчын авантурнага складу. Дастаткова толькі ўзгадаць другую нашу зямлячку Юлію Лабаржэўскую з Нарбутаў, якая потым стала жонкай адмірала і міністра Шышкова. Каб зразумець атмасферу баляў Кутузава ў Вільні 1812 г., працытую вядомага віленскага мемуарыста Станіслава Мараўскага пра Юлію з Нарбутаў:
«Прайшла яна ўсе каляіны жыцця і скончыла яго на высокай грамадскай прыступцы, на якой усе яе памылкі адышлі ў нябыт ... Была гэта жанчына qui a fait tout, mais tout (Якая рабіла ўсё, але гэта ўсё. фр.) у сваім жыцці, аж да выдзірання з шпагі герцага Вюртэмбергскага вялізнага дыямента падчас балю ў Кутузава ў Вільні. Князь Кутузаў-Смаленскі, які быў закаханы ў яе тады да смерці, на самой справе выпрасіў у яе на раніцу гэты дыямент і вярнуў яго герцагу, аднак, нягледзячы на сакрэт, уся Вільня пра тое ведала». Мараўскі таксама ўспамінаў, што, перш чым зрабіцца жонкай Шышкова, «сп. Лабаржэўская з дому Нарбутаў прайшла праз рукі, сэрца і кішэню князя Кутузава-Смаленскага, у той час генерал-губернатара Вільні, і некалькіх яшчэ спадароў у Пецярбургу, а пры канцы выйшла замуж за міністра асветы, адмірала Шышкова».
Трэба ведаць тагачасныя настроі нашай шляхты, а для гэтага дастаткова нагадаць лёсы родных братоў Сафіі — Канстанціна і Рудольфа Тызенгаўзаў, якія са зброяй у руках ваявалі на баку Напалеона. 19-ы пяхотны полк арміі ВКЛ сфармаваў і ўзначаліў 26-гадовы палкоўнік граф Канстанцін Тызенгаўз, а яго брат граф Рудольф Тызенгаўз на свае грошы сфармаваў конна-артылерыйскую роту. Канстанцін Тызенгаўз разам са сваім палком мужна змагаўся пад Вільняй, Кёнігсбергам, прымаў удзел у знакамітай абароне цвердзі Модлін, а потым і ў бітвах у Германіі. У 1813 г. ён быў узнагароджаны французскім Крыжам Ганаровага Легіёна. Вайна для яго скончылася толькі вясною 1814 г. Канстанцін Тызенгаўз спачатку застаўся ў гарадку Клярмон, а пасля ўказу аб амністыі Аляксандра І ад 30 жнiўня 1814 г. вярнуўся ў Паставы, якія атрымаў у спадчыну. Дадам, што Канстанцін Тызенгаўз — заснавальнік айчыннай арніталогіі. Другі брат, Рудольф Тызенгаўз, атрымаў у спадчыну Жалудок.
Нядзіва, што яшчэ да 1812 г. у адным са сваіх першых аповедаў «Ванда і Радыгер» Сафія Тызенгаўз выказвала надзею на адраджэнне Напалеонам яе радзімы — Рэчы Паспалітай. Пазнейшыя паводзіны і мемуары Сафіі дазволілі захаваць сямейную маёмасць, і трэба адзначыць, што гэтая жанчына была прыроджаным дыпламатам.
Але пойдзем далей.
Пасля вайны, ва ўзросце 28 гадоў, Сафія выйшла замуж за графа Антонія Людвіга Актавія дэ Шуазёль-Гуф’е (1773–1840). Бацька Антонія Людвіга, французскі дыпламат, член французскай акадэміі навук Агюст дэ Шуазёль-Гуф’е (1752–1817), падчас французскай рэвалюцыі быў амбасадарам у Канстанцінопалі і, не прызнаўшы новыя ўлады, атрымаў запрашэнне жыць у Пецярбургу. На пачатку імператрыца Кацярына ІІ абяцала французскаму навукоўцу пасаду прэзідэнта Акадэміі навук, але потым з-за прыдворных інтрыг, страціла да яго цікавасць. Пасля смерці імператрыцы, новы імператар Павел І палічыў, што Агюст дэ Шуазёль-Гуф’е быў пакрыўджаны яго маці і надаў французу вялікі маёнтак у Літве.
Шлюб адбыўся 3 лютага 1818 г. у касцёле св. Мацея каля маёнтка Рокішкі (зараз — Рокішкіс у Літве). Хросным бацькам адзінага сына графіні Аляксандра (1821–1896) быў расійскі імператар Аляксандр I.
Графіня разам з мужам жыла ў Францыі, дзе яе прадставілі двару караля Людовіка XVIII. Была асабіста знаёмая з Аляксандрам Дзюма-бацькам і многімі іншымі віднымі еўрапейскімі пісьменнікамі свайго часу. У 1829 г. атрымала французскае грамадзянства.
Шлюб яе быў не вельмі шчаслівым, і, аўдавеўшы, кожную зіму графіня Сафія Шуазёль-Гуф’е шмат падарожнічала па Еўропе, а летам і вясной яна жыла ў сваім маёнтку Плацеляй, дзе перабудавала цэнтральны дом маёнтка. Яшчэ ў 1816 г. па загаду графа Шуазёль-Гуф’е тут было створана адно з самых вялікіх у сучаснай Літве вадасховішчаў, т. зв. Плацеляйскае возера.
Вядомы віленскі доктар медыцыны Юльян Цітыюс пісаў пра графіню Шуазёль-Гуф’е ў Вільні. Ішоў апошні год перад паўстаннем 1863 г., баль з удзелам цара быў праігнараваны, і на яго прыйшлі толькі некалькі мясцовых арыстакратаў: «Дайшло да таго, што Назімаў быў прымушаны папярэдзіць Аляксандра ІІ ... Назімаў жадаў зрабіць баль для высокага госця і прыбыўшага з ім вялікага князя Саксен-Веймарскага (стрыечнага брата цара), князя Гесэн-Касельскага (швагер цара) і двух прускіх князёў у памяшканні цывільнага губернатара, бо свой палац ён уступіў цару. Я быў на тым бале і бачыў толькі некалькі мясцовых дам. Цар танцаваў з імі паланезы і доўга размаўляў са старой сяброўкай Аляксандра І, знакамітай пісьменніцай, графіняй Шуазёль-Гуф’е (з Тызенгаўзаў)».
У апошнія гады жыцця графіня Сафія Шуазёль-Гуф’е жыла ў Ніцы, дзе і памерла 28 траўня 1878 г.
Сафія Шуазёль-Гуф’е, якая нарадзілася на Лідчыне, лічыцца адной з першых жанчын-пісьменніц у гістарычнай Літве. Мы без сумнення можам лічыць яе і часткай нашай культуры, бо была яна сапраўднай еўрапейкай, наўрад ці сама сябе прывязвала да нейкай часткі Еўропы і пісала на французскай мове. Большая частка зробленага ёй — гістарычныя раманы, якія заснаваны на рэальных падзеях і прысвечаны жыццю сучасных ёй жанчын.
Цікавай гістарычнай крыніцай з’яўляецца кніга «Успаміны графіні Шуазёль-Гуф’е пра імператара Аляксандра I і імператара Напалеона» (1-е выданне — 1829 г., гэтая кніга ёсць у інтэрнэце). Значная ўвага ў мемуарах графіні нададзена імператарам Аляксандру I і Напалеону I, а таксама фельдмаршалу Міхаілу Кутузаву, з якімі графіня была асабіста знаёмая. Таксама расказана пра лёс Вільні падчас вайны 1812 г.