Як мы перамаглі і прайгралі пад Оршай

У беларускім нацыянальным дыскурсе бітва пад Оршай фігуруе як надзвычай значная падзея, авеяная легендамі. Насамрэч, у больш шырокім еўрапейскім кантэксце ў гэтай бітвы было зусім іншае значэнне: найперш геапалітычнае, а не вайсковае. Вайсковай карысці з гэтай перамогі для ВКЛ па-сутнасці не было ніякай. Чаму?

kanstancin_astrozski_i_nasza_artyleryja__na_panaramnym_batalnym_palatne__prysveczanym_bitve_pad_orszaj__nevjadomaha_autara.jpg

Канстанцін Астрожскі і наша артылерыя  на панарамным батальным палатне, прысвечаным бітве пад Оршай, невядомага аўтара


Забыты ўсходні вектар

Каб гэта зразумець, трэба найперш заглыбіцца ў гісторыю ВКЛ і Масковіі ў XV стагоддзі. У 1449 годзе паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Масквой быў заключаны «вечны мір». Паводле яго, захоўваліся межы і «статус-кво», дасягнутыя яшчэ Вітаўтам. За намі заставалася права браць даніну з вярхоўскіх княстваў, збіраць «ржэўскую даніну» з некаторых падуладных Ноўгараду земляў. У адказ Вільня адмаўлялася ад прэтэнзіяў на Ноўгарад ды Цвер, якія на 1449 год яшчэ захоўвалі незалежнасць. Смаленск быў адназначнай часткай ВКЛ.

Але, паводле законаў палітыкі, калі дынамікі няма, то і «статус-кво» не захаваецца: будзе адно адступленне назад. У выніку, на працягу другой паловы XV стагоддзя ВКЛ займалася пераарыентацыяй на Захад, цалкам забыўшыся на ўсходні вектар.

Найбольш характэрны тут прыклад Казіміра Ягелончыка. Ён заклаў аснову магутнасці дынастыі Ягелонаў: польскі кароль Ян Ольбрахт, вугорскі кароль Уладзіслаў ІІ — гэта акурат ягоныя сыны. А вось усходнімі межамі Казімір цікавіўся значна менш — і вынікі не прымусілі на сябе чакаць.


Канстанцін Астрожскі на юбілейнай беларускай манеце 2014 года

Канстанцін Астрожскі на юбілейнай беларускай манеце 2014 года


Навошта плаціць таму, каго не баішся?

Тым часам Масковія пашырыла свае ўплывы на тэрыторыі, ад якіх фармальна адмовілася ВКЛ. Так, у 1471 годзе, пасля бітвы на рацэ Шалоні, маскавіты брутальна падпарадкавалі Ноўгарад, разбіўшы наўгародскае войска, а ўвесь рэгіён падзяліўшы на кармленні ды раздаўшы маскоўскім баярам. Так тэрыторыя на поўнач ад ВКЛ пераўтварылася ў вайсковы ды эканамічны плацдарм для ворага.

У гэтыя ж гады Масковія сфармавала ідэалогію, якая будзе на працягу наступных 500 гадоў апраўдваць любыя прэтэнзіі ды зверствы ў дачыненні да суседзяў: «Масква — трэці Рым». Праваслаўе стала не толькі і не столькі рэлігіяй, колькі геапалітычным курсам, куды вельмі ўдала ўпісалася вяселле маскоўскага князя Івана ІІІ з Соф’яй Палеалог, якое і замацавала «пераемнасць» маладой дзяржавы ад 1000-гадовай Візантыі.

Уяўленне пра Маскву як пра ''трэці Рым'' у іконапісе

Уяўленне пра Маскву як пра ''трэці Рым'' у іконапісе

Пачынаючы ад 1480-х гадоў ішла неабвешчаная, альбо «гібрыдная», вайна ВКЛ з Масковіяй. Яе таксама называлі «хітрай», «памежнай», «дзіўнай» вайной. Князі, якія плацілі Вялікаму Княству падаткі, разумелі, што Масква больш магутная, таму ў адзін цудоўны момант наўпрост перасталі плаціць Вільні. Сапраўды, навошта плаціць таму, каго не баішся і хто не можа абараніць ад тых, каго баішся?.. ВКЛ зноў спрабавала вярнуць «статус-кво», і ў 1494 годзе заключыла чарговы парадаксальны мір, хоць фармальна ніякай вайны не было.

