Незабыты мір

18 сакавіка споўнілася сто гадоў ад падпісання «Рыжскага міру». Перафразуючы савецкіх дакладчыкаў, прыйшоў час вызначыцца, з чым мы падышлі да юбілею.

1024545461.jpg

«Рыжскі мір» вельмі часта таксама называюць «забытым мірам», што для некаторых гісторыкаў вельмі дзіўна. На іх думку, дамова забяспечыла пэўную стабільнасць ва Усходняй Еўропе, што дазваляе называць сістэму, якая існавала з 1919 па 1939 гады, не «версальскай», а хутчэй «версальска-рыжскай».

На самой справе, пакуль ёсць палітыкі-папулісты, якія робяць гешэфт за кошт гістарычных траўм, пра «Рыжскі мір» дакладна не забудуць. Напрыклад, у 2017-м дэпутат Сейма Польшчы ад правай кансерватыўнай партыі «Права і Справядлівасць» (PiS) Ян Масіньскі запатрабаваў ад МЗС правесці перамовы з Масквой пра ваенныя рэпарацыі на суму ў 30 мільёнаў рублёў золатам. Гэтыя грошы, на яго думку, расіяне павінны выплаціць у рамках узятых на сябе абавязацельстваў у Рызе ў 1921 годзе.

Не забываюць пра рыжскі трактат і ў Маскве. Тут дасюль не могуць прабачыць Тухачэўскаму правал захопу Варшавы ўлетку 1920-га. Па слядах той катастрофы і давялося садзіцца за стол перамоў у Рызе. «Рыжскі мір» таксама разглядаюць як пачатак адліку часу да старту новай, Другой сусветнай вайны. Занадта былі відавочныя супярэчнасці той дамовы, некаторыя пункты якой, дарэчы, падпісанты праігнаравалі.

Ёсць і іншыя падыходы. Набыў папулярнасць тэзіс пра тое, што Варшава і Масква дасюль захавалі забабоны, якімі кіраваліся сто гадоў таму. Згодна з імі, тэрыторыі, якія ляжаць паміж РСФСР і Польшчай, разглядаюцца вядучымі палітыкамі гэтых краін як састаўныя часткі іх планаў умацавання пазіцый сваіх дзяржаў. Народы, якія пражываюць тут, адпаведна, трактуюцца пераважна ўтылітарна, іх меркаваннем адносна ўласнага лёсу ні ў Маскве, ні ў Варшаве не цікавіліся і цікавіцца не збіраюцца.

Развіваючы думку, крытыкі традыцыі БССР увогуле ўздымаюць пытанне пра марыянетачную прыроду гэтай фармацыі. На іх думку, пра тое сведчыць факт, што Беларуская ССР не была прадстаўлена на перамовах у Рызе. Зрэшты, нават гэтыя гісторыкі прызнаюць, што палякі з часам самі аддалі ў рукі савецкаму Мінску ідэю аб’яднання краю.

Не так даўно з’явілася цікавая тэорыя супрацьстаяння планаў маскоўскага «буферызму» і польскага «федэралізму» (ідэя адраджэння польска-літоўскай федэрацыі). Апошні пражэкт не спрацаваў праз фанабэрыю польскай эліты. Затое бальшавікі па ходзе краху ідэй сусветнай рэвалюцыі пачалі глядзець на Беларусь праз прагматычныя акуляры. Як пісаў наркам замежных спраў Георгій Чычэрын, «аптымальным сродкам прадухілення расійска-польскай вайны магло стаць толькі стварэнне фармальна незалежнай ад Масквы беларускай савецкай дзяржавы».

У сучасных украінскіх дэбатах Рыга–1921 успрымаецца досыць адметна. Акцэнт робіцца на тым, што «Рыжскі мір», які зафіксаваў крах тагачасных спроб дамагчыся незалежнасці Украіны, стаў у тым ліку вынікам упартага нежадання Антанты прызнаць яе ў якасці суверэннай краіны на палітычнай мапе Еўропы. Такім чынам, Захад, які цяпер тармозіць інтэграцыю Украіны ў заходнія вайскова-палітычныя структуры, можа, маўляў, паўтарыць памылку стогадовай даўніны.

Найбольш арыгінальныя думкі наконт юбілею можна прачытаць у тэкстах расійскіх патрыётаў, дзе прагназуюць хуткі «Рыжскі мір–2». Як лічаць некаторыя з іх, Польшча скарыстаецца цяперашнім хаосам ва Украіне для яе падпарадкавання прыкладна такім жа чынам, як Пілсудскі ў 1920-м навязаў слабаму Пятлюру дамову пра фактычны патранат Польшчы над Украінай. Не кажучы пра тое, што да Польшчы, паводле той дамовы, адыходзілі Усходняя Галіцыя, Холмшчына, Падляшша, частка Палесся і сем з дванаццаці паветаў Валыні. Але самая вялікая здрада была наперадзе. Ужо пасля бальшавіцка-польскай вайны Пілсудскі пагадзіўся прызнаць Украінскую ССР, што паставіла крыж на ўкраінскай дырэкторыі.

«Польшча ў сваім фармаце ўжо ўсяго дасягнула, а значыць, вычарпала сябе. І, з польскіх пазіцый, цалкам лагічна лічыць, што для далейшага ўзмацнення і развіцця патрэбныя новыя тэрыторыі. Прынцып непарушнасці пасляваенных межаў чым далей, тым больш падвяргаецца сумневу. Так што, чым слабейшая Украіна і чым часцейшымі становяцца прэцэдэнты перакройвання межаў у Еўропе, тым больш спакусаў у Варшаве. Украінскія землі могуць зноў стаць польскімі, як гэта ўжо было неаднойчы ў гісторыі, калі палякі для іх захопу карысталіся слабасцю Вялікага Княства Літоўскага ў канцы XIV стагоддзя або распадам Расійскай імперыі і Грамадзянскай вайной на яе руінах у дваццатыя гады мінулага стагоддзя», — піша Яраслаў Тынчанка.

Між тым, у самой Польшчы «Рыжскі мір» якраз разглядаюць як крах ідэі федэральнай дзяржавы з удзелам народаў былой Рэчы Паспалітай. «Для Пілсудскага гэта быў канец яго мар пра Рэспубліку Польшчу як федэрацыю дзяржаў», — піша Gazeta.pl. І такі вынік успрымаецца хутчэй пазітыўна. Палякі дасюль з жахам узгадваюць часы, калі каля траціны насельніцтва Польшчы складалі нацменшасці, якія актыўна змагаліся за свае правы, у тым ліку (як украінскія нацыяналісты) тэрарыстычнымі сродкамі. Некаторыя польскія гісторыкі скардзяцца, што «Рыжскі мір» — трыумф Пілсудскага — заклаў фундамент культу асобы маршала і ўвогуле жаўнера. Гэта дазволіла таму ж Пілсудскаму ў 1926 годзе дастаткова лёгка арганізаваць путч, пасля якога краіна пачала каціцца ў аўтарытарызм.

Як бачым, погляды на «Рыжскі мір» і яго наступствы вельмі розняцца. Кампраміс, думаецца, усё ж прапанавала згаданая Gazeta.pl. Пасля сямі гадоў вайны для абсалютна большасці насельніцтва рэгіёна навіна пра хоць нейкі мір была ўсё ж пазітывам.