Канцлагер у цэнтры Мінска і ліквідацыя ліквідатараў

Цяпер можна пачуць, што на дварэ ізноў 1937-мы. Але ў ценю жудасных 1930-х гадоў сціпла хаваюцца злачынствы сістэмы папярэдняга дзесяцігоддзя. Менавіта ў 1920-я адбылася «рэпетыцыя» ГУЛАГа, былі пабудаваны карныя ўстановы.

img_2816_logo_1.jpg

Трохкутнік пакут

Калі зірнуць на карту Мінска паслярэвалюцыйнага, то нельга не заўважыць, што шлях несвабоды і пакут складваецца па цэнтры горада ў няправільны трохкутнік. Пачатковая кропка нявольніцкага маршруту — падвалы НК-ГПУ па вуліцы Петрапаўлаўскай (цяпер Энгельса, 18). З-за недахопу плошчаў і камер у падвалах гэтага будынка арыштантаў вывозілі ў турму на Серпухаўскую (з 1922 года — Валадарскага), дзе для палітвязняў быў асобны паверх, т. зв. верхні калідор, або калідор ГПУ. Калі вязню пашанцавала пазбегнуць расстрэлу ў падвалах НК або ў Камароўскім лесе і спецыяльная камісія давала дазвол на адбыццё пакарання з правам вываду на працу (увогуле за шчасце!), то далейшы шлях вязня пралягаў у канцлагер (цяпер гатэль «Манастырскі»). Рух па трыкутніку ішоў у тым і ў зваротным напрамку.
Метады, якімі дзейнічалі прадстаўнікі крымінальных і новых палітычных «эліт», былі абсалютна аднолькавыя. Чэкісты і міліцыянты ішлі рабаваць і забіваць (першага чэкіста Яркіна ў Мінску баяліся не менш, чым знакамітых налётчыкаў банды Соні (Маруські) Лагуноўскай), антысаветчыкі і крымінальныя аўтарытэты ўзначальвалі атрады асаблівага прызначэння і НК.
Пасля вынясення вышэйшым судом прысуду «за дачыненне да Беларускай Рады» тут на кароткі час (значыліся за сакрэтным аддзелам ГПУ) «пасяліліся» вядомыя слуцкія палітыкі, героі Слуцкага антысавецкага фронту Пётр і Іосіф Бабарэкі, Пётр і Аляксандр Зенюкі, Аляксандр Ількевіч, Максім Антановіч і іншыя. Мінская турма першай паловы 1920-х гадоў дзякуючы ім яшчэ мела астраўкі свабоды ў несвабодзе. Прастору ўласнай годнасці спрабавалі адстаяць палітвязні: ад жорсткага адзінаборства ў зале суда да высялення з камер крымінальнікаў, часцяком з рызыкай для здароўя.

Інстытут закладнікаў

Вялікі турэмны кантынгент складалі сваякі вядомых апазіцыянераў рэжыму. Чэкісты на ўсю моц выкарыстоўвалі інстытут закладнікаў, ціскам на сям’ю прымушалі апазіцыянераў скласці зброю. «21 лютага 1923 года добраахвотна здалася банда з 8 чалавек з правадыром Савам Багулевічам» (з аператыўнай зводкі ГПУБел).Ва ўспамінах старых чэкістаў згадваецца, што была затрымана і «каханка атамана «класічная» Маруська-бандытка». На справе ж у лістападзе 1922 года ў жаночае аддзяленне паступіла Агаф’я Трафімаўна Багулевіч, законная жонка атамана. Апошнія дні перад судом жанчына змяшчалася ў жаночай бальніцы ДОПРа. Пасля з'яўлення мужа з пакаяннем (аб добраахвотнасці тут і гаворкі не можа быць) Агаф’ю, якая павінна была ўжо хутка нарадзіць дзіця, адпусцілі дадому, а потым выслалі.
Цяпер іх імёны ведае толькі невялікае кола, а тады сялянскія важакі-атаманы карысталіся шырокай вядомасцю. Дзясяткі іх — кожны са сваёй гісторыяй — прайшоў праз турму. Брат «знакамітага», па прызнанні чэкістаў, капітана Мяфодзія Караткевіча, каардынатара антысавецкай партызанкі на ўсходніх беларускіх тэрыторыях, Пётр Караткевіч двойчы здзейсніў дзёрзкія ўцёкі з турмы. Уся падпольная група «зеленадубцаў» размясцілася ў камерах ДОПРа ў апошнія летнія месяцы 1921 года. Чацвёра з іх, у тым ліку дзве жанчыны, былі расстраляныя.