Галоўнае — не колькасць войска, а працэс мабілізацыі

Напрыканцы XV стагоддзя непазбежна пачалася новая вайна. Яе апафеозам стала бітва на рацэ Вядрошы, падчас якой маскавіты разбілі войскі Канстанціна Астрожскага. Наступствы білі катастрафічныя: паводле міру 1503 года, ВКЛ страціла каля 25% тэрыторыі. Пры гэтым ключавым вузлом па-ранейшаму заставаўся Смаленск: бо хто валодаў гэтым горадам, той валодаў дарогай углыб ворага — на Маскву або на Вільню. Справа адбіцця Смаленску стала для маскавітаў галоўнай задачай. Ну а далей: Кіеў, Полацк...

Даследчыкі кажуць, што на той момант ВКЛ было мацнейшым за Масковію, бо магло выставіць каля 25 тысяч вершнікаў супраць прыкладна 20 тысяч маскавітаў. Але ўся праблема палягала ў тым, што працэс збору паспалітага рушэння ў Вялікім Княстве быў неймаверна складаным: рашэнне мусіў прыняць Сейм, які марудзіў, шляхта гэтыя рашэнні ігнаравала, санкцыі супраць «адкасіўшых» былі фармальнымі.

У Масковіі мабілізацыя была значна больш аўтарытарнай, таму рэальна з іх 20 000 збіралася 16 000, а з нашых 25 000 — добра калі 8 000… Самае цікавае, што калі толькі ішла пагалоска пра Сейм, які мусіў вырашаць вайсковыя пытанні, маскоўскі цар пра гэта даведваўся, абвяшчаў сябе пакрыўджанай асобай, з якой «збіраюцца ваяваць», аператыўна збіраў войскі і пачынаў вайсковыя дзеянні.

Бітва пад Оршай вачыма сучаснага ўкраінскага мастака Андрэя Халаменюка (фрагмент)

Бітва пад Оршай вачыма сучаснага ўкраінскага мастака Андрэя Халаменюка (фрагмент)

Астрожскі мог дайсці да Масквы, але…

Па сутнасці, менавіта так адбываліся падзеі ў 1514 годзе, калі маскоўскае войска дайшло да Смаленска ды ўзяло яго, пакуль у нас займаліся абмеркаваннямі сітуацыі ды збіралі сілы.

Ёсць меркаванне, што пад Оршай сілы былі фактычна роўныя. Пры гэтым маскоўская конніца была надзвычай лёгкай, у параўнанні з закаванымі ў даспехі ліцвінамі ды палякамі. Таму прамога ўдару маскавіты, апранутыя ў сцёганыя цегеляі, узброеныя коп’ямі ды шаблямі, вытрымаць не маглі. Бітва запомнілася і выкарыстаннем інавацыяў, а менавіта артылерыі, якая ўпершыню ў Еўропе была ўдала скарыстаная ў полі.

Маскавіты на тагачасных еўрапейскіх гравюрах

Маскавіты на тагачасных еўрапейскіх гравюрах

Маскавіты на тагачасных еўрапейскіх гравюрах

Маскавіты на тагачасных еўрапейскіх гравюрах

Перамога пад Оршай, як раней параза пад Ведрошай, на той час была сапраўды важнай падзеяй, бо пераможанае войска наўпрост спыняла сваё існаванне гады на два. То бок, у краіну, якой не пашчасціла, можна было прыходзіць і рабіць, што хочаш. Тэарэтычна, мабыць, Астрожскі мог як мінімум адбіць Смаленск або нават дайсці да Масквы, але… на вышэйшым узроўні ніхто не ставіў такой задачы. Таму ўсё склалася па-іншаму.

«Шчыт Еўропы» альбо «Маяк для Усходу»?

Што ж наконт геапалітычных вынікаў? Пасля Оршы Жыгімонт Стары атрымаў сваю галоўную перамогу — прапагандысцкую. Па Еўропе пайшлі лісткі, у якіх ішлося аб перамозе над 80 тысячамі маскавітаў, галоўная роля адводзілася генію Жыгімонта Старога, ён жа пазіцыянаваў сябе як абаронца каталіцтва, то бок «еўрапейскіх каштоўнасцяў» таго часу, палонных маскоўскіх ваяводаў пацягнулі паказваць у Ватыкан… Сёння гэта бачыцца як фантастычная і безаналагавая рэкламная кампанія.

Фактычна, Жыгімонт Стары супрацьпаставіў маскоўскаму наратыву пра «Трэці Рым» сваю формулу: «Шчыт Еўропы». Гучыць добра і нібыта цалкам слушна, але адначасна гэта было фармальным замацаваннем поўнай адмовы ад усходняга палітычнага вектару.

Жыгімонт Стары на партрэце Альбрэхта Дзюрэра, 1530

Жыгімонт Стары на партрэце Альбрэхта Дзюрэра, 1530

Чаму? Бо шчыт не можа быць цэнтрам, не можа аб’ядноўваць вакол сябе. Гэта зачыненыя дзверы для ўсіх незадаволеных маскоўскай палітыкай за межамі ВКЛ. Адначасна гэта адмова і ад саміх сябе, пераўтварэнне ў фарпост Захаду замест маяка для Усходу.

Звышдзяржава ад Балтыкі да Адрыятыкі

Яшчэ напярэдадні бітвы Масковія арганізавала шырокую кааліцыю супраць ВКЛ, куды ўваходзілі татары, Свяшчэнная Рымская імперыя ды Крыжацкі ордэн. Цікава, што апошнія ўжо тады падкідвалі ідэю цалкам заняць ды падзяліць ВКЛ і Польшчу. Да рэалізацыі гэтай канцэпцыі дайшло адно праз 300 гадоў падчас падзелу Рэчы Паспалітай: гульцы былі ўсё тыя ж — немцы, аўстрыйцы ды расейцы.

Бітва пад Оршай вачыма сучаснага ўкраінскага мастака Андрэя Халаменюка (фрагмент)

Бітва пад Оршай вачыма сучаснага ўкраінскага мастака Андрэя Халаменюка (фрагмент)

Праз год пасля Оршы, у ліпені 1515 года, пад Венай адбываецца з’езд, які замацаваў распад кааліцыі, арганізаванай Масквой. Крыжакі зноў прызналі сябе леннікамі Польшчы. Максіміліян І Габсбург, які любіў дзейнічаць праз дынастычныя шлюбы, выдаў сваю ўнучку за Людовіка, сына Уладзіслава, караля Чэхіі і Вугоршчыны, брата Жыгімонта Старога, а для свайго ўнука ўзяў у жонкі ягоную дачку.

Для Ягелонаў гэта быў неймаверны поспех, у які цяжка было паверыць, бо па выніках яны мелі за сабой Чэхію, Вугоршчыну, Польшчу, ВКЛ, Тэўтонскі ордэн... Атрымлівалася звышдзяржава Ягелонаў ад Балтыкі да Чорнага мора і Адрыятыкі, якая па памерах дараўноўвала да Свяшчэннай Рымскай Імперыі Габсбургаў.

Канец Ягелонаў

Што было далей? У 1526 годзе Людовік, альбо Лаяш, сын Уладзіслава, загінуў у бітве з туркамі пад Мохачам, Вугоршчыну разарвалі на часткі — нешта адышло туркам, нешта Габсбургам, якія апелявалі да таго, што жонкай нябожчыка была народжаная Габсбург. Агулам разбіральніцтвы ў дынастычнай «санта-барбары» з вугорскай спадчынай цягнуліся ажно да 1570-х гадоў, але Ягелоны і наша дзяржава з гэтага не займелі нічога.

Лаяш, сын Уладзіслава, забіты пад Мохачам у 1526 годзе

Лаяш, сын Уладзіслава, забіты пад Мохачам у 1526 годзе

Неўзабаве, страціўшы Чэхію і Вугоршчыну, Ягелоны згаслі і самі. Жыгімонт ІІ Аўгуст быў апошнім з Ягелонаў, пасля яго смерці род перастаў існаваць. На Усходзе ж усё толькі пачыналася, а да ўлады прыйшоў Іван ІV, які атрымаў мянушку «Жахлівы».

Замест эпілогу

І Масковія, і ВКЛ былі ўнікальнымі для свайго часу і рэгіёну дзяржавамі. Масковія, якая фармальна ўсё рабіла пад хрысціянскімі праваслаўнымі штандарамі, фактычна была дзяржавай, арганізаванай па прынцыпах Залатой арды. Жорсткая цэнтралізацыя і брутальнасць у метадах акурат дапамагалі ёй перамагаць.

Некаторыя расійскія гісторыкі ды прапагандысты зараз празрыста намякаюць, маўляў, ім страшэнна пашанцавала ў свой час акумуляваць ардынскую спадчыну, ідэалогію, метады кіравання. Чаму? Інакш гэта была б сітуацыя феадальнай раздробленасці на паўночна-ўсходніх аскепках Кіеўскай Русі, Ноўгарад з часам бы сышоў у Еўропу «пад немцаў», ВКЛ разам з Беларуссю і Украінай еўрапеізавалася б, засталася б адно невялікая тэрыторыя вакол Масквы і Яраслаўля без выхаду да мора, мяжы з Кітаем ды ядзернай бомбы.

ВКЛ было дзяржавай дэмакратычнай, хай і не ў сучасным разуменні гэтага слова. Гэта быў аскепак альбо, хутчэй, нашчадак Кіеўскай Русі, які трымаўся на кансерватыўных правілах, усталяваных яшчэ ў тыя часы, рэагаваў на падзеі, але самастойна не ствараў павесткі дня. І ў бітве геапалітычных калосаў з такімі ўстаноўкамі, на жаль, Вялікае Княства не мела шансаў перамагчы.

Бітва пад Оршай была надзвычайнай падзеяй у вайсковым сэнсе, але стратэгічна нашай дзяржаве яна не дала нічога. Момант знішчэння Вялікага Княства быў наўпрост адцягнуты ў часе, таксама як пазней яго адцягнула смута ў Масковіі на пачатку XVІІ стагоддзя, але вынік апынуўся немінучым.

Ліцвіны гоняць маскавітаў на панарамным батальным палатне, прысвечаным бітве пад Оршай, невядомага аўтара

Ліцвіны гоняць маскавітаў на панарамным батальным палатне, прысвечаным бітве пад Оршай, невядомага аўтара

Так, Смаленск яшчэ раз вярнулі акурат у 1600-я гады. Але па сутнасці ўжо тады гэта былі не «вернутыя землі», але «акупаваная тэрыторыя», ідэалагічна зачышчаная і далёкая ад «рускіх ідэяў» у старым разуменні гэтага слова, блізкая да Масквы. Гэта быў ужо часова адбіты плацдарм, які раней ці пазней меўся вярнуцца да моцнага ды ідэйна-маналітнага ворага.

Калі перакідваць масток у сучаснасць, а менавіта ў сітуацыю з Украінай, бачым наступнае. Украіна ва ўмовах канфрантацыі з Масквой магла б паспрабаваць закальцаваць на сябе «рускі мір», актуалізаваўшы спадчыну Кіеўскай Русі, замест таго, каб быць «Шчытом Еўропы», якая далёка не заўжды падобны шчыт цэніць ды асэнсоўвае яго значэнне. Бо падобнае ўжо было з намі роўна 500 гадоў таму, а як усё закончылася — мы з вамі ведаем.