Святары-пакутнікі

За «антысавецкія праявы» адбывалі тэрміны святары. Святар-«контррэвалюцыянер» з мястэчка Грозава Фёдар Афанасьевіч Струкоўскі быў асуджаны па падазрэнні ў сувязі з антысавецкім падполлем. Мястэчка Грозава і ваколіцы ўпарта супраціўляліся Саветам у шэрагах слуцкіх паўстанцаў (Грозаўскі полк брыгады БНР), пасля паражэння грозаўскія сышлі хто ў партызаны, а хто ў падполле. Айцец Фёдар, падобна, быў заадно са сваімі прыхаджанамі.
57-гадовы Якаў (Янкель) Борухавіч Капялевіч абвінавачваўся ў рэлігійным «фанатызме». Што гэта азначала — немагчыма зразумець з куртатых запісаў следчага, аднак «віна рабіна была ўстаноўлена». Дзясяткі ксяндзоў і вернікаў касцёла запоўнілі камеры з пачаткам кампаніі па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцей. Менавіта мінскія каталікі праявілі ўпартае непадпарадкаванне і разам з ксяндзамі былі асуджаны на высылку ў Сібір.

«У кіпцюрах»

Норавы Мінскай турмы і спосабы выжывання ў нялюдскіх умовах калярова і з гумарам, як і належыць чалавеку творчаму, апісаў Францішак Аляхновіч — тэатральная знакамітасць. Да высылкі на Салаўкі драматург, які меў глупства клюнуць на кручок «чырвоных агітатараў-рыбаловаў», колькі часу ў 1926 годзе правёў у турме.

Францішак Аляхновіч

Францішак Аляхновіч

«Гэтым самым днём, па абедзе, перавялі мяне ў ДОПР, — распавядаў Аляхновіч пра свае пакуты «ў кіпцюрох» Дома прымусовых работ. — З жалем я пакінуў старых таварышоў, камару (камеру ў ГПУ. — Аўт.), да якой прывыкнуў ужо… У перапоўненай, як усюды, камары ДОПРу я першы раз спаткаўся з крымінальным элемэнтам. Хаця крымінальных была меншасьць, яны, аднак, патрапілі стэрарызаваць усю камару. Уначы акуратна нас абкрадалі. Зьядалі нашыя спажывецкія прадукты, забіралі адзежу, абутак. Ніякая рэвізія не магла знайсьці ўкрадзеных рэчаў. Злодзеі выкідалі ўкрадзенае праз ваконныя краты, а там ужо гэта падбіралі іншыя, і гэткім чынам рэчы перадаваліся з камары ў камару…
А ўдзень было ня лепш. Удзень яны проста дамагаліся, каб аддаваць тое, да чаго яны прыгледзеліся. Кожны з іх злаўчыўся перанесьці з сабой у камару нож і, калі хто прабаваў супрацівіцца, — пагроза нажа была апошнім аргумэнтам.
Пакрыўджаныя прабавалі жаліцца перад вастрожнай уладай. Але гэта не памагала. Толькі пасьля цяжка адпакутавалі за гэта. На масавай «прагулцы» на вялізным вастрожным панадворку або ў «уборнай» крыміналістыя распраўляліся нажом з тымі, хто адважыўся скардзіцца.
Я пачаў прытарноўвацца да новых абставінаў жыцьця. Знайшоўшы месца на нарах паміж двома здаравеннымі вярзіламі, разлажыў свае запасы й пачаў частаваць сваіх новых суседзяў. Неўзабаве з іншых нараў пачалі злазіць нейкія тыпы і набліжацца да нас з выглядам галодных ваўкоў.
— Ну! Чаго тут! Пайшлі вон! — рэагавалі мае новыя апякуны. — Усіх адзін чалавек не накорміць!Я пераканаўся, што мая тактыка правільная. Падкормлюючы гэтых двох хуліганаў, я меў шансы, што ўсе мае прадукты ня будуць пажортыя адразу. Каб ня гэта, я мог бы апынуцца ў які-небудзь дзень зраньня бяз кусочку цукру, бяз папяросіны».

Канцлагер у манастыры

Мінскі канцлагер быў арганізаваны ў цэнтры горада, у былым манастыры. Цяпер у некалі культавых будынках, прама за Ратушай, размешчаны архіў і гасцінічны комплекс «Манастырскі». Будынак, безумоўна, быў вельмі прыдатны для канцэнтрацыі несавецкіх элементаў. Нявольнікі лагера дзяліліся на групы: з правам вываду на знешнія працы і без права выхаду за калючы дрот. Асуджаныя па палітычных артыкулах, у асноўным, былі пазбаўлены магчымасці працаваць па-за лагерам і заняты былі ў майстэрнях. Тыя ж, хто выходзіў пад канвоем за калючы дрот у горад, у вялікіх і малых групах давалі падпіску пра кругавую паруку. За ўцёкі аднаго з групы каралі ўсіх. Больш чым траціна зняволеных была занята на сельгасработах у маёнтку «Малая Сляпянка».

man3_161208_nkkqt.jpg

У лагер траплялі як за канкрэтную «віну» перад новай уладай, так і проста «падазраваныя». Так, напрыклад, «Іванаўская Марыя Іосіфаўна, паступіла ў лагер 13 ліпеня 1921 года. 23 гады, дваранка, паходзіць з вёскі Суднікі Койданаўскай воласці. Беларуска, каталічка, хатняя адукацыя. Арыштавана як падазраваная. Заключыць як падазраваную у канцлагер на 1 год» — выпіска з прысуду рэвалюцыйнага трыбунала ад 7 ліпеня 1921 года.

Заклапочаны «рацыянальным выкарыстаннем працы зняволеных» (цытата з рапарта), камендант Осіпаў прапанаваў наркаму ўнутраных спраў ССРБ Язэпу Адамовічу сваю кваліфікацыю працоўнай сілы нявольнікаў і спосабы яе выкарыстання. «...зняволеных, — з энтузіязмам рапартаваў ён, — можна смела падзяліць на 4 асноўныя групы: 1) прафспекулянтаў, бандытаў, к/р (контррэвалюцыянераў. — Аўт.) і закладнікаў; 2) савецкіх супрацоўнікаў, асуджаных за сабатаж, злачынствы па пасадзе і інш., 3) кваліфікаваных рабочых і 4) работнікаў зямлі». Першую групу начальнік лагера прапаноўваў «кінуць усю цалкам на цяжкую фізічную працу», каб не заставалася ні часу, ні сіл на барацьбу з рэжымам. Другую — па абставінах (усё ж свае). Трэцяя група рыхтавалася для працы ў майстэрнях. Чацвёртую «я б меркаваў выкарыстаць у звыклай абстаноўцы» — па-гаспадарску распараджаўся новымі рабамі начальнік, фронт работ для якіх быў у Малой Сляпянцы.
Мінскі лагер — толькі адзін у павуцінні дагулагаўскай крапасной сістэмы працы. У працах Леніна можна знайсці дастаткова выказванняў пра «карысць» канцлагераў. Канцлагер з 1922-га называўся ўжо лагерам прымусовай працы.

Каты ў руках катаў

Гістарычная логіка, аднак, прадугледжвае не толькі дзеянне, але і наступствы, пакаранне за злачынства. 15 сакавіка 1938 года быў расстраляны Генрых Ягода. Калісьці ўсёмагутны кіраўнік НКУС і стваральнік ГУЛАГа. Першы ў савецкай гісторыі генеральны камісар дзяржбяспекі. Менавіта ён быў арганізатарам сістэмы, якая бязлітасна перамолвала ўсіх, незалежна ад рангу і палітычных поглядаў, і сам ён урэшце стаў яе ахвярай. Гэта гісторыя пра аднаго з катаў вышэйшага эшалона ўлады, але кампанія па ліквідацыі яго кадраў закранула і розныя куткі Беларусі.

1930_jagoda.jpg


Цытата з архіўнай справы: «Памочнік упаўнаважанага Слуцкага гарадскога аддзела НКУС Галубкін С.М. на допыце 29 траўня 1939 года заявіў: “Першы раз я працаваў следчым у Слуцку з 26 сакавіка па 23 красавіка 1937 года і другі раз — з 8 траўня па 29 снежня 1938 года… Я прыехаў у Слуцк і з’явіўся да свайго начальніка Гласкова, які заявіў, што арыштаваныя нашага раёна ўсе ідуць на расстрэл і што мы спаборнічаем з Грэскім райаддзелам НКУС, і мы ідзем наперадзе… І, канешне, сцяг чырвоны атрымалі як узнагароду"». Спаборніцтва па колькасці расстраляных — звычайная практыка карнікаў у той час: за чырвоны сцяг змагаліся і з Дзяржынскім раёнам, і з іншымі. Справы апазіцыянераў і «шпіёнаў» пяклі як бліны. Але ж і самі чэкісты трапілі пад гэты каток. Той жа Галубкін на допыце паведамляў: «Над арыштаваным Бялькевічам я прымяняў меры фізічнага ўздзеяння. Я садзіў яго на рог крэсла, пасля чаго ён прызнаўся, што з’яўляецца шпіёнам. Пратакол допыту я прынёс Гласкову, які перапрацаваў увесь пратакол допыту, дзе людзі, названыя Бялькевічам як знаёмыя, аказаліся шпіёнамі… Чарговыя запісы рабіліся алоўкам — і адразу падпісваліся арыштаванымі…» Жахлівыя гісторыі следчага Галубкіна ў справе дапаўняюцца паказаннямі тагачаснага начальніка Слуцкай турмы Крэмерава С.А.: «…У 1937–1938 гадах было многа выпадкаў, калі заключаных са следства ў турму дастаўлялі ўжо забітымі… Арыштаваных трымалі ў рэжымных камерах, дзе легчы і прысесці было немагчыма (замест 6 чалавек трымалі 60–70). Пухлі ногі, людзі страчвалі прытомнасць… быў закрыты доступ пракурорскага нагляду».
А ў справе слуцкага паўстанца Антона Зайца з вёскі Ленькі знайшоўся цікавы дакумент пра яго ката Тараканава А.С., які займаў пасаду начальніка Слуцкага гарадскога аддзела НКУС. Ім зацікавілася следства ў 1956 годзе: «Тараканаў як кіраўнік міжраённай групы даваў падначаленым варожыя ўстаноўкі, даводзячы нормы выкрыцця арыштаваных кожнаму следчаму. Такія нормы даходзілі да пяці выкрытых у суткі на кожнага следчага. Тараканаў арганізоўваў «канвеер», «стойкі», саджаў на рог крэсла з выцягнутымі наперад рукамі і нагамі, прымушаў бясконца прысядаць, выбіваў з-пад чалавека крэсла і г.д.». І Галубкін, і Тараканаў былі расстраляныя.
Пякучае мінулае не можа прайсці «само сабой». Без асэнсавання, суда, прызнання віны і пакаяння праз некалькі дзесяцігоддзяў яно прад’яўляе прэтэнзіі сучаснасці. Замоўчваць гісторыю ахвяр немагчыма — новы віток трагедыі вяртае іх галасы ў сучаснасць